Музеі Гродна не абмяжоўваюцца толькі самымі вядомымі: Старым і Новым замкамі ды Музеем гісторыі рэлігіі. У Гродне можна знайсці цікавыя музеі на самыя розныя тэмы — ад гісторыі фармацэўтыкі і пажарнай справы да анатоміі і літаратурнай спадчыны. Некаторыя з іх — прыватныя. Калі вы плануеце наведаць Гродна, яны могуць стаць выдатным дадаткам да вашай культурнай праграмы.
Найстарэйшая аптэка ў Беларусі, заснаваная пры кляштары езуітаў у 1709 годзе, працуе ў Гродне ўжо больш за 300 гадоў!
Зараз гэта прыватная аптэка — яна належыць кампаніі «Біятэст». Аптэка-музей вядомая багатым фітааддзелам, дзе можна знайсці розныя зёлкі, гарбату, зборы, настойкі і БАДы. Фірменная «Гарадзенская гарбата» можа стаць выдатным сувенірам з Гродна!
У музейнай частцы можна ўбачыць лекавыя прэпараты, аптэчны посуд, дакументы, кнігі і медыцынскія інструменты XVIII-XX стагоддзяў.
Музей размешчаны ў найстарэйшай пажарнай частцы Гродна. Ля падножжа старадаўняй каланчы, якая знаходзіцца там, кожны дзень у 11.58 збіраюцца турысты, каб паслухаць мелодыю, якую выконвае трубач з пажарнага аркестра. Падняцца на каланчу звычайнаму турысту няпроста: пускаюць толькі ў Ноч музеяў або ў Дзень Незалежнасці.
У музеі дзве залы. Экспазіцыя ўключае гістарычныя дакументы, фатаграфіі і мадэлі. Ёсць вельмі цікавая дэталёвая дыярама палаючага горада XIX стагоддзя. Варта звярнуць увагу і на фасад пажарнай часткі, упрыгожаны манументальным пано. Прыгледзьцеся да твараў персанажаў - вас чакае сюрпрыз.
У гродзенскай турме сядзелі многія вядомыя асобы: Напалеон Орда, Фелікс Дзяржынскі, Валянцін Таўлай, Піліп Пястрак, Вольф Месінг і іншыя. А да пачатку XIX стагоддзі гэта наогул была не турма, а манастыр з навучальнай установай! Нядзіўна, што пра гісторыю ўстановы ёсць што расказаць (і паказаць).
Экспазіцыя музея ўключае рэканструкцыю камеры, асабістыя рэчы, дакументы і ўзнагароды былых супрацоўнікаў турмы. Таксама прадстаўлены ланцугі і кайданы пачатку XIX стагоддзі. Ёсць вялікі падрабязны макет гродзенскай турмы.
У прыватным музеі гродзенскага калекцыянера Януша Паруліса знаходзяцца дзясяткі тысяч экспанатаў: пераважна з польскага і савецкага перыядаў гісторыі, але не толькі.
Заснавальнік музея прысвяціў сваё жыццё збору і захаванню артэфактаў, звязаных з Гроднам. Калекцыя ўключае прадметы побыту, вырабленыя на мясцовых фабрыках, кнігі, старажытныя ёлачныя цацкі, гадзіннікі, паштоўкі, фатаграфіі і іншыя гістарычныя прадметы.
Гэты прыватны музей — сапраўдная скарбніца для тых, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Гродна. На першы погляд можа здацца, што гэта проста груда наваленага адзін на аднаго хламу. Але першае ўражанне зманлівае! Абавязкова дайце музею Януша Паруліса шанец. Тым больш, усе прадметы тут можна кранаць і разглядаць максімальна блізка.
Галерэя «Грышук Арсенал» — гэта прыватны музей, прысвечаны халоднай зброі і воінскім артэфактам. Яго адкрыў былы дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук, які сабраў вялікую калекцыю халоднай зброі, у тым ліку парадныя і ўзнагародныя клінкі XIX-XX стагоддзяў.
У калекцыі можна знайсці шпагі, шаблі і іншыя клінкі. Адмысловая ўвага нададзена параднай зброі і ордэнам, уключна з рэдкімі і ўнікальнымі экспанатамі, такімі як медаль «За ўзяцце Парыжа» 1814 года, 500-летні меч батас з метэарытнага жалеза з Якуціі і залаты цырыманіяльны меч масонаў.
Ёсць нават высакаякасная рэканструкцыя даспехаў крылатага гусара Рэчы Паспалітай!
Чытайце падрабязней: Халодная зброя, рыцарскія даспехі і сямейныя рэліквіі. Былы дырэктар мясакамбіната адкрыў у Гродне галерэю-музей
У музеі таксама можна ўбачыць алімпійскія медалі Аляксандра Курловіча і асабістыя рэчы, звязаныя з захапленнямі Анатоля Грышука, такімі як паляванне і рыбалка.
У галерэі ёсць спецпрапановы: прымерка даспехаў, святкаванне дня нараджэння ў музеі і нават VIP-экскурсія.
Раней анатамічная экспазіцыя Гродзенскага медуніверсітэта знаходзілася ў самым цэнтры горада — у старажытных падвалах гістарычнага будынка на Савецкай плошчы. Але пару гадоў таму пераехала ў іншы корпус універсітэта.
Анатамічную калекцыю ва ўніверсітэце пачалі збіраць адразу ж пасля яго адкрыцця ў 1958 годзе. Зараз у калекцыі кафедры нармальнай анатоміі ёсць вялікая колькасць даволі жудасных тэраталагічных прэпаратаў - «сіямскія двайняты», «русалкі», «двухаблічны Янус», «цыклопія», «анэнцэфалы», плады са шматлікімі заганамі развіцця. Так што гэта музей не для слабанервовых.
Дом, у якім жыла знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. Яна — адзін з сімвалаў Гродна. У канцы XIX стагоддзі была неверагодна папулярнай, выдавалася ў шматлікіх краінах і двойчы была намінаваная на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Афіцыйна гэты насамрэч не дом-музей, а ўсяго толькі мемарыяльны пакой, прысвечаны Элізе Ажэшцы. Але пакой даволі багаты. Тут прадстаўлены асабістыя рэчы пісьменніцы, у тым ліку ўласнаручна сабраны ёю гербарый, а таксама матэрыялы, звязаныя з яе творчасцю.
Чытайце таксама: У Гродне зніклі турыстычныя стэнды пра Элізу Ажэшку. Іх усталявалі за грошы Еўрасаюза
Экскурсію тут могуць правесці на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах.
Самы стары драўляны будынак на тэрыторыі Беларусі. Яго пабудавалі ў 1760-я гады, а нядаўна цалкам адрэстаўравалі. Раней тут жылі манашкі, а ў савецкі час была псіхіятрычная клініка.
У 2024 годзе ўнутры размясцілі экспазіцыю пра даўні побыт беларусаў: экспанаты збіралі па вёсках Гродзенскага раёна.
Найстарэйшая прыватная мастацкая галерэя Гродна, якая прадстаўляе працы многіх мясцовых мастакоў. Вядомая сваімі катамі - жывымі сімваламі галерэі. Вельмі атмасфернае месца!
Музей мініяцюр працаваў у Гродне па вул. Тэльмана, 4, але зачыніўся ў 2022 годзе. Тут наведвальнікам давалі магчымасць убачыць паменшаную копію «ідэальнага» Гродна: з архітэктурнымі помнікамі розных эпох, у тым ліку тымі, што не захаваліся.
Музей павінен нанова адкрыцца ў комплексе былога Гродзенскага піўзавода, калі там скончыцца рэканструкцыя.
Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…
У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…
Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…
Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…
Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…
Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…