Спадчына

Школа Ажэшкі і дом, дзе хаваўся Вітаўт. Топ-7 камяніц Варшавы, якія варта пабачыць беларусам

Захоўваць аўтэнтыку, аднаўляць копіі ці будаваць шматпавярховікі - гэтае пытанне цягам гісторыі паўставала не толькі ў Гродне. І развязвалі яго па-рознаму. У Другую сусветную вайну блізу 80% старой Варшавы было разбурана. У часы сацыялістычнай Польшчы дамы, дзе захавалася прынамсі частка, адбудавалі нанова. «У гэтым ёсць мінус — часам у Варшаве вельмі цяжка знайсці цалкам аўтэнтычны захаваны дом ці камяніцу», — адзначае гід і аўтар экскурсій па беларускіх мясцінах Варшавы Юрый. Разам з ім Hrodna.life адправіўся на шпацыр па знакавых для беларусаў камяніцах Варшавы.

Вандроўка стала магчымай дзякуючы партнёрству з гатэлем Chopin Boutique B&B.

1. Кляштар сакрамэнтак, дзе вучылася Эліза Ажэшка (rynek Nowego Miasta, 2)

На плошчы Рынку Новага мяста ў адбудаваным старым цэнтры Варшавы стаіць касцёл Святога Казіміра з ратондай. «Ён падобны да праваслаўнай царквы, але гэта касцёл», — зазначае Юрый. Пры касцёле дагэтуль дзейнічае кляштар сясцёр-сакрамэнтак.

Менавіта там, у школе пры кляштары, з 1852 па 1857 год вучылася Эліза Ажэшка. Будучай пісьменніцы, якая неўзабаве праславіла Гродна, было тады 11 гадоў. У Варшаву яна прыехала з бабуляй.

«Каталіцкія ордэны тады давалі добрую адукацыю, многія аддавалі туды сваіх дзяцей — там вучылі не толькі слову божаму, але і ўсім навукам».

Кляштар і касцёл збудавалі ў 1688 годзе кароль Ян Сабескі і каралева Марыя Казіміра Сабеская як падзяку за перамогу над туркамі пад Венай. Марыя жа прывезла ў Польшчу і сясцёр-сакрамэнтак. Будынак кляштара быў сціплым, але ў 1740-х, дзякуючы фундацыі Ганны Радзівіл, ён набыў той выгляд, які мае зараз. Комплекс знішчылі ў верасні 1944 года.

«У Старым мясце ішлі цяжкія баі, потым Гітлер казаў разбурыць [Варшаву], каб адпомсціць за [Варшаўскае] паўстанне. Немцы мэтанакіравана падарвалі касцёл Святога Казіміра і кляштар, бо там быў шпіталь паўстанцаў. Загінулі і сёстры, і каля 1000 паўстанцаў. Немцы далі ім час, каб выйсці, але ніхто не сышоў».

Комплекс аднавілі ў 1960-х гадах. Касцёл — у выглядзе, які ён меў у канцы XVII ст., а кляштар — у выглядзе XVIII ст.

Зараз кляштар — просты квадратны двухпавярховы будынак з чырвоным дахам і зялёнай вежкай, у стылі барока, часта яго называюць польскі сядзібны стыль. Ён стаіць праваруч ад касцёла. Касцёл — сумяшчэнне візантыйскага стылю і барока.

«Ёсць нават рэнесансавыя ноткі, бо Ян Сабескі любіў Старажытны Рым. Касцёл не надта гатычны, высокі, фанабэрысты — але прыгожы».

2. Гатэль Chopin — камяніца роду Плятэр (Smolna, 14)

Дом на Smolnej у цэнтры быў збудаваны ў 1910 годзе па праекце Эдварда Эбера, вядомага варшаўскага архітэктара. Гэта быў першы ў горадзе прыклад берлінскага мадэрнізму. Яго вызначае мінімалізм упрыгожанняў і выкарыстаныя ў іх геаметрычныя формы. На вуліцы будынак выбіваўся востраканцовай кутняй вежай, якая не захавалася.

