Каменныя бабы з украінскіх стэпаў, месца хрышчэння Шапэна і самы доўгі будынак Еўропы. Што паглядзець у ваколіцах Варшавы, калі ў вас ёсць правы кіроўцы

Туристический маршрут вокруг Варшавы с Denis Drive

Палац з інтэр’ерамі часоў Радзівілаў, рамантычны парк з псеўдаруінамі, храм-замак, як у Сынкавічах, і крэпасць, большая за Брэсцкую. Усё гэта знаходзіцца менш чым за гадзіну язды ад Варшавы. І ніякіх турыстычных чэргаў!

У Варшаве лёгка прывыкнуць да таго, што ўсё цікавае побач. Здаецца, што дзеля добрай прагулкі не трэба ехаць далёка. Аднак вакол польскай сталіцы ёсць дзясяткі цікавых мясцін. Варта толькі выехаць за межы горада — і адкрываецца зусім іншая Польшча: ціхая, спакойная, нетурыстычная.

Журналісты Hrodna.life разам з аўташколай Denis Drive пратэставалі маршрут даўжынёй каля 200 кіламетраў: ад рэзідэнцыі Радзівілаў і рамантычнага парку XVIII стагоддзя да адной з найбуйнейшых крэпасцяў Еўропы. Часцей за ўсё гэтыя мясціны наведваюць паасобку. Але вадзіцельскае пасведчанне дазваляе лёгка аб’яднаць іх у аднадзённае аўтамабільнае падарожжа.

Калі ж у вас яшчэ няма правоў кіроўцы, але вы марыце пра большую незалежнасць ад польскіх аўтобусаў ці чыгункі, звярніце ўвагу на аўташколу Denis Drive. Гэта сучасная школа падрыхтоўкі кіроўцаў, якая працуе ў Варшаве, Уроцлаве, Беластоку і Гдыні. Важная асаблівасць — школа арыентавана на замежнікаў. Тэарэтычныя заняткі праводзяцца на рускай мове, а практычныя — на польскай, рускай, украінскай або англійскай мовах. Спецыялісты школы падрыхтавалі зручны Telegram-бот, які дапаможа разабрацца з яе паслугамі.

автошкола Denis Drive

Палац у Небарове: зазірнуць у жыццё польскай арыстакратыі

Pałac w Nieborowie знаходзіцца ўсяго за 80 кіламетраў ад Варшавы, але гэта ўжо іншае ваяводства — Лодзскае. Грамадскім транспартам сюды таксама можна дабрацца, аднак перасадкі і неабходнасць падладжвацца пад расклад непазбежныя. Для падарожжа па некалькіх лакацыях аўтамабіль значна зручнейшы. Тады Небароў становіцца першым прыпынкам вялікага маршруту, а не асобнай паездкай на паўдня.

Каля гадзіны па аўтастрадзе А2 у бок Лодзі — і гарадскі шум змяняецца цішынёй старадаўняй сядзібы. Палац пабудавалі ў канцы XVII стагоддзя, а ў XVIII стагоддзі ён стаў адной з рэзідэнцый князёў Радзівілаў.

Лепш за ўсё прыязджаць да адкрыцця — а 10:00. У гэты час наведвальнікаў амаль няма.

Асаблівую каштоўнасць сядзібы складае яе захаванасць. Гэта адна з нямногіх арыстакратычных рэзідэнцый Польшчы, якая амаль не пацярпела падчас сусветных войнаў дзякуючы асабістаму аўтарытэту і палітычнаму ўплыву яе апошняга ўладальніка — князя Януша Радзівіла.

На пачатку 1945 года маёнтак уратавала загадзя дасягнутая дамоўленасць паміж Радзівілам і дырэктарам Нацыянальнага музея ў Варшаве Станіславам Лорэнцам: калі фронт наблізіцца, палац трэба будзе тэрмінова ўключыць у склад музея. Гэта дазволіла захаваць не толькі будынак, але і большую частку гістарычных інтэр’ераў і мастацкіх калекцый. Таму палац зусім не выглядае як музей — здаецца, быццам гаспадары проста ненадоўга выйшлі з дому.

