Спадчына

Знаёмства з кнігай: даведнік «Шляхамі БНР»

Да 100-гадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі сумесны праект Hrodna.life і выдавецтва «ЮрсаПрынт» прадстаўляе выданне, прысвечанае адрасам незалежнасці. Гэта месцы, што непарыўна звязаны з БНР у Мінску, Гродне, Магілёве, Брэсце, Гомелі, а таксама мясціны, звязаныя са Слуцкім збройным чынам.

Аўтарамі даведніка «Шляхамі БНР: да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі» сталі выбітныя беларускія гісторыкі і краязнаўцы Сяргей Харэўскі, Андрэй Чарнякевіч, Аляксандр Агееў, Ігар Пушкін, Ірына Лаўроўская, Валянціна Лебедзева, Юрась Бачышча, Іна Соркіна.

Набыць кніжку можна ў выдавецтве «ЮрсаПрынт». Для чытачоў і падпісчыкаў Hrodna.life ёсць зніжкі.

Дадзеная праца прысвечана падзеям стагадовай даўніны, калі ў 1918 годзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, што стала правобразам найноўшай дзяржаўнасці беларускае нацыі. Напярэдадні гэтай лёсавызначальнай падзеі Беларусь стала тэатрам ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны — край быў рассечаны папалам расійска-нямецкім фронтам, больш за мільён чалавек сталі бежанцамі, дзясяткі тысяч загінулі. Але ў зоне нямецкае акупацыі з 1915 па 1918 год былі адчынены 153 беларускія школы, беларускія гімназіі і настаўніцкія семінарыі, а ў Мінску пачаў сваю дзейнасць Мінскі беларускі настаўніцкі інстытут. Абапал лініі фронту выходзілі перыёдыкі на беларускай мове. Ідэя беларускае незалежнасці была сфармулявана менавіта падчас Першай сусветнай вайны.

Разгонам Усебеларускага кангрэса ў канцы 1917 г. у Мінску бальшавікі сцвердзілі, што не дапусцяць існавання асобнай беларускай рэспублікі. А ў 1918 г. самыя знаныя палітыкі ў розных рэгіёнах нашай краіны сталі на шлях пабудовы незалежнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі. Ідэя самастойнасці беларускае нацыі, суб’ектнасці яе культуры запанавала на ўсім абшары Беларусі. І абвяшчэнне 25 сакавіка Трэцяй Устаўной граматай БНР незалежнасці Беларусі стала лагічным працягам беларускага нацыянальнага адраджэння.

Пра тое, як гартаваўся беларускі вызваленчы рух у Вільні і ў якіх умовах адбывалася каталізацыя ідэі беларускае незалежнасці ў Вільні, прысвечаны раздзел, напісаны доктарам гістарычных навук Захарам Шыбекам, прафесарам Тэль-Авіўскага ўніверсітэта. Аўтар шукае адказ на пытанне — чаму Вільня не стала сталіцай БНР?

31 сакавіка 1918 г. у Магілёве адбыўся самы прадстаўнічы на беларускіх землях гарадскі сход у падтрымку БНР. 400 дэлегатаў ад арганізацый губернскага цэнтра амаль адзінагалосна падтрымалі стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Пра тагачасныя падзеі ў горадзе над Дняпром распавядаюць прафесар кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова Аляксандр Агееў і дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Ігар Пушкін. Знойдзеныя гэтымі аўтарамі дакументы красамоўна пацвярджаюць, што Беларуская Народная Рэспубліка мела шырокую народную падтрымку, у тым ліку і ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі. Адрасы БНР у Магілёве — адна з найцікавейшых і малавядомых старонак нашай гісторыі.

Багата адрасоў БНР збераглося і ў Гродне. Раздзел, напісаны кандыдатам гістарычных навук Андрэем Чарнякевічам, прысвечаны ролі Гродна як найважнейшага цэнтра дзейнасці структур Беларускай Народнай Рэспублікі і нацыянальнага беларускага руху. Аўтар вядзе нас вуліцамі старажытнага горада, пазначаючы адрасы беларушчыны.

Сляды дзеячаў БНР у Брэсце адшукала Ірына Лаўроўская, доктар мастацтвазнаўства і архітэктар. Яе частка кнігі прысвечана падзеям і асобам, якія змагаліся за беларускую незалежнасць у горадзе над Бугам. Менавіта з Брэстам знітаваныя біяграфіі такіх дзеячаў нашай гісторыі, як Аляксандр Цвікевіч, Станіслаў Булак-Балаховіч і Адам Трыпус.

