Hrodna.life сабраў поўны спіс кавярняў у цэнтры Гродна (на пачатак чэрвеня 2024). З нашага гайда вы даведаецеся, якія спецыяльныя прапановы ёсць ва ўстаноў, дзе і ў колькі можна паснедаць, хто ўжо адкрыў летнюю тэрасу і падрыхтаваў сезоннае меню.
«Арабика»
У меню знойдзеце розныя гатункі гарбаты і кавы. Фішка кавярні - ганконскія вафлі з рознымі начыннямі, напаўняльнікамі і сіропамі. З 25 траўня ў «Арабіцы» падаюць навінку — каву ў вафельным кубачку, пакрытым цёмным шакаладам. Каштуе навінка 6 рублёў.
- Адрас: вул. Сацыялістычная, 21
- Час працы: аўт-сб
10:00—22:00 , ндз13:00—22:00 , пн выхадны - Instagram: arabica___cafe
Deli
Акрамя напояў (кава, гарбата, ліманады) у кавярні падаюць сырнікі, круасаны, кіш, сэндвічы. Выпечку робяць на месцы. Ёсць невялікая алкагольная карта. Установа размешчана блізка да чыгуначнага вакзала, ёсць тэраса на некалькі столікаў.
- Адрас: вул. Ажэшкі, 33
- Час працы: 7:30−22:00
- Instagram: deli_grodno
Cup&Cake
У кавярні - вялікі выбар дэсертаў і выпечкі, прывозяць знакамітыя тарты з завода ў Парэччы, могуць прыгатаваць торт на замову. На сняданак да 14:00 прапануюць сырнікі. У Cup&Cake вы таксама знойдзеце тыя самыя плоскія круасаны (класічныя ў меню таксама ёсць). Установа даволі прасторная па мерках кавярні, размешчана паміж заапаркам, чыгуначным вакзалам і вялікім «Еўраоптам».
- Адрас: вул. Першага Мая, 21.
- Час працы: пн-чц
09:00—21:00 ,пт 09:00—21:30 ,сб 10:00—21:30 , ндз10:00—21:00 . - Instagram: cup_cake_grodno
CoFeCo
Вялікі выбар аўтарскіх напояў і кактэйляў, якія можна выпіць на зашклёнай тэрасе. Ёсць дэсерты і выпечка. З навінак — плоскія слойкі, такі адказ модным плоскім круасанам.
- Адрас: вул. Дзяржынскага, 5
- Рэжым працы: 10:00−23:00
- Instagram: cofeco_grodno
«Доппио»
«Кавярня новага фармату» — так называе сябе ўстанова. Тут вялізны выбар сняданкаў, іх падаюць цэлы дзень. Можна абраць салодкія (сырнікі, тосты, круасаны) ці не салодкія (англійскі сняданак, сэндвічы і г.д). Ёсць салаты, брускетты, спрынг-ролы, камамбер і тартылья. У меню — кава, чай, аўтарскія напоі, кактэйлі, смузі і алкагольныя кактэйлі. З салодкага — дэсерты, аўтарскія моці (японскі слодыч) або веганскія пірожныя.
- Адрас: вул. Замкавая, 12
- Час працы: 10:00−23:00
- Instagram: doppio_grodno
«Джезва»
Гэта адзінае месца ў Гродне, дзе вараць каву на пяску. З’есці можна бейглы з рознымі начыннямі, скрэмбл, аўсянку, дранікі, салаты, супы, сырнікі. Круасаны выпякаюць да 14:00, астатнія стравы даступныя ўвесь дзень. Акрамя кавы і гарбаты ёсць алкагольная карта і ліманады.
Дворык кавярні - папулярнае тусовачнае месца, а прыпаркаваная там жоўтая машына — часты атрыбут фатаграфій у турыстаў.
- Адрас: вул. Савецкая, 5
- Час працы: 8:00−23:00
- Instagram: djezva_grodno
«Желтый»
Яшчэ адна папулярная жоўтая машына ў Гродне — гэта кавярня-фудтрак на Савецкай плошчы. Яе зрабілі з пераабсталяванага ГДРаўскага мікрааўтобуса Barkas B1000. Месца называе сябе першай у Гродне кавярняй на колах і ўжо даўно і трывала стала кропкай прыцягнення гараджан і турыстаў, якія гуляюць у цэнтры.
