Жыць у Беларусі будзе можна, калі ў грамадзян з’явяцца рэальныя правы, а не толькі вайсковы абавязак і падаткі, упэўнены прадпрымальнік і журналіст Дзмітрый Навоша. Зараз ён працуе ў Расіі і ўважліва сочыць за прэзідэнцкай гонкай на Радзіме. Чаму пра бяспраўе грамадзян краіны трэба казаць гучна, якія тры рэчы важна змяніць у Беларусі і чаму не трэба спрачацца пра годнасць альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, медыяменеджар патлумачыў у інтэрв'ю Hrodna.Life.
Раскажыце пра вашу паездку па Гродзенскай вобласці ў траўні 2020 года. Што вам спадабалася?
Я пракаціўся па маршруце Мір — Навагрудак — Любча — Гродна, з заездам у некалькі цікавых вёсак па дарозе і да сядзібы Храптовічаў у Шчорсах. Вельмі люблю гэтую частку краіны: замкі, старажытныя сядзібы, стромкія ўзгоркі і Нёман, які іх прарэзвае. У Нясвіжы і ваколіцах я раней праводзіў лета ў бабулі.
Асобнае велізарнае ўражанне — Мураванка, «храм-цытадэль» 1524 года, з вежамі і байніцамі. Раней я мала ездзіў па Беларусі і зараз не разумею, чаму. І не разумею, чаму самі беларусы так мала ездзяць па краіне.
Чым, па вашых адчуваннях, Гродна і Гродзенская вобласць адрозніваюцца ад астатняй Беларусі?
Самае відавочнае — замкі. У ранейшыя паездкі я заязджаў паглядзець і разваліны крэўскага і ў Ліду. Яшчэ спалучэннем розных рэлігійных традыцый. Сапраўдная Усходняя Еўропа з глыбокай і складанай гісторыяй. Пакуль не хапае сэрвісу, за межамі Гродна знайсці адэкватнае кафэ або рэстаран — праблема. Даводзіцца падарожнічаць з пакетам з супермаркета. Але ў Гродзенскай вобласці ёсць усе шанцы стаць рэальна прывабным турыстычным рэгіёнам не толькі для беларусаў.
Як часта вы падарожнічаеце па Беларусі?
Я стараюся ездзіць хоць бы раз у год. Хачу, каб мае дзеці адчувалі сябе і беларусамі таксама. Стараюся паказваць ім цікавыя месцы. Пакуль мы пабывалі далёка не ўсюды, дзе мне б хацелася.
Вы ўжо даўно з’ехалі з Беларусі, але ў апошні час сталі актыўна каментаваць ў сваіх сацыяльных сетках сітуацыю ў краіне. Што паўплывала на вашу актыўнасць?
Я не пераехаў на іншую планету і не перарваў сувязі. Я бываю ў Беларусі рэгулярна, падтрымліваю зносіны з мноствам сяброў і калегаў. Лічу Беларусь сваёй краінай.
Я хачу прыцягнуць увагу да бяззаконня і гвалту, развязаных уладай. Чыноўнікі не хочуць дапусціць нармальных, канкурэнтных выбараў. Любы нармальны чалавек, які бачыць злачынства супраць асобы, — дапусцім, банальную бытавуху, — таксама, спадзяюся, не зможа маўчаць.
Я шмат гадоў будую медыйныя бізнесы, у маё кола зносін уваходзяць дзясяткі журналістаў з Расіі і Украіны, карэспандэнты сусветных выданняў у Маскве і Кіеве. Яны чытаюць мяне і ў сацсетках, ды я і сам пачаў кожнаму з іх асабіста пісаць пра тое, што робіцца ў нас у краіне.
Толькі за апошнія дні я размаўляў пра Беларусь з калегамі з BBC, Independent, New York Times. З калегамі з прэс-службы Еўрасаюза абмяркоўвалі гэтыя беспрэцэдэнтныя крымінальныя пераследы блогераў. Калегі, вядома, у шоку, з цяжкасцю вераць, што такое ўвогуле магчыма.
Мая задача — даць міжнародную агалоску як мага большай колькасці такіх злачынстваў. Цяпер пра Беларусь ужо пішуць і гавораць па ўсім свеце, гэта важна. Лукашэнка і сілавікі не адказваюць перад грамадзянамі сваёй краіны. Хай сутыкнуцца з міжнародным асуджэннем такіх дзеянняў. Хай цана кожнага злачынства будзе для прадстаўнікоў улады высокай. Мая мэта простая: каб беларусы сядзелі менш, а ў канчатковым выніку — не сядзелі за сваё меркаванне і адстойванне сваіх правоў наогул. Гэта дзіка.
Калі па пунктах, пры якіх умовах вы вярнуліся б на Радзіму і працавалі б там, дзе нарадзіліся?
Усё вельмі проста: краіна павінна быць прыдатная для жыцця. У людзей павінны быць нармальныя чалавечыя правы, а не толькі вайсковы абавязак і падаткі. Грамадзяне не павінны баяцца беззаконня, якое ў любы момант можа закрануць кожнага. Так выглядае краіна, з якой не з’язджаюць найлепшыя людзі, і ў ёй ёсць з кім рабіць цікавыя праекты. У мяне вельмі кароткі спіс чаканняў.
