У Беларусі няма выпрацаванай практыкі, як рэканструяваць будынкі савецкай эпохі. І гэта добра бачна на прыкладзе Гродна. Былы Палац культуры хімікаў, кінатэатр “Гродна” і чыгуначны вакзал за апошнія 15 гадоў змяніліся да непазнавальнасці і страцілі свае арыгінальныя рысы. Тое самае магло адбыцца з Домам быту на Замкавай. Але яго будучыня ўсё яшчэ незразумела.
Асноўнае ў гэтым тэксце
- Рэканструкцыя Дома быту ў Гродне выклікае спрэчкі праз архітэктурны стыль і яго ўпісанасць у гістарычны кантэкст горада.
- У Беларусі не існуе выпрацаванай практыкі рэканструкцыі савецкіх будынкаў.
- Архітэктары раскрытыкавалі праект рэканструкцыі Дома быту ад Станіслава Сямашкі, назваўшы яго псеўдагістарычным і неадпаведным гістарычнаму кантэксту.
- Грамадскія абмеркаванні праекту закончыліся, але адказ на пытанне аб будучыні будынка застаецца невядомым.
- Дыскусія вакол Дома быту ў Гродне працягваецца, аднак пытанне можа застацца нявырашаным на некалькі дзесяцігоддзяў. І будынак усё роўна прыйдзецца зносіць у будучыні.
- Гродзенскія архітэктары парушылі планы Сямашкі
- Як Гродна замест Дома рыбака атрымаў «корак»
- Ад "палаца" да "знесці, ён перашкаджае": як гараджане ўспрымалі Дом быту?
- Рэканструкцыя Сямашкі «вельмі вясёленькая»
- «Не» праекту Сямашкі — добры знак і сімвал пераасэнсавання?
- Тэрмін прыдатнасці будынка скончыўся?
- Рэканструкцыя – гэта добра, пытанне ў падыходзе
- Пра «гістарычны Дыснэйлэнд» спрачаюцца не толькі ў Беларусі
- Як пасляваенны мадэрнізм рэканструявалі ў Германіі і Расіі – і ці можна так паступіць з Домам быту
- Вырашэнне пытання з Домам быту ўлады адклалі гадоў на 20
Грамадскія абмеркаванні па рэканструкцыі Дома быту скончыліся 14 лютага 2026 года. Падчас нядаўняй прамой лініі з гараджанамі старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель паабяцаў неўзабаве паказаць праект рэканструкцыі.
«Са згоды ўласніка пакажам канчатковую візуалізацыю Дома быту. Інвестар дастаткова вядомы ў горадзе Гродна і будуе свае аб’екты хутка», – адзначыў Хмель.
Гродзенскія архітэктары парушылі планы Сямашкі
“Дастаткова вядомы інвестар” – гродзенскі бізнесмен, гатэльер і будаўнік Станіслаў Сямашка. І менавіта яго першапачатковы праект рэканструкцыі не спадабаўся гарадскім архітэктарам. У лістападзе 2025 года архітэктурна-горадабудаўнічая рада пры гарвыканкаме не дазволіла Сямашку рэканструяваць Дом быту.
Савет палічыў праект рэканструкцыі ў “рамантычным” стылі псеўдагістарычным. Спецыялісты раскрытыкавалі супярэчнасці з генпланам і адсутнасць навуковага абгрунтавання стылю, а яшчэ – неабгрунтаванае павелічэнне вышыні будынка.
