Пра Гродна часта кажуць як пра найважнейшую рэзідэнцыю вялікіх князёў літоўскіх і пасля каралёў Рэчы Паспалітай. Тут яны бывалі праездам, некаторыя падоўгу жылі, будавалі сабе рэзідэнцыі. Але неяк так склалася, што Гродна запаміналася каралям найперш хваробамі і смерцю. Піша тэлеграм-канал «Hrodna 11:27».
Прычын тут некалькі. Самая першая — Гродна ляжаў на каралеўскім шляху з Кракава і Варшавы на Вільню. Па ім часта вандравалі Ягелоны. Другая — паскуднае гродзенскае надвор’е. Пра яго пастаянна згадвалі тыя, каго лёс упершыню закідваў у горад над Нёманам.
Казімір Ягелончык: здаровы лад жыцця не дапамог
Першым уладаром, які памёр у Гродне, аказаўся 65-гадовы Казімір Ягелончык. Навогул здавалася, што кароль будзе жыць доўга. Ягоны бацька Ягайла пражыў ці тое 72 ці тое 82 гады. Казімір, як і бацька, ніколі не піў «віна, мёду, піва і лекаў…», а ўжываў толькі ваду. Любіў ён і розныя фізічныя практыкаванні, часта наведваў лазню.
Аднак, гледзячы па ўсім, Ягелоны генетычна хварэлі на падагру. У часы, калі механізм хваробы быў незразумелы, гэта вельмі скарачала ўладарам жыццё. У час 32-й вандроўкі ў Вялікае княства ў 1492 г. у караля пачалі пухнуць ногі. Яго перавезлі ў Трокі, пасля ў Гродна, дзе на караля «напала чырвоная немач» (крывавы панос).
Манахі-бернардыны лячылі яго грубым хлебам і печанымі грушкамі, аднак тое каралю дапамагала мала. Стомлены хваробай кароль запытаўся ў свайго лекара Якуба Залескага, ці ёсць шанец вылечыцца. Калі даведаўся, што няма, то мужна сказаў: «Ну што ж, тады паміраць!»
Каралевіч Казімір: хварэў на сухоты і не зважаў на холад
Зусім мала пражыў ягоны сын каралевіч Казімір. 25-гадовы сын Казіміра Ягелончыка прыехаў у Гродна восенню 1483 г. і, будучы асобай вельмі рэлігійнай, часта маліўся ў халодным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Фары Вітаўта). Святары некалькі разоў заставалі каралевіча расцягнутым крыжам проста на прыступках касцёла, і так каралевіч праводзіў па некалькі гадзін.
Казімір ужо быў хворы на сухоты і ці тое адчуваў хуткі канец жыцця, ці тое проста не заўважаў холаду ў малітоўным запале. У канцы зімы 1484 г. яго здароўе пагоршылася настолькі, што 1 сакавіка яго ўжо амаль непрытомнага вырашана было перавезці ў Вільню, дзе ён і памёр.
Аляксандр Ягелончык: лячыўся ў Гродне пад наглядам Мікалая Каперніка
Ягоны брат Аляксандр Ягелончык памёр у Вільні ў жніўні 1506 г. аднак з Гродна звязаны цікавы эпізод — спроба ягонага лячэння. Увесну 1506 г. у Гродне на некалькі дзён затрымалася, а пасля рушыла на Вільню дыпламатычная місія на чале з Вармінскім біскупам Лукашам Ватцэнродэ.
У гэтай кампаніі, як лічаць многія даследчыкі, быў у і пляменнік біскупа Мікалай Капернік. Будучы вялікі астраном быў дыпламаваным лекарам і біскуп узяў Каперніка з сабой не толькі ў якасці сакратара, але і каб пракансультаваць цяжка хворага Аляксандра Ягелончыка. Як бачым, кансультацыі Каперніка каралю мала дапамаглі, аднак Гродна застаецца адзіным месцам Беларусі, дзе пабываў вялікі астраном.
Жыгімонт Аўгуст: ва ўсім вінаватыя жанчыны
Амаль не памёр у Гродне і Жыгімонт Аўгуст. Летам 1568 г. кароль прыпыніўся ў Гродне, каб прыняць шматлікія пасольствы — маскоўскае, валашскае, татарскае і турэцкае. Візіты гэтых пасольстваў паказаныя на вядомай гравюры «Сапраўднае адлюстраванне горада Гродна ў Літве».
Аднак пасольствам прыйшлося доўга чакаць, бо караля зваліў прыступ цяжкай хваробы. Ён праводзіў «бяссонныя дні і ночы і прычыны сваёй немачы ўскладаў на жанчын». Наогул жанчыны былі проста абсэсіяй апошніх гадоў жыцця караля. Вінавацячы жанчын у сваіх хваробах, Жыгімонт Аўгуст знаходзіў аблягчэнне падчас сэксуальных актаў з жанчынамі і яго нават цяжка хворага даносілі да пакояў каханак на насілках. У 1568 г. у Гродне кароль паправіўся, каб праз чатыры гады памерці ў недалёкім ад Гродна Кнышыне ва ўзросце 51 год.
