У жніўні 2020 года Гродна стаў асаблівым месцам на карце пратэстнай Беларусі — горадам, дзе ўлады паспрабавалі пагаварыць з людзьмі. Людзі таксама хацелі данесці да ўладаў шмат чаго — ахвотных выказацца было дастаткова. І каб даць магчымасць людзям выказацца, каля імправізаванай сцэны з’явіўся сіні намёт — «будка галоснасці», куды можна было зайсці і публічна выказацца. Меркавалася, што частка прапаноў і прэтэнзій, якія выказвалі людзі, будзе перададзена ўладам.
Аўдыёзапісы тых выступаў захаваліся. Дзякуючы ім рэдакцыя Hrodna.life у пятую гадавіну выбараў «вяртаецца» ў жнівень 2020 года, каб успомніць, пра што тады гаварылі гараджане, у што верылі і чаго чакалі ад улады. Імёны герояў зменены ў мэтах бяспекі.
«За гэта не пасадзяць?» Як у Гродне з’явілася «будка галоснасці»
Падчас мітынгаў у цэнтры горада было шмат гродзенцаў, якія хацелі выступіць і расказаць нешта сваё прысутным: пра сітуацыю ў краіне, затрыманні, свае думкі і надзеі. Таму ў нейкі момант каля помніка Леніну з’явіўся сіні намёт — «будка галоснасці». Паставілі яе гродзенскія актывісты, якія тады займаліся арганізацыяй, бачачы, што часу для выступлення ўсім не хопіць.
Аўдыёзапісы з выказваннямі людзей захаваліся. Дзе і ў каго яны захоўваюцца, у мэтах бяспекі рэдакцыя раскрываць не будзе.

Ідэя будкі не новая. Першая «будка галоснасці» з’явілася яшчэ на заходзе Савецкага Саюза — у пачатку 1990 года на Чырвонай плошчы ў Маскве. Гэта была кабінка з відэакамерай, куды любы жадаючы мог зайсці і выказацца. Гэты праект журналістаў Івана Конанава і Аляксея Гіганава стаў знакавай з’явай пераходнага перыяду позняга СССР. У кожнага выступоўцы была адна хвіліна на выказванне, запісы паказвалі па тэлебачанні. У Гродне, дарэчы, людзей па часе не абмяжоўвалі.
Пры гэтым і ў Маскве ўзору 1990 года, і ў Гродне ў 2020 годзе людзі задавалі прыкладна адно і тое ж пытанне: «За гэта не пасадзяць?». У Маскве пасля выступлення ў «будцы» людзей не арыштоўвалі. Тады эксперымент аказаўся ўдалым: людзі, упершыню атрымаўшы магчымасць гаварыць без цэнзуры, былі шчырыя, дзяліліся трывогамі, досыць рэзка выказваліся пра дзеючую ўладу, заклікалі да перамен.
Пасля такія ж «будкі галоснасці» ўсталёўвалі ў Санкт-Пецярбургу, Казані, Алматы, Таганрогу, Кіеве, Адэсе. А праз 30 гадоў яна з’явілася і ў Гродне, але ўсяго на некалькі дзён. Рэдакцыя Hrodna.life выбрала найбольш характэрныя цытаты.
Голас Гродна: што гаварылі гараджане ў жніўні 2020 года
Дзмітрый, індывідуальны прадпрымальнік:
Мужчына распавёў, што некалі «праходзіў праз гарачыя пункты».
— Магчыма, таму я асабліва цаню мір, міжканфесійную згоду і парадак, які існуе ў Беларусі. Я не згодны са сцвярджэннем, што беларусы жывуць горш за ўсіх. Гэта няпраўда. Я пабываў на чатырох кантынентах, у дзесятках краін, і з упэўненасцю магу сказаць: у нас далёка не горшая сітуацыя. Ці могуць беларусы жыць лепш? Безумоўна. Але для гэтага не трэба мяняць усё — дастаткова перагледзець эканамічныя законы і абазначыць выразную эканамічную палітыку, — быў упэўнены мужчына.

— Я спадзяваўся, што ўлада і людзі будуць размаўляць і абмяркуюць, што можна змяніць. На жаль, усё пайшло па найгоршым сцэнарыі. Улада сама справакавала мірныя пратэсты, а затым паспрабавала радыкалізаваць іх з дапамогай правакатараў — каб апраўдаць прымяненне сілы. Але проста вывелі спецназ, сталі хапаць людзей — і вырашылі, што ўсе спалохаюцца. На шчасце і да гонару, беларусы не спалохаліся. Улада наступіла на тыя ж граблі, што і Януковіч, калі збіў студэнтаў, — і на вуліцы выйшлі іх бацькі. Сёння дзясяткі тысяч людзей, без арганізатараў і дазволаў, праводзяць мірныя мітынгі, выказваюць сваю волю.
Дзмітрый казаў, што забастоўкі ён не падтрымлівае, а верыць у дыялог паміж уладамі і людзьмі. Ён таксама прапаноўваў арганізаваць каардынацыйны савет з дакладнай праграмай дзеянняў, але асцерагаўся, што дзеючая ўлада не сядзе за стол перамоў і ўдасца да правакацый. У канцы свайго выступу ён звяртаўся таксама і да сілавікоў.
— Памятайце, палітыкі заўсёды першымі здаюць сваіх. Вам давядзецца адказваць асабіста. Часам ствараецца ўражанне, што колькасць затрыманняў стала самамэтай. Магчыма, за гэта даюць прэміі? Падумайце: яшчэ не позна спыніцца. Яшчэ ёсць шанец пакаяцца. Выкарыстоўвайце свае веды і навыкі, каб абараніць людзей, а не запэцкацца канчаткова крывёю.
Святлана і Юрый, гродзенцы:
У першыя дні пратэстаў сын пары быў затрыманы ў Мінску. Гродзенцы хацелі справядлівасці і прыцягнення да адказнасці тых, хто брутальна затрымліваў маладога чалавека ў сталіцы. З гэтым і прыйшлі ў «будку галоснасці».

