Школьнікі збіраюць аўтамат Калашнікава на хуткасць. «Гродзенская праўда» называе гэта патрыятычным выхаваннем. Адначасова газета абураецца, што ў Еўропе дзяцей нібыта «рыхтуюць да вайны». Hrodna.life параўноўвае навіны з замежжа і тое, што пра гэта пішуць гродзенскія прапагандысты. Пытанне — як назваць іх матэрыялы — журналістыкай ці дэзынфармацыяй?

У пачатку лістапада 2025 года ў гродзенскай вайсковай частцы 5522 прайшлі ваенна-палявыя зборы для школьнікаў з ваенна-патрыятычных клубаў. Адзін з конкурсаў быў па зборцы і разборцы на хуткасць баявога аўтамата. Дзесяцікласнік-пераможца Дзмітрый Маціеўскі прызнаўся: пачаў трэніравацца яшчэ ў шостым класе.

Школьнікі спаборнічаюць у зборцы аўтамата калашнікава. Гродна. Лістапад 2025
Школьнікі спаборнічаюць у зборцы аўтамата. Гродна. Лістапад 2025. Скрыншот з відэа tvgrodno.by

Два маёры + адна рэдактарка = дэзынфармацыя

Пакуль гродзенскія дзеці вучацца хутка збіраць зброю, «Гродзенская праўда» вучыцца хутка рэпосціць тэксты. Артыкул «Еўрапейскую моладзь спрабуюць падрыхтавацца да вайны. Сумленны агляд замежных навін» апублікаваны ў газеце за подпісам галоўнай рэдактаркі Таццяны Сяргеевай. Але сумленнасць тут сумнеўная. Сяргеева літаральна перапісала тэкст з Telegram-канала «Два майора», які распаўсюджвае прарасійскія ваенныя навіны.

Так, без лішніх словаў, «Гродзенская праўда» ператварылася ў рэпост-цэнтр расійскай прапаганды.

Далей мы разбяромся, ці адрозніваюцца «падрыхтоўка да вайны ў Еўропе» і гродзенскае «патрыятычнае выхаванне».

Як пераклад ператварае факты ў дэзынфармацыю

«У Швецыі для старшакласнікаў уводзіцца абавязковы курс па „татальнай абароне“», — паведамляе «Гродзенская праўда». Гэта факт, пра які пісалі і шведскія медыі. Але факты ў перакладзе з замежнай мовы на прапагандысцкую — рэч далікатная.

Шведскае слова «totalförsvaret» азначае «агульная» або «ўсеагульная абарона». Гучыць нейтральна. Але аўтар з «Гродзенскай праўды» выбірае варыянт — «татальная». Гэта слова ў нашых шыротах адчуваецца прыкладна як «татальны кантроль» — без надзеі на дэмакратыю.

У выніку шведскія школьнікі вучацца грамадзянскай адказнасці, а беларускім чытачам здаецца, што Еўропа рыхтуе дзяцей у войскі НАТА.

Замена аднаго слова змяняе сэнс выказвання. Так паўстае дэзынфармацыя

«Гродзенская праўда» працягвае:

«Акрамя ваенных ведаў, праграма ўключае вывучэнне міжнароднага права, ролі знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі ў міждзяржаўных адносінах, у тым ліку ўхваленне НАТА».

Гучыць праўдападобна. Пакуль не праверыш арыгінал. У шведскай версіі замест «ухвалення» стаіць слова «роля». Школьнікі вывучаюць ролю НАТА, а не спяваюць яму гімн.

Аўтары тэксту працуюць з сэнсам так, як дзіця з канструктарам: пераставілі дэталі - і ўжо іншая мадэль. Змянілі адно слова і праграма з адукацыйнай ператварылася ў палітычную.

Псеўдаэкспертыза і «брытанскія навукоўцы» — спосаб надаць хлусні вагу

Тым часам «Гродзенская праўда» перапісвае «факты» пра наступную краіну:

«Паводле інфармацыі з Брытаніі, на тэрыторыі краіны ў шэрагу школ, у тым ліку элітных, па пятніцах праводзяцца сустрэчы вучняў з афіцэрамі арміі. Дзяцей апранаюць у ваенную форму і знаёмяць з вайсковай справай».

Спасылак няма. Але фраза «паводле інфармацыі з Брытаніі» гучыць як пропуск у клуб даверу. Гэта прыкмета маніпуляцыі, бо фраза надае вагу далейшым сказам.