У камяніцы жыла сям’я гербу Плятэраў, да якога належыць беларуская фалькларыстка, кіраўнічка ўзброенага атраду ў час паўстання 1830—1831 гадоў Эмілія Плятэр. Род паходзіў з Лівонскага рыцарскага ордэна, у час Эміліі жыў у Беларуска-Віцебскай губерні, зараз гэта тэрыторыя Латвіі. Эмілія стала адным з сімвалаў паўстання.

Падчас Варшаўскага паўстання 1944 года камяніца знаходзілася ў цэнтры баявых дзеянняў, насупраць падпольных выдавецтваў, але ацалела. У падвале дома хавалася шмат мірных жыхароў.

Зараз там размяшчаецца Chopin Boutique B&B (буцік-гатэль «Шапэн») з нумарамі, аформленымі ў стылі ар-дэко і прысвечанымі гістарычным дзеячам Польшчы і іншых еўрапейскіх краін. Напрыклад, ёсць нумар, прысвечаны шанаванай у Гродне каралеве Боне Сфорца, ужо згаданай Эміліі Плятэр або Аляксандры Заёнчак — шляхцянцы са Слоніма, якая быццам бы ведала сакрэты маладосці і ў 82 гады выглядала на 35.

Уласнікі гатэля намагаліся ўзнавіць першапачатковы выгляд будынка, засяроджваючыся на захаваных элементах — драўляных вокнах, дзвярах, мармуровых лесвіцах.

3. Рэктарат Варшаўскага ўніверсітэта (Krakowskie Przedmieście, 26/28)

Кракаўскае прадмесце, дзе размешчаныя карпусы Варшаўскага ўніверсітэта — адна з нешматлікіх частак горада, якая ацалела ў Другую сусветную вайну. Будынкі і палацы ўратавала тое, што там было шмат нямецкіх пазіцый.

Сэрца ўніверсітэта — будынак рэктарата — строгі, з порцікамі і каланадай, у стылі класіцызму, якім ён стаў у XIX ст. Але першапачаткова гэта быў барочны палац, збудаваны ў 1630-х. Тады ён называўся Казіміроўскі палац — гэта была ўлюбёная рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Казіміра Вазы. Задоўга да стварэння ўніверсітэта ў цяперашнім будынку рэктарата дзейнічаў Кадэцкі корпус. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай нейкі час там месціліся прускія казармы. Стан будынку пагоршыўся, і ў 1816−17 гадах архітэктар Якуб Кубіцкі перабудаваў яго ў модным тады стылі класіцызму, пасля чаго туды заехаў рэктарат Варшаўскага ўніверсітэта.

Тадэвуш Касцюшка быў адным з першых выпускнікоў Кадэцкага корпуса (Рыцарскай школы). Корпус быў заснаваны ў 1765 годзе па ініцыятыве князя Чартарыйскага і непасрэдна караля Станіслава Панятоўскага, у тым жа годзе ва ўзросце 19 гадоў туды залічылі Касцюшку.

«Менавіта там ён атрымаў сваю мянушку „Швед“, бо быў такім, якімі ведалі шведскія войскі - вельмі дысцыплінаванымі, баяздольнымі, настойлівымі. Ён браў удзел у двубоях, спрэчках, вылучаўся ганарлівасцю, стойкасцю і мужнасцю». Кадэцкі корпус ліквідавалі ў 1794-м пасля паразы паўстання Касцюшкі.

Двойчы, у 1905 і 1908 гг., рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта абіралі Яўхіма Карскага — этнографа і славяназнаўцу. Ён нарадзіўся ў вёсцы Лаша (зараз Гродзенскі раён). У Варшаўскім універсітэце выкладаў рускую і сербскую мовы, быў прафесарам.

«Гэта выключны момант, калі двойчы кагосьці абіралі рэктарам. Ён карыстаўся вялізнай пашанай у варшаўскіх навуковых колах, напісаў вялікую працу „Беларусы“, прысвечаную беларускай мове, культуры. Браніслаў Тарашкевіч рабіў сваю першую граматыку, спасылаючыся на Яўхіма Карскага».

