Узровень міграцыі з Беларусі расце, гэта прызнае нават афіцыйная статыстыка. З’язджаюць з краіны не толькі прадстаўнікі рабочых прафесій, але і медыкі. Куды і чаму з’язджаюць беларускія лекары і як дзяржава мае намер з гэтым змагацца?

Куды імкнуцца беларускія медыкі. І што іх чакае за мяжой?
Фота ілюстрацыйнае. Martin Brosy, unsplash.com
Праблему адтоку медыкаў з краіны абмеркавалі на пасяджэнні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі. Намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла адзначыў, што ў апошні час расце колькасць зваротаў у Міністэрства аховы здароўя за пацвярджэннем дыпломаў для выезду і працы за мяжой.

З’ехаць у Германію прасцей, чым у Польшчу

Арцём Гушчын — лекар анестэзіёлаг-рэаніматолаг, жыве і працуе ў Германіі.

Да таго, як з’ехаць у Нямеччыну, Арцём шэсць гадоў працаваў у Гродзенскай абласной бальніцы. Да ідэі з’ехаць Арцёма падштурхнула яго найбліжэйшае асяроддзе.

«Асноўным кругам зносін былі сябры — праграмісты. Іх узровень жыцця быў непараўнальны з узроўнем жыцця беларускага лекара».

Сярод беларускіх мігрантаў усё большую папулярнасць набірае Польшча, але лекарам прасцей з’ехаць у Нямеччыну. У Польшчы, перш чым уладкавацца на працу, трэба здаць экзамен, які пацвярджае дыплом. Раней такі парадак быў і ў Германіі. Але з-за недахопу медыкаў Германія пайшла па шляху спрашчэння.

Куды імкнуцца беларускія медыкі. І што іх чакае за мяжой?
Хуткая дапамога на вуліцах аднаго з гарадоў Баварыі. Фота: Marc Schäfer, unsplash.com
Для атрымання часовага дазволу на працу хопіць здаць два экзамены на веданне мовы. Дазвол, як правіла, выдаецца тэрмінам на два гады. Пасля заканчэння вы альбо аўтаматычна атрымліваеце пастаянны дазвол на працу, альбо здаеце пацвярджаючы іспыт.

Вырашыцца не кожны

На думку Арцёма, менавіта з-за гэтых спрашчэнняў, жадаючых працаваць у Германіі стала больш.

Словы Арцёма пацвярджаюць і нядаўнія выказванні намеснік міністра. «…у Нямеччыне цяпер павялічваецца попыт на спецыялістаў з Усходняй Еўропы. Беларускія дыпломы прызнаюцца ў гэтай краіне практычна без іспытаў».

Куды імкнуцца беларускія медыкі. І што іх чакае за мяжой?
Дзіцячы шпіталь каралевы Фабіёлы, Брусэль. Фота ілюстрацыйнае. Фота: Piron Guillaume, unsplash.com
Па словах Арцёма, яшчэ два гады таму, калі ён працаваў у Гродне, працэнт жадаючых з’ехаць з краіны сярод маладых спецыялістаў рос, але павальным не быў.

«Гэта складаны шлях з пэўнымі рызыкамі і не кожны вырашаецца паспрабаваць». У Германію Арцём з’ехаў не адзін, а з жонкай і дзіцём. Жонка таксама анестэзіёлаг, яны працуюць у адной клініцы. Вяртацца на Радзіму не плануюць.

Беларусь: дасведчаны лекар зарабляе як малады міліцыянт

Па патрабаванні кіраўніка дзяржавы ў беларускай ахове здароўя паэтапна павышаюць заробкі: спачатку іх паднялі з верасня 2018 года, а затым — з 1 студзеня 2019.

Напрыклад, пераадолець запаветную планку ў «папяццот» можа ўрач-хірург стацыянара. Для гэтага ў яго павінна быць больш за 15 гадоў стажу і вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. У студзені ў такой катэгорыі лекараў заробак вырас на 33 рублі да 1207 рублёў.

Яго калега без кваліфікацыйнай катэгорыі са стажам працы ад 10 да 15 гадоў атрымліваў 986 рублёў у студзені гэтага года. У параўнанні са снежнем 2018 яго зарплата вырасла на 16 рублёў.

Куды імкнуцца беларускія медыкі. І што іх чакае за мяжой?
Фота ілюстрацыйнае. Фото: rawpixel
Для параўнання, малады ўчастковы міліцыянт на рукі атрымлівае каля 1100 рублёў. Такую лічбу Hrodna.life назвала крыніца з шэрагаў супрацоўнікаў МУС.

У той жа час участковы тэрапеўт у паліклініцы са стажам працы менш за 5 гадоў атрымлівае прыкладна ў два разы менш за ўчастковага міліцыянта.

