«Гэта нейкія домыслы, паклёп». Беларус Павел Юшкевіч распавёў, як будзе змагацца з дэпартацыяй з Польшчы

Ураджэнец Гродзеншчыны Павел Юшкевіч амаль 20 гадоў пражыў у Польшчы. 5 студзеня яго юрыст атрымаў ад уладаў рашэнне аб дэпартацыі Паўла. 4 лютага Юшкевіч павінен пакінуць Польшчу. Рашэнне грунтуецца на заключэнні Агенцтва бяспекі Польшчы 10-гадовай даўніны, якое ўвесь гэты час Павел спрабаваў адмяніць. Цяпер ён п’е таблеткі ад бессані, збіраецца атрымаць міжнародную абарону, якая можа перашкодзіць яму працаваць, і спадзяецца на справядлівасць.

«Я адчуваю сябе вельмі дрэнна. Каб не таблеткі ад псіхіятра, магчыма, было б яшчэ складаней. Як можа адчуваць сябе чалавек, які пражыў 20 гадоў у краіне, сваё жыццё ўклаў, а яму раптам кажуць, што ён павінен адпусціць гэтае жыццё і выехаць? Гэта як бы выкінулі з дому, зрабілі з чалавека бяздомнага. Адчуваю вялікую несправядлівасць і крыўду — абыякавасць да праблем чалавека. Адчуваю сябе, нібыта адміністрацыйная сістэма як каток раз’язджае маё жыццё. Маляўніча сказана, але за гэтым ідуць вялікія перажыванні ў душы і слёзы. Сёння я ўжо выплакаўся — было некалькі размоваў», — расказаў Павел.

Гісторыю Паўла Юшкевіча рассказала медыя nowosci.com.pl, адкуль пра яго сітуацыю даведаліся і беларусы. Яго назвалі «беларускім дысідэнтам», а Падзеі яго жыцця параўналі з кнігамі Кафкі. Ураджэнца Гродна і выпускніка ўніверсітэта Мікалая Каперніка могуць дэпартаваць з Польшчы — яго пазбавілі віду на жыхарства. Прычынай стала сакрэтнае заключэнне ABW (Агенцтва ўнутранай бяспекі-польскай спецслужбы, аналага беларускага КДБ) 10-гадовай даўніны, якое гродзенец безвынікова спрабаваў аспрэчыць. Павел валодае ў Польшчы бізнэсам і выкладае ва ўніверсітэце.

Медыя адправіла электронны ліст у ваяводскае ўпраўленне ў Быдгашчы з нагоды Паўла Юшкевіча, але адказу так і не атрымала. У офісе прэс-сакратара таксама ніхто не адказваў на званкі.

5 студзеня рашэнне ўладаў атрымаў юрыст, які займаецца справай Паўла апошнія 8−9 гадоў. Сам Юшкевіч даведаўся пра гэта 8-га. Пасля атрымання рашэння Павел пачаў дрэнна спаць — яму давялося ісці па таблеткі да лекара.

Салідарнасць ад беларусаў і палякаў

Публікацыя ў польскіх медыях выйшла, калі Павел распавёў пра рашэнне прыяцелю, які працаваў у nowosci.com.pl. Той вырашыў пра гэта расказаць. Цяпер многія яго знаёмыя спрабуюць дапамагчы Паўлу. Ён спадзяецца, што справядлівасць пераможа, а рашэнне ABW — велізарная памылка, якую «ніводны чыноўнік не меў адвагі прызнаць і выправіць». «Няма адважнага чалавека, які паглядзеў бы, што за дакументамі стаіць чалавек, лёс людскі і людскія эмоцыі», — кажа Павел.

Павел Юшкевіч. Фота: Facebook Паўла

Ён атрымаў падтрымку ад арганізацый — ад лакальных да Офіса Святланы Ціханоўскай, ад сваіх працадаўцаў. Тры дні яму тэлефануюць людзі, якія паведамляюць, што перадалі звесткі пра ягоную сітуацыю арганізацыямі, польскім палітыкам, польскім парламентарыстам. Яму спрабуюць дапамагчы і беларускія, і польскія арганізацыі, і арганізацыі па правах чалавека. У Торуні і Быдгашчы збіраюцца правесці акцыі салідарнасці з Паўлам.

Успрыняў як фармальнасць

Калі Павел падаў дакументы на польскае грамадзянства ў 2012 годзе, яго двойчы выклікалі ў ABW на інтэрв'ю. Ён успрыняў гэта як фармальнасць. «[Думаў, што] пасля 10 год у Польшчы дзякуючы сваёй дзейнасці і актыўнай жыццёвай пазіцыі я нейкім чынам заслужыў, каб мяне прызналі грамадзянінам Польшчы. Для мяне [іх рашэнне] быў вялікі шок. Тады я перадумаў усе думкі: што можа быць гэтай прычынай?».

