Дзякуючы званку неабыякавага грамадзяніна ў сераду быў затрыманы кіроўца 1988 года нараджэння, які ехаў на аўтамабілі «Форд» у нецвярозым стане, паведамілі ў прэс-службе ДАІ КУС Гродзенскага аблвыканкама.
18 верасня, а 2 гадзіне ўночы ў дзяжурную частку ДАІ паступіла паведамленне аб тым, што ў двары дома па вуліцы Даватара суполка людзей, якія знаходзіліся, магчыма, у нецвярозым стане, шуміць, сігналіць і «газуе» на аўтамабіле «Форд». Супрацоўнікі аператыўна прыбылі па названым адрасе, але там нікога ўжо не было.
У выніку вышуковых мерапрыемстваў, аўтамабіль знайшлі на вуліцы Ціміразева, дзе ён рухаўся з боку стаянкі аўтамабіляў каля чыгуначнага вакзала. Інспектары спынілі «Форд» і падчас размовы з кіроўцай выявілі ў яго прыкметы алкагольнага ап’янення.
31-гадовага мужчыну адвязлі на медыцынскі агляд, які паказаў колькасць алкаголю ў яго арганізме — 2 праміле. Дарэчы, у студзені гэтага года мужчыну ўжо затрымоўвалі за п’яную язду і пазбавілі права кіравання. Але гэта яго не спыніла і вось ужо ў другі раз ён быў затрыманы без правоў і ў п’яным стане.
Цяпер ў яго дачыненні вырашаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы.
***
Учора стала вядома, што ў тую самую ноч з 17 на 18 верасня гэты грамадзянін скарыстаўся пакінутым без нагляду ключом запальвання і незаконна завалодаў аўтамабілем «Форд» у адной з вёсак Лідскага раёна, пасля чаго адправіўся на ім у Гродна. А вось за гэта ў дачыненні да кіроўцы ўжо распачалі крымінальную справу па артыкуле «Крадзеж».