Ураджэнец Гродзеншчыны Павел Юшкевіч амаль 20 гадоў пражыў у Польшчы. 5 студзеня яго юрыст атрымаў ад уладаў рашэнне аб дэпартацыі Паўла. 4 лютага Юшкевіч павінен пакінуць Польшчу. Рашэнне грунтуецца на заключэнні Агенцтва бяспекі Польшчы 10-гадовай даўніны, якое ўвесь гэты час Павел спрабаваў адмяніць. Цяпер ён п’е таблеткі ад бессані, збіраецца атрымаць міжнародную абарону, якая можа перашкодзіць яму працаваць, і спадзяецца на справядлівасць.
«Я адчуваю сябе вельмі дрэнна. Каб не таблеткі ад псіхіятра, магчыма, было б яшчэ складаней. Як можа адчуваць сябе чалавек, які пражыў 20 гадоў у краіне, сваё жыццё ўклаў, а яму раптам кажуць, што ён павінен адпусціць гэтае жыццё і выехаць? Гэта як бы выкінулі з дому, зрабілі з чалавека бяздомнага. Адчуваю вялікую несправядлівасць і крыўду — абыякавасць да праблем чалавека. Адчуваю сябе, нібыта адміністрацыйная сістэма як каток раз’язджае маё жыццё. Маляўніча сказана, але за гэтым ідуць вялікія перажыванні ў душы і слёзы. Сёння я ўжо выплакаўся — было некалькі размоваў», — расказаў Павел.
Гісторыю Паўла Юшкевіча рассказала медыя nowosci.com.pl, адкуль пра яго сітуацыю даведаліся і беларусы. Яго назвалі «беларускім дысідэнтам», а Падзеі яго жыцця параўналі з кнігамі Кафкі. Ураджэнца Гродна і выпускніка ўніверсітэта Мікалая Каперніка могуць дэпартаваць з Польшчы — яго пазбавілі віду на жыхарства. Прычынай стала сакрэтнае заключэнне ABW (Агенцтва ўнутранай бяспекі-польскай спецслужбы, аналага беларускага КДБ) 10-гадовай даўніны, якое гродзенец безвынікова спрабаваў аспрэчыць. Павел валодае ў Польшчы бізнэсам і выкладае ва ўніверсітэце.
Медыя адправіла электронны ліст у ваяводскае ўпраўленне ў Быдгашчы з нагоды Паўла Юшкевіча, але адказу так і не атрымала. У офісе прэс-сакратара таксама ніхто не адказваў на званкі.
5 студзеня рашэнне ўладаў атрымаў юрыст, які займаецца справай Паўла апошнія 8−9 гадоў. Сам Юшкевіч даведаўся пра гэта 8-га. Пасля атрымання рашэння Павел пачаў дрэнна спаць — яму давялося ісці па таблеткі да лекара.
Салідарнасць ад беларусаў і палякаў
Публікацыя ў польскіх медыях выйшла, калі Павел распавёў пра рашэнне прыяцелю, які працаваў у nowosci.com.pl. Той вырашыў пра гэта расказаць. Цяпер многія яго знаёмыя спрабуюць дапамагчы Паўлу. Ён спадзяецца, што справядлівасць пераможа, а рашэнне ABW — велізарная памылка, якую «ніводны чыноўнік не меў адвагі прызнаць і выправіць». «Няма адважнага чалавека, які паглядзеў бы, што за дакументамі стаіць чалавек, лёс людскі і людскія эмоцыі», — кажа Павел.
Ён атрымаў падтрымку ад арганізацый — ад лакальных да Офіса Святланы Ціханоўскай, ад сваіх працадаўцаў. Тры дні яму тэлефануюць людзі, якія паведамляюць, што перадалі звесткі пра ягоную сітуацыю арганізацыямі, польскім палітыкам, польскім парламентарыстам. Яму спрабуюць дапамагчы і беларускія, і польскія арганізацыі, і арганізацыі па правах чалавека. У Торуні і Быдгашчы збіраюцца правесці акцыі салідарнасці з Паўлам.
Успрыняў як фармальнасць
Калі Павел падаў дакументы на польскае грамадзянства ў 2012 годзе, яго двойчы выклікалі ў ABW на інтэрв'ю. Ён успрыняў гэта як фармальнасць. «[Думаў, што] пасля 10 год у Польшчы дзякуючы сваёй дзейнасці і актыўнай жыццёвай пазіцыі я нейкім чынам заслужыў, каб мяне прызналі грамадзянінам Польшчы. Для мяне [іх рашэнне] быў вялікі шок. Тады я перадумаў усе думкі: што можа быць гэтай прычынай?».
