Распаўсюджванне каранавіруса і закрытыя межы адкарэктавалі планы па мантажы новага алтара і гадзінніка на гродзенскай кірсе. У 2020 годзе лютэранская абшчына Гродна адзначае 25-годдзе вяртання храма вернікам.
Рамонтам стогадовага гадзінніка, які размяшчаўся на вежы кірхі, на працягу года займаўся майстар з Магілёва Генадзь Галоўчык. Цыферблаты ўжо ў Гродне, яны захоўваюцца ў склепе кірхі, а адноўлены гадзіннікавы механізм усё яшчэ знаходзіцца ў майстра.
«Гадзіннік цалкам гатовыя для ўстаноўкі. Засталося толькі прывезці яго з Магілёва і дачакацца мецэната з Германіі, каб правесці цырымонію адкрыцця пасля рэстаўрацыі. Сёння зачыненыя межы і калі адчыняць, ніхто не ведае. Будзем чакаць. Мы хацелі паказаць адноўлены гадзіннік гродзенцам да фестывалю нацыянальных культур. Але яго адмянілі», — кажа пастар лютэранскай кірхі Уладзімір Татарнікаў.
Ініцыятарам і спонсарам рэстаўрацыі гадзінніка на вежы кірхі выступіў былы прыхаджанін з Гродна Віталь (у абшчыне кажуць, што ён не хоча станавіцца публічнай фігурай, таму не называюць яго прозвішча). Цяпер ён жыве ў Нямеччыне. Нягледзячы на нявызначанасць з распаўсюджваннем эпідэміі каранавіруса і перспектывамі адкрыцця межаў, запусціць вежавы гадзіннік плануюць у канцы лета.
Акрамя гадзінніка ў рамках рэстаўрацыі ў кірсе з’явіцца і новы алтар. Мяркуецца, што ў выпадку хуткага адкрыцця межаў, алтар даставяць з Германіі ў жніўні 2020 года. Ён доўгі час знаходзіўся ў храме горада Бітэрфельд і па дабрачыннай лініі фонду «Саюз Марціна Лютэра і Лютэранская Царква Сярэдняй Германіі» яго вырашылі перадаць у Гродна.
Алтар будзе падобным да таго, які размяшчаўся ў гродзенскай кірсе да вайны. Ды і храм горада Бітэрфельд падобны да гродзенскага, кажа Уладзімір Татарнікаў.
«Ён быў пабудаваны, як і наша кірха, у стылі псеўдаготыкі. У свой час там быў ваенны храм — гарнізонны. Але частку расфармавалі і храм зачынілі. А алтар мы шукалі даўно, але адпаведнага не было. Вось яго нам і перадаюць».
Падрабязнай інфармацыі пра дэталі алтара гродзенскай кірхі і яго даваенных фатаграфій не захавалася.
Будынак кірхі вядомы з канца XVIII стагоддзя, тады кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў абшчыне трохпавярховы будынак карчмы, у якой лютэране нямецкага паходжання не толькі абедалі, але і маліліся. Будынак некалькі разоў перабудоўвалі і сучасны выгляд храм набыў у 1912 годзе. Праз год на вежы кірхі з’явіўся і гадзіннік,
ён перастаў працаваць у пачатку 1940-х гг.
За савецкім часам у кірсе знаходзіўся абласны архіў. На думку пастара, гэта, магчыма, і выратавала храм ад перабудовы або разбурэння. Храм лютэранскай абшчыне перадалі ў карыстанне ў 1995 годзе. На сённяшні дзень у лютэранскай абшчыне Гродна больш за 50 вернікаў.
«Пасля таго як храм перадалі суполцы, у нас з’явіліся лаўкі, якія таксама прывезлі з Нямеччыны. Гарадскія ўлады і прадпрыемствы праз некалькі гадоў дапамаглі аднавіць сам будынак. Дзякуючы спонсарам мы прывезлі арган, а зараз чакаем устаноўкі алтара і гадзінніка. Сёння мы хочам прывесці кірху ў належны выгляд, адпаведны статусу храма».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…