Архітэктары прапануюць вярнуць на Савецкую плошчу ратушу, Фару Вітаўта і гістарычны квартал Брэгмана. Таксама ў план на бліжэйшыя 10 гадоў заклалі магчымасць захаваць Новы Свет, Настаўніцкую калонію і аднавіць яўрэйскі квартал вакол сінагогі. Дэталёвы план гістарычнага цэнтра прэзентавалі ў Гродзенскім гарвыканкаме 25 траўня.
Пры падрыхтоўцы праекта аўтары з «БелНДІПгорадабудаўніцтва» Антон Пятрухін і Юлія Якубцкая выкарыстоўвалі прапрацоўкі гродзенскіх гісторыкаў, у тым ліку Мечыслава Супрона.
«Асноўная ідэя — максімальна далікатнае стаўленне да існай забудовы цэнтра Гродна. Гэта адно з асноўных адрозненняў дадзенага праекта», — падкрэсліў Антон Пятрухін падчас прэзентацыі.
У плане прадугледзелі пешаходнасць для часткі цэнтра, абмежаванні для аўтамабіляў і аб’езд для тых, хто едзе праз цэнтр транзітам. Гэта зроблена ў тым ліку для захавання гістарычнай часткі, не разлічанай на вялікую колькасць машын. Дзякуючы разгрузцы цэнтра ад аўтамабіляў можна ў будучыні прыступаць да аднаўлення гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра распрацавалі ў складзе дэталёвага плана для цэнтра Гродна. Ён, у сваю чаргу, удакладняе ужо зацверджаны генеральны план развіцця Гродна да 2030 года. Пасля грамадскага абмеркавання, шэрагу экспертыз і ўзгадненняў, якія завершацца да жніўня 2021 года, дэталёвы план зацвердзіць Савет міністраў.
— Вельмі важны ў перспектыўным і ў культурніцкім плане момант для еўрапейскага горада, для прывабнасці ў турыстычным плане — гэта сэрца горада, Рынак, — распавёў Hrodna.life гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон. Рынак — сярэднявечная назва, цяпер гэта Савецкая плошча.
Аўтары праекта дэталёвага планавання прадугледзелі на Савецкай плошчы аднаўленне адразу некалькіх гістарычных будынкаў. Вуліца Стэфана Баторыя паводле праекта мусіць стаць цалкам пешаходнай. Але нават пры цяперашняй арганізацыі руху на плошчы можна адбудаваць гарадскую ратушу, лічаць архітэктары.
Першая ратуша была разбурана ў 1660-х гадах маскоўскімі войскамі. У 1784 годзе на тым жа месцы, перад сучасным Палацам тэкстыльшчыкаў на Савецкай плошчы, пабудавалі новую ратушу ў стыле класіцызму. Пасля Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе будынак знеслі, хоць ён і нямоцна пацярпеў.
Таксама на Савецкай прапануюць узнавіць палац Радзівілаў і квартал Брэгмана. Для гэтага прыйдзецца дачакацца, калі Баторыя і Маставая стануць пешаходнымі, і ўчастак вуліцы Стэфана Баторыя вернецца ў гістарычны маштаб.
Палац Радзівілаў у паўднёвай частцы цэнтральнай плошчы пачаў будаваць Мікалай Радзівіл Рыбанька ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, завяршыў — купец Лейзер Брэгман у 1874−1875 гг. Уздоўж вуліцы Маставой пабудавалі дадатковыя гандлёвыя павільёны, якія замкнулі ўчастак, якім валодаў купец. Пасля яго смерці сын збудаваў унутры квартала самую вялікую ў горадзе яўрэйскую малітоўную школу. Увесь комплекс будынкаў не перажыў Другой сусветнай вайны.
Яшчэ адзін аб’ект, закладзены ў эскіз праекта — Фара Вітаўта. «Аднаўленне культавых збудаванняў - балючая тэма. Асабліва, думаю, яна балючая ў Гродне. Зразумела, што каталікі хацелі б бачыць Фару Вітаўта, якой яна была пабудавана першапачаткова, каталіцкай, праваслаўныя хацелі б бачыць тут праваслаўны манастыр. Але, напэўна, усе пагодзяцца з тым, што гэты будынак з’яўляецца культавым не ў рэлігійным сэнсе, а ў плане свайго значэння для Гродна. Таму ў праекце мы гаворым пра тое, што гэты аб’ём варта было б аднавіць. Але, безумоўна, павінен быць грамадскі кансэнсус. Мы не возьмем на сябе паўнамоцтвы, каб вырашаць, што канкрэтна тут павінна быць», — распавёў Антон Пятрухін. Фара павінна быць адноўленая як дамінанта. Усе тры будынкі ў комплексе змогуць вярнуць прасторы Савецкай гістарычны выгляд, раздрабніць яе на больш камерныя прасторы.
