У Гродзенскім абласным судзе 1 ліпеня прайшоў чарговы адміністрацыйны працэс па «справе Ціханоўскага». На лаве падсудных быў гродзенец Дзмітрый Фурманаў, якога затрымалі ў Гродне 29 траўня падчас збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі.
Судзілі Фурманава па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні).
У судовым працэсе ў якасці сведак выступілі не толькі супрацоўнікі АМАПу, але і бацькі Дзмітрыя Фурманава. Яны былі 29 траўня на Савецкай плошчы і бачылі, як іх сына затрымлівалі.
Сведка — супрацоўнік АМАПа Андрэй Пацуй — распавёў на судзе, што Фурманава затрымалі 29 траўня ў сувязі з падазрэннем, што ён быў датычны да бойкі на плошчы, калі ўпаў супрацоўнік міліцыі.
«Фурманаў спрабаваў уцячы з месца здарэння, мы падышлі да яго па падазрэнні і прадставіліся. Ён пачаў адмаўляцца і не захацеў з намі ісці. Тады мы затрымалі яго з дапамогай сілы. У момант затрымання Фурманаў спрабаваў уцячы».
Раней у пратаколе Андрэй Пацуй пісаў, што Фурманаў удзельнічаў у бойцы на плошчы.
Другі сведка Міхаіл Хацук распавёў у судзе, што атрымаў каманду ад кіраўніцтва затрымаць датычных да бойкі.
«Выказалі здагадку, што Фурманаў можа быць датычны да бойкі. На здагадках і затрымалі. Мы яму назваліся, а ён спрабаваў сысці ад затрымання. Напарнік ужыў сілу», — растлумачыў Хацук.
Бацькі падсуднага, Аляксандр і Вольга Фурманавы, былі сведкамі затрымання іх сына. Яны прыйшлі на плошчу за гадзіну да бойкі - прынеслі вячэру Дзмітрыю.
«Мы былі з жонкай у пяці метрах ад століка, дзе быў сын. Ён нават не паспеў перакусіць, калі яго затрымалі, — распавядае Аляксандр Фурманаў. — Ён сядзеў за сталом і прымаў подпісы, быў у баку ад бойкі. Да яго падбеглі некалькі чалавек, схапілі за рукі і ногі, і панеслі ў аўтамабіль. Мы з жонкай і яшчэ некалькімі людзьмі пабеглі следам,
каб спыніць аўтамабіль. Я стаў спераду, але машына рэзка павярнула і з’ехала. Мяне зачапіла бамперам. Дзіма не чакаў, што яго затрымаюць, і таму ніякага супраціву з яго боку не было».
Бацькі толькі праз суткі даведаліся, што іх сын затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Дзмітрый Фурманаў сваю віну на судзе не прызнаў.
«Я каардынатар ініцыятыўнай групы ў Гродне. Ажыццяўляў прамыя абавязкі, што адпавядае выбарчаму кодэксу, — кажа Фурманаў. — Затрымалі мяне невядомыя асобы ў цывільным адзенні - паднялі і пацягнулі. Я пачаў зваць па дапамогу — мне ўдарылі ў твар. Апрытомнеў ужо на падлозе службовага аўтамабіля ад болевага прыёму на запясце».
Пасля затрымання Дзмітрыя даставілі ў Ленінскі РАУС. Там склалі пратакол.
«Нічога супрацьзаконнага я нават не мог зрабіць. Я быў за сталом, мяне ўзялі і панеслі. Ніхто не прадстаўляўся і патрабаванняў не вылучаў. Усе дзейнічалі моўчкі», — дадаў Фурманаў.
Суд прызнаў гродзенца вінаватым і прысудзіў дадаткова 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Паказанні бацькоў, як зацікаўленых асобаў, суд не прыняў да ўвагі.
Раней Дзмітрыю Фурманаву было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама ён падазраваны па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У СІЗА ў Мінску Дзмітрый Фурманаў знаходзіцца ўжо месяц.
У гэты ж дзень у Гродзенскім абласным судзе разглядалі адміністрацыйную справу супраць Сяргея Ціханоўскага. Як і Фурманава, яго судзілі па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні). Ціханоўскі атрымаў 15 сутак. Ён таксама з’яўляецца падазраваным па крымінальных артыкулах і знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску.
У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.
Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.
Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.
У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…