Знаёмства з сядзібай пачынаецца ўжо ў парку. За парадным дваром адкрываюцца французскі сад, ліпавыя алеі і сажалкі. Сярод дрэў захаваліся старадаўнія скульптуры, антычныя бюсты, старажытнарымскі надмагільны помнік узростам амаль дзве тысячы гадоў і палавецкія каменныя бабы XII–XIII стагоддзяў, прывезеныя сюды з украінскіх стэпаў. Такое суседства рэдка сустрэнеш нават у буйных еўрапейскіх музеях!

Тут жа растуць два платаны, якім больш за 250 гадоў. Лічыцца, што менавіта яны сталі першымі дрэвамі гэтага віду, пасаджанымі ў Польшчы.

Падчас прагулкі варта зазірнуць і ў будынак маёлікавай мануфактуры, дзе сабрана вялікая калекцыя керамікі і прадметаў, звязаных з гісторыяй сядзібы.

Калі часу няшмат, можна абмежавацца прагулкай па парку. Але менавіта інтэр’еры робяць Небароў адным з самых цікавых палацаў Польшчы. Тут захаваліся не толькі планіроўка залаў, але і мэбля, карціны, бібліятэка, галандскія кафляныя печы, вялізныя венецыянскія глобусы XVII стагоддзя і парадная лесвіца, цалкам аздобленая старадаўняй галандскай маёлікай.

Сярод найбольш каштоўных экспанатаў — мармуровая галава Ніёбы, створаная ў II стагоддзі нашай эры. Падчас Другой сусветнай вайны давераны слуга княжацкай сям’і схаваў яе ў склепе пад пластом вугалю, разумеючы, якую мастацкую каштоўнасць яна мае. Дзякуючы гэтаму старажытная скульптура захавалася да нашых дзён.

На знаёмства з Небароўскай сядзібай варта закласці паўтары–дзве гадзіны.

Аркадыя: парк, дзе кожная руіна — частка задумы

Ад Небарова да рамантычнага парку Аркадыя менш за пяць кіламетраў. Менавіта на такіх кароткіх пераездах асабліва адчуваецца зручнасць уласнага аўтамабіля: проста зачыняеш дзверы — і ўжо праз некалькі хвілін апынаешся нібыта ў іншай эпосе.

Park romantyczny Arkadia стварыў польскі архітэктар Шымон Багуміл Цуг паводле задумы княгіні Галены Радзівіл. Яна асабіста ўдзельнічала ў стварэнні парку амаль да самай смерці, прысвяціўшы гэтаму больш за сорак гадоў жыцця. Для яе гэта была не проста загарадная зона для прагулак, а старанна прадуманы свет, у якім кожная дэталь мела сваё месца і сэнс.

Галоўны сюрпрыз Аркадыі ў тым, што большасць яе руін… ніколі не былі сапраўднымі! Іх узвялі спецыяльна, бо ў канцы XVIII стагоддзя ў Еўропе была мода на рамантычныя пейзажныя паркі. Тут штучныя руіны, антычныя храмы і гроты павінны былі нагадваць пра хуткаплыннасць часу і пра прыгажосць, якая не можа доўжыцца вечна.

Таму тут няма выпадковых збудаванняў. Храм Дыяны прысвечаны антычнай багіні палявання і калісьці служыў хатнім музеем антычнай скульптуры. Дарэчы, менавіта тут княгіня Радзівіл калісьці захоўвала тую самую галаву Ніёбы. Акведук пабудавалі выключна дзеля прыгажосці, а не для падачы вады, як у Старажытным Рыме.

Масткі, павільёны і каменныя аркі размясцілі так, каб новыя краявіды адкрываліся паступова, адзін за адным. Галена Радзівіл асабіста прадумвала, у які момант прагулкі наведвальнік упершыню ўбачыць кожны павільён. Менавіта таму парк нібыта раскрываецца паступова.

Да нашых дзён Аркадыя захавалася амаль такой, якой яе задумала княгіня, і лічыцца адным з найлепш захаваных рамантычных паркаў Еўропы канца XVIII стагоддзя.