Павел адмёў думкі, што нехта мог напісаць на яго скаргу ці паклёп. У яго былі шырокія кантакты ў сацыяльнай і валанцёрскай дзейнасці - магчыма, хтосьці з іх быў «нядобранадзейным». Ён заўважаў негатыў ад супрацоўніка ABW і ціск — ён адзначыў гэта ў размове, што здзівіла супрацоўніка. У Паўла ёсць яшчэ адна здагадка, чаму ABW маглі прыняць такое рашэнне — але ён не можа яго агучыць публічна ў СМІ. Ён успрымае дадзеную яму характарыстыку як помста.
«Першы раз мяне назвалі пагрозай у 2013 годзе. З 2013 года чалавек з такім ярлыком жыве ў Польшчы. Якім чынам польская дзяржава абараніла сваіх грамадзян перад такім небяспечным элементам, як Юшкевіч, які 11 год мог працаваць, адкрываць бізнес і выкладаць ва ўніверсітэце? Мне здаецца, гэта нейкія домыслы, паклёп, у якім проста цяпер хтосьці не можа прызнацца», — лічыць мужчына.
СМІ знайшлі акаўнт «ВКонтакте» з фотаздымкамі Паўла, іншым імем і пастамі ў падтрымку Расіі. Сам ён даведаўся пра яго толькі ад журналістаў.
Павел успомніў кейс нядаўна затрыманай за шпіянаж на карысць Беларусі Дар'і Астапенкі. «Калі чалавек рэальна пагражае небяспецы — гэтыя службы працуюць вельмі хутка і не чакаюць 11 год, каб некага дэпартаваць», — адзначае Павел.
Рашэнне ABW за 10 гадоў Павел спрабаваў абскардзіць ва ўсіх судовых інстанцыях. Ён заўсёды казаў, што гатовы адказаць на ўсе пытанні і падазрэнні. Ён быў гатовы прайсці паліграф. Усе такія лісты заставаліся без адказу. Ніхто з ABW не спрабаваў выйсці на кантакт з Паўлам.
З такой жа прычыны беларуса ўжо дэпартавалі з Польшчы ў 2016 годзе. У 2023 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэнне, што польскі бок не даў яму магчымасці абараніць сябе. А ў меркаванні ABW не было ніводнага факту, як беларус мог пагражаць бяспецы краіны. Ён атрымае некалькі тысяч еўра кампенсацыі. На гэтае рашэнне збіраюцца спасылацца і Павел з юрыстам.
Міжнародная абарона ўратуе ад дэпартацыі, але пазбавіць працы
Да 4 лютага Павел павінен выехаць з краіны. У рашэнні не напісана, што гэта павінна быць Беларусь. На радзіме Павел не быў чатыры гады, але яму пагражае небяспека — Павел падтрымліваў у Facebook палітвязняў і выходзіў на мітынгі з дыяспарай. Дапамагаў эмігрантам з Беларусі, якім збіралі фінансавую або рэчавую дапамогу. Ён падазрае, што яму могуць «прыпаяць» «экстрэмізм» або «заклікі да санкцый». Павел прызнаецца, што ёсць дылема — прыбіраць пасты ў Facebook, баючыся вяртання ў Беларусь, або змагацца да канца. Але выдаленне пастоў не сыходзіцца з яго перакананнямі.
Праз 30 дзён памежная служба можа пачаць працэдуру дэпартацыі. Павел будзе падаваць скаргу на рашэнне ў суд і адначасова з гэтым прасіць аб прыпыненні дэпартацыі да рашэння суда. Яшчэ адным рашэннем можа быць атрыманне міжнароднай абароны. Але ўлічваючы, што ён не быў на радзіме чатыры гады, стаць уцекачом з Беларусі Паўлу будзе складана, хоць яму і пагражае там небяспека. Павел спадзяецца калі не на статус «уцекача», то на статус «дадатковай абароны».
Пасля падачы на міжнародную абарону ў Паўла забяруць пашпарт і ён не зможа працаваць. Павел выкладае педагогіку ў торуньскім універсітэце. Таксама ў яго ёсць бізнес — сімулятары віртуальнай рэальнасці для дзяцей, якія размешчаны ў гандлёвым цэнтры. Яшчэ ён гандлюе прамысловымі матэрыяламі. «Не ведаю, як мае студэнты, і я без іх таксама», — адзначае Павел.
«Я планую выкарыстаць усе сродкі, каб застацца, бо тут мой дом, тут мая радзіма гістарычная, сюды я прыязджаў з перакананнем, што я — паляк, я быў стыпендыстам, і я лічу, што тут маё месца».