Як правіла, рашэнні такіх сходаў рэдка публікуюцца. Таму падлічыць дакладную статыстыку адмоў няпроста. Але ў выпадку з праектам Сямашкі крытыка савета стала публічнай — і тады, здавалася б, тыповая гісторыя з рэканструкцыяй будынка ў гістарычным цэнтры Гродна набыла новы паварот. План Сямашкі быў парушаны.
Як Гродна замест Дома рыбака атрымаў «корак»
У сярэдзіне 60-х у СССР набіраў моц новы архітэктурны стыль – савецкі мадэрнізм. Адметнай рысай гэтага напрамку стала «ліквідацыя празмернасцяў у праектаванні». Будавалі хутка і танна, па магчымасці адмаўляліся ад праектаў з дарагім дэкорам. На першы план выходзіла прастата, строгасць форм і эканомія.
“Агульны падыход мадэрнісцкай архітэктуры – не ўлічваць гістарычны кантэкст, а ствараць новыя ідэальныя гарады. І такія “разбуральныя” ў нашым сённяшнім разуменні падыходы былі не толькі ў савецкіх архітэктараў, а агулам ва ўсім свеце”, – тлумачыць архітэктар Раман Забела.
Раман Забела — беларускі архітэктар і рэстаўратар. Займаўся праектамі рэканструкцыі Гродзенскага і Лідскага бровараў, кіраваў рэстаўрацыяй старажытнага асабняка на вуліцы Гараднічанскай, адзін з аўтараў праекта аднаўлення комплекса з “Домам рыбака” на Замкавай.
Гэтая тэндэнцыя не мінула і Гродна – у горадзе пачалі ўзводзіць першыя мадэрнісцкія будынкі. Пабудавалі галоўпаштамт, гатэль «Беларусь», Палац піянераў (сёння — Палац творчасці дзяцей і моладзі).
Па тэме: Прыгожа ці пачварна? Гід па архітэктуры савецкага мадэрнізму ў Гродне
У 1966 годзе распрацавалі праект будучага Дома быту. Узвялі будынак праз пяць гадоў. Каб рэалізаваць праект, у Гродне знеслі цэлы квартал гістарычнай забудовы (у тым ліку і знакаміты Дом рыбака), а таксама парушылі размяшчэнне старажытных вулачак. Хацелі, каб старыя пабудовы не закрывалі від на сучасны будынак.
“У гістарычных гарадах самае каштоўнае, на маю думку, планіровачная структура. Сетка вуліц, правулкаў і плошчаў фарміруецца стагоддзямі і з’яўляецца найбольш устойлівым і непаўторным элементам – змяніць кірунак вуліцы значна складаней, чым перафарбаваць фасад. Маштабныя змены гарадоў у 20 ст. былі магчымы толькі ў таталітарных дзяржавах, дзе не ўлічвалі прыватную ўласнасць – гэта як раз тое, што адбылося ў нас пры савецкай уладзе”, – тлумачыць Раман Забела.
Адным з такіх прыкладаў якраз і стаў знос квартала на Замкавай. Архітэктар дадае, што будаўніцтва Дома быту таксама “перарэзала” трасу гістарычнай вуліцы Кляшторнай.
“Канешне, у параўнанні са зменамі, што адбыліся на Савецкай плошчы, гэта дробязь. Але будаўніцтва Дома быту ўсё роўна моцна змяніла характар гэтай часткі горада”.


