Акцёр і рэжысёр Вячаслаў Сікора прыдумаў гадзіннікі з гербам Пагоня тры гады таму. Тады яны нікога не зацікавілі і аўтар з цяжкасцю іх спрадаў. Зараз Сікора з’ехаў ва Украіну, бо ў Беларусі, паводле яго слоў, яго пераследуюць за грамадзянскую пазіцыю. А гадзіннікі здабылі новае жыццё: акцёр зрабіў іх ужо каля сотні, ён прадае і раздае іх пацярпелым на пратэстах.
Вячаслаў працаваў педагогам дадатковай адукацыі ў Палацы творчасці ў Шчучыне. Ён пазбавіўся працы перад выбарамі за сваю грамадзянскую пазіцыю. У жніўні ён стаў публічна крытыкаваць дзеянні ўладаў і сілавікоў: рабіў стрымы і пісаў у сацыяльных сетках, удзельнічаў у пратэстах у Мінску і Магілёве, дзе ў той момант жыла яго сям’я. Вячаславам зацікавілася міліцыя, таму ён вымушаны быў хавацца. Калі даведаўся, што супраць яго ўзбуджана некалькі адміністрацыйных спраў, у тым ліку за абразу супрацоўнікаў міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, вырашыў пераехаць ва Украіну.
«Пасля 9 жніўня я ўспомніў пра гадзіннік з Пагоняй, якія рабіў тры гады таму — хацеў зарабіць на продажы. Тады яны не былі цікавыя беларусам. Цяпер яны сталі актуальныя, як ніколі. Я пазычыў грошы і выйшаў на вытворцу [у мэтах бяспекі назву не публікуем] і зрабіў новы заказ».
У калекцыі Вячаслава з’явіўся гадзіннік «Вязень Акрэсціна», «Вязень 2020», «Страйк» і іншыя, натхнёныя падзеямі апошніх месяцаў у Беларусі.
«Я разумеў, што трэба неяк падтрымліваць людзей. У краіне праліта кроў, а Лукашэнка ўзнагароджвае сілавікоў медалямі. А грамадзян, якія пасля выбараў праявілі гераізм і прайшлі катаванні, ніхто не ўзнагародзіў. Так і з’явілася альтэрнатыва, толькі ўзнагароджваць беларусаў я стаў не медалямі, а добрымі гадзіннікамі. Гэта ўзнагарода, якую падарыў народ, на гэтыя гадзіннікі скідацца беларусы з усяго свету. Гэта гонар і памяць за пралітую кроў».
Пакуль Вячаслаў робіць няшмат гадзіннікаў. Ён шукае магчымасці павялічыць вытворчасць і аддзячыць іншым беларусам за іх пазіцыю.
«Мы ўжо перадалі частку гадзіннікаў працаўнікам „Беларуськалія“ і „Гродна Азот“. Вялікую партыю перадалі былым вязням турмаў і СІЗА».
Гадзіннік ад Вячаслава перадалі і мінчанцы Ніне Багінскай, якая стала адным з сімвалаў беларускага пратэсту. Гадзіннік з яе выявай цяпер лідзіруе па продажах на сайце Вячаслава.
«Я не магу займацца ўвесь час дабрачыннасцю, таму мне даводзіцца прадаваць гадзіннікі. Але тое, што можам, мы раздаем героям пратэсту. Паводле адукацыі я акцёр тэатра і кіно, таму адначасова праходжу кастынгі ў тэатрах Кіева. Але адначасова я і беларускі актывіст і грамадзянскі дзеяч».
Вячаслаў упэўнены, што ў бліжэйшы час у Беларусі сітуацыя палепшыцца і Лукашэнка сыдзе. Тады ён і тысячы іншых беларусаў змогуць вярнуцца дадому.
«Я з’ехаў і працягваю змагацца. Так робяць многія. Лепш быць за мяжой і змагацца, чым сядзець у турме і нічога не рабіць. Сёння на пратэсце ў кожнага беларуса свая місія, кожны робіць сваю працу. Пасля перамогі я абавязкова вярнуся, у мяне нават ёсць такі жарт — хачу стаць міністрам люстрацыі. Калі не міністрам, то прадстаўніком камісіі па Гродзенскай вобласці. Вельмі шмат працы трэба, таму тэатр пачакае. Галоўнае разабрацца з тымі, хто задаў столькі шкоды беларускаму народу».
Вячаслаў Сікора — беларускі акцёр тэатра і кіно, кінарэжысёр, сцэнарыст. Родам з вёскі Каменка Шчучынскага раёна.
Працаваў у тэатрах Магілёва, Масквы і Маладзечна, Доме культуры ў Скідзелі. Удзельнічаў са сваімі фільмамі ў міжнародных кінафестывалях. Быў адным з заснавальнікаў бейсбольнага клуба «Цукровы шторм» у Скідзелі і бейсбольнага клуба «Піраты» ў Магілёве.
У 2019 годзе адкрыў у Шчучыне музейны пакой эпохі СССР.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…