У Велікабрытаніі сапраўды ў больш чым 500 школах дзейнічаюць кадэцкія атрады. У іх дзеці вучацца страявым рухам, медычнай дапамозе, стральбе па мішэнях. І яшчэ каякінгу, паруснаму спорту і скалалажанню. Удзел у кадэцкіх атрадах добраахвотны. Трэніроўкі праходзяць штотыдзень. Магчыма нават і на пятніцах.

Далей — цытата з артыкула ў «Гродзенскай праўдзе», толькі фота пад ім зусім не еўрапейскае.

Присяга школьников с оружием. Пасвячэнне ў кадэты. СШ № 22. Гродна. Кастрычнік 2025
Пасвячэнне ў кадэты. СШ № 22. Гродна. Кастрычнік 2025. Скрын з відэа СТБ

У кастрычніку 2025 года ў Гродне вучні ваенна-патрыятычнага класа ў форме і са зброяй у руках прынялі прысягу:

«Тры дзясяткі хлопцаў і дзяўчат, якія месяц таму ўпершыню апранулі форму, атрымалі пагоны і паабяцалі быць годнымі грамадзянамі Беларусі», — паведамілі па беларускім тэлебачанні.

З 2024 года ў толькі ў школах Гродна працуюць 42 ваенна-патрыятычныя класы.

Аднак аўтарку тэкста з «Гродзенскай праўды», Таццяну Сяргееву, непакояць толькі еўрапейскія кадэты. Бо яны — пагроза, а беларускія — патрыёты.

Як з урокаў, відэагульняў і бюджэту прапагандысты лепяць «падрыхтоўку да вайны»

«Гродзенская праўда» тры розныя навіны склала ў адзін «лагічны» ланцужок:

«У Германіі прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў заявіў аб неабходнасці падрыхтоўкі школьнікаў да крызісаў і ваенных дзеянняў», — піша «Гродзенская праўда».

Гэта факт. Міністэрства прапанавала ўвесці ў школах урокі грамадзянскай абароны.

«Федэральная разведвальная служба Германіі (BND) прадставіла відэагульню пра сваю працу «Легенды BND — Аперацыя «Чорная скрынка» на найбуйнейшай у свеце гульнявой выставе Gamescom. На мерапрыемстве таксама быў прадстаўлены стэнд Бундэсвера [узброеныя сілы Германіі — Hrodna.life].»

Таксама факт. «Легенды» даюць магчымасць пабываць у скуры агента пад прыкрыццём, а на стэндзе ўзброеных сіл наведвальнікі праз сімулятар кіравалі танкам ці верталётам. Узброеныя сілы ўдзельнічаюць у гэтай гульнявой выставе ўжо 16 год. Але гэта занепакоіла рэдактарку Сяргееву толькі зараз.

У канцы артыкула «Гродзенская праўда» згадвае: «У Бундэстаг [парламент Германіі — Hrodna.life] унесена ініцыятыва з 2026 года пачаць дзяржаўнае фінансаванне распрацоўкі відэагульняў, якія лагічна будуць ісці ў ваяўнічай павестцы ўрада».

У рэальнасці гаворка ідзе пра падтрымку гульнявой індустрыі агулам. «Лагічнага» ваяўнічага працягу ў нямецкіх крыніцах няма, ён існуе толькі ў галовах прапагандыстаў.

Так тры розныя гісторыі пра школьнікаў, шпіёнаў і відэагульні склаліся пад адным загалоўкам пра падрыхтоўку моладзі да вайны.

школьнікі кіруюць беспілотнікам
Удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Цыркон» наведалі гурток кіравання беспілотнікамі. Гродна. Жнівень 2025. Крыніца: t.me/vpkvvrb

Еўрапейскія гульні ў шпіёнаў і сімулятары кіравання самалётам рэдактарка Сяргеева звязвае з ваяўнічай павесткай нямецкага ўрада. Але калі гродзенскія школьнікі на сімулятары кіруюць дронамі, то гэта «першы крок у свет высокіх тэхналогій».

У Беларусі - OK, у Польшчы — падазрона?

«Гродзенская праўда» далей працягвае тэму «еўрапейскай мілітарызацыі».

З верасня 2024 года ўсіх польскіх школьнікаў з 14 гадоў абавязалі праходзіць курс стральбы ў межах прадмета «Навучанне бяспецы».