«Будынак паставілі як корак, закрыўшы від на купалы жаночага манастыра за ім. Пры гэтым такі ж будынак ёсць і ў Мінску ў раёне Інстытута культуры, але там ён зусім не вылучаецца на фоне савецкіх будынкаў, хоць гэтак жа недарэчны», — каментаваў у 2024 годзе на старонцы “Ретро Гродно” у Facebook архітэктуру Дома быту выкладчык ГрДУ Ігар Губарэвіч. На дадзены момант ён – ужо былы выкладчык, асуджаны на 2,5 гады “хіміі” за данаты. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем 16 лютага 2026 года.


Ад “палаца” да “знесці, ён перашкаджае”: як гараджане ўспрымалі Дом быту?
Шмат гадоў Дом быту выклікаў спрэчкі. Адны адзначалі яго функцыянальнасць – у адным будынку было сабрана ўсё, што неабходна гараджанам: рамонт адзення і гадзіннікаў, фотаатэлье, цырульні і хімчысткі. «Туды ўваходзілі нібы ў палац», — піша ў абмеркаванні ў Facebook-групе “Гродна” гараджанка Святлана Мурына.
Іншыя лаялі будынак – у першую чаргу за яго архітэктурны стыль, які не ўпісваўся ў гістарычны квартал горада.
“Калі вы адкрыеце публікацыі на сайце актывістаў захавання горада Harodnia.com, то ўбачыце, што адносна Дому быту ўсё напісана вельмі канкрэтна: знесці, бо ён перашкаджае”, — кажа гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка.
Сапраўды, ужо самыя старыя публікацыі на гэтым сайце, датаваныя 2006 і 2007 гадамі, заклікаюць да аднаго – зносу Дома быту.
Па тэме: Як можа выглядаць Замкавая без Дома быту: гісторык паказаў праект
Ідэю са зносам Дома быту падтрымлівае і Раман Забела. Па словах архітэктара, маштаб будынка не ўпісваецца ў гістарычную забудову раёна.
“Высокі, шырокі – гэта архітэктура, якая не маштабна, дысгарманічна гістарычнаму асяроддзю. Адзінае, што Дом быту стаіць крыху схаваным забудовай, таму не праглядаецца з асноўных відавых кропак. З улікам сённяшніх ведаў пра тэорыю культурнай спадчыны, будаванне Дому быту на тым месцы, канешне, было памылкай. Але на той час ягонае будаўніцтва ўкладвалася ў кантэкст агульнасусветных мадэрністычных тэндэнцый”.
Рэканструкцыя Сямашкі «вельмі вясёленькая»
У 2019 годзе аб зносе будынка загаварылі і самі ўлады — прызналі, што Дом быту не ўпісваецца ў гістарычны цэнтр. Праўда, ужо праз год ад гэтай ідэі адмовіліся і вырашылі рэканструяваць будынак.
У наступныя гады Дом быту беспаспяхова выстаўлялі на аўкцыён чатыры разы. Пакупнік знайшоўся толькі з пятай спробы – ім стаў Станіслаў Сямашка.
Асоба бізнесмена добрая знаёмая гродзенцам. Гэта ён рэстаўраваў Дом Мураўёва пад гатэль і будаваў па суседстве ГЦ «Палац». Сямашку ўдалося скупіць палову квартала паміж вуліцай Калючынскай, маладзёжным цэнтрам “Гродна” і Савецкай плошчай — сёння яму там належаць чатыры дамы.
У працы з будынкамі ў Сямашкі ёсць характэрны почырк – ён любіць пампезнасць, часта дадае недарэчныя дэкаратыўныя элементы, а таксама надбудоўвае дадатковыя паверхі дзеля павелічэння арэнднай плошчы. Напрыклад, «Палац» на Калючынскай бізнесмен характарызаваў як «вельмі вясёленькі аб’ект».

«Не» праекту Сямашкі — добры знак і сімвал пераасэнсавання?
«Весяленькім» Сямашка планаваў зрабіць і Дом быту. У першым праекце рэканструкцыі ён прапанаваў надбудаваць дадатковы паверх і поўнасцю перарабіць фасад, дадаўшы псеўдагістарычныя элементы. Абяцаў зрабіць усё якасна і пад ключ за восем месяцаў. Горадабудаўнічая рада сказала не праекту Сямашкі.