Як ABW стрымліваў ад куплі кватэры і стварэння сям'і
У 2023 годзе Павел купіў кватэру ў Торуні і яшчэ не паспеў яе абставіць. Дзецьмі ён не паспеў абзавесціся — ад стварэння сям'і яго стрымлівала неразуменне, што яго чакае заўтра. «Я толькі ў мінулым годзе купіў кватэру. Я да 35 год жыў у інтэрнаце [універсітэцкім — Hrodna.life], і з мяне ўсе смяяліся, „з'язджай, купляй кватэру“. А я кажу, што не ведаю, ці буду заўтра тут жыць». Што будзе з кватэрай пасля магчымай дэпартацыі, Павел не ведае.
Павел лічыць, што фактычна выдаткаваў маладосць з 26 да 38 гадоў на барацьбу з сістэмай — якая падобная да беларускай, хоць тут і ёсць больш магчымасцяў змагацца. Кожнае чарговае рашэнне суда выклікала ў яго слёзы і бяссонныя ночы. Павел сумняваецца, што ў яго ёсць сілы змагацца яшчэ некалькі гадоў. Ён думае з’ехаць і пачаць усё з нуля.
«Я магу выбачыць тую крыўду, якую мне зрабілі. Але не ведаю, ці змагу прабачыць слёзы маіх блізкіх і бацькоў, якія… ну проста плачуць і не ведаюць, як мне дапамагчы.
Я веру, што ёсць у гэтым глыбокі сэнс. І што кожнаму чалавеку даецца крыж у жыцці, як ён можа несці. Відаць, гэты крыж мусіць быць такі цяжкі і што відаць, я павінен яго вытрымаць. І не павінен пад ім зламацца. Я веру, што гэтая справа патрэбная, каб такіх сітуацый у будучыні не было больш — каб людзей невінаваных сістэма крыўдзіла", — са слязамі кажа Павел.
Справа дагэтуль засакрэчаная
Павел Юшкевіч нарадзіўся ў Васілішках Гродзенскай вобласці, у польскай сям'і, звязанай з Чэславам Нёманам. Ён прыехаў у Польшчу адразу пасля школы, ва ўзросце 17 гадоў. Спачатку ён жыў з сям’ёй у Піле, але пазней пераехаў у Торунь. Ва ўніверсітэце Мікалая Каперніка ён скончыў спачатку педагагічны факультэт, затым факультэт міжнародных адносін. Затым, ужо ў якасці падвойнага магістра, атрымаў ступень бакалаўра па рускай філалогіі і прыступіў да напісання доктарскай дысертацыі.
У 2011 годзе ён стаў лепшым замежным студэнтам у Польшчы, а ў іншы раз — лепшым студэнтам Куяўска-Паморскага ваяводства. Ён быў занесены ў Залатую кнігу студэнтаў універсітэта Мікалая Каперніка, а таксама з’яўляўся стыпендыятам міністра адукацыі. Таксама Павел дапамагаў беларусам, якіх пераследавалі.
У 2008 годзе ён атрымаў від на жыхарства ў Польшчы і запытаў польскае грамадзянства. Па месцы прапіскі ў Піле запыталі меркаванне розных службаў, у тым ліку Агенцтва ўнутранай бяспекі. Службы палічылі, што торуньскі студэнт уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы. Юшкевіч не даведаўся падрабязнасцяў, паколькі заключэнне ABW з’яўляецца сакрэтным.
У 2013 годзе Паўлу пагражала высылка з краіны, але ў выніку справа скончылася тым, што ўпраўленне па справах замежнікаў адмяніла рашэнне і накіравала яго на паўторны разгляд, дзе яго спынілі.
Пасля спрэчак у судах Павел так і не даведаўся меркаванне ABW ад 2013 года. Яго паперы адправіліся з Вялікапольшчы ў Куяўска-Паморскае ваяводскае кіраванне. Туды яны трапілі разам з заключэннем АБВ, на падставе якога польскія ўлады нядаўна пазбавілі Паўла Юшкевіча права на пражыванне. Апеляцыя была адхіленая. Хоць рашэнне можа быць аспрэчана, фактычна ў Паўла ёсць месяц, каб пакінуць Польшчу.
«Калі б беларускі дысідэнт быў сапраўды небяспечны, ён, верагодна, ужо даўно з’ехаў бы з Польшчы», — мяркуе СМІ. За яго заступілася Дэмакратычная лідарка беларусаў Святлана Ціханоўская і старшыня гарадской рады Торуні Марцін Чыжнеўскі.
Чытайце таксама: Беларус 8 гадоў даводзіў, што мае права на ВНЖ у Нямеччыне. Даказаў, але ўсё роўна атрымаць не змог — і раптам усё вырашылася