Карскі заставаўся рэктарам да 1910 года. У той час, у 1908−1914 гадах, ва ўніверсітэце дзейнічала Беларускае зямляцтва — буйное аб’яднанне беларускіх студэнтаў.

У 1931−1935 гадах у Варшаўскім універсітэце на юрыста вучыўся Менахем Бэгін. Ураджэнец Брэста, палітык, філосаф, пісьменнік і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, ён быў адным са стваральнікаў дзяржавы Ізраіль, яе сёмым прэм’ер-міністрам. У час вучобы ва ўніверсітэце быў адным з кіраўнікоў польскага аддзялення «Бэйтара» — яўрэйскіх скаўтаў. У 1940-м Бэгіна ў Вільні арыштаваў НКУС, ён трапіў у лагер. Тым часам у 1941 годзе ўсю яго сям’ю ў Варшаве забілі немцы. Па вызваленні з лагера Бэгін уступіў у войска генерала Андэрса, а пасля вайны цалкам пагрузіўся ў барацьбу за стварэнне дзяржавы Ізраіль.

4. Камяніца Вітаўта, ці камяніца пад Святой Ганнай (Rynek Starego Miasta)

На белай камяніцы ў паўночна-заходнім куце Рынкавай плошчы ёсць каплічка Святой Ганны ў сцяне. Паводле адной з легенд, там хаваўся князь Вітаўт, калі ўцякаў з Крэва, дзе яго ўвязніў і хацеў забіць ягоны стрыечны брат Ягайла. Пэўны час мазавецкія князі ўкрывалі Вітаўта ў Варшаве.

Гэты дом хацела ўвекавечыць сястра Вітаўта Данута, якая пасля хрышчэння стала Ганнай. Па легендзе, яна прыехала ў Варшаву і настойвала, што паводле паганскай традыцыі, каб дом стаяў добра, трэба замураваць туды ахвяру, чалавека.

«Але мазавецкія князі былі хрысціяне, каталікі, і сказалі „не“. Доўга спрачаліся, але вырашылі замураваць туды чорнага ката. Каб потым ураўнаважыць цёмныя сілы, там пабудавалі капліцу Святой Ганны. Ці тое па паганскай традыцыі, ці па хрысціянскай — але гэта самы ацалелы пасля вайны дом на Рынку».

Камяніца стала такой, якая яна цяпер — у барочным стылі з дамешкам готыкі - у пачатку XVII ст. Плошча рынка з’явілася раней, але калі Вітаўт там хаваўся, дом выглядаў інакш — маленькая, простая камяніца. Цягам сваёй гісторыі гэта быў даходны дом. Па адной з версій пэўны час там знаходзілася венецыянскае прадстаўніцтва, пра гэта сведчыць барэльеф льва святога Марка — герб Венецыі. Зараз будынак належыць гораду, яго арандуюць для розных імпрэз. Унутры ён нагадвае студню са сходамі ў цэнтры.

5. Палац Красінскіх (Plac Krasińskich)

Будынак доўга быў на рэканструкцыі, для наведнікаў яго адкрылі толькі ў траўні 2024 года. Зараз там месціцца філіял Нацыянальнай бібіліятэкі Польшчы — аддзел старадрукаў. У палацы выстаўленыя арыгіналы першых двух Статутаў ВКЛ — 1529 і 1566 гадоў, снапок валасоў Касцюшкі, Супрасльскі летапіс, рукапісы Міцкевіча, Яна Каханоўскага, Элізы Ажэшкі.

Палац збудаваны ў 1677−1683 гадах у стылі барока для ваяводы Плоцка Яна Банавентуры Красінскага.

«Красінскія будавалі яго з адсылкай да французскага Рэнесансу — як мінімалістычны Версаль. За палацам Красінскіх — парк, з цэнтральнай восі ёсць аглядная веранда на яго. У палацы шмат скульптур, яны адсылаюць да Грэцыі і Рыму, старажытных багоў і персанажаў. Усюды праз тэматыку палаца падкрэсліваецца паходжанне Красінскіх ад старадаўняга роду рымскіх патрыцыяў, ад Марка Аўрэлія Корвіна. Над франтонам палаца ёсць вялізная скульптура — рымскі ваяр з мячом і шчытом, на шаломе ў яго сядзіць крумкач, радавая птушка Красінскіх [лат. Corvus крумкач — Hrodna.life]. Гэтая птушка ёсць і на барэльефах, і на гербе Красінскіх. Крумкач — сімвал мудрасці, а Красінскія былі філантропы і мецэнаты, збіралі кнігі. Менавіта таму ў іх палацы зрабілі філію Нацыянальнай бібліятэкі».