На думку Сцяпана Стурэйкі, гэта добры знак. Значыць, у архітэктурнай супольнасці пачалося пераасэнсаванне працэсаў, якія адбываюцца ў гарадскім асяроддзі.
“Той жа самы “Дзіцячы свет” (былы магазін “Дзіцячы свет” на Савецкай – Hrodna.life) рэканструявалі — яго зрабілі нібыта казачнай шкатулкай. Чыгуначны вакзал — таксама прыклад мадэрнізму, але і яму зрабілі контрфорсы (падпорныя сцены, характэрныя для больш даўніх эпох — Hrodna.life), вежачку надбудавалі. Так вакзал стаў падкрэсліваць гістарычны каларыт горада. Кінатэатр «Гродна» (цяпер маладзёжны цэнтр «Гродна» – Hrodna.life) — і там вежачку ўляпілі, каб падкрэсліць, што мы знаходзімся ў гістарычным асяроддзі. Нікому гэта не замінала, ніхто не ўступаўся ў абарону — бо склалася такая практыка. Да Дому быту паставіліся адпаведна. Але наш савет выказаўся іншым чынам — парадаксальная сітуацыя, гэтага не чакалася. Мяркую, гэта можна толькі вітаць, бо была выказана прынамсі новая думка”.
Раман Забела дадае, што інвестар хоча атрымаць квадратныя цэнтры ў самым цэнтры горада, каб здаць іх у арэнду і атрымаць прыбытак. У сваю чаргу гарадское кіраўніцтва, напэўна, падлічыла, што для яго такі варыянт у моманце больш выгадны і таннейшы, чым дэмантаж Дома быту і комплексны падыход да рэгенерацыі часткі гарадской тэрыторыі.
У першым праекце рэканструкцыі Сямашкі архітэктар лічыць самым згубным нават не дадатковыя элементы або псеўдагістарычны стыль, а жаданне бізнесмена надбудаваць дадатковы паверх.
“Пад нагодай імітацыі гістарычнага даху яны паспрабавалі “схаваць” шосты паверх. Магчыма, гэта было адпраўной кропкай для таго, каб проста павялічыць плошчу будынка. Але не выключаю і таго, што такая архітэктура можа проста падабацца заказчыку – ён так бачыць і яму прыгожа”.
Тэрмін прыдатнасці будынка скончыўся?
Сямашка не закінуў ідэю з рэканструкцыяй, але пайшоў на ўступкі. Пасля прыпынення грамадскіх абмеркаванняў і склікання зходу гараджан (якое ў выніку адмянілі), бізнесмен прадставіў новы праект. Згодна з ім, надбудоўваць дадатковы паверх Дому быту не будуць, «ляпіць» дадатковы дэкор на фасад і вокны – таксама. Архітэктурны стыль будынка захаваецца.

Сцяпан Стурэйка называе другі варыянт праекта “нашмат больш тактоўным”.
“Пакуль цяжка зразумець (што атрымаецца — Hrodna.life), бо паўнавартаснай дакументацыі нам не паказваюць. Пытанне ў іншым — гэта сучасная архітэктура, няхай і пабудаваная ў савецкія часы. Такія будынкі, у адрозненні ад будынкаў старых часоў, маюць тэрмін прыдатнасці — разлічаны нарматыўны перыяд эксплуатацыі. Верагодна, калі Дом быту зараз разглядаюць на рэканструкцыю, то яго тэрмін прыдатнасці ўжо скончыўся. Далей мусіць паўстаць пытанне — а ці ўвогуле нам патрэбны гэты будынак?” — разважае гісторык.
Супярэчлівыя меркаванні гараджан наконт праектаў Сямашкі Стурэйка лічыць абсалютна натуральным ходам падзей. Дагадзіць усім немагчыма, асабліва пры зменах звыклага гарадскога асяроддзя.
Па тэме: Як ішлі і перарываліся абмеркаванні па праекце
Раман Забела адзначае, што ў апошнім праекце рэканструкцыі парушаны прапорцыі. Адну са стылістычных асаблівасцяў будынка – скразное шкленне на першым паверсе, чамусьці вырашылі прыбраць.
“Я разумею логіку першых архітэктараў Дому быту – там няма выпадковых элементаў. У новым праекце замянілі разбіўку вокнаў – парушылі рытм, які быў. Так знішчаюць былую архітэктуру будынка, што ў ім было добрага, але не ствараюць новую”.
Таксама архітэктар назірае тэндэнцыю ў “перабудове” будынка, тады як больш аптымальны і танны варыянт – абнавіць тое, што ўжо ёсць.
“Так, Дом быту – шэраговы будынак савецкага мадэрнізму, тыпавы праект, пабудаваны ў розных гарадах усяго СССР. Але па сёння ён захаваўся ў сваім першасным выглядзе: ёсць фасады, элементы інтэр’еру, “чысціня” першапачатковага праекта. Можна было спрабаваць захаваць Дом быту як помнік свайго часу і аднавіць яго першасны выгляд – не трэба багата рабіць, наўпрост парамантаваць. Ён бы мог стаць цікавым аб’ектам пры мінімальным укладанні грошай – у будынка ёсць свая прыгажосць, яе проста трэба ўмець пабачыць і паказаць”.
Рэканструкцыя – гэта добра, пытанне ў падыходзе
На думку Сцяпана Стурэйкі, Дом быту – даволі тыповы будынак, у яго архітэктуры складана прасачыць надзвычайныя архітэктурныя рашэнні. Тым не менш надыходзіць час, калі сучасным архітэктарам даводзіцца пераасэнсоўваць будынкі савецкай эпохі.
“У 90-я і ў пачатку нулявых разабраліся з сталінскай архітэктурай — ампір упісалі ва ўсе даведнікі. Кажучы аб пасляваеннай архітэктуры, усё нашмат менш адназначна”, — кажа Стурэйка.
Тым часам ужо ёсць спробы адзначыць каштоўнасць і гэтай архітэктуры. Напрыклад, у 2025 годзе гродзенскаму драмтэатру надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі (гэта значыць як аб’екту рэгіянальнага значэння). А 20 гадоў таму былі няўдалыя спробы ўнесці ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску (тады яшчэ праспекта Скарыны).