У Аркадыі не хочацца спяшацца. Менавіта ў такіх месцах лепш за ўсё разумееш каштоўнасць падарожжа без спешкі. Калі нейкі куток парку асабліва спадабаўся, заўсёды можна затрымацца яшчэ крыху і не азірацца на расклад транспарту.

На прагулку тут дакладна варта закласці не менш за гадзіну.

Брохаў: як Мураванка ці Сынкавічы, толькі ў Польшчы

Наступны прыпынак нашага маршруту — kościół obronny w Brochowie. Ад Аркадыі да яго каля 38 кіламетраў, дарога зойме прыкладна 40 хвілін.

Чырвоная цэгла, тры масіўныя вежы і тоўстыя сцены. З першага погляду цяжка паверыць, што перад намі храм, а не невялікі замак.

Сучасны выгляд касцёл Святога Роха і Святога Яна Хрысціцеля атрымаў у сярэдзіне XVI стагоддзя, калі стары гатычны храм перабудавалі ў незвычайную абарончую базіліку. Падчас войнаў касцёл выконваў адразу дзве ролі: тут і маліліся, і абараняліся. Пра гэта дагэтуль нагадваюць байніцы ў сценах.

Калі вы бывалі ў знакамітых беларускіх цэрквах-крэпасцях у Сынкавічах і Мураванцы, то ўбачыце шмат агульнага. Хоць ад іх да Брохава — 350 кіламетраў!

Брохаў вядомы не толькі сваёй незвычайнай архітэктурай. Менавіта тут бралі шлюб бацькі Фрыдэрыка Шапэна, а ў 1810 годзе ў гэтым касцёле ахрысцілі і самога будучага кампазітара. Сёння ўнутры можна ўбачыць хрысцільную купель, звязаную з гэтай падзеяй, і памятную шыльду ў гонар Шапэна.

Нам удалося трапіць унутр падчас набажэнства. Калі хочаце ўбачыць храм знутры, загадзя праверце расклад службаў, бо ў астатні час ён можа быць зачынены.

Абышоўшы храм вакол, можна ўбачыць, наколькі незвычайнай была яго задума. Падчас Бітвы на Бзуры ў 1939 годзе касцёл моцна пацярпеў. Але пасля вайны яго аднавілі, захаваўшы гістарычны выгляд XVI стагоддзя.

У Брохаве рэдка бывае шмат наведвальнікаў. На знаёмства з храмам хапае каля трыццаці хвілін. Цішыня ля яго старадаўніх сцен становіцца добрай паўзай перад апошнім і самым маштабным прыпынкам нашага маршруту — крэпасцю Модлін (так-так, Модлін — гэта не толькі танны аэрапорт, адкуль беларусы лётаюць у Італію і Іспанію).

Да гэтага моманту ўжо разумееш, што задавальненне прыносіць не толькі сам маршрут, але і дарога паміж прыпынкамі.

Пасля з’езду з аўтастрады машын станавілася ўсё менш, за акном акуратныя вёскі змянялі адна адну. Для тых, хто нядаўна атрымаў правы кіроўцы, такі маршрут можа стаць добрай магчымасцю адчуць сябе больш упэўнена за рулём. А роўны асфальт, спакойны рух і кароткія пераезды паміж лакацыямі дазваляюць не толькі сачыць за дарогай, але і заўважаць краявіды навокал. У такія моманты зноў разумееш каштоўнасць падарожжа на аўтамабілі, калі можна нікуды не спяшацца.

Крэпасць Модлін: цэлы горад за крэпаснымі сценамі

Ад Брохава да крэпасці Модлін каля 40 кіламетраў — прыкладна 40 хвілін у дарозе. Наш маршрут заканчваем у адной з найбуйнейшых крэпасцяў Еўропы.

Будаваць яе пачалі паводле загаду Напалеона ў 1806 годзе на скрыжаванні рэк Вісла, Нараў і Вкра. Пазней крэпасць шмат разоў пашыралі: спачатку расійскія інжынеры, потым польскія вайскоўцы. Так Модлін ператварыўся ў велізарны абарончы комплекс з бастыёнамі, вежамі, брамамі і кіламетрамі ўмацаванняў.