У польскіх школьнікаў сапраўды будуць заняткі па стральбе для дзяцей з 14 год. Але аўтары артыкула так спяшаліся выкрыць «мілітарызацыю ў Еўропе», што забыліся на дробязь: за тры гадзіны язды ад Варшавы ідзе вайна. І менавіта на гэты чыннік спасылаліся польскія ўлады, калі тлумачылі сваё рашэнне. Краіна мяжуе з Украінай, у якой Расія вядзе ваенныя дзеянні ўжо тры з паловай гады.

Дарослыя ці дзеці? Для маніпуляцыі ўсё роўна

Пасля школьных заняткаў па стральбе аўтары тэксту дабраліся да польскіх летнікаў:

«У Польшчы з 2022 года праводзяцца змены лагераў ваеннай падрыхтоўкі „Трэніруйся з войскам падчас вакацый“, куды ўжо дапушчаны дзеці з 15 год».

Аўтары тэксту зляпілі назвы дзвюх розных праграм у адну.

Першая — «Вакацыі з войскам», існуе ў фармаце вайсковага лагера, але прызначана толькі для выпускнікоў школ і студэнтаў з 18 год.

Другая — «Трэніруйся з войскам», заняткі праходзяць штосуботу і на іх можна прыходзіць з 15 год.

Так аўтары тэксту дзве розныя праграмы: адна для дарослых, другая для падлеткаў, ператварылі ў адну ваенную аперацыю па мілітарызацыі дзяцей.

Няма фактаў - дадай эмоцый і ўзгадай пра грошы

Праз спалучэнне фактаў з іх эмацыйнай ацэнкай гродзенскія прапагандысты апісваюць і Чэхію. Там таксама ёсць летнія вайсковыя лагеры для людзей ад 18 год. «Гродзенская праўда» сцвярджае, што студэнтаў «завабліваюць 1200 еўра, каб яны правялі лета ў месцах размяшчэння вайсковых частак».

Слова «завабліваюць» — гэта ацэначнае меркаванне аўтараў і яно гучыць асабліва камічна, калі ведаеш, што чэшскі кур’ер дастаўкі ежы заробіць у месяц 1300 еўра.

Як казаў удзельнік чэшскага лагера:

«На першы погляд падаецца, што грошы вельмі добрыя, але калі падлічыць, я мог бы зарабіць столькі ж, прадаючы марозіва ля басейна. І ў мяне былі б вольныя вечары і камфорт мамінага дому».

Дзесяцігадовы школьнік з СШ № 38 страляе з пісталета. Гродна. Чэрвень  2025. Скрыншот з відэа tvgrodno.by
Дзесяцігадовы школьнік з СШ № 38 страляе з пісталета. Гродна. Чэрвень 2025. Скрыншот з відэа tvgrodno.by

Пакуль рэдактарка Сяргеева асуджае ваенізацыю 14-гадовых дзяцей у Польшчы, у Гродне ўжо дзесяцігадовыя хлопцы ведаюць, як сабраць Калашнікаў і страляць з пісталета.

Улетку 2025 года на тэрыторыі 74-га асобнага палка сувязі адкрыўся ваенна-патрыятычны лагер для школьнікаў. Дзеці там рабілі ўсё тое, што «Гродзенская праўда» асацыюе з агрэсіўным Захадам: аглядалі ваенную тэхніку, разбіралі/збіралі аўтаматы і стралялі па мішэнях.

Толькі ў Гродзенскай вобласці ў 2025 годзе працавалі 50 ваенна-патрыятычных дзіцячых лагераў, 35 з іх з кругласутачным знаходжаннем. Там дзеці займаліся страявой і агнявой падрыхтоўкай, разборкай і зборкай аўтамата, спартыўнымі спаборніцтвамі, адпрацоўкай сілавых прыёмаў.

Атрымліваецца, што «Вакацыі з войскам» ёсць і ў Беларусі. Толькі Польшча такія лагеры ладзіць для моладзі з 18 год, то ў Беларусі ўжо з 13 год дзеці жывуць у казармах.

Юрый Караеў больш не саромеецца даваць дзецям зброю

Пакуль Еўропа «рыхтуецца да вайны», у Беларусі ўжо ёсць каму праводзіць агляд баявой гатоўнасці. Юрый Караеў заўважыў, што пасля 2020 года стала відавочна, што праца па патрыятычным выхаванні вялася не на тым узроўні. Нібыта пад ціскам Захаду, яны з калегамі саромеліся ваенна-мілітарысцкага напрамку ў выхаванні моладзі. І працягнуў:

— Ён не ваенны. І тым больш не мілітарысцкі. Ён — патрыятычны. Гэта любоў да Радзімы, якую, калі спатрэбіцца, прыйдзецца бараніць са зброяй у руках.

