12−13 кастрычніка ў Барысаве прайшлі дзве заключныя гонкі сезону па крос-кантры сярод аматараў. Лепшым у апошніх гонках і ў агульным заліку беларускіх марафонаў стаў гродзенец Віктар Кусцінскі.

Аматарскі кубак Беларусі праводзіцца ўжо 7 гадоў. Удзел могуць прымаць усе жадаючыя: дастаткова мець спраўны ровар і велашлем.

«Кожны можа дамагчыся поспеху»

У гэтым годзе ў аматарскім кубку Беларусі па крос-кантры праводзіліся 12 этапаў: 6 марафонаў і 6 гонак у фармаце ХСО (Алімпійскага крос-кантры). Этапы кубка прымалі Гродна, Гомель, Браслаў, Слонім і Ліда. Некаторыя этапы збіралі больш за сотню ўдзельнікаў. Віктару Кусцінскаму хапіла 8 этапаў каб стаць чэмпіёнам.

«Я ўпершыню стаў чэмпіёнам гэтых спаборніцтваў, раней асноўны ўпор рабіўся на польскія этапы „Maratony Kresowe“, — распавядае Віктар. — За гэтай перамогай стаяць сотні гадзін падрыхтоўкі і тысячы пройдзеных кіламетраў. Таму я рады, што мае намаганні не прайшлі дарма. Сваім прыкладам я хачу паказаць, што кожны можа дасягнуць поспеху — пры належнай матывацыі і стаўленні да справы».
Гродзенец стаў чэмпіёнам у аматарскім кубку Беларусі па крос-кантры

Усё трымаецца на валанцёрах і энтузіястах

Віктар адзначае, што ў плане лагістыкі кубак Беларусі не вельмі цікавы прадстаўнікам Гродна, бо зусім побач, у Падляскім ваяводстве Польшчы, праводзяцца спаборніцтвы па горным ровары «Maratony Kresowe». Большасць гродзенцаў наведвае менавіта этапы польскіх спаборніцтваў.

«У кубку Беларусі бяруць удзел моцныя гоншчыкі-аматары, але па ўзроўні і масавасці нашы спаборніцтвы значна саступаюць польскай серыі марафонаў. У Польшчы велаінфраструктура нашмат больш развітая, веларух ахоплівае значна больш людзей. У нас усё ўпіраецца ў адсутнасць спонсараў, трымаецца выключна на намаганнях валанцёраў і энтузіястаў. Калі развіваць гэты напрамак у Беларусі, то трэба пачынаць з інфраструктуры, каб як мага больш людзей лічыла ровар нормай і выдатнай альтэрнатывай аўтамабілю.

У польскіх марафонах кожны ўдзельнік знойдзе сабе суперніка па сілах. Хтосьці едзе на такія спаборніцтвы па медалі, па перамогі, а хтосьці актыўна правесці выхадны з сям’ёй. Усіх там аб’ядноўвае адно — ровар. Так павінна быць і ў нас", — дадаў Віктар.

У нядзелю 20 кастрычніка пройдзе заключны этап абласных гонак «Тры вёрсты». Там Віктар Кусцінскі таксама ў лідарах.


Не только инфраструктура. Пять достижений «ВелоГродно» за пять лет

На марафоне «Соседи» участвовали гонщики под прошлогодними номерами — и чуть не спровоцировали международный скандал

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]