— Кіраўнік дзяржавы заяўляў, што на мітынгі выходзяць алкаголікі, наркаманы, гультаі. Гэта хлусня. Мой сын вучыцца ў Мінску, а ў другой палове дня працуе. 11 жніўня ён ехаў дадому пасля працы на сваёй асабістай машыне. Ні ў якіх акцыях ён не ўдзельнічаў. Яго аўтамабіль падрэзаў АМАП. З машын выскачылі байцы ў масках, былі чутныя стрэлы і выбухі. Без тлумачэнняў Максіма выцягнулі з машыны, паклалі на капот, затрымалі. Усё гэта адбылося без супраціву з яго боку, — распавядалі гродзенцы.
Кірыл, жыхар Гродна:
Малады чалавек таксама расказваў пра сваё затрыманне. У адзін з дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў ён гуляў з роднымі і блізкімі на плошчы Савецкай. Да іх раптам пад’ехаў мікрааўтобус і яшчэ некалькі машын. З іх выскачылі людзі ў чорнай форме і балаклавах.
— Яны спыталі, што мы робім. Я адказаў: «Гуляем» — і нас адразу пачалі хапаць, — успамінае Кірыл.

Мама хлопца паспрабавала абараніць яго, але яе адштурхнулі і яна ўпала. Кірыл падчас затрымання атрымаў траўму — пазней у бальніцы дыягнаставалі пералом косткі ў назе і падазрэнне на страсенне. Міліцыянты выклікалі яму хуткую дапамогу. Хлопца даставілі ў бальніцу. Пазней, калі малады чалавек прыйшоў сустракаць знаёмага да ізалятара, яго зноў затрымалі.
Ён адзначыў, што сілавікі «пачалі хапаць усіх запар», нават тых, хто толькі што выйшаў. Яму ў выніку пашанцавала — хлопца адпусцілі з-за траўмы.
— Яшчэ я хачу падзякаваць брыгадзе хуткай дапамогі — не ведаю, як бы ўсё абярнулася без іх, — сказаў Кірыл.
Валерыя, жыхарка Гродна:
— Калі ён застанецца ва ўладзе, гэтаму рэгіёну канец. Частка людзей сядзе, як я зараз, таму што кажу свабодна. Частка проста з’едзе, бо ў паловы насельніцтва ёсць польскія карані, а Польшча і Літва гатовыя прымаць гэтых людзей. Тады спыняцца ўсе заводы, таму што не застанецца рабочых, — была ўпэўненая дзяўчына.

— Эканоміка ўсё роўна будзе падарваная, але калі Лукашэнка сыдзе, шкоды будзе менш. Калі ён застанецца даўжэй, гэты перыяд зацягнецца, людзі будуць зламаныя і будуць адчуваць сябе нямоглымі. А нямоглыя людзі — гэта як рабы. Менавіта гэта і зломіць іх. Калі ён думае, што шмат працаваў і заслужыў, каб мы яго шанавалі, ён павінен сысці зараз, каб выратаваць тое, што яшчэ ёсць. Людзі хочуць і ўмеюць працаваць, хочуць вярнуцца на заводы. Але мы не хочам працаваць на яго, таму што ён не паважае нас і думае пра нас горш, чым мы ёсць на самой справе.
Вячаслаў, спецыяліст з Гродна:
— Калі хто-небудзь штосьці абяцае — гэта павінна выконвацца. Калі чалавек абяцае заробак у 1000 долараў у 2015 годзе, яго выбіраюць, ён становіцца прэзідэнтам, але абяцанні не выконвае. Я добрасумленна працаваў усе гэтыя пяць гадоў, ахвяраваў часам, выкладваўся. Але сярэдні заробак па краіне сёння — 420 долраў. Дзе яшчэ 600? За пяць гадоў я недаатрымаў 34 тысячы долараў. Хацеў бы атрымаць іх, аддаць сям'і, забяспечыць адпачынак сабе і блізкім. Нават гатовы ахвяраваць — проста хай аддадуць, — казаў малады чалавек.

— Я думаю, кожны з нас таго ж меркавання. Абяцанні не павінны заставацца пустымі словамі, а павінны выконвацца. Але гэта гучыць ужо 26 гадоў. Ну, сумна.
Жыхарка Гродна:
— Я лічу, што Лукашэнка нелегітымны з 2006 года. Ніколі за яго не галасавала, акрамя таго года — пад прымусам. Я была цяжарная, у радзільным доме. Прыйшлі дактары: «Хочаце нарадзіць нармальна — ведайце, за каго галасаваць». Нам прынеслі бюлетэні прама ў палату, галасаванне было таемным. Мае патрабаванні: Расія павінна вывесці войскі. І, калі ласка, сядзіце роўна дома на попе. Дзякуй.

Жыхарка Гродна:
— Хачу звярнуцца да ўладаў горада, дырэктарам прадпрыемстваў: прасуючы нас, пагражаючы, пакрываючы гэтую ўладу, ведайце, што вы абараняеце забойц. Калі ласка, ратуйце нас.