Згодна з дэталёвым планам, да 2030 года павінны быць прынамсі пачатыя рэстаўрацыйныя работы ў Новым замку.
Для тэрыторыі былога піўзавода ўжо ёсць прапановы інвестараў. Згодна з дэталёвым планам, на першым этапе рэалізацыі генплана (да 2025 года) там павінен з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння. Аўтары дэталёвага плана прапанавалі і сваё бачанне: размясціць там музей піўзавода і шэраг бараў па вуліцы Завадской са сваімі броварамі ў ніжніх паверхах. Унутры тэрыторыі прапануюць размясціць двухпавярховы паркінг, а ў карпусах, якія выходзяць да Нёману — гасцініцу і рэстаран.
Чытайце таксама: На гродненском пивзаводе к 2024 году откроют мини-пивоварню, паб и музей
Тэрыторыя ўздоўж Нёмана адносіцца да спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», і аб’екты на ёй павінны мець рэкрэацыйна-турысцкае значэнне. Гістарычныя вытворчыя карпусы завода ў любым выпадку варта захаваць, бо ў Беларусі такой архітэктуры засталося няшмат.
У комплексе з піўзаводам прапануюць аднавіць гістарычны квартал па вуліцы Завадской (за Прыёрбанкам). На гэтую тэрыторыю генпланам накладзена шмат абмежаванняў - гэта водаахоўная зона і зона аховы гістарычнага ландшафту. Згодна з дэталёвым планам, аднавіць квартал там будзе магчыма. Аўтары плана прапануюць стварыць у ім аранжарэю, крамы раслін, кафэ з выхадам да вады, ва ўнутраным дворыку — музычны дворык з летнім кафэ, фудкорт.
Архітэктары «БелНДІПгорадабудаўніцтва» прапануюць аднавіць і яўрэйскі квартал Школьны двор. Харальная сінагога была яго галоўным будынкам. Вялікую стаянку перад ёй плануюць прыбраць або значна паменшыць і сфармаваць плошчу, з якой можна было б трапіць у яўрэйскі квартал і з якой адкрываўся б від на Каложскі парк.
Чытайце таксама:
Яшчэ адзін квартал, адзначаны на эскізе — квартал па вуліцы Замкавай. Зараз там знаходзіцца Дом быту, але магчымасць аднаўлення гістарычнага квартала заклалі ў дэталёвы план. «Гэта варыянтнасць. Тут усё будзе залежаць і ад грамадскага кансенсусу, і ад фінансавага стану зацікаўленых бакоў». Раней гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон і праекціроўшчык Сяргей Шчукін распрацавалі порект па воостановлению гэтага квартала. Іх напрацоўкі выкарыстоўвалі аўтары дэталёвага плана.
Чытайце таксама:
Аднаўленне страчаных кварталаў, як комплексна, так і асобных будынкаў на планіровачнай сетцы горада — вельмі важны момант гэтага праекта, лічыць гісторык Мечыслаў Супрон.
«Гэты крок крыху запознены. Я лічу, што такі падыход трэба было распрацоўваць гадоў 20 таму, калі на месцы пустак у гістарычным цэнтры, дзе раней знаходзіліся страчаныя будынкі, за апошнія 20 гадоў з’явілася шмат гідкіх, непрапарцыйных новабудаў, якія катастрафічна псуюць архітэктурную цэласнасць гістарычнага цэнтра», — распавёў ён Hrodna.life.
З таго, што распрацоўшчыкі не ўлічылі, у вельмі далёкай перспектыве Мечыслаў Супрон хацеў бы бачыць аднаўленне палаца Тызенгаўза. На яго месцы цяпер знаходзіцца помнік вызваліцелям горада і вечны агонь у парку Жылібера.
Раёны сядзібнай малапавярховай забудовы Новы Свет і Настаўніцкая калонія архітэктар назваў унікальнымі не толькі для Гродна, але і ў цэлым для Беларусі і рэгіёну. У дэталёвы план закладзена магчымасць іх захаваць.