Менавіта таму пры рэканструкцыі такіх будынкаў, у тым ліку і эпохі савецкага мадэрнізму, у спецыялістаў узнікаюць пытанні. Бо выпрацаванага і замацаванага мануала проста няма. Так і атрымліваецца, што кожны робіць па-свойму.
“У Беларусі, як і шмат дзе, не распрацаваныя метадычныя падыходы да рэстаўрацыі мадэрнісцкай архітэктуры. Як аднаўляць касцёл і Каложу — больш менш зразумела, няхай спецыялісты і спрачаюцца паміж сабой. Але калі мы кажам пра савецкую архітэктуру — устойлівых падыходаў пакуль няма”, – адзначае Стурэйка.
Раман Забела дадае, што архітэктары паступова вучацца працаваць з будынкамі эпохі ранняга і пасляваеннага мадэрнізму. Але калі пабудова не ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, пры рэканструкцыі страчваюцца важныя элементы.
“Манументальнае мастацтва: мазаікі, сграфіта, вітражы – знікаюць, прадуманая архітэктура фасадаў, пабудаваная на нюансах прапорцый, на колеры і розных фактурах і матэрыялах аздобы – мяняецца. У выніку пры такім падыходзе застаюцца шэраговыя “каробкі”, якія ўжо дакладна нічога каштоўнага не маюць”.
Пра «гістарычны Дыснэйлэнд» спрачаюцца не толькі ў Беларусі
Тэрмін “прыдатнасці” савецкіх будынкаў падыходзіць да канца не толькі ў Гродне ці ў Беларусі. Гэта адбываецца ва ўсіх краінах, дзе калісьці ўзводзілі мадэрнісцкую архітэктуру. У кожным асобным выпадку прымаюць індывідуальнае рашэнне, што рабіць з пабудовай: знасіць, рэканструяваць ці закідваць.
Адным з прыкладаў работ з мадэрнісцкай архітэктурай Сцяпан Стурэйка называе праект 2018 года ў Франкфурце на Майне. У горадзе адрэстаўравалі гістарычны цэнтр.


