“Раней я піў каву “шатана”. Каб чорная была, як чорт. Адмыслова для таго прывёз з Венгрыі кававарку ў 1972-м. З яе як вып’еш – мазгі зашкальваюць! А зараз п’ю з малачком”, – да кожнага экспаната з новай экспазіцыі гаспадар музея мае гісторыйку ці пабасенку. Дзе з асабістага жыцця, дзе з расповедаў сваякоў альбо знаёмых. Выстава пачала працаваць у апошні тыдзень лютага і будзе экспанаваца месяц. А “як пацяплее” і ў Януша пачне працаваць кавярня, ён абяцае нават гатаваць для абраных гасцей каву ў гістарычных кававарках.
Гісторыйкі пра тытунь пад каву
“Тытуневая фабрыка – таксама частка сямейнай гісторыі, – кажа Януш. – Дзед там быў механікам, яшчэ ў Шарашэўскага. І мама падчас вайны, да замужжа, два гады там працавала”.
У юбілейных альбомах гродзенскай “табачкі” экспанаты з калекцыі Паруліса таксама ледзь не праз старонку. На выставе іх можна пабачыць на ўласныя вочы і нават патрымаць у руках.

Гродзенская фабрыка выпускала нават “Казбек” – разам са знаёмымі познесавецкімі пачкамі “Космаса” ці “Арбіты” паваенны пачак глядзіцца зусім экзатычна. Побач – упакоўка ад яшчэ адных дзіўных цыгарэт Жытомірскай фабрыкі, што некалі выпускалі для хворых на астму. У складзе няма табаку. Паліць прапаноўвалі лісце зёлак, у асноўным блёкату і аўрыяна (валер’яна).

Хацелася ўсяго паспрабаваць
“Я малым першы раз паспрабаваў курыць, гадоў у сем-восем, – распачынае Януш новую гісторыйку. – Нейкае лісце збіралі з хлопцамі і “цягалі”, каб ніхто не бачыў. Але неяк да мяне гэта не прыстала. Заядлым курыльшчыкам так і не стаў. Хіба толькі пад каву. І дзед, хоць працаваў на “табачцы”, таксама не курыў. Ужо як быў мараком, то пачаў паліць. Бо што гэта за марак, калі без люлькі”.

З марскіх часоў засталіся ў калекцыі і першыя Янушавы сігары. Дакладней, пачак ад іх. “Купіў за пяць долараў у Нарвегіі ў 60-м, на першую марацкую зарплату. Усяго хацелася паспрабаваць!”

Пабач з цыгарэтамі ў экспазіцыі цэлая калекцыя запальнічак. “Як пачаў перабіраць, набралася цэлая куча, – па-просту тлумачыць Януш. На падлік у “кучы” аказалася каля паўсотні запалінічак. Адны тыповыя завадскія, іншыя – самаробныя, з гільзаў.

Кава на спірце? Шанец ёсць
“Што мы тут яшчэ бачым? Кафейнік. Прычым старэнькі. А гэта – кававарка цудная. Сталінскіх часоў шэдэўр, а працуе, як новая. Буду ў ёй для гасцей варыць каву, як пацяплее і адкрыецца кавярня”.

Па словах Януша, калі госці захочуць пакаштаваць кавы з гістарычнага посуду, то ён гатовы задаволіць прапанову. Праўда, папярэджвае, што каштаваць тое будзе “даволі дорага”, бо трэба ашчаджаць старыя прылады. “Але калі хто захоча, то звару”.
Самая старая кававарка ў калекцыі мае каля 120 гадоў і працуе на спірце. Цікава, ці будуць зараз ахвотныя спаліць спірт, каб папіць кавы?
Кава, да кавы і… Касцюшка
Януш вяртаецца да тэмы прыстасаванняў для курэння і паказвае калекцыі партсігараў і попельніц. “Вось тут ёсць БАМ, тут канек-гарбунёк, тут дзяўчына, тут сабачка… Прыгожы сабачка, да майго падобны. Вось гэту я з Венгрыі ў 72-м прывёз, гэту, з каменнага вугалю, з Сілезіі. Але самая цікавая вось гэта – з Касцюшкам. Касцюшка так і Касцюшка так, – Януш круціць у руках і пераварочкае барэльефны партрэт-папяльнічку. – Як ні круці, усё Касцюшка!”
Далей вочы ізноўку разбягаюцца – тут і сервіз з адмысловай керамікі – “каменкі”, і “пасляваенны савецікус, але таксама прыгожы” і падносікі, і кубачкі, і падшклянкі…

Замест кропкі
“Чакай, не ўсё яшчэ паказаў!” – смяецца Януш. Кропку ў гісторыі шкодных радасцяў жыцця паставіць не так проста. Хіба толькі гэта будзе “радыёкропка” з кавава-тытунёвай экспазіцыі. Але радыё – гэта ўжо зусім іншая гісторыя.