Стэфан Баторый: самы вядомы гродзенскі нябожчык
Найбольш вядомай смерцю каранаванай асобы ў Гродне стаў скон караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Перад гэтым Баторый ужо больш за год бязвыезна пражыў у Гродне і незадоўга перад тым пераехаў у новапабудаваны каралеўскі замак.
У канцы восені - пачатку зімы 1586 г. стаялі моцныя маразы і дзьмуў халодны вецер. 2 снежня 1586 г. кароль Стэфан Баторый паехаў паляваць на дзікоў у Кундзінскі лес (мясцовасць Кундзін цяпер знаходзіцца ў Польшчы). Там ён адчуў сябе дрэнна і ўжо 4 снежня вярнуўся ў Гродна.
У замку каралю палепшала. У нядзелю, 7 снежня, ён нават адправіўся ў касцёл, хаця лекар Сімоніус яму таго і не раіў. Сімоніус згадваў: «Кароль Яго Вялікасць, мае на назе правай аж да косткі, у якой ранкі неглыбокія, цякучыя. На гэтай жа назе меў адтуліну праробленую; часта здаралася, што з тых ранак і адтулін трохі цякло, таму не было апетыту, ночы неспакойныя, не спіцца, бо па ўсім целе здавался, што кусаюць блыхі; мелі ад гэтага сродак, што яго цела націралі шалікамі цёплымі па нагах, па жываце, па спіне і па ўсім целе, потым праходзіла». Ад холаду гродзенскіх пушчаў хвароба караля істотна абвастрылася.
Чытайце таксама: У Гродне выдалі буклет пра апошнія шэсць дзён жыцця Стэфана Баторыя
Ноччу кароль пайшоў у прыбіральню і па дарозе з яе ў свае пакоі ўпаў і моцна пашкодзіў лоб і нагу. Манарха перанеслі ў спальню, дзе наступныя чатыры дні ў сціслай таямніцы лекары Бучэлла і Сімоніус спрабавалі выратаваць караля. Лячылі яго дзіўным чынам: канфіцюрам (варэннем) з кветак персікавага дрэва, бабровым струменем або экстрактамі марозніка (чэмеру) і ландыша майскага. Апошнія расліны сёння лічацца даволі атрутнымі. Не адмаўлялі каралю і шклянкі гарэлкі з карыцай або разбаўленага віна.
Аднак прыступы хваробы ўзмацняліся і 12 снежня 1586 г. кароль памёр у Старым замку. «У тую ж ноч у палове на пятую перад днём далі такія ж пілюлі, зрабіўшы з іх булён, такі канфіцюр (кашыцу). На абед вельмі мала еў, і дазволілі яму трошкі віна з вадой. Пасля абеду быў сумны, і горш яму станавілася, але не быў надта слабы, сам уставаў. Хутка каля чатырох гадзін прыйшла хвароба, ад якой яго ўжо разбудзіць не змаглі, бо скончылася яна смерцю».
Пасля смерці караля было праведзена ўскрыццё. Яно, аднак, не дазволіла высветліць сапраўдную прычыну смерці. Са снежня 1586 г. да пачатку 1588 г. цела караля спачывала ў касцёле Найсвяцейшай Марыі Панны (Фара Вітаўта) ў Гродне, а пасля было перавезена ў Кракаў і пахавана на Вавелі.
Станіслаў Аўгуст: праблем з кліматам не меў
Пасля Баторыя каралі Рэчы Паспалітай адведвалі Гродна не часта. Калі і затрымліваліся, то не надоўга. Побач была Варшава, дзе каралі з дынастыі Вазаў збудавалі для сябе шыкоўную рэзідэнцыю і затрымлівацца ў Гродне вялікай патрэбы не мелі.
Адзіным каралём Рэчы Паспалітай, які ў наступныя часы надоўга затрымліваўся ў Гродне, быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Як мясцовы ўраджэнец ён не меў праблем з гродзенскім кліматам і яго зусім мала турбавала трагічная спадчына Ягелонаў і Баторыя.
Затое гэтага нельга было сказаць пра расійскага пасланніка Якава Сіверса, які вясной 1793 г. прыбыў у Гродна арганізаваць тут сейм Рэчы Паспалітай. Сіверс жахнуўся таму, што яму прыйдзецца досыць доўгі час правесці ў горадзе, які знаходзіўся зусім недалёка ад сталіцы, але літаральна нічым яе не нагадваў.
«Прыехаўшы ў Гродна, захварэў жорсткім насмаркам, — напісаў Сіверс у сваім лісце да дачкі. — Тут халадно і вільготна, такое ўражанне, што мы пераехалі на сто міляў на поўнач ад Варшавы».