Будынак амаль цалкам згарэў у 1944 годзе, быў адноўлены ў 1960-я гады і перададзены бібліятэцы, там ладзіліся выставы. Нацыянальную бібліятэку Польшчы стваралі на аснове збораў братоў-біскупаў Залускіх.

«Яны сваімі намаганнямі яшчэ ў 1740-х збіралі кнігі ў сваім палацы, выкупілі палац адзін, другі, і зрабілі вялізную першую сапраўдную бібліятэку. У зборы была ўся Рэч Паспалітая: Беларусь, Польшча, Літва, Украіна, і Заходняя Еўропа. Яны збіралі, нумаравалі, стваралі каталогі. Я думаю, там было шмат беларускага, але шмат што згубілі пад час вайны, вывезлі немцы, шмат чаго згарэла».

Зараз у палац можна трапіць бясплатна шэсць дзён на тыдзень — акрамя нядзелі - і на ўласныя вочы пабачыць каштоўныя дакументы.

6. Дом Манюшкі (Krakowskie Przedmieście, 81)

У рэнесанснай камяніцы паблізу замка два гады жыў Станіслаў Манюшка. Камяніца была збудаваная ў 1650-х гадах, пацярпела падчас Варшаўскага паўстання, была адноўленая ў 1949 годзе. Гэта была камяніца Мацея Кракоўскага, варшаўскага купца — тыповы даходны дом. Ён стаў першым месцам жыцця Манюшкі ў Варшаве, калі ён перабраўся туды на стала. На камяніцы ёсць памятная шыльда, прысвечаная славутаму кампазітару.

Манюшка паходзіць з фальварка Убель Ігуменскага павета (зараз Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці). Ён вучыўся музыцы ў Варшаве, пасля ў Мінску, Берліне. Працаваў у Вільні, але часта выбіраўся адтуль у Мінск. У 1858 годзе ён зноў прыехаў у Варшаву і застаўся там. Станіслава Манюшку лічаць стваральнікам польскай нацыянальнай оперы. Першыя ягоныя творы ставілі ў Мінску і ў Гродне. Манюшка напісаў музыку да «Сялянкі» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у творчасці выкарыстоўваў беларускі фальклор.

7. Найстарэйшая захаваная камяніца (скрыжаванне вуліц Celna і Brzozowa)

У старым цэнтры ёсць незвычайны дом: з як бы разрэзанай атынкаванай камяніцы, вытыркаюцца цагляныя абрысы контрфорсаў вежы раманскага, гатычнага стылю. Ён не звязаны з Беларуссю, але цікавы тым, што гэта найстарэйшая аўтэнтычная камяніца Варшавы.

«Калі вы ўбачыце гэтую камяніцу, адразу зразумееце. Гэта былы ўезд у горад — Гнойна брама. Вежу закансервавалі яшчэ археолагі пачатку ХХ ст.». Сама камяніца была жылым домам.

Унутраная пабудова — 1230-х гадоў, фактычна, часоў заснавання Варшавы. «Гэта быў уезд з усходу, з Віслы. У браме стаяла варта і брала cło — мыту за ўезд у Варшаву, таму вуліца называецца Celna. Паводле адной з версій, у Мікалая Гогаля Тарас Бульба менавіта гэтай вуліцай праязджаў у горад, каб пабачыцца з сынам, які быў у палоне ў палякаў».

Побач з брамай была Гнойная гара — варшаўская гарадская сметніца. У XIX ст. забаранілі скідваць туды смецце. Месца засеялі травой, зараз там аглядная пляцоўка.

Вандроўка стала магчымай дзякуючы партнёрству з гатэлем Chopin Boutique B&B.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024