У меню, акрамя класічных напояў накшталт эспрэса, капучына ці латэ, ёсць таксама халодны мокка ці фільтр-кава ў слоіку. У сезонным летнім меню: какава-тонік, айс-рафаэла, мядовы айс-раф і іншыя напоі. Можна купіць дрып-каву для заварвання дома. Перакусіць можна круасанам або печывам.
У кавярні ёсць нават свой мерч: магніцікі і брошкі ў выглядзе жоўтага мікрааўтобуса. Таксама ў іх можна купіць аўтарскія паштоўкі з відамі Гродна ад мастачкі Кацярыны Забелінай.
- Адрас: Савецкая, 1, паркоўка на рагу Савецкай плошчы, у пачатку вуліцы Савецкай
- Час працы: пн-чц
8:00—22:00 ,пт 8:00—23:00 ,сб 9:00—23:00 , ндз 9:00−22:00 - Instagram: yellow_grodno
«Гарадзенская кавярня»
Проста насупраць Фарнага касцёла размясцілася «кавярня з душой і сэрцам», — так у Instagram называюць установу ўладальнікі. У меню прапануюць напоі, дэсерты, сэндвічы, вафлі. Ёсць сняданкі, але час падачы і асартымент установа не публікуе. У добрае надвор’е можна выпіць каву на вуліцы за невялікім столікам.
- Адрас: вул. Маркса, 5
- Час працы: ндз-чц
11:00—23:00 , пт-сб 11:00−24:00 - Instagram: @kaviarnia_grodno
«Какао»
Сюды абавязкова варта зазірнуць, калі вы любіце какаву і гарачы шакалад, іх тут цэлых восем відаў. Установы («Какао» ў Гродне дзве!) прапануе спецыяльнае летняе меню з вялікім выбарам халоднай кавы, кактэйляў і смузі.
З’есці можна выпечку ўласнай вытворчасці. На вітрынах кавярні знойдзеце шмат прыгожых пірожных. Таксама прапануюць тарты і наборы пірожных на замову. Па двух адрасах ёсць столікі на вуліцы.
- Адрас: вул. Будзёнага, 28
- Час працы: 9:00−21:00
- Адрас: вул. Савецкая, 6
- Час працы: 10:00−22:00
- Instagram: cacaogrodno
«Крепкий белый»
Тут — вялікая тэраса на другім паверсе «Дома рыбака», дзе можна выпіць альтэрнатыўную або аўтарскую каву і што-небудзь перакусіць. У меню знойдзеце сырнікі, панкейкі, скрэмбл з дапаўненнямі, боулы, сэндвічы, рэшці (гэта такія швейцарскія дранікі). А яшчэ ў «Крепкий белый» можна прыходзіць з жывёламі і ёсць спецыяльнае дзіцячае меню-канструктар.
- Адрас: вул. Замкавая, 10, другі паверх
- Час працы:
8:00—23:00 , кухня працуе да 18:00 - Instagram: strongwhite_coffee
«Крепкий черный»
Гэта Інь кавярні «Крепкий белый», ва ўстаноў адзін уладальнік. Кавярня размясцілася крыху далей ад цэнтра ў дварах на Шчорса. У меню — усё тая ж класіка, альтэрнатыўная і аўтарская кава, какава, гарбата, смузі. Да напояў можна ўзяць круасан ці дэсерт. Сняданкаў няма. На вуліцы ёсць столік, а ў саму кавярню пускаюць з жывёламі.
- Адрас: вул. Шчорса, 11а
- Час працы: пн-пт
8:00—22:00 , сб-ндз 10:00−22:00 - Instagram: strongblack_coffee
LCoffee
Тут падаюць самыя раннія сняданкі ў цэнтры, паесці можна з 7.30. У меню знойдзеце сырнікі, кашы, яйкі, круасаны. На абед ці вячэру можна ўзяць супы, пасты, салаты, тосты, а калі лянота выходзіць з дому, гэта ўсё можна замовіць праз Яндэкс.Дастаўку. Ёсць сезоннае меню кактэйляў і халоднай кавы, вінная карта, а таксама дэсерты. Кафэ pet-friendly, на вуліцы ёсць летка.