Юрый Караеў. 
Першы агляд-конкурс ваенна-патрыятычных клубаў. Гродна. Чэрвень 2025
Першы агляд-конкурс ваенна-патрыятычных клубаў. Гродна. Чэрвень 2025. Крыніца: grodno-region.gov.by

На аглядзе-конкурсе школьніца Дар’я Сярпук распавядала, чым займаюцца на занятках у ваенна-патрыятычным клубе «Лидские львы»:

— Нас вучаць разбіраць і збіраць пісталет Макарава, аўтамат Калашнікава, трэніруюць у стральбе і вучаць дакладна выконваць страявыя каманды.

І сапраўды, што можа быць больш мірным за навучанне школьнікаў збіраць пісталеты і аўтаматы?

«Вярбоўка» і вобраз ворага. Спалохаліся? На тое і разлік

Пра еўрапейскія ваенізаваныя лагеры беларускія прапагандысты пішуць як пра «магчымасць завербаваць маладое пакаленне ў шэрагі еўрапейскіх армій, якія маюць сур’ёзныя праблемы з камплектаваннем». Таксама кажуць, што там прывіваюць маладому пакаленню вобраз ворага, які ў НАТА ўзмоцнена фарміруюць з Расіі.

Школьніца стреляет із ручного пулемёта . Выхаванцы гродзенскага клуба “Цыркон” спаборнічалі ў стальбе з ручнога кулямёта Калашнікава. 
В/ч 5522. Люты 2025
Выхаванцы гродзенскага клуба «Цыркон» спаборнічалі ў стальбе з ручнога кулямёта Калашнікава. В/ч 5522. Люты 2025

Яшчэ да 2024 года ў Гродзенскай вобласці было створана 114 ваенна-патрыятычных клубаў. Некаторыя з іх арганізаваны пры ваенных частках МУС. У Гродне такі клуб «Цыркон» ладзіць заняткі ў в/ч 5522.

З 2021 года ў Беларусі пад ведамствам МУС створаны 23 клубы. «Цыркон» — у Гродна, «Бастион» і «Единство» у Гродзенскай вобласці. У іх прымаюць дзяцей з 11 да 17 гадоў. Агулам па Беларусі ў такіх ваенна-патрыятычных клубах займаюцца больш за 2500 дзяцей.

У лютым 2025 года падчас спаборніцтваў у в/ч 3310 пад Мінскам дырэктар фонду, што фінансуе ваенна-патрыятычныя клубы, Сярегей Грабенікаў, даў наказ дзяўчатам і хлопцам:

— Сёння мы не толькі адзначаем свята ўсіх абаронцаў краіны, але і ўшаноўваем слаўных продкаў, байцоў НКУС, якія яшчэ доўга пасля вайны ачышчалі нашу зямлю ад нацыстаў.

Спаборніцтва па стральбе з аўтамата Калашнікава паміж выхаванцамі Мінскага клуба “Доблесть”. В/ч 3310. Люты 2025 года
Спаборніцтва па стральбе з аўтамата Калашнікава паміж выхаванцамі Мінскага клуба «Доблесть». В/ч 3310. Люты 2025 года

Так Грабенікаў кажа пра тых самых людзей, праз якіх мы маем у нашай гісторыі чорную ноч з 29 па 30 кастрычніка. У якую ў 1937 годзе супрацоўнікі НКУС расстралялі больш за 100 чалавек з беларускай інтэлігенцыі. Самы старэйшы з іх быў празаік Янка Нёманскі са Шчорсаў. Яму было 47 год.

Незаўважнае беравяно ў сваім воку

Так пад выглядам «любові да Радзімы» у Беларусі фармуецца сістэма, якая апраўдвае мілітарызацыю і рэпрэсіі. У такіх каардынатах дзесяцікласнік з Гродна, які збірае аўтамат Калашнікава, — патрыёт, а школьнік з Варшавы з тым жа аўтаматам — ваенная пагроза.

І пісаць пра гэта трэба адмысловым чынам. Так, каб беравяно са свайго вока замяніла парушынку ў чужым