«Агулам яны фармуюць асаблівае асяроддзе Гродна канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Па вуліцы Асіпенкі, Віленскай, Мядовай ёсць некалькі дамоў, якія ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, — так званы польскі канструктывізм. Гэта ўнікальныя прадстаўнікі архітэктуры на нашых землях. Гэтыя аб’екты трэба захоўваць».
Чытайце таксама: Дали шанс: межвоенный деревянный особняк на Осипенко выставили на аукцион
Для захавання драўлянай гарадской забудовы ёсць два шляхі. Адзін — выселіць людзей і цалкам перадаць яе пад адказнасць дзяржавы. Другі, больш працяглы — пакінуць у зоне адказнасці саміх жыхароў. «Важна, каб жыхары гэтых дамоў разумелі, што яны жывуць у вельмі цікавым асяроддзі, што для іх саміх гэта каштоўна і важна. Тут вялікая адказнасць і гарадской адміністрацыі: павінны стварацца пляцоўкі, дзе экспертная супольнасць зможа гэта абмяркоўваць». Тады самі людзі будуць зацікаўленыя ў захаванні гэтых дамоў. Па гэтым шляху ідуць іншыя краіны, напрыклад, Польшча, Літва, дзе ў дзяржавы таксама недастаткова сродкаў для аднаўлення такіх аб’ектаў, адзначыў Антон Пятрухін.
Не заўседы наяўнасць статусу культурнай каштоўнасці гарантуе захаванне аб’екта. Часта гэта становіцца схаваным прэцэдэнтам, каб яго знішчыць — калі ні ў дзяржавы, ні ў людзей няма сродкаў, каб прывесці яго ў парадак. Гісторыя са зносам дамоў можа паўтарыцца, але распрацаваны план паказвае, што можна абысціся без зносу. Акрамя таго, паводле яго прадугледжана аднаўленне знесенага дома на Валковіча ў тых жа габарытах.
Такі цэнтр прыцягнення, месца для адкрытых воркшопаў, распрацоўшчыкі плана прапануюць арганізаваць у былой школе на Лермантава, 31. На Міцкевіча ёсць ідэя стварыць турысцка-інфармацыйны цэнтр раёнаў Новы Свет і Настаўніцкая калонія.
Таксама каштоўная драўляная гарадская забудова пачатку ХХ стагоддзя, якую варта захаваць, ёсць у Занёманскім прадмесці (вуліца Леванабярэжная, Чырвонапартызанская).
«Добра, што ёсць розныя прапановы, і яны могуць карэктавацца. Прапановы па Новым Свеце — велізарны плюс, — распавяла Hrodna.life гродзенская архітэктарка Алена Шчасная. — Тое, што ён каштоўны — прамоўлена, і прамоўлена не намі. Горад гэта прыняў. Іншае пытанне — фінансавых магчымасцяў, але яно ёсць заўсёды і ўсюды».
Згодна з генеральным планам, гродзенскі гарбарны завод («Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне») на Зярнова выносіцца з цэнтра, як і «ГроднаРэмбыттэхніка» (цяпер — ААТ «Чайка»). Вытворчая тэрыторыя па генплане трансфармуецца ў грамадска-жылую. Архітэктары прапануюць не зносіць корпусы, а пераўтварыць іх у грамадскую прастору, прамысловы корпус пераўтварыць у гасцёўню. Галоўнае — адкрыць гэтую тэрыторыю, як мінімум прыбраўшы плот, і звязаць яе з Настаўніцкай калоніяй, вуліцай Зярнова. Гэтыя тэрыторыі варта разглядаць комплексна.
«Нягледзячы на амбітнасць праекта, гэтыя працэсы [аднаўлення гістарычных будынкаў] ужо адбываюцца, — адзначыў Антон Пятрухін. Як прыклад ён прывёў аднаўленне Дома рыбака на Замкавай. — Важна ўлавіць гэты трэнд і задаць у нашым праекце максімум магчымасцяў для гэтага. Добра калі 10−20% у бліжэйшыя гады будуць рэалізаваны».
«Цяжка ўявіць сабе, што ўсе ідэі з рэкамэндацыйнай часткі праекта рэалізуюцца, — лічыць Мечыслаў Супрон. — Добра, каб палова. Краіна апускаецца ў глыбокі палітычны і сацыяльна-эканамічны крызіс. Інвестараў, якія б укладвалі грошы ў наш горад, тут не будзе, прынамсі пры дзеючай уладзе. Але будзем глядзець на далёкую перспектыву, спадзяемся, што ўсё зменіцца вельмі хутка».
Чытайце таксама: Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…