У Старыя Васілішкі, вёсачку на 30 чалавек недалёка ад Гродна, штогод прыязджаюць тысячы турыстаў з цэлага свету. Яны імкнуцца да малой драўлянай хаткі пры дарозе — клуба-музея Чэслава Немэна. Ад заснавання музея ў 2010 годзе дом музыкі наведалі больш за 30 000 турыстаў. Да дня народзінаў легенды славянскага року Hrodna.life расказвае пра падарожжа на радзіму Чэслава Немэна і той дзіўны свет, адкуль ён выйшаў у жыццё.
Маленькі музей вялікага музыкі
Калі б Чэслаў Немэн пражыў яшчэ некалькі гадоў, яго музей ў Старых Васілішках напэўна б не з’явіўся, кажа Уладзімір Сенюта, кіраўнік музея і экскурсавод у адной асобе.
Дом, дзе нарадзіўся і правёў першыя 19 гадоў свайго жыцця Чэсік Выджыцкі, будаваў у 1917−18 гадах яго дзед для сваіх двух сыноў. На адной палове хаты жылі бяздзетныя дзядзька Віктар з жонкаю Валерыяй, другую займала сям’я Антося і Ганны — бацькоў Чэслава.
«Калі ў 1958 годзе сям’я Выджыцкіх з’язджала ў Польшчу, у хаце застаўся жыць брат бацькі Чэслава. Ён пражыў 96 гадоў. Пасля хату прадалі іншым гаспадарам, а потым яе выкупіў райспажыўсаюз пад краму. На той палове, дзе жыў дзядзька, месціўся склад. Там, дзе жыла сям’я музыкі - гандлёвая зала», — расказаў Уладзімір Сенюта. Пазней закрылі і краму. Хата стаяла пустая і нікому не патрэбная. Ужо ішла гаворка, што яе трэба знесці, каб не псавала выгляд вёскі.
Усё змянілася, калі Чэслаў Немэн памёр. «Сваёй смерцю ён уратаваў бацькоўскую хату», — кажа Сенюта.
Да музея — праз касцёл
Зараз вёска Старыя Васілішкі налічвае каля 30 жыхароў. Апроч музея Чэслава Немэна яна славіцца касцёлам з алтаром, размешчаным у рукатворнай пячоры. Такія пячоры называліся «гротамі Хрыста». Гэта адзіны ў Беларусі касцёл з такім гротам.
Даведка Hrodna.life
Пабудаваць касцёл у Старых Васілішках мясцовыя жыхары «ўгаварылі» цара Мікалая ІІ, калі касцёл у суседніх Васілішках перадалі царкве пасля паразы паўстання Каліноўскага. Фундатарамі касцёла сталі мясцовыя жыхары, у тым ліку яўрэі. У памяць пра гэта ў аздобе касцёла ёсць зорка Давіда. Вялікую частку грошай на будоўлю выдаткавалі з дзяржаўнай казны. Пра гэта сведчыць мемарыяльная шыльда на тыльнай сцяне касцёла. Імёны астатніх фундатараў былі напісаны на камянях фундамента, але прачытаць іх зараз немагчыма. Усе надпісы знішчаны. Калі і чаму — невядома. Паводле адной з легендаў, загад зрабіць так аддаў мясцовы ўраднік. Яму не спадабалася, што імёны звычайных фундатараў размясцілі на фасадзе, а шыльду з падзякай цару — на задняй частцы касцёла. Паводле іншай версіі, імёны замазалі ўжо ў савецкі час.
Сям’я Выджыцкіх таксама была блізкай да касцёла. Усе яны спявалі ў касцёльным хоры. Бацька быў настройшчыкам аргана.
Экспанаты ад фанатаў
Клуб-музей у Старых Васілішках адкрылі 1 жніўня 2010 года. Экспанаты збіралі па ўсёй вёсцы. У некаторых яшчэ захаваліся рэчы сям'і Выджыцкіх, што тыя раздавалі суседзям перад ад’ездам за мяжу. Другія перадалі музею рэчы, што некалі майстраваў бацька музыканта, Антон Выджыцкі.
Таксама сярод экспанатаў - першы беларускі тэлевізар, названы ў гонар ракі Нёман (у гонар яе ж Чэслаў узяў свой псеўданім), шматлікія партрэты музыкі, намаляваныя яго фанатамі, малюнкі самога музыканта і сапраўдны патэфон, на якім і зараз можна паслухаць кружэлкі, што некалі гучалі для юнага Чэсіка.
Музычнай была ўся сям’я Выджыцкіх. Бацька і яго брат гралі ў духавым аркестры. Сенюта расказвае, што калі Чэсік ішоў са школы і спяваў, паслухаць выходзіла ўся вёска. Былая аднакласніца музыкі, Ніна Палякова, напісала ў музей ліст, дзе расказала, што Чэсік ужо ў чацвёртым класе добра граў на піяніна: «Навукі не меў, але меў Божы дар». Ёсць у музеі і сшытак з дзіцячымі малюнкамі Чэсіка.
