У канцы чэрвеня на абласным савеце па пытаннях гіcторыка-культурнай спадчыны разглядалі прапанову надаць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей старым драўляным будынкам па вуліцы Міцкевіча № 7 і 9. 11 ліпеня прадстаўнікі савета пабывалі ў гэтых дамах у Новым Свеце і зрабілі пэўныя высновы.
Калі звонку пабудовы выглядаюць прыстойна, то ўсярэдзіне, як і чакалася, шмат праблем. Дамы за некалькі гадоў прастою моцна пашкодзіліся: шмат дзе вырваныя падлогі і дзверы, усюды смецце і непрыемны пах. Прадстаўнікі савета зайшлі амаль у кожны пакой. Разам з імі быў і гісторык Мечыслаў Супрон, які з’яўляецца адным з ініцыятараў прапановы надаць дамам статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта прыклады гарадской архітэктуры мяжы 19−20 стагоддзяў i такіх пабудоў у Гродне амаль не засталося.
«Разам з мастацтвазнаўцам Любоўю Зорынай і архітэктарам Аленай Пархутай мы падалі заяўку па дамах на Міцкевіча, — распавядае Мечыслаў Супрон. — У аблвыканкаме заяўку разгледзелі і прынялі рашэнне выехаць на месца. Дом № 9 унутры яшчэ добра захаваўся, № 7 — стан значна горшы. Але пры добрым і зацікаўленым гаспадары парадак там можна навесці - былі б сродкі і жаданне. У вуснай размове камісія дала зразумець, што пабудовы трэба захаваць, але ўключаць іх у спіс каштоўнасцяў немэтазгодна. Гэта можа стварыць у будучыні праблемы новаму ўласніку».
Па Новым Свеце з завязанымі вачамі. Прайшліся па Гродне, які нельга пабачыць, але можна адчуць
У канцы мая гарадскія ўлады планавалі прадаць адным лотам зямлю на вуліцы Міцкевіча з чатырма старымі пабудовамі пад будаўніцтва будынка грамадскага прызначэння. Але не знайшоўся інвестар. Зараз умовы аўкцыёну будуць мяняць — галоўная задача захаваць пабудовы № 7 і 9.«Гарадскія ўлады адмаўляюцца ад продажу ўсіх аб’ектаў адным лотам, цяпер кожную пабудову будуць выстаўляць асобна. З умовай, што будучы ўласнік максімальна захавае архітэктурныя каштоўнасці дома. Гэта ўжо лепш за тое, што раней прапаноўваў горад», — дадаў Мечыслаў Супрон.
«Аддайце дом і мы выратуем яго». Сям’я гродзенцаў хоча захаваць драўляныя дамы ў Новым Свеце
Даведка
Вуліца Міцкевіча ўтварылася ў другой палове XIX стагоддзя. На плане горада 1882 года яна ўжо пазначаная, але яшчэ не мае назвы, а вось на карце 1900 года вуліца называецца Сувораўская. З другой паловы 1920-х гадоў яна называлася вуліцай Міцкевіча. З прыходам савецкай улады ў Гродна за вуліцай захавалася імя Міцкевіча, зацверджанае рашэннем гарвыканкама 15 студзеня 1940 года.
Вуліца уваходзіць у раён Новы свет. Сёння ад калісьці ўнікальнага раёна захавалася няшмат каштоўных пабудоў. Сярод іх дамы № 7 і 9, якія былі пабудаваныя ў стылі рускага мадэрну. Больш за 5 гадоў ніхто там не жыве. Дамы былі пабудаваныя ў пачатку XX стагоддзя і з’яўляюцца ўзорам драўлянай архітэктуры.