Карыснае

Шматфункцыйная набярэжная, парк з дзікай прыродай і гатэль з пчоламі. 7 урбаністычных ідэй Варшавы, якія можа пазычыць Гродна

Як і навошта ствараць тусовачны квартал і музеі ў былым прадпрыемстве, сучасны парк — на месцы будаўнічага сметніка, а пасеку — на даху гатэля ў цэнтры горада? Hrodna.life паглядзеў, якія ідэі для гарадской прасторы рэалізавалі ў Варшаве — і што Гродна магло б пазычыць сабе.

Вандроўка па ўрбаністычных адметнасцях Варшавы стала магчымай дзякуючы партнёрству з гатэлем Chopin Boutique B&B.

Старая электроўня (Elektrownia Powiśle)

Стогадовую электрастанцыю на ўзбярэжжы Віслы не толькі захавалі, але і ажывілі. Там месцяцца офісы, шоўрумы, гандлёвы цэнтр, кавярні, харчовы супермаркет і вялізны фудкорт, ёсць прастора для івэнтаў, рэгулярна ладзяцца канцэрты. У праходах паміж карпусамі ўладкаваныя зялёныя зоны з кустамі і дрэвамі і летнія пляцоўкі кавярняў.

Варшаўскую электрастанцыю на Вісле пачалі будаваць у 1904 г. Пэўны час яна была адной з найбуйнейшых і самых сучасных электрастанцый у Польшчы. Прадпрыемства перажыло вайну і перастала выпрацоўваць энергію ў 2001 г. — прапрацаваўшы амаль стагоддзе. Будынкі пуставалі 15 гадоў, пакуль імі не заняліся дзве прыватныя кампаніі.

Ад пачатку праект задумвалі так, каб захаваць як мага больш гістарычных элементаў і характар будынкаў, пры гэтым змяніўшы іх прызначэнне. Пры рэстаўрацыі выкарыстоўвалі традыцыйныя метады абпалу цэглы. Дзве трубы захавалі і падсвяцілі. Прадметы, вынятыя з будынкаў электрастанцыі, выкарысталі ў інтэр'еры, таксама з іх зрабілі скульптуры, расстаўленыя па розных паверхах.

У асноўны будынак упісалі шкляныя элементы, якіх шмат і ў суседніх сучасных пабудовах, зашклёны адзін з фасадаў. У суседніх будынках выкарыстаны элементы з цэглы і масіўныя знешнія бэлькі - каб усё было стылістычна дапасаваным. На тэрыторыі прадугледжаны паркоўкі для ровараў і безбар’ерная прастора.

Першай гродзенскай электрастанцыі 1912 года пабудовы пашанцавала менш — яе проста знеслі. Але можна паспрабаваць захаваць іншыя помнікі даўняй прамысловай архітэктуры, напрыклад, Станіславоўскую кафлярню Друцкіх-Любецкіх.

Гарэлкавы завод (Koneser)

Яшчэ адна грамадская прастора, вартая ўвагі - былы гарэлкавы завод Koneser у варшаўскім раёне Прага. Завод збудаваны ў 1897 годзе ў неагатычным стылі. Некалі тут выпускалі папулярныя маркі польскай гарэлкі, на фабрыцы працавала каля 400 чалавек. Завод ліквідавалі ў 2000-х. Рэвіталізацыя комплексу плошчай 5 га пачалася ў 2012−15 гадах.

Зараз у комплексе працуюць музеі, мастацкія галерэі, буцікі, кафэ, медыцынскі і гандлёвы цэнтры, гатэль і кампус Google для стартапаў. Тэрыторыя комплексу займае 5 га. Старыя будынкі завода акуратна адрэстаўравалі і спалучылі з сучаснымі пабудовамі. Часткова захавалі «начынку»: у адміністрацыйным корпусе засталася арыгінальная падлога, у былой кацельнай пакінулі абсталяванне, перарабіўшы яе пад бар, у старым спіртавым складзе адкрылі музычны клуб. На некалькіх пляцоўках ладзяць кірмашы, канцэрты, канферэнцыі і выставы. На тэрыторыі фабрыкі ёсць падземны паркінг і жылыя блокі.

У Гродне годна паступілі з аналагічным комплексам — гродзенскім піўзаводам. Пасля шматгадовага руйнавання, пажару і змены ўласніка ў 2021 годзе пачалі рэканструкцыю. У час прац у будынку бровара XIX ст. адкрылі архітэктуру ранейшага палаца XVII ст. Інвестар вырашыў аднаўляць больш ранні будынак, зрабіўшы аўтэнтыку фішкай комплексу. Там захаваецца памяць і пра бровар. У комплексе плануюць адкрыць музей піва, міні-бровар, гатэль, крамы і кафэ.

А вось будынкам першага гарадскога мясакамбіната пашанцавала менш — пастанавілі зносіць. Тэрыторыю прадалі ў 2023 годзе, каб збудаваць на тым месцы таўнхаусы.