Галоўны рэкорд Модліна — абарончыя казармы даўжынёй каля 2250 метраў. Сёння гэты будынак часта называюць самым доўгім у Еўропе. Для параўнання: даўжыня абарончых казармаў у Цытадэлі Брэсцкай крэпасці складае 1800 метраў.

Падчас абароны Польшчы ў верасні 1939 года Модлін стаў адным з апошніх буйных пунктаў супраціву. Гарнізон капітуляваў толькі 29 верасня, ужо пасля падзення Варшавы.

Большая частка тэрыторыі крэпасці адкрытая для вольнага наведвання. За асобную плату можна падняцца на Чырвоную вежу, наведаць падземныя казематы і музей, прысвечаны гісторыі крэпасці і яе абароне. Калі застанецца час, абавязкова зазірніце ва ўнутраныя двары казармаў. Менавіта там асабліва добра адчуваецца маштаб крэпасці.

Даехаць да Модліна грамадскім транспартам прасцей, чым да астатніх пунктаў нашага маршруту. Аднак сама крэпасць настолькі вялікая, што пешшу звычайна атрымліваецца ўбачыць толькі невялікую яе частку. Аўтамабіль дазваляе спакойна пераязджаць паміж рознымі ўчасткамі комплексу, не спяшацца і паглядзець значна больш.

На прагулку па крэпасці лепш пакінуць не менш за паўтары гадзіны.

Практычная інфармацыя

Агульная працягласць маршруту склала каля 200 кіламетраў, час за рулём — прыкладна 3,5–4 гадзіны.

Лепш выязджаць з Варшавы каля дзявятай раніцы. Тады атрымаецца спакойна правесці час у кожнай лакацыі і вярнуцца дадому да вечара.

Паркоўкі ёсць ва ўсіх пунктах маршруту.

Уваход у палац у Небарове і парк Аркадыя платны. Можна набыць білеты як на асобныя аб’екты, так і адзіны білет на ўвесь музейны комплекс. Лайфхак: па панядзелках (акрамя святочных дзён і доўгіх выхадных) наведванне палаца і садоў бясплатнае.

Перад паездкай варта праверыць актуальныя гадзіны працы і кошт білетаў на афіцыйных сайтах музея ў Небарове і крэпасці Модлін.

Дзе атрымаць правы кіроўцы ў Варшаве

Даехаць да ўсіх пунктаў гэтага маршруту грамадскім транспартам магчыма. Але тады падарожжа давядзецца разбіць на некалькі асобных паездак і пастаянна падладжвацца пад расклад аўтобусаў і цягнікоў. Аўтамабіль дае не толькі хуткасць, але і магчымасць самастойна выбіраць маршрут, спыняцца там, дзе сапраўды спадабалася, і вяртацца дадому тады, калі хочацца.

Менавіта дзеля такіх дзён многія калісьці і вырашылі атрымаць правы кіроўцы.

Калі ж правоў кіроўцы пакуль няма, добрым пачаткам можа стаць аўташкола Denis Drive. Навучанне праходзіць на рускай, польскай і англійскай мовах, таму моўны бар’ер не становіцца перашкодай. Заняткі падладжваюць пад графік вучняў, а інструктары дапамагаюць падрыхтавацца да экзамену і набыць упэўненыя навыкі кіравання аўтамабілем у рэальных дарожных умовах.

Навучанне праходзіць на сучасных аўтамабілях, аналагічных тым, якія выкарыстоўваюцца падчас дзяржаўнага экзамену ў WORD: Suzuki Swift, Toyota Yaris і Hyundai i20.

Таму Denis Drive — гэта месца, дзе шлях да правоў кіроўцы пачынаецца без лішняга стрэсу.

Аўташкола Denis Drive у Варшаве:
M. Ossowskiego 11, lok U14
03-542 Warszawa

+48 733 949 043
+48 733 949 041

автошкола Denis Drive