«Раней я піў каву „шатана“. Каб чорная была, як чорт. Адмыслова для таго прывёз з Венгрыі кававарку ў 1972-м. З яе як вып’еш — мазгі зашкальваюць! А зараз п’ю з малачком», — да кожнага экспаната з новай экспазіцыі гаспадар музея мае гісторыйку ці пабасенку. Дзе з асабістага жыцця, дзе з расповедаў сваякоў альбо знаёмых. Выстава пачала працаваць у апошні тыдзень лютага і будзе экспанаваца месяц. А «як пацяплее» і ў Януша пачне працаваць кавярня, ён абяцае нават гатаваць для абраных гасцей каву ў гістарычных кававарках.
«Тытуневая фабрыка — таксама частка сямейнай гісторыі, — кажа Януш. — Дзед там быў механікам, яшчэ ў Шарашэўскага. І мама падчас вайны, да замужжа, два гады там працавала».
У юбілейных альбомах гродзенскай «табачкі» экспанаты з калекцыі Паруліса таксама ледзь не праз старонку. На выставе іх можна пабачыць на ўласныя вочы і нават патрымаць у руках.
Гродзенская фабрыка выпускала нават «Казбек» — разам са знаёмымі познесавецкімі пачкамі «Космаса» ці «Арбіты» паваенны пачак глядзіцца зусім экзатычна. Побач — упакоўка ад яшчэ адных дзіўных цыгарэт Жытомірскай фабрыкі, што некалі выпускалі для хворых на астму. У складзе няма табаку. Паліць прапаноўвалі лісце зёлак, у асноўным блёкату і аўрыяна (валер'яна).
«Я малым першы раз паспрабаваў курыць, гадоў у сем-восем, — распачынае Януш новую гісторыйку. — Нейкае лісце збіралі з хлопцамі і „цягалі“, каб ніхто не бачыў. Але неяк да мяне гэта не прыстала. Заядлым курыльшчыкам так і не стаў. Хіба толькі пад каву. І дзед, хоць працаваў на „табачцы“, таксама не курыў. Ужо як быў мараком, то пачаў паліць. Бо што гэта за марак, калі без люлькі».
З марскіх часоў засталіся ў калекцыі і першыя Янушавы сігары. Дакладней, пачак ад іх. «Купіў за пяць долараў у Нарвегіі ў 60-м, на першую марацкую зарплату. Усяго хацелася паспрабаваць!»
Пабач з цыгарэтамі ў экспазіцыі цэлая калекцыя запальнічак. «Як пачаў перабіраць, набралася цэлая куча, — па-просту тлумачыць Януш. На падлік у «кучы» аказалася каля паўсотні запалінічак. Адны тыповыя завадскія, іншыя — самаробныя, з гільзаў.
«Што мы тут яшчэ бачым? Кафейнік. Прычым старэнькі. А гэта — кававарка цудная. Сталінскіх часоў шэдэўр, а працуе, як новая. Буду ў ёй для гасцей варыць каву, як пацяплее і адкрыецца кавярня».
Па словах Януша, калі госці захочуць пакаштаваць кавы з гістарычнага посуду, то ён гатовы задаволіць прапанову. Праўда, папярэджвае, што каштаваць тое будзе «даволі дорага», бо трэба ашчаджаць старыя прылады. «Але калі хто захоча, то звару».
Самая старая кававарка ў калекцыі мае каля 120 гадоў і працуе на спірце. Цікава, ці будуць зараз ахвотныя спаліць спірт, каб папіць кавы?
Януш вяртаецца да тэмы прыстасаванняў для курэння і паказвае калекцыі партсігараў і попельніц. «Вось тут ёсць БАМ, тут канек-гарбунёк, тут дзяўчына, тут сабачка… Прыгожы сабачка, да майго падобны. Вось гэту я з Венгрыі ў 72-м прывёз, гэту, з каменнага вугалю, з Сілезіі. Але самая цікавая вось гэта — з Касцюшкам. Касцюшка так і Касцюшка так, — Януш круціць у руках і пераварочкае барэльефны партрэт-папяльнічку. — Як ні круці, усё Касцюшка!»
Далей вочы ізноўку разбягаюцца — тут і сервіз з адмысловай керамікі - «каменкі», і «пасляваенны савецікус, але таксама прыгожы» і падносікі, і кубачкі, і падшклянкі…
«Чакай, не ўсё яшчэ паказаў!» — смяецца Януш. Кропку ў гісторыі шкодных радасцяў жыцця паставіць не так проста. Хіба толькі гэта будзе «радыёкропка» з кавава-тытунёвай экспазіцыі. Але радыё — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…