«Вучыцца лепш у Беларусі, а працаваць — ва Украіне»

Дзесяць гадоў таму бацькі Кацярыны Кандрацюк планавалі пераехаць з Украіны ў Беларусь, таму дзяўчына паступіла ў Гродна. Вучылася на бюджэце і, перш чым з’ехаць у Кіеў, два гады адпрацавала па размеркаванні. Пасля гэтага яна не задумваючыся пераехала жыць у сталіцу Украіны.

Зараз Кацярына працуе тэрапеўтам ў адной з прыватных клінік Кіева.

«Працаўладкавацца з беларускім дыпломам у Украіне цяжка і доўга. Спачатку трэба настрыфікаваць дыплом, далей атрымаць дазвол на працу ў Міністэрстве аховы здароўя. Трэба прайсці пяцімесячныя курсы па спецыяльнасці і здаць экзамен, каб атрымаць сертыфікат», — распавядае Кацярына.

Куды імкнуцца беларускія медыкі. І што іх чакае за мяжой?
Фота ілюстрацыйнае, Piron Guillaume, unsplash.com
На думку Кацярыны, у Беларусі медыцына на высокім узроўні толькі для пацыента. А ва Украіне — не толькі для пацыентаў, але і для лекараў.

«Мне больш падабаецца працаваць у Кіеве, тут я адчуваю сябе больш абароненай. Тут я адчуваю сябе лекарам, — кажа дзяўчына. — Запаветныя 500 $ у Беларусі я і блізка не атрымлівала, а аб’ём працы зусім не адпавядаў аплаце».

«Ва Украіне я атрымліваю больш. Новая медрэформа накіравана не толькі на камфорт і абарону пацыентаў, але і на годны ўзровень жыцця лекара», — кажа Кацярына. Праўда, яна не хавае, што ўкраінскія лекары таксама з’язджаюць, у асноўным у Польшчу.

Па словах Кацярыны, калі б можна было вярнуць час назад, то яна ўсё роўна абрала б для паступлення беларускі ўніверсітэт, а працаваць хацела б ва Украіне. «У Беларусі я атрымала найвыдатнейшую адукацыю і вопыт, але мне больш падабаецца працаваць у Кіеве».

Куды імкнуцца беларускія медыкі. І што іх чакае за мяжой?
Фота ілюстратыўнае. Olga Guryanova, unsplash.com
Тое, што беларускія дактары з’язджаюць у тым ліку і ва Украіну, пацвярджаюць словы намесніка міністра. «Нашы лекары вельмі запатрабаваныя за мяжой, у прыватнасці ў Польшчы, Прыбалтыцы, Германіі, а таксама на Блізкім Усходзе. Яны прыцягваюцца і для працы ва Украіне ў спецыялізаваных цэнтрах», — канстатаваў Вячаслаў Шыла.

Не толькі Еўропа

Акрамя Еўропы беларускія медыкі адпраўляюцца на заробкі ў краіны Афрыкі. Папулярнасцю ў гродзенскіх лекараў карыстаецца Ангола. І калі ў Еўропу з’язджаюць на ПМЖ, то ў афрыканскія краіны адпраўляюцца на заробкі.


Трэнды змяняюцца. Google адсачыў, як працоўныя мігранты з Беларусі пераключыліся з Расіі на Польшчу


Ад’езд беларусаў за мяжу працягнецца

Андрэй Елісееў, эксперт у галіне міграцыі:

«Афіцыйныя дадзеныя фіксуюць толькі малую частку патокаў эмігрантаў, таму пра рэальныя лічбы можна казаць толькі ацэначна. Зыходзячы з даступнай статыстыкі асноўных краін, якія прымаюць, і міграцыйных тэндэнцый, можна меркаваць, што на пастаяннае месца жыхарства ў іншыя краіны за апошнія пяць гадоў перасяліліся як мінімум 10 000 беларусаў.

Асабліва адчувальна за апошнія пяць гадоў вырасла колькасць мігрантаў у Польшчу. За гэты перыяд колькасць запрашэнняў ад польскіх працадаўцаў для беларусаў вырасла ў 15 разоў.

Эфектыўная міграцыйная палітыка — вельмі затратная дзейнасць. Таму ў рэальнасці беларускія ўлады могуць мала што зрабіць, каб пераламаць існуючыя тэндэнцыі. Да таго ж сярэднегадавыя тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі менш, чым у асноўных заходніх краін, якія прымаюць мігрантаў. Таму ад’езд беларусаў за мяжу працягнецца.

Насельніцтва Беларусі будзе устойліва змяншацца як па натуральных прычынах (перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю), так і ў сувязі з міграцыяй".

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]