- Адрас: вул. Дамініканская, 3
- Час працы: 7:30−23:00
- Instagram: lcoffee_grodno
«Наше место»
Кавярня з выдатным відам на Гродна. Тут вы зможаце выпіць кавы з панарамай на Нёман і ўсе славутасці гістарычнага цэнтра горада. Ля ўваходу ёсць інстаграмнае ружовае дрэва, а ў добрае надвор’е кавярня выстаўляе крэслы-мяшкі на схіле. Таксама ёсць столікі ў самой установе.
- Адрас: вул. Дарвіна, 24
- Час працы: 9:00−23:00
- Instagram: nashe_mesto_coffeeshop
«Просто Кофе»
У гэтай кавярні можна выпіць кавы і пакаштаваць выпечку з уласнай кандытарскай установы. У меню — кава, кактэйлі, ліманады, дэсерты, печыва, цукеркі ручной працы. Прыемны бонус — від на замкі і пажарную каланчу. Ёсць невялікая тэраса. Таксама ў кавярні ёсць яшчэ адна кропка на першым паверсе ў ТРК «Трыніці» (там час працы: пн-ндз
- Адрас: Замкавая 18
- Час працы: ндз-чц
9:00—22:00 , пт-сб 9:00−23:00 - Instagram: just_coffee_grodno
«Проходная»
Назва не выпадковая — кавярня працуе на месцы былой прахадной пальчаткавай фабрыкі. З 9:00 да 16:00 тут падаюць сняданкі - тосты, сырнікі, яечні, круасаны, лёгкія супы. З 17:00 і да закрыцця дзейнічае вячэрняе меню — стартары, спагецці, сэндвічы. Акрамя кавы і гарбаты ёсць летнія ліманады, сокі, віно. Ёсць столікі на свежым паветры, можна прыходзіць з жывёламі.
- Адрас: вул. Маставая, 31
- Час працы: 9:00−23:00
- Instagram: prohodnaya_coffee
«Soul Coffee»
Кава, дэсерты (пірожныя, тарты, тарталеткі), выпечка (круасаны, булачкі) і алкагольныя кактэйлі - усё гэта прапануе «Soul Coffee» (ранейшая назва — «Наша кава»). Таксама можна купіць каву ў зернях, барысты дапамогуць з выбарам гатунку і памолу. Ёсць і рэдкі для Гродна прадукт — кава без кафеіну.
Сюды можна забегчы па дарозе ад Савецкай плошчы на замкі. Каля кавярні ёсць некалькі столікаў. Ну і ўвогуле, «Soul Coffee», мяркуючы па ўсім — першая ў Гродне модная кавярня са спешалці кавай. У гэтым годзе ўстанова адзначыць 9 гадоў!
- Адрас: вул. Замкавая, 11
- Час працы: 9:00−23:00
- Instagram: soul_coffee.hrodna
«Тэмпл»
Самая маладая (па стане на пачатак чэрвеня 2024 г.) кавярня Гродна. Тут падаюць сняданкі з 8:00 да 16:00 — тосты, панкейкі, сырнікі, салаты, супы. З 16:00 да 22:30 дзейнічае вячэрняе меню са стартарамі, салатамі, супамі, пастай і бургеры. Ёсць прасторны ўнутраны дворык, які ўжо стаў папулярнай insta-фотазонай.
- Адрас: вул. Маставая, 31
- Час працы: ндз-чц
8:00—23:00 , пт-сб 8:00−00:00 - Instagram: temple_grodno
«Дюна»
Атмасферу адпачынку і спакою абяцаюць у кафэ «Дюна». Канцэпцыя кавярні - месца ў цэнтры горада, якое нагадвае пра адпачынак, сонца і цяпло. З 9:00 да 16:00 тут падаюць сняданкі (яйкі, вафлі, тосты), а з 16.00 да 23:00 можна абраць гарачыя стравы. Таксама ў меню ёсць закускі, салаты, супы, дэсерты. Установа анансавала адкрыццё летняй пляцоўкі, новае летняе меню і пашырэнне асноўнага.
- Адрас: вул. Маставая, 31
- Час працы: ндз-чц
8:00—23:00 , пт-сб 8:00−00:00 - Instagram: dune.grodno
Pink
Па суседстве, у невялікай хатцы на Маставой, 31а, працуе ружовая кавярня Pink. Там падаюць самую ружовую каву, спешалці каву, дэсерты, ёсць меню з ежай і халоднымі летнімі напоямі. Інтэр'ер кавярні супадае з назвай — ружовыя канапы і панэлі на сценах, неонавае падсвятленне.