“Яны па прынцыпе Варшавы пабудавалі амаль з нуля разбураны ў вайну маленечкі кавалак гістарычнага цэнтру. Каб яго пабудаваць, прыйшлося разбурыць некалькі будынкаў мадэрнісцкай архітэктуры, а яны былі дастаткова яскравыя. І спрэчка была вялікая, маўляў, гэта наша спадчына, а вы яе хочаце пазбавіцца, каб пабудаваць гістарычны Дыснэйлэнд”.
Раман Забела лічыць неабходным паказваць і гараджанам, і будучым архітэктарам альтэрнатыву. Каб людзі разумелі – можа быць лепш і па-іншаму.
“Цяпер мы назіраем заганную тэндэнцыю, калі большасць архітэктурных рэалізацый фармалізаваліся да прымянення набору самых простых адпрацаваных вузлоў і матэрыялаў. Калі архітэктар выконвае задачу “здаць праект” мінімальнымі намаганнямі, а не вырашыць нейкую складаную творчую ці метадалагічную праблему і стварыць якасны індывідуальны аб’ект. Хочам мы ці не, але кантэкст уплывае на фармаванне асобы і нашы будучыя архітэктары вучацца ў тым ліку на горадзе і атачэнні, у якім існуюць. Але калі чалавек расце ў эстэтычна непрыгожым асяроддзі, з цягам часу для яго гэта робіцца нормай”.
Як пасляваенны мадэрнізм рэканструявалі ў Германіі і Расіі – і ці можна так паступіць з Домам быту
Канал Urban Hrodna, які расказвае пра гарадскую прастору Гродна, знайшоў прыклады рэканструкцыі падобных будынкаў у іншых краінах.
У 2021 годзе ў берлінскай галерэі AEDES паказалі восем рэалізаваных праектаў рэканструкцыі пабудоў у стылі пасляваеннага мадэрнізму. Будынкі шмат у чым паўтаралі лёс гродзенскага Дома быту: закон дазваляў іх знесці, але архітэктары з бюро Tchoban Voss Architekten вырашылі захаваць канструктыўную аснову.
Офісны будынак на плошчы Эрнста Ройтэра, 6 у Берліне пабудавалі ў 1973-74 гг. Падчас рэканструкцыі вырашылі нічога прынцыпова не перарабляць. Ён проста выглядае так, нібы яго памылі. Захаваліся стужачныя вокны – падобныя на вокны гродзенскага Дома быту. У іх прыгожа адлюстроўваецца навакольны горад. Гродзенскі будынак можна таксама “адмыць”.


Офісны будынак па адрасе Блісерштрасэ, 5 у Берліне пабудавалі ў 1971 годзе. Падчас рэканструкцыі яго вырашылі дасканала змяніць, але ў стылі суседніх мадэрнісцкіх будынкаў той жа эпохі. У выніку будынак атрымаўся ўпісаным у асяроддзе. Гродзенскі Дом быту не мае суседзяў у такім жа стылі, таму такі падыход немагчымы.


Былыя прамысловыя будынкі ў Пецярбургу рэканструявалі інакш. Там пакінулі каркасы, але зрабілі зусім новыя фасады і дабудавалі паверхі. Гэта ўжо бліжэй да падыходу Сямашкі, але ёсць нюанс – фасады засталіся плоскімі і шклянымі, а дэкор “пад даўніну” ў першым выпадку і рэпрадукцыі фрагментаў карцін у другім намаляваны на шкле метадам шаўкаграфіі. З гродзенскім Домам быту былы цэх, а цяпер БЦ “Лангензіпен” радніць яшчэ і размяшчэнне – удалечыні ад вуліцы, за дрэвамі і іншымі будынкамі.


У Гродне ў афармленні малюнкам на шкле можна было б выкарыстоўваць матывы розных нацыянальнасцей – бо побач з Домам быту ў мінулым заўсёды была адна з пляцовак Фестывалю нацыянальных культур.


Вырашэнне пытання з Домам быту ўлады адклалі гадоў на 20
Рэзюмуючы сітуацыю з Домам быту, Раман Забела прыходзіць да высновы, што гарадскія ўлады проста адклалі вырашэнне пытання. Пакуль будынак рэканструююць, але праз некалькі дзесяцігоддзяў яго ўсё роўна давядзецца знасіць.
“Гісторыя з Домам быту – гэта проста яшчэ гадоў на 20 адкладзенае вырашэнне праблемы. Хаця ўжо сёння можна было вырашыць пытанне якасна: знесці Дом быту і зрабіць праект рэгенерацыі гэтага ўчастка цэнтра горада, як тое было зроблена на месцы сквера перад ім”.