Павел адмёў думкі, што нехта мог напісаць на яго скаргу ці паклёп. У яго былі шырокія кантакты ў сацыяльнай і валанцёрскай дзейнасці - магчыма, хтосьці з іх быў «нядобранадзейным». Ён заўважаў негатыў ад супрацоўніка ABW і ціск — ён адзначыў гэта ў размове, што здзівіла супрацоўніка. У Паўла ёсць яшчэ адна здагадка, чаму ABW маглі прыняць такое рашэнне — але ён не можа яго агучыць публічна ў СМІ. Ён успрымае дадзеную яму характарыстыку як помста.

«Першы раз мяне назвалі пагрозай у 2013 годзе. З 2013 года чалавек з такім ярлыком жыве ў Польшчы. Якім чынам польская дзяржава абараніла сваіх грамадзян перад такім небяспечным элементам, як Юшкевіч, які 11 год мог працаваць, адкрываць бізнес і выкладаць ва ўніверсітэце? Мне здаецца, гэта нейкія домыслы, паклёп, у якім проста цяпер хтосьці не можа прызнацца», — лічыць мужчына.

Павел Юшкевіч. Фота: Facebook Паўла

СМІ знайшлі акаўнт «ВКонтакте» з фотаздымкамі Паўла, іншым імем і пастамі ў падтрымку Расіі. Сам ён даведаўся пра яго толькі ад журналістаў.

Павел успомніў кейс нядаўна затрыманай за шпіянаж на карысць Беларусі Дар'і Астапенкі. «Калі чалавек рэальна пагражае небяспецы — гэтыя службы працуюць вельмі хутка і не чакаюць 11 год, каб некага дэпартаваць», — адзначае Павел.

Рашэнне ABW за 10 гадоў Павел спрабаваў абскардзіць ва ўсіх судовых інстанцыях. Ён заўсёды казаў, што гатовы адказаць на ўсе пытанні і падазрэнні. Ён быў гатовы прайсці паліграф. Усе такія лісты заставаліся без адказу. Ніхто з ABW не спрабаваў выйсці на кантакт з Паўлам.

З такой жа прычыны беларуса ўжо дэпартавалі з Польшчы ў 2016 годзе. У 2023 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэнне, што польскі бок не даў яму магчымасці абараніць сябе. А ў меркаванні ABW не было ніводнага факту, як беларус мог пагражаць бяспецы краіны. Ён атрымае некалькі тысяч еўра кампенсацыі. На гэтае рашэнне збіраюцца спасылацца і Павел з юрыстам.

Міжнародная абарона ўратуе ад дэпартацыі, але пазбавіць працы

Да 4 лютага Павел павінен выехаць з краіны. У рашэнні не напісана, што гэта павінна быць Беларусь. На радзіме Павел не быў чатыры гады, але яму пагражае небяспека — Павел падтрымліваў у Facebook палітвязняў і выходзіў на мітынгі з дыяспарай. Дапамагаў эмігрантам з Беларусі, якім збіралі фінансавую або рэчавую дапамогу. Ён падазрае, што яму могуць «прыпаяць» «экстрэмізм» або «заклікі да санкцый». Павел прызнаецца, што ёсць дылема — прыбіраць пасты ў Facebook, баючыся вяртання ў Беларусь, або змагацца да канца. Але выдаленне пастоў не сыходзіцца з яго перакананнямі.

Старонка Паўла Юшкевіча ў Facebook. Скрыншот Hrodna.life

Праз 30 дзён памежная служба можа пачаць працэдуру дэпартацыі. Павел будзе падаваць скаргу на рашэнне ў суд і адначасова з гэтым прасіць аб прыпыненні дэпартацыі да рашэння суда. Яшчэ адным рашэннем можа быць атрыманне міжнароднай абароны. Але ўлічваючы, што ён не быў на радзіме чатыры гады, стаць уцекачом з Беларусі Паўлу будзе складана, хоць яму і пагражае там небяспека. Павел спадзяецца калі не на статус «уцекача», то на статус «дадатковай абароны».

Пасля падачы на міжнародную абарону ў Паўла забяруць пашпарт і ён не зможа працаваць. Павел выкладае педагогіку ў торуньскім універсітэце. Таксама ў яго ёсць бізнес — сімулятары віртуальнай рэальнасці для дзяцей, якія размешчаны ў гандлёвым цэнтры. Яшчэ ён гандлюе прамысловымі матэрыяламі. «Не ведаю, як мае студэнты, і я без іх таксама», — адзначае Павел.

«Я планую выкарыстаць усе сродкі, каб застацца, бо тут мой дом, тут мая радзіма гістарычная, сюды я прыязджаў з перакананнем, што я — паляк, я быў стыпендыстам, і я лічу, што тут маё месца».