Унутры краіны цяпер сітуацыя выглядае жудасна. Што вы б рабілі, калі б былі на нашым месцы, унутры гэтага працэсу?
Я захапляюся кожным журналістам і рэдактарам, які здольны перамагчы страх і працягвае рабіць сваю справу прафесійна. Кожным блогерам, хто захоўвае здольнасць называць рэчы сваімі імёнамі. Гэта цяпер важна і паскарае набліжэнне моманту, калі баяцца ўжо не давядзецца.
Чым больш людзей у грамадстве разумее, што адбываецца, тым больш мірнымі ў выніку будуць перамены. Нават самы дурны з міліцыянтаў не хоча быць злыднем, ісці супраць усяго грамадства. Гэта псіхалагічна складана. Кожнаму хочацца рабіць правую справу, а не тварыць беззаконне.
Таму я так шмат пішу пра Беларусь. Я хачу, каб кожны чалавек, які трапіў пад рэпрэсіі, ці то журналіст, ці то блогер ці проста грамадзянін, трапляў у міжнародныя медыі, а не заставаўся сам-насам з катком сістэмы. Ва ўсіх, хто здзяйсняе злачынствы супраць асобы, будуць праблемы з трапленнем у Еўрасаюз. Любая размова дыпламатаў і палітыкаў з прадстаўнікамі Беларусі будзе пачынацца са спісу людзей, якіх неабходна адпусціць. Грошай для падтрымання рэпрэсіўнай машыны таксама не дадасца.
У твітары вы распавядалі пра затрыманні блогераў Беларусі і напісалі такую фразу: «яны сапраўды хочуць перамагчы інтэрнэт аўтазакамі?». Да гэтага часу ва ўладаў Беларусі гэта атрымлівалася, чаму зараз не атрымаецца?
10−15 гадоў таму інтэрнэт быў недастаткова распаўсюджаны, каб перамагчы агітпроп, разбурыць манаполію на інфармацыю, устаноўленую ўладамі. Зараз Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Валерый Цапкала атрымалі такую папулярнасць без адзінага добрага слова ад ТБ ці хаця б хвіліннага выступу там.
Самым даверлівым тэлебачанне яшчэ забівае ў галаву прапагандысцкія догмы пра «стабільнасць», але агулам беларускае грамадства ўжо жыве ў XXI стагоддзі. А ўлады са свайго роднага XX скочваюцца кудысьці ў сярэднявечча.
Вы казалі, што ў Беларусі з’яўляецца актыўнасць, якая пасля выбараў нікуды не знікне. Чаму вы так лічыце? У нас ёсць вопыт 2006 і 2010 гадоў, калі ўсе хутка сышло.
Тады, пры моцным дэфіцыце альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, прапаганда гіпнатызавала людзей магутней. З салідарнасцю ў беларусаў было зусім слаба — у нас было моцна фрагментаванае грамадства з базавым прынцыпам «мая хата з краю», а цяпер гэта пачало змяняцца.
Адчуванне тупіку эканомікі мадэлі «савок/дзяржплан» не было ў людзей такім ясным і згладжвалася датацыямі з Расіі. Рэпрэсіі - дарагое задавальненне, без грошай душыць уласных суграмадзян ніхто не будзе. Ухіляючыся ад нармальных выбараў, Лукашэнка можа толькі крыху адцягнуць непазбежнае, але зваротны адлік ужо пайшоў, і большасць гэта разумее.
Як вы ацэньваеце шанцы альтэрнатыўных кандыдатаў?
Калі б выбары былі сапраўднымі, з магчымасцямі агітацыі і сумленным падлікам, то быў бы цікавы другі тур з кім-небудзь з гэтых траіх. Ну, а на звычайных ярмошынскіх «выбарах» Лукашэнку намалююць, я думаю, адсоткаў 75. У гонар 75-годдзя перамогі.
Хто найбольш сімпатычны асабіста вам з кандыдатаў на сёлетніх выбарах у Беларусі? Чаму менавіта ён?
Ні адзін з трох асноўных, — Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала, — не здаецца мне ідэальным кандыдатам. Але з любым з траіх можна пачаць перамены. Спрачацца цяпер, хто з траіх лепш, вельмі дзіўна. Нармальных выбараў пакуль няма, кандыдатаў не дапускаюць або саджаюць па турмах.
Ці паедзеце вы ў Беларусь на выбары?
Пакуль я прыязджаю без аглядкі на прызначаныя даты, калі мне зручна. Галасаваў я наогул толькі аднойчы, у год свайго 18-годдзя, на рэферэндуме ў 1996-м. З тых часоў выбары ігнараваў з-за іх адсутнасці. Я рана зразумеў, што трэба з’язджаць, каб пабудаваць тое, што я хацеў пабудаваць. Але калі нармальныя выбары атрымаецца вярнуць — ігнараваць іх я, вядома, перастану.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…