- Адрас: вул. Маставая, 31а
- Час працы: пн-чц
10:00—22:00 , пт-сб10:00—23:00 , ндз 11:00−21:00 - Instagram: pink.coffeehouse
«Справа»
І яшчэ адна ўстанова на Маставой. У меню — кава, сняданкі (яйкі, тосты, дранікі, панкейкі, сэндвічы), пры жаданні можна і паўнавартасна паабедаць. Увесь дзень падаюць кашу, поке, закускі, суп, сэндвічы, дэсерты. Сняданкі можна замаўляць ад адкрыцця да 16:00. Ёсць прасторная летняя тэраса.
- Адрас: вул. Маставая, 31
- Час працы: 9:00−23:00
- Instagram: spravacafe
«Вкус искусства»
Установа пазіцыянуе сябе як кафэ і арт-студыю. У прасторы праводзяць арт-вечарынкі, майстар-класы і курсы па жывапісе. У меню ўстановы — кава, чай, віно і дэсерты. Ёсць летняя карта і кактэйлі.
- Адрас: вул. Калючынская, 12
- Час працы: пн-чц
9:00—22:00 ,пт 9:00—23:00 ,сб 10:00—23:00 , ндз 10:00−22:00 - Instagram: vkus.iskusstva.grodno
«Тепло»
У дворыку на Вялікай Траецкай размясцілася кавярня «Тепло». Тут можна адпачыць у адным з самых тусовачных летніх месцаў у Гродне. Сняданкі падаюць увесь дзень. Можна сабраць сваю талерку з некалькіх кампанентаў ці абраць нешта гатовае, напрыклад, яйкі, кашу, супы, салаты ці салодкае. Ёсць кактэйлі і віно. Установа pets-friendly.
- Адрас: вул. Вялікая Траецкая, 37
- Рэжым працы: 9:00−23:00
- Instagram: teplo__coffee
«Арка»
Не толькі каву, але і фірмовыя настойкі прапануюць у кавярні «Арка». Акрамя напояў ёсць дэсерты і выбар алкаголю. Можна замовіць сэндвіч. Таксама тут ёсць настольныя гульні для кампаній. Гэта адзіная кавярня, якая працуе да 4 раніцы ў пятніцу і суботу.
- Адрас: вул. Віленская, 6
- Час працы: пн-ср
11:00—00:00 , чц, ндз11:00—02:00 , пт-сб 11:00−04:00 - Instagram: arka_grodno
«Американо»
Тут вы знойдзеце аўтарскую каву і гарачы шакалад, а таксама летнія халодныя напоі і ліманады. Прапануюць таксама круасаны, тварожнікі, пірожныя і тарты. Выгляд з акна — на пешаходную вуліцу Савецкую.
- Адрас: вул. Савецкая, 17
- Час працы: 10:00−22:00
- Instagram: americano_grodno
Myloverberry
Яшчэ адна ружовая ўстанова на карце кавярняў Гродна. У кафэ не толькі частуюць прысмакамі і напоямі, але і праводзяць кулінарныя майстар-класы. Увесь дзень тут падаюць сняданкі (кашы, яйкі, вафлі), ёсць вялікі выбар алкагольных кактэйляў і він. Калі вы шукаеце плоскія круасаны, то вам сюды.
- Адрас: вул. Кірава, 3
- Час працы: 10:00−22:00
- Instagram: myloverberry.grodno
Cofishka
Кавярня ў старажытным падвале на Савецкай, дзе раней была аптэка. У інтэр'еры — жоўты і чорны колеры. У меню — бліны, сырнікі, венскія вафлі. З кавы на выбар класіка: эспрэса, амерыкана, капучына, латэ, раф, флэт-уайт. Ёсць какава і гарачы шакалад.
- Адрас: вул. Савецкая, 14
- Час працы: 09:00−23:00
- Instagram: cofishka_grodno
КАВАЛАВА
Кавярня з відам на драмтэатр і касцёл бернардынцаў. Тут падаюць каву Lavazza.
- Адрас: вул. Баторыя, 6 (уваход з боку вуліцы Парыжскай камуны)
- Час працы: пн-чц 10.00−22.00, пт-ндз 10.00−23.00
- Instagram: kavalava_grodno
Мы забыліся пра нейкую кавярню? Напішыце нам у Telegram ці на email. Памятайце пра бяспеку і выдаліце перапіску пасля камунікацыі!