Як ABW стрымліваў ад куплі кватэры і стварэння сям'і

У 2023 годзе Павел купіў кватэру ў Торуні і яшчэ не паспеў яе абставіць. Дзецьмі ён не паспеў абзавесціся — ад стварэння сям'і яго стрымлівала неразуменне, што яго чакае заўтра. «Я толькі ў мінулым годзе купіў кватэру. Я да 35 год жыў у інтэрнаце [універсітэцкім — Hrodna.life], і з мяне ўсе смяяліся, „з'язджай, купляй кватэру“. А я кажу, што не ведаю, ці буду заўтра тут жыць». Што будзе з кватэрай пасля магчымай дэпартацыі, Павел не ведае.

Павел Юшкевіч. Фота: Facebook Паўла

Павел лічыць, што фактычна выдаткаваў маладосць з 26 да 38 гадоў на барацьбу з сістэмай — якая падобная да беларускай, хоць тут і ёсць больш магчымасцяў змагацца. Кожнае чарговае рашэнне суда выклікала ў яго слёзы і бяссонныя ночы. Павел сумняваецца, што ў яго ёсць сілы змагацца яшчэ некалькі гадоў. Ён думае з’ехаць і пачаць усё з нуля.

«Я магу выбачыць тую крыўду, якую мне зрабілі. Але не ведаю, ці змагу прабачыць слёзы маіх блізкіх і бацькоў, якія… ну проста плачуць і не ведаюць, як мне дапамагчы.

Я веру, што ёсць у гэтым глыбокі сэнс. І што кожнаму чалавеку даецца крыж у жыцці, як ён можа несці. Відаць, гэты крыж мусіць быць такі цяжкі і што відаць, я павінен яго вытрымаць. І не павінен пад ім зламацца. Я веру, што гэтая справа патрэбная, каб такіх сітуацый у будучыні не было больш — каб людзей невінаваных сістэма крыўдзіла", — са слязамі кажа Павел.

Справа дагэтуль засакрэчаная

Павел Юшкевіч нарадзіўся ў Васілішках Гродзенскай вобласці, у польскай сям'і, звязанай з Чэславам Нёманам. Ён прыехаў у Польшчу адразу пасля школы, ва ўзросце 17 гадоў. Спачатку ён жыў з сям’ёй у Піле, але пазней пераехаў у Торунь. Ва ўніверсітэце Мікалая Каперніка ён скончыў спачатку педагагічны факультэт, затым факультэт міжнародных адносін. Затым, ужо ў якасці падвойнага магістра, атрымаў ступень бакалаўра па рускай філалогіі і прыступіў да напісання доктарскай дысертацыі.

У 2011 годзе ён стаў лепшым замежным студэнтам у Польшчы, а ў іншы раз — лепшым студэнтам Куяўска-Паморскага ваяводства. Ён быў занесены ў Залатую кнігу студэнтаў універсітэта Мікалая Каперніка, а таксама з’яўляўся стыпендыятам міністра адукацыі. Таксама Павел дапамагаў беларусам, якіх пераследавалі.

У 2008 годзе ён атрымаў від на жыхарства ў Польшчы і запытаў польскае грамадзянства. Па месцы прапіскі ў Піле запыталі меркаванне розных службаў, у тым ліку Агенцтва ўнутранай бяспекі. Службы палічылі, што торуньскі студэнт уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы. Юшкевіч не даведаўся падрабязнасцяў, паколькі заключэнне ABW з’яўляецца сакрэтным.

У 2013 годзе Паўлу пагражала высылка з краіны, але ў выніку справа скончылася тым, што ўпраўленне па справах замежнікаў адмяніла рашэнне і накіравала яго на паўторны разгляд, дзе яго спынілі.

Пасля спрэчак у судах Павел так і не даведаўся меркаванне ABW ад 2013 года. Яго паперы адправіліся з Вялікапольшчы ў Куяўска-Паморскае ваяводскае кіраванне. Туды яны трапілі разам з заключэннем АБВ, на падставе якога польскія ўлады нядаўна пазбавілі Паўла Юшкевіча права на пражыванне. Апеляцыя была адхіленая. Хоць рашэнне можа быць аспрэчана, фактычна ў Паўла ёсць месяц, каб пакінуць Польшчу.

«Калі б беларускі дысідэнт быў сапраўды небяспечны, ён, верагодна, ужо даўно з’ехаў бы з Польшчы», — мяркуе СМІ. За яго заступілася Дэмакратычная лідарка беларусаў Святлана Ціханоўская і старшыня гарадской рады Торуні Марцін Чыжнеўскі.

Чытайце таксама: Беларус 8 гадоў даводзіў, што мае права на ВНЖ у Нямеччыне. Даказаў, але ўсё роўна атрымаць не змог — і раптам усё вырашылася

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024