Пчолы на гатэлі

У еўрапейскіх гарадах ёсць практыка гарадскога пчалярства — утрымання пчол на дахах будынкаў, балконах ці ў грамадскіх парках. Побач у скрынях і на кветніках садзяць меданосныя расліны. Гэтая ініцыятыва дапамагае палепшыць біяразнастайнасць, падтрымліваць апыленне раслін і вырабляць лакальны мёд.

Такія вуллі ёсць на даху аднаго з варшаўскіх гатэляў Chopin Boutique B&B (буцік-гатэль «Шапэн»). Гэта стала магчыма, калі ў 2014 годзе гарадскі савет Варшавы легалізаваў гарадскія пасекі. Гэта цалкам бяспечна — пчолы не джаляць. Яны прылятаюць з даху, бяруць нектар і ляцяць назад у вулей. Уласны мёд гатэль прапануе гасцям на арганічных сняданках, яго можна купіць у падарунак блізкім. Смак мёду змяняецца цягам года — у залежнасці ад таго, якія расліны квітнеюць у гэты час у гарадскіх парках. Пчолы паляпшаюць экалагічную сітуацыю ў месцы пражывання, апыляючы кветкі на хмызняках і дрэвах. Яны перапрацоўваюць і ферментуюць нектар і могуць рабіць мёд, прыдатны для ежы, нават у цэнтры вялікіх гарадоў.

Гарадская пасека — частка экалагічнай палітыкі і агульнай філасофіі гатэля. Таксама там вырошчваюць уласную зеляніну, гародніну і кветкі, а кафэ прапануе прадукты і напоі ад лакальных вытворцаў. Пастаяльцы могуць бясплатна карыстацца гатэльнымі роварамі.

У Беларусі гэтая практыка не распаўсюджана. Гродна мог бы стаць першым горадам, які падтрымлівае біяразнастайнасць такім чынам — тым больш што кіраўнік горада Андрэй Хмель казаў пра намер зрабіць Гродна самым квітнеючым горадам краіны. А якія ж кветкі без пчол?

Набярэжная (Bulwary wiślane)

Сучасную набярэжную ў Варшаве стваралі ў некалькі этапаў з 2013 года. Першую частку праекта завяршылі і адкрылі ў 2015 годзе, а наступныя этапы працягваліся да 2019-га. У 2021 бульвары на Вісле атрымалі ўзнагароду «Industry Innovation Award» Міжнароднай асацыяцыі інжынерыі і даследаванняў гідраэкалогіі (IAHR) як выбітны прыклад сучаснай набярэжнай, якая спалучае адказ на патрэбы жыхароў з аспектам аховы прыроды. Каб супрацьстаяць наступствам змянення клімату, бераг ракі і інфраструктуру падрыхтавалі да паводак.

Бульвары праходзяць уздоўж заходняга берага Віслы і ўключаюць розныя зоны для пешаходаў, раварыстаў, кафэ, бараў, зоны для адпачынку. Даўжыня — каля 5 км. Летам там праходзяць разнастайныя мерапрыемствы, канцэрты і культурныя падзеі.

На набярэжнай ёсць месца і мастацкім інсталяцыям, і скульптурам, і фантанам. Азеляненне зроблена шматгадовымі раслінамі, ёсць нават «пляж» з пяском і шэзлонгамі, батуты, забавы для дзяцей, зоны з прыступак для сядзення. Уздоўж набярэжнай цягнецца веласцежка, кафэ з летнімі тэрасамі, ёсць туалеты і нават душ.

Некаторыя кампаненты можна было б пазычыць для ўладкавання гродзенскай набярэжнай, планы на якую не могуць аформіць і рэалізаваць ужо шмат гадоў. Нават пасля конкурсу ідэй, зладжанага гарадскімі ўладамі восенню 2023 года, адзінай канцэпцыі так і не абралі. Тым не менш набярэжную намераны рэканструяваць да 2028 года — праект называюць падарункам да 900-годдзя Гродна.

Парк акцыі «Бура» (Park Akcji «Burza»)

Парк акцыі «Бура» адкрылі ў 2024 годзе напярэдадні чарговай гадавіны Варшаўскага паўстання 1944 года. Ён атачае курган у гонар таго ж паўстання, які ўтварыўся з рэшткаў зруйнаванай немцамі Варшавы. Іх звозілі туды да 1960-х, фактычна, месца было будаўнічым сметнікам. Паступова руіны зараслі і ператварыліся ў штучны пагорак вышынёй больш за 30 м з «лесам» вакол. У 1994 на вяршыні кургану ўсталявалі манумент паўстанню, а з цягам часу вакол гэтага месца паўсталі жылыя раёны. У новым парку вырашылі сумясціць мемарыяльную і рэкрэацыйную функцыі.

Антрапагенны ландшафт сучаснага парку падзелены на тры зоны з разнастайным рэльефам і функцыямі:

  • курган са стромкімі схіламі і пышнай расліннасцю, якая складаецца з піянерных і інвазійных відаў. Гэта месца памяці пра паўстанне, разбурэнне Варшавы і яе адбудову;
  • пляскатая тэраса, прыўзнятая на 4−7 м над наваколлем. Яе ператварылі ў грамадскую прастору з дзіцячай пляцоўкай;
  • даліна Віслы — найменш трансфармаваная частка парку з рэкрэацыйнай і экалагічнай функцыямі.

