Ці магчыма думаць пра спадчыну ў час, калі Беларусь ізаляваная ад свету, а шматлікія беларусы адарваныя ад радзімы? На гэта пытанне Hrodna.life адказаў гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка. Нагодай для размовы стаў выдадзены пад яго рэдактарствам у Вільні альманах «Ctrl+S», прысвечаны еўрапейскім перспектывам культурнай спадчыны Беларусі.
«Камп'ютарная каманда „захаваць“ у назве — спроба вырвацца за межы сэнсавых клішэ, знайсці новую мову для працы са спадчынай не ігнаруючы рэчаіснасць ХХІ стагоддзя», — пазначана ў анатацыі зборніка. Кніга складаецца з 17 артыкулаў аўтарства выкладчыкаў і студэнтаў ЕГУ.
Пра тое, што спадчына гэта не камяні, а сэнcы, Стурэйка гаворыць даўно, натхнёна і абгрунтавана. Зараз да ўсяго дадае і тое, што ў пытаннях спадчыны апроч камянёў і сэнсаў важныя людзі.
«З людзьмі працаваць можна ў любых абставінах — пакуль працуе інтэрнэт і не зачыненыя межы. Мы нядаўна рабілі летнюю школу, прыехалі людзі не толькі з Беларусі, з Польшчы і Літвы таксама. А дзякуючы інтэрнэту ў нас быў ахоп ад Бразіліі да Кітая».
Па словах Стурэйкі, гэта ўсё беларусы, каторым «баліць» спадчына. Яны прадстаўлялі самыя розныя праекты і аспекты. Хтосьці цікавіцца архітэктурнай спадчынай, хтосьці фальклорам і традыцыямі, хтосьці працуе у музеях. Іншыя пазаканчвалі магістратуры за межамі і цікавяцца, наколькі іх веды і разуменне адпавядаюць беларускаму і як трэба сінхранізавацца.
«Мысленне пра спадчыну мае глабальны характар. Мы імкнемся, каб тыя ідэі, якія мы распрацоўваем разам са студэнтамі, адпавядалі глабальным накірункам. А потым думаем, як гэта прыкладаць да нашай рэчаіснасці ў тых умовах, у якіх мы апынуліся. Гэта праекцыя сусветных трэндаў на беларускую сучаснасць».
Альманах «Ctrl+S» — адзін са складнікаў гэтай камунікацыйнай працы. Аўтары кнігі - выкладчыкі ЕГУ, студэнты, магістранты і тыя прафесіяналы «на якіх мы арыентуемся, працамі якіх натхняемся і каго хацелі б прадставіць больш шырокай аўдыторыі», расказаў Сцяпан Стурэйка.
Ён кажа, што кніга разлічана найперш на прасунутых у тэме чытачоў. «Свет спадчыны і мысленне пра спадчыну не застылыя ў часе. Нараджаюцца новыя ідэі і канцэпцыі - што можна, што варта і што не трэба рабіць. А тое, што здавалася патрэбным 10 гадоў таму, ужо састарэла. Гэты зборнік адрасаваны тым, хто ў тэме і хоча зразумець пра самае сучаснае, самае актуальнае, самае трэндавае ў свеце спадчыны».
Чытайце таксама:
«Культурная спадчына — гэта нацыянальны праект. У ЕГУ мы вывучаем не столькі саму гісторыю мастацтва ці архітэктуры, колькі тыя працэсы, якія точацца, адбываюцца вакол гэтай спадчыны. Працэсы звязаныя з функцыянаваннем памяці, з кіраваннем аб’ектамі спадчыны, сучасную філасофію спадчыны, выкарыстанне сацыяльнага, эканамічнага, культурнага, экалагічнага патэнцыялу спадчыны. Безумоўна, вывучаем праектны менеджмент — як стварыць праект, як далучыць да яго людзей, як знайсці фінансаванне, як зрабіць гэта сучасна і па-сапраўднаму», — тлумачыць Стурэйка.
Што тычыцца перспектываў, то адна з мараў Сцяпана Стурэйкі - зрабіць працу з гістарычнай спадчынай больш інстытуялізаванай.
«Тое, што мы робім, робім дзякуючы ўласным высілкам, парывам, ініцыятывам і захапленням. Мая мара ў тым, каб паставіць гэта на больш устойлівыя рэйкі, стварыць нейкую інстытуцыю, якая была б сталым і ўстойлівым агентам новага мыслення ў дачыненні да спадчыны».
Чытайце таксама: У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя. Чым карысная гэтая знаходка?
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…