Турысты, якія прыязджаюць у Гродна, скардзяцца на высокія цэны на пасутачную арэнду жытла. Самі гродзенцы бачаць у гэтым перспектыву для інвестыцый. Як выраслі турыстычныя плыні і як яны паўплывалі на цэны ў горадзе, разабралася «Наша Ніва».
Турысты вымушаны здымаць кватэры ў «спальніках»
Цана за арэнду кватэры ў выхадныя дні ў цэнтры горада — ад 160 рублёў за ноч. У спальным раёне спыніцца танней: цэны пачынаюцца ад 120−140 рублёў за адну ці дзве асобы. У працоўныя дні цана ніжэй — 80−100 рублёў за кватэры з годным рамонтам. У буднія дні часцей за ўсё засяляюцца камандзіровачныя. Турысты прыязджаюць на выхадныя.
«Ад таго, што цэны на арэнду жытла ў цэнтры вельмі высокія, частка турыстаў вымушаная размяшчацца ў спальных раёнах. Прычым нават у самых аддаленых, дзе да цэнтра рэальна далёка. Але розніца ў 100−150 рублёў за суткі пражывання для многіх істотная, таму турысты спыняюцца ў „спальніках“», — сказаў сураўмоўца «Нашай Нівы».
На выхадныя цана можа вырасці ў два разы
Некаторыя гаспадары здаюць кватэру мінімум на дзве ночы. На меншы перыяд гаспадары кватэру не здаюць. Адзін з самых танных варыянтаў у сайце kufar.by — 200 рублёў у выхадныя дні. Напрыклад, кватэра на вуліцы Кірава каштуе 320 рублёў. Двухпакаёвую кватэру з відам на драматычны тэатр і іншыя славутасці можна арэндаваць з 140 рублёў з панядзелка па чацвер і за 160 рублёў у суботу і нядзелю. На адзін дзень зняць кватэру нельга, а калі заехаць у пятніцу, то трэба заязджаць адразу на тры дні.
Ёсць варыянты, калі за аднапакаёвую кватэру ў цэнтры хочуць 140 рублёў у буднія дні, а за ноч з суботы на нядзелю — 300 рублёў. За два выхадныя дні гэтую кватэру могуць здаць за 425 рублёў.
Уласнікі кватэр зарабляюць не менш за $ 1000
Гродзенцы, з якімі пагаварыла «Наша Ніва», задаволеныя тым, што кватэры здаюцца па высокіх цэнах. Да таго ж летам кватэры занятыя не менш, як 20 сутак на месяц. «Нават у самы кепскі месяц са здачы дзвюх кватэр чыстымі выходзіць не менш за $ 1 тыс.», — сказаў суразмоўца «Нашай нівы».
У яго дзве кватэры — адна знаходзіцца ў спальным раёне, а другая каля гістарычнага цэнтра. Паводле яго словаў, у спальным раёне спыняюцца тыя, хто прыехаў у камандзіроўку, а кватэра каля цэнтра больш цікавіць турыстаў. За ноч турысты гатовыя заплаціць 200 — 250 рублёў.
Новая кватэра цалкам акупіцца за пяць гадоў
«Цяпер у нас ёсць кватэра ў адным са спальных раёнаў горада, яна даволі добра здаецца, у тым ліку і турыстам. Хоць праз аддаленасць да цэнтра даводзіцца браць не больш за 130−150 рублёў за суткі. У цэнтры цэны зусім іншыя, таму шукаем кватэру ў гістарычнай частцы горада», — сказаў другі суразмоўца «Нашай Нівы».
Ён лічыць, што кватэры ў цэнтры Гродна з сённяшнімі цэнамі мусіць цалкам акупіцца за чатыры — пяць гадоў. На яго думку, гэта добрая інвестыцыя, бо «часу адбірае няшмат, а прыбытак годны».
Чытайце таксама: