Hrodna.life пачынае акцыю, у якой чытачы змогуць атрымаць фірмовыя падарункі ад рэдакцыі, а журналісты — зваротную сувязь ад чытачоў. Для нас важны не толькі «сярэднестатыстычны» чытач, мы хочам ведаць меркаванні рэальных людзей, што чытаюць наc, і сказаць «дзякуй» хочацца таксама рэальным людзям. Таму мы запрашаем чытачоў да супрацы.
Сутнасць акцыі: мы прапануем абранаму дабраахвотніку чытаць усе навіны і артыкулы на нашай старонцы цягам тыдня. Пры гэтым — рабіць заметкі - што і чаму падабалася, зацікавіла ці пакінула абыякавым. Па выніках трэба будзе скласці свой топ-5 самых цікавых артыкулаў. У наступны за «працоўным» тыднем панядзелак мы запросім чытача ў рэдакцыю на планёрку, каб ён ці яна распавялі пра свае ўражанні ад чытання старонкі і сустрэліся з аўтарамі Hrodna.life. Пры сустрэчы таксама ўручым прыз — наш фірмовы кубак.
Перш чым прапаноўваць акцыю шырокай аўдыторыі, мы «патрэніраваліся на котках» — чытачамі-тэсціроўшчыкамі ўжо былі нашы будучыя калегі, навучэнцы «Школы сучаснай журналістыкі» Кацярына Буча і Павел Фабішэўскі.
На бягучым тыдні, з 30 студзеня па 5 лютага, чытачом-тэсціроўшчыкам працуе Варвара Злобіна, куратарка групы ў Школе сучаснай журналістыкі.
З наступнага тыдня, ад 6 лютага, прыняць ад яе эстафету можа любы з нашых чытачоў. Ахвотныя стаць тэсціроўшчыкамі Hrodna.life могуць пакідаць каментары са сваімі кантактамі напасрэдна пад артукулам ці ў нашых сацыяльных сетках або напісаць нам на рэдакцыйную скрыню [email protected]. У канцы тыдня мы разыграем гэту магчымасць паміж ахвотнымі.
Тым часам першыя ўладальнікі нашых фірмовых кубкаў ужо дзеляцца ўражаннямі ад карыстання. Кацярына Буча напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што новую кружку яна тэсціруе разам з катом і што чай у ёй атрымаўся знатным.