У Мінску ацалелі тыя будынкі, што былі звязаны з першымі днямі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта і Дом губернатара, і тэатр, і славуты «Юбілейны дом» — былы царкоўна-археалагічны музей. Гэтым адрасам у сталіцы Беларусі прысвечаны раздзел, напісаны гісторыкам архітэктуры і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.

Найбольш гераічным эпізодам барацьбы за Беларускую Народную Рэспубліку стаў Слуцкі збройны чын 1920 года, калі спешна сфармаваная з добраахвотнікаў І Слуцкая стралковая брыгада на працягу месяца вяла баі з Чырвонай Арміяй. Мясцінам, звязаным са Слуцкім паўстаннем, прысвечаны раздзел, падрыхтаваны кандыдатам гістарычных навук дацэнтам Інай Соркінай.

Раздзел, напісаны гісторыкам і краязнаўцам Валянцінай Лебедзевай, прысвечаны ўнёску ў беларускі рух 1917−1918 гадоў Гомельшчыны, якая па дамове паміж Украінскай Цэнтральнай радай і германскім блокам разам з усім Палессем была перададзена ў склад Украіны. Паказаны барацьба дзяржаўніцкіх арыентацый і спроба стварэння ў Гомелі інстытута камісара БНР. Пададзены нарысы пра выбітных дзеячаў беларускага руху — ураджэнцаў Гомельшчыны: Палуту Бадунову, Яўсея Канчара, Мітрафана Доўнар-Запольскага, Васіля Селіванава і Васіля Муху.

Малавядомыя старонкі з жыцця беларускай настаўніцы Алены Сакаловай-Лекант і ксяндза Адама Станкевіча раскрываюцца ў частцы кнігі, напісанай кандыдатам гістарычных навук Юрыем Бачышчай. Аўтар звяртае ўвагу на пакручасты «крыжовы» шлях гэтых двух прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія чвэрць стагоддзя ўзгадоўвалі беларускую моладзь на ідэалах Беларускай Народнай Рэспублікі і за сваю ахвярную працу атрымалі памятную ўзнагароду ў выглядзе крыжа, якая ўпершыню дэманструецца беларусам са сховішчаў летувіскага Музея памяці ахвяр генацыду.

Апошняя частка кнігі знаёміць чытача са зместам і кароткай гісторыяй выставы «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка», якая дэманструе рэдкія дакументы па гісторыі БНР, знойдзеныя ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы студэнтамі і выкладчыкамі ЕГУ.

У дадатках змешчаны ілюстрацыі да асноўнай часткі кнігі.

Андрэй Чарнякевіч


Гародня: другая сталіца БНР

Па брукаванцы гарадзенскіх вуліц хадзіла шмат беларускіх дзеячаў: Уладзімір Пігулеўскі - будучы консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі, Уладзімір Тамашчык, пазней адміністратар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Дамінік Аніська, карэспандэнт і супрацоўнік беларускіх каталіцкіх выданняў, Вінцэнт Гадлеўскі, Макар Краўцоў, Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі. А чаго вартыя прароцкія ў пэўным сэнсе словы Марыі Канапніцкай: «Гародня… Тое, што там народзіцца калісьці паміж народам, не будзе Польшчай ці Літвою, але — Беларусью…».

«…Горадня, — пісаў Уладзімір Курбскі, — уважаецца за адзін з найстарэйшых цэнтраў беларускага адраджэнскага руху. .Яшчэ падчас паўстання 1863 года Горадня была сядзібай Кастуся Каліноўскага, які да паклікання яго на ролю кіраўніка Беларусі і Літвы быў горадзенскім ваяводам. …Распачаты Каліноўскім рух… не загінуў, а паўстанцкія традыцыі і ідэя беларускага сепаратызму захоўваліся тут яшчэ доўгія гады, аж пакуль не дакацілася сюды новая ажыўляльная хваля нацыянальна-асветніцкай дзейнасці Францішка Багушэвіча і Браніслава Эпімах-Шыпілы».

«Другая сталіца БНР», як пасля назавуць Гародню, пачыналася, па сутнасці, з Барысаглебскага праваслаўнага манастыра на вуліцы Маставой, 9. Зараз тут знаходзіцца будынак драматычнага тэатра.

Пабудаваны ён у пачатку 1980-х гадоў на месцы кляштара бернардзінак, зачыненага расійскімі ўладамі і перададзенага Барысаглебскаму праваслаўнаму манастыру. Гледзячы на грандыёзны будынак драматычнага тэатра з фантанамі і тэрасамі, вакол якога вечарамі віруе гаваркі натоўп аматараў сцэнічнай драмы, цяжка ўявіць сабе тое павольнае, ціхае жыццё, якое было тут, на гэтым узгорку, за манастырскімі сценамі ў пачатку мінулага стагоддзя. Аднак у гады пераваротаў і рэвалюцый манастыр таксама мог стаць месцам публічных пасяджэнняў і сходаў, нягледзячы на сваё першапачатковае прызначэнне.

У цэнтр беларускага жыцця гэтае месца пераўтварылася выпадкова, калі ў 1915 г. сюды з Краснастока быў пераведзены дзіцячы прытулак для дзяўчынак. Адначасова з пачаткам Першай сусветнай вайны і суцэльнай эвакуацыяй Гарадзеншчыны летам 1915 г. адгарнулася новая старонка ў гісторыі беларускага руху. «З адыходам расейцаў з Горадні, — пісала віленская беларуская газета „Гоман“, — адразу выявілася, што ўся маскоўшчына ў нас была толькі наносная. Цяпер расійскай мовы на вуліцах зусім не пачуеш. Затое скрозь чутна наша родная беларуская мова. Людзі, каторым перш розныя „дабрадзеі“ намаўлялі, быццам „сорамна“ гаварыць „па-просту“, цяпер смела і голасна гавораць па-свойму…»

Ужо ў 1917 г. у Гародні ствараецца філіял Віленскага беларускага дабрачыннага таварыства «Золак» па дапамозе бедным дзецям, сіротам і інвалідам. «Золак» бярэ на сябе догляд праваслаўнага прытулка і адначасова стараецца надаць яму беларускі характар. Да таго ж менавіта тут, у манастырскіх скляпеннях, яшчэ ў красавіку 1916 г. па ініцыятыве В. Ластоўскага і А.Луцкевіча была адчынена першая ў Гародні беларуская школка. Яе настаўнікамі сталі васямнаццацігадовая Тэкля Станішэўская і старэйшы за яе на пяць гадоў Аляксандр Грыкоўскі.

«Як прыемна, як хораша было на сэрцы, — узгадваў пазней урокі ў першай беларускай школе карэспандэнт „Беларускай нівы“, — чуць першыя дэкламацыі вершаў у родным слове або спеў харавых мелодый. Дзеці былі захоплены навукаю; мімавольна вычувалася стараннасць у зразуменні навукі і яе багацця. Тут не было перафарбоўкі духу ў дзяцей, але самастойна кавалася і расла любоў да матчынага слова, да бацькоўскай гутаркі».

Два гады цяжкай, самаахвярнай працы каштавалі Тэклі Станішэўскай і Аляксандру Грыкоўскаму жыцця. Кволае здароўе маладых настаўнікаў не вытрымала ўсіх выпрабаванняў, і яны амаль адначасова захварэлі на сухоты. Першым у сярэдзіне сакавіка 1919 года ў самой Гародні памірае А.Грыкоўскі, а яшчэ праз месяц з Вільні прыйшла сумная вестка аб смерці і Тэклі Станішэўскай…

Тым часам, восенню 1918 г., у Барысаглебскім манастыры размясцілася першая ў Гародні легальная беларуская арганізацыя — Сувязь культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі. Утварыла Сувязь невялічкае кола мясцовых «свядомых» беларусаў: А. Грыкоўскі, Я. Натусевіч, А. Якубецкі, Л. Дзекуць-Малей, Р. Злоцкі, У. Курбскі, С. Качынскі - усяго каля дзесяці чалавек.


Набыць кнігу можна наўпрост у выдавецтве «ЮрсаПрынт» па адрасе вул. Карла Маркса, 11, ад 9.00 да 17.00, у працоўныя дні.

Пры пакупцы кнігі ў выдаўца чытачы Hrodna. life будуць мець зніжку ў 5%. Зніжка для падпісчыкаў cайта складае 10%.

[irp posts="52 225″ name="Знаёмства з кнігай. «Вершы, байкі і паэмы. Кніга 2″ Святланы Куль"]

[irp posts="50 898″ name="Знаёмства з кнігай: Вінцэнт Гадлеўскі» Андрэя Вашкевіча"]

[irp posts="51 321″ name="Знаёмства з кнігай. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда" Васіля Герасімчыка"]

[irp posts="49 453″ name="Знаёмства з кнігай: «На Гродзенскім бруку» Андрэя Вашкевіча і Віктара Саяпіна"]

[irp posts="43 790″ name="Знаёмства з кнігай: Шэпт пажоўклых старонак" Леаніда Лаўрэша"]

[irp posts="41 779″ name="Знаёмства з кнігай: Гродно и гродненцы" Віктара Саяпіна"]

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024