Гарадскія ўлады рыхтуюць драўляныя дамы па вуліцы Міцкевіча пад продаж з умовай зносу — на іх месцы павінны з’явіцца будынкі грамадскага прызначэння. З гэтым не згодная сям’я Пуцілоўскіх. Дзмітрый Пуцілоўскі хацеў бы купіць адзін з дамоў і яго ўпарадкаваць.
На Міцкевіча выстаўлены на аўкцыён участак з дамамі №№ 5, 7, 7а і 9. Іх усе прапануюць знесці дзеля новай забудовы.
Сям’я Пуцілоўскіх даведалася аб зносе з інтэрнэту і вырашыла ўбачыць дамы на ўласныя вочы, каб пераканацца, ці апраўданыя дзеянні ўладаў.
«Так, стан дамоў сёння не вельмі добры. Але яны цалкам прыдатныя для таго, што б іх аднавіць і выкарыстоўваць, — распавядае Дзмітрый Пуцілоўскі. — Гэта наша гісторыя і тое, што можна будзе з гонарам паказаць дзецям праз 50 гадоў. Паспрабуйце адшукаць яшчэ такія дамы. Хіба можна ганарыцца тым, што сёння будуюць? Напрыклад, панэльныя дамы. Дакладна не. Драўляныя дамы ў цэнтры горада выклікаюць павагу і гонар. Няхай паспрабуе хто-небудзь сёння паўтарыць гэты будынак: упэўнены, што не атрымаецца».
Дзмітрый адзначае, што з вялікім задавальненнем жыў бы з сям’ёй у адным з пустых дамоў на Міцкевіча і паступова аднаўляў бы яго. Але ёсць праблема: дамы прадаюцца выключна пад знос.
«Вядома, тут трэба прыкласці руку, і на ўсё патрэбны час. За мінімальную суму я ўзяў бы дом. Са сваімі сродкамі ў мяне б рэстаўрацыя расцягнулася гадоў на 10. Калі б знайшоўся інвестар, усе працы можна зрабіць за 3 гады. Пры гэтым можна пакінуць пабудову ў арыгінальным выглядзе».
Дзмітрый згодны, што ў горадзе ёсць зусім шараговыя пабудовы, «халупы і адрыны», якія сапраўды трэба зносіць. Але дамы на Міцкевіча — «пабудовы з ідэяй», якія з’яўляюцца сэрцам горада.
«Калі мы будзем пастаянна зносіць і зносіць, то што ў будучым будзем паказваць дзецям і турыстам? Я не згодны, што ў Новым Свеце трэба разбураць драўляныя дамы. Я прыйшоў і пераканаўся ў гэтым. У мяне звычайная сям’я, але мы гатовыя засяліцца ў адзін з дамоў, укласці ў яго душу і сваю працу».Сям’я Пуцілаўскіх шмат падарожнічае па Еўропе і часта спыняецца ў хостэлах, якія створаны на базе старых дамоў. Цяпер сям’я будуе ўласны дом недалёка ад Гродна.
«Вопыт у будаўніцтве ў нас з жонкай ёсць. Што тычыцца дома на Міцкевіча, 9, які нам спадабаўся, то першыя высновы такія: пабудову трэба трохі прыпадняць і абавязкова папрацаваць з падмуркам. Потым можна займацца ўсім астатнім. А калі б у мяне спыталі: што б я тут змяніў, я б адказаў: нічога акрамя даху. Усё знешняе і ўнутранае ўбранне можна аднавіць. Аддайце нам дом і мы выратуем яго».Гарадскія ўлады маюць намер правесці аўкцыён па продажы ўчастка 28 мая.
Журналіст Hrodna.life разам з гісторыкам Мечыславам Супронам 10 красавіка пабываў у гарвыканкаме на прыёме ў старшыні Мечыслава Гоя. Ён паабяцаў даць старым пабудоў яшчэ адзін шанец і выставіць на аўкцыён у пошуках новага ўладальніка. Але выйшла наадварот — каштоўныя драўляныя пабудовы ў Новым Свеце рыхтуюць да зносу.
Паводле ўмоваў аўкцыёну, забудоўшчык зможа пабудаваць будынак грамадскага прызначэння, 2−3-павярховы, магчыма з мансардным паверхам, з памяшканнямі адміністрацыйнага, гандлёвага, бытавога прызначэння, гасцінічнымі нумарамі. Плошча ўчастка — 20 сотак. У доме № 7а, які таксама хочуць знесці, яшчэ жыве сям’я.
Таргі пачнуцца з 24,3 тысяч рублёў. Будучага ўладальніка на этапе зносу чакаюць дадатковыя фінансавыя выдаткі: паводле падлікаў спецыялістаў гарвыканкама, арыентыровачны памер страт на дэмантаж старых дамоў - каля 467 тысяч рублёў.
Вуліца Міцкевіча ўтварылася ў другой палове XIX стагоддзя. На плане горада 1882 года яна ўжо пазначаная, але яшчэ не мае назвы, а вось на карце 1900 года вуліца называецца Сувораўскай. Да пачатку Першай сусветнай вайны яна насіла імя рускага палкаводца. З другой паловы 1920-х гадоў яна называлася вуліцай Міцкевіча. З прыходам савецкай улады ў Гродне за вуліцай захавалася імя Міцкевіча, зацверджанае рашэннем гарвыканкама 15 студзеня 1940 года.
Вуліца ўваходзіць у раён Новы свет. Сёння ад калісьці ўнікальнага раёна захавалася ўсяго некалькі каштоўных пабудоў. Сярод іх дамы № 7 і 9, якія былі пабудаваныя ў стылі рускага мадэрну. У іх ужо 5 гадоў ніхто не жыве.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…