З музыкай Чэслаў вырашыў звязаць далейшае навучанне. Пасля школы ён паступіў у Гродзенскую педвучэльню. Праўда, праз год яго выключылі за… непаспяховасць. Выджыцкага цікавіла толькі музыка — іншыя прадметы — не. Ён вярнуўся давучвацца ў вясковую школу і стварыў тут ансамбль. Ды такі, што запрашалі выступаць у Гродна і Мінск.
Чытайце таксама: Мемориальная доска с портретом Чеслава Немена появится на Гуманитарном колледже. Смотрите, как она выглядит
Заўжды казаў: «Я са Старых Васілішак»
Сям’я Выджыцкіх пакінула Васілішкі, калі Чэславу было 19 гадоў. Ішоў 1958 год — апошняя хваля дазволенага выезду ў Польшчу для жыхароў Заходняй Беларусі. Бацька Чэслава доўга вагаўся. Тут ён быў прызнаным і паважаным майстрам, меў сталыя замовы і добра зарабляў. Было зразумела, што «старому дрэву» будзе цяжка прыжыцца на новым месце. Пазней Антось пісаў сваякам, што зрабіў так толькі дзеля сына.
На новым месцы Антось пражыў няпоўных два гады і памёр. А для Чэслава пачалося новае жыццё. Ён паступіў у Гданьскую музычную школу па класе фагота, іграў у розных гуртах і вельмі хутка стаў заўважнай фігурай у музычным свеце. Яго хацелі пачуць у Варшаве і Парыжы, запрашалі ў Югаславію і Венгрыю, прымалі з гастролямі ў Італіі. Але куды б ні закідваў музыку лёс, на пытанне аб радзіме ён заўжды адказваў: «Я са Старых Васілішак».
Першым прывёз у Гродна сінтэзатар і «хіпаваў» у Старых Васілішках
Наведаць Старыя Васілішкі Чэславу Немэну ўдалося у 1972 годзе, калі музыка выступаў у Гродне, у Доме афіцэраў. Пра той канцэрт узгадваюць, што ішлі не толькі паслухаць земляка, але пабачыць на ўласныя вочы новы музычны інструмент — сінтэзатар. Пасля канцэрта музыка паехаў у родную вёску.
Па словах Уладзіміра Сенюты, вяскоўцы кпілі з яго «хіповага» выгляду — доўгіх валасоў і драных джынсаў, але прымалі Немэна вельмі цёпла. Для вяскоўцаў ён застаўся тым самым Чэсікам, якім яго помнілі з дзяцінства.
Апошні раза Чэслаў Немэн прыязджаў у Старыя Васілішкі ў 1979 годзе. Падчас гастроляў у Маскве музыка меў адзін вольны дзень паміж канцэртамі. Ён узяў таксоўку і паехаў за 1000 кіламетраў у Старыя Васілішкі. «Зрабіў такі шлях, каб правесці ў вёсцы некалькі гадзін», — кажа Сенюта. Вяскоўцы пераказвалі, што Чэсік хадзіў па вёсцы, заходзіў на школьны падворак, наведаў родную хату і дайшоў да свайго улюбёнага валуна на беразе амаль перасохлай праз меліярацыю рэчкі - Лябёдкі. На памяць аб гэтым візіце застаўся здымак.
У адным з апошніх лістоў да родных Чэслаў Немэн пісаў:
«Я прыеду ў Старыя Васілішкі на цэлы месяц. То можа мая малая радзіма, где я нарадзіўся і пражыў 19 год, зноў мне дасць нейкія новыя сілы, зарадзіць новай энергіяй, і я змагу яшчэ пражыць некалькі месяцаў або нават год».
Яго надзея не спраўдзілася. 17 студзеня 2004 года музыка памёр.
Без Чэслава Немана
У Васілішках (больш буйной вёсцы, што побач са Старымі Васілішкамі), праз некалькі кіламетраў ад музея Чэслава Немэна, пра знакамітага земляка нічога не нагадвае. Вёска, што магла яго помніць сыходзіць у нябыт.
Новы аграгарадок жыве сваім жыццём. Ні вуліцы, ні памятнага знака ў гонар закамітага земляка тут няма.
Вальдэмар, адзін з месцічаў Васілішак, працуе дальнабойшчыкам. Ён не Чэслаў Немэн, але таксама аб’ехаў увесь свет: «Паўсюль быў. Еўропа, Захад увесь. Расія бліжняя і дальняя. Зарабляць трэба. Не на „залаты унітаз“, а каб прыйшоў у краму і не аглядаўся, што колькі каштуе». Змяніць месца жыхарства яму не хочацца. Заўсёды вяртаецца ў Васілішкі, «таму, што тут дом». У музеі Чэслава Немэна ён ніколі не быў.
Другі мясцовы жыхар, Анатоль, распавёў, што зараз не мае працы і займаецца ўласнай гаспадаркай. «Цяпліцы, памідоры, агуркі. Летам грыбы-ягады. Адпачываць няма калі. Справаў шмат — то ў хаце разабраць, то на падворку пакасіць. Так і жыву».
На пытанне журналістаў Hrodna.life, ці быў ён у музеі Чэслава Немэна, Анатоль адказаў: «Не, не хадзіў. Кажуць, там прыгожа. Але ж гэта усё сваё, успрымаецца, як свой дом. Здаецца, паедзеш у другі раён — о там музей».
Глядзіце таксама: