Суды над затрыманымі ў Гродне ў ноч пасля выбараў праходзілі 10 жніўня таксама і ў будынку турмы № 1. Людзей пачалі выпускаць днём, перад брамай сабраліся родныя затрыманых. Хтосьці чакаў блізкіх, не ведаючы дакладна, ці там яны, некага толькі што выпусцілі, некаторыя прыйшлі падтрымаць. Карэспандэнт Hrodna.life пагаварыў з людзьмі, якія сабраліся перад турэмнай брамай.
Адна з жанчын стаяла каля турмы, бо сын не вярнуўся дадому. «Увесь Гродна аб’ехалі, ніхто не кажа, дзе ён».
У іншай, Дыяны, мужа затрымалі на Савецкай. Паўдня яна спрабавала высветліць, дзе ён знаходзіцца:
— Пайшла на Дубко, там мне сказалі, што ён быў у іх. Патэлефанаваў мне ў гадзіну ночы, сказаў, што яго затрымалі і ён на Дубко. Паехала туды раніцай — мне сказалі, усіх перавезлі на Гая. Паехалі на Гая, глядзелі спісы — майго мужа там няма. Прыехала сюды, тут таксама не гавораць.
Людзі, якія сабраліся перад турмой, спрабавалі даведацца, колькі было затрыманых. Хтосьці казаў - 130, хтосьці - 200. Адна з жанчын абрывае сяброўку:
— Не люблю гэтых плётак, ніхто не ведае. Нічога гэтага не люблю і нікому не веру. Калі б спіс павесілі, я б паверыла. Не жадаю размаўляць з вамі. Церпяць нявінныя людзі, нікому справы няма. Я не супраць вас. Я наогул супраць.
У хлопца затрымалі бацьку. «Нават не ведаем, ці тут ён. Трэцюю гадзіну стаім».
У Веранікі Калеснік таксама затрымалі мужа, бацьку іх траіх дзяцей. Ён быў на плошчы з сябрамі, яны і расказалі, што здарылася. Жанчына дакладна ведае, што муж у будынку турмы.
— Патэлефанавалі ў УУС Кастрычніцкае, Ленінскае. Тэлефанавалі туды-сюды, высвятлялі.
Лізавета Янулевіч падышла да турмы, каб даведацца, чаму там стаяць людзі. Яна распавяла, як напярэдадні чакала на сваім участку ў 32 школе пратакола галасавання.
«На маім участку назіральнікаў, якія сядзелі на ганку, забраў АМАП. Гэта ўсё заснялі на відэа». Каля 10 вечара іх павезлі ў невядомым кірунку.
«У 1.20, ноччу, са школы выйшла жанчына, яе атачаў АМАП у касках, у абароне. Мы прасілі, каб нам паказалі пратаколы — даведацца колькасць галасоў за кандыдатаў, але нам нічога не вынеслі. Наколькі ведаю, гэта была старшыня камісіі і дырэктар 32 школы, Шэвілька. Яна стаяла да нас спінай і не хацела нават паглядзець людзям у вочы. Было каля 10−15 чалавек АМАП, яе вывелі, пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі. Усе крычалі «Ганьба!».
Астатнія настаўнікі засталіся ў школе, па словах дзяўчыны, яны баяліся выходзіць. Пазней прыехаў аўтазак, раён школы патруляваў АМАП. Усе, хто чакаў пратаколу, разышліся.
Аляксандру Мікалаеўну Ханевіч затрымалі, калі яна спрабавала адбіць у сілавікоў хлопца, падобнага на яе сына. Калі яна выйшла з турмы пасля суда, пенсіянерка плакала, хтосьці прапанаваў валяр’яну.
— Трэба ж было мне азірнуцца ў гэты час. Хлопца клічуць Саша, яму 26 гадоў, але мне ён падаўся такім маленькім. Я кінулася яму на шыю, крычала: «Адпусціце!», і нас цягнулі ўжо дваіх.
Аляксандра Мікалаеўна распавяла, што яе роднага сына таксама затрымалі каля танка на Савецкай плошчы. Ён паспеў патэлефанаваць ёй у 23.38. «Я яму крыкнула „Саша, вяртайся дадому, не ідзі!“».
Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве. «Усім нам напісалі, што мы прымалі актыўны ўдзел». Суправаджаў яе міліцыянт сказаў, што ёй прысудзілі штраф у 22 базавыя велічыні, хоць ёй пачулася — 20. «Хацела сказаць, што на чарговую рэзідэнцыю, але прамаўчала» — - успамінае Аляксандра Мікалаеўна. Яе затрымалі каля 12 ночы, больш за гадзіну затрыманым не адчынялі акно, але ваду прапаноўвалі. У камэры было чатыры чалавекі, двух’ярусныя ложкі.
Жанчына кажа, што і яна, і сын галасавалі за Святлану Ціханоўскую. Паводле яе слоў, яна ніколі не ўдзельнічала ў палітыцы, але падзеі на плошчы перавярнулі яе жыццё.
Аляксандра Мікалаеўна-старшыня ветэранскай арганізацыі «Хімвалакно». Перад выбарамі яна зьбірала подпісы ў падтрымку кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. Кажа, відаць, цяпер ужо не будзе старшынёй.
«Мне выдалі пасведчанне, што я сябра ініцыятыўнай групы, — распавяла яна. — Я добрасумленна сабрала подпісы. Я ўгаворвала так, што гэта ж не тое ж самае, што прагаласавалі, а ўжо два мільёны [подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі-заўв. Hrodna.life] абвясцілі і так».
Першыя 5 лістоў ветэраны сабралі на пікетах на Савецкай і каля ўніверсама «Брэст». «Спякота была, мне сказалі:» Саша, хоць 4 чалавекі каб прыйшло вашых"". Аляксандра Мікалаеўна пісала ў Viber, каб падышлі, хто можа, у падтрымку Лукашэнкі. «А пад універсамам „Брэст“ была чыстая фальшыўка. Там 100% былі з нейкай арганізацыі, было відаць, што ўсе спяшаліся». Там жанчына сабрала яшчэ чатыры аркушы з подпісамі.
«Толькі адкрыюць мяжу — хоць куды. Рабства нейкае, каб у сваёй краіне так зневажалі», — абураецца яна.
Дзе сын, ёй так і не сказалі. Аляксандра Мікалаеўна збіраецца абскардзіць прысуд, хоць і думае, што гэта бессэнсоўна. Штраф трэба заплаціць на працягу 40 дзён, на абскарджанне даецца 10 дзён.
«Я наогул не зразумела тады, што гэта было, усё як у кіно. Затрымалі шмат людзей. Нечага сына я, думала, адаб’ю ў іх. У мяне 2 гады таму памёр малодшы сын, да яго падобны».
Чытайте также: В Гродно начали выпускать задержанных в послевыборную ночь: им дали сутки и штрафы
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…