На вяршыню кургана вядзе лесвіца з гістарычнай экспазіцыяй. Рыхлы друз-руіны запаўняе габіёны ў лабірынце, буйныя кавалкі будынкаў выстаўленыя ў парку і на алеі. Створаны з руін курган няўстойлівы — каб зрабіць бяспечным знаходжанне на ім вялікай колькасці людзей у час святкавання гадавін паўстання, яго ўмацавалі палямі.

Пагорак акружае экасцежка, бо там жыве шмат птушак, кажаны і лісы. Сярод высокіх акацый збудавалі зігзагападобны пешаходны мост з крацістай паверхняй. У час рэканструкцыі тэрыторыі там пасадзілі больш за 450 маладых паркавых дрэў і каля 8,5 тыс. саджанцаў лясных дрэў, а таксама шматлікія хмызнякі і шматгадовыя расліны мясцовых відаў. Захавалі і зоны дзікай прыроды з абмежаваным доступам чалавека. Там адмыслова не праводзілі асвятленне, каб захаваць прыродныя рытмы для птушак і дробных жывёл.

У парку прадугледжана безбар’ернае асяроддзе, ёсць шлях на курган для людзей з інваліднасцю. Парк атрымаў Гран-пры архітэктурнай узнагароды прэзідэнта Варшавы.

Такім мемарыяльным і адначасова рэкрэацыйным месцам у Гродне мог бы стаць парк каля Кургана Славы. У схеме азелянёных тэрыторый горада, распрацаванай да 2030 года, ён улічаны як мемарыяльны комплекс.

Пераўтварэнне плошчы Пяці вуглоў (Plac Pięciu Rogów)

Плошча Пяці вуглоў размешчана ў цэнтры Варшавы, у месцы збегу пяці вуліц. Колішняе вялікае скрыжаванне, залітае асфальтам і забітае аўтамабілямі, пераўтварылі ў прастору з дрэвамі і перавагай для пешаходаў і раварыстаў.

Зараз рух прыватных аўтамабіляў на плошчы абмежаваны доступам да аб’ектаў на аснове спецыяльнага ідэнтыфікатара. Захавалі праезд для аўтобусаў. Для павышэння камфорту і бяспекі пешаходаў і раварыстаў абазначылі два новыя наземныя пераходы і новыя палосы для веласіпеднага руху. На плошчы стала больш месца для яе найважнейшых функцый і зоны адпачынку. Усталявалі лавачкі і тумбы для сядзення, пасадзілі 22 маладыя дрэвы, каб забяспечыць цень у спёку, паставілі кусты ў кадках. Ходнік вакол дрэў падвешаны і абараняе каранёвы ком, які можа расці ў розныя бакі, пакідае доступ для вады. У паглыбленні ў паверхні ёсць невялікі фантан, з якога п’юць птушкі і хатнія гадаванцы. Плошча стала месцам сустрэч.

Праект завяршылі ў 2020 годзе, працы цягнуліся год.

Падобным чынам можна было бы працаваць над пашырэннем пешаходнай зоны ў цэнтры Гродна, каб зрабіць яго больш прыязным для жыхароў і гасцей.

Помнік пана Gumy

Незвычайны помнік ёсць у варшаўскім Музеі сучаснага мастацтва. Некалькі гадоў ён стаяў пры скрыжаванні вуліц Stalowa і Czynszowa ў раёне Новая Прага. Помнік прысвечаны вядомаму ў тым раёне пану Збышку па мянушцы «Пан Гума» — маргінальнаму, але пазнавальнаму мясцоваму жыхару. Ён стаяў ля крамы і хістаўся. Такім зрабілі і сам помнік: фігуру ў натуральную велічыню ў бліскучай куртцы ўсталявалі на спружыне і яна хісталася пры дотыку.

Аўтар скульптуры Павел Альтхамер працаваў над ёй тры гады і ствараў яе ў супрацоўніцтве з дзецьмі і апекунамі з групы педагогікі і сацыяльнай анімацыі Praga Północ. Помнік з’явіўся ў 2009 годзе і выклікаў дыскусіі ў жыхароў: некаторыя лічылі, што ён падтрымлівае негатыўную рэпутацыю раёна. Іншыя ж прынялі яго добра і то апраналі ў пуховую куртку, то дарылі яму цёплую шапку. У 2011 годзе праскага пана Гуму забралі на рэканструкцыю і так і не вярнулі.

Такія помнікі гарадскім легендам, нават маргінальным — спосаб захаваць памяць пра людзей, якія напаўняюць горад і робяць яго тым, чым ён ёсць. У Гродне ў розны час такімі былі, напрыклад, вулічны музыка Станіслаў Семінскі, вядомы як «Свістун», ці зборшчык другсыравіны і, паводле легенды, падпольны мільянер Аляксандр Ярмаловіч, вядомы як Лютэк.

Вандроўка па ўрбаністычных адметнасцях Варшавы стала магчымай дзякуючы партнёрству з гатэлем Chopin Boutique B&B.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024