Беларусы крытыкуюць лідскі «ХарчФэст» у інтэрнэце, але здаецца, ён усё ж збярэ нямала гледачоў. У гасцініцы «Ліда» ўжо няма свабодных месцаў. Многія кватэры на суткі занятыя, а на астатнія цэны выраслі ў некалькі разоў. Hrodna.life праверыў, ці ёсць ажыятаж на жытло ў Лідзе перад прыездам Вольгі Бузавай і ці можна параўноўваць яго з ажыятажам мінулых фестываляў.

«ХарчФэст» пройдзе ў Лідзе 31 жніўня замест вядомага ў мінулым фестываля Libdeer. На яго раней прыязджалі дзеля беларускага, рускага і ўкраінскага року і вясёлай атмасферы. Але ў Лідскага райвыканкама ўласнае бачанне. Свята сёлета прымеркавалі да Дня горада і дадалі «каларыту»: выступленні калектываў з расійскій гарадоў-пабрацімаў, ідэялагічна вывераныя пляцоўкі і гучны слоган «В Лиде все в лучшем виде!».

Каментатары: «Пачакаю, калі стане Бацькафэстам»

«Гэта тое, што мы заслугоўваем?», — пацікавіўся Яўген у каментарах пад навіной аб тым, што ў Ліду на «ХарчФэст» едзе Вольга Бузава. З больш чым 30 каментароў пад публікацыяй у Instagram знайшоўся толькі адзін нейтральны: «Тыя, хто пішуць, што не паедуць. Вы лічыце, што хтосьці засмуціцца ад гэтай інфармацыі?», — напісала Марына. Станоўчых водгукаў няма зусім.

У беларусаў у сацсетках больш усяго негатыву ў сувязі з новым фестывалем у Лідзе выклікалі два моманты. Першы — хэдлайнер фестывалю Вольга Бузава. Яшчэ ў 2017 годзе спявачка наведвала анексаваны Расіяй Крым, пасля выказвалася ў падтрымку Пуціна, а ў 2022 годзе падтрымала вайну Расіі супраць Украіны. У выніку Бузава трапіла ў санкцыйны спіс Украіны.

Другое, што непрыемна здзівіла, — назва фестывалю. Адны адзначылі, што слова «харч» выклікае не зусім прыемныя асацыяцыі, звязаныя з пляўком. Іншыя, іранізуючы, прапанавалі ў наступным годзе дадаць святу яшчэ больш «дзяржаўнасці», назваўшы яго «Сельгасхарчфэст» або «Белкаапсаюзфэст». «Пачакаю, калі стане Бацькафэстам», — напісаў Віктар.

За ноч у гатэлі — «двайная цана». Але месцаў у дзень фестывалю ўсё роўна няма

Аказалася, што негатыўна да «ХарчФэсту» настроены далёка не ўсе беларусы. І ў апошні дзень лета ў Лідзе можа быць шматлюдна. Hrodna.life пастараўся знайсці свабоднае жытло на час правядзення фестывалю. У гасцініцы і кватэры мы звярталіся пад выглядам патэнцыйных кліентаў.

У гасцініцы «Ліда» ў цэнтры горада з 29 жніўня па 1 верасня забраніраваць нумар нельга. Усе астатнія дні даступныя, кошт нумароў пачынаецца ад 62 руб.

У спартыўна-гасцінічным комплексе «Ліда драйв», што ў шасці кіламетрах ад цэнтра горада, свабодныя нумары ёсць толькі з 30 па 31 жніўня — на 1 верасня ўжо ўсё занята. За пражыванне ў святы «двайны кошт», паведамляе гаспадар Максім. Двухмесны нумар стоіць 180 руб., трохмесны — 192 руб.

Кватэр засталося мала, цана — ад 100 да 250 руб.

На сэрвісе «Арендодом», які прадстаўляе кватэры пасуткава па ўсёй Беларусі, ёсць толькі два варыянты ў Лідзе — за 70 і 90 руб. Пры анлайн браніраванні даты, якія нас цікавяць, — свабодныя. Але пры асабістай перапісцы з агентам нам адказалі, што «на жаль, вольных кватэр няма».

На сайце Realt.by ёсць адразу некалькі варыянтаў за 70 руб. ад гаспадыні Дзіяны. «Усё занята», — адказвае гаспадыня.

Свабоднае жытло атрымліваецца знайсці на сайце Kvartiranasutki.by, але толькі з трэцяй спробы. Суткі ў кватэры на вуліцы Тухачэўскага абыдуцца ў 100 руб.

На «Куфар» з 30 жніўня па 1 верасня даступныя шэсць варыянтаў, коштам ад 45 да 60 руб. Праўда, пры спробе браніравання цана рэзка ўзрастае. Напрыклад, у кватэры за нібыта 40 руб. адна ноч абыдзецца ўжо ў 110 руб. Самы дарагі варыянт — на праспекце Перамогі. Кватэра за 60 руб. суткі ў святочныя дні каштуе 250 руб.

За шэсць гадоў цэны ўпалі ў два разы

Фестываль Lidbeer праходзіў у Лідзе з 2015 па 2019 і ў 2023 годзе. Опэн-эйр стаў візітнай карткай горада — паслухаць вядомыя рок-гурты прыязджалі з усёй краіны.

Самымі папулярнымі былі фестывалі ў 2017−2019 гадах. Тады браніраваць жытло трэба было за месяцы да свята. Тыя, каму пашчасціла менш, заставаліся ў кемпінгах або былі вымушаны з’язджаць з Ліды позна ўвечары пасля канцэрту.

У 2018 годзе, калі хэдлайнерам стаў гурт «Ленінград», нумары ў гасцініцах «Ліда» былі забраніраваны за два месяцы да фестывалю, пісаў «Вячэрні Бабруйск». Двухмесны нумар каштаваў $ 60 — зараз адна ноч у стандартным нумары абышлася б у $ 19. У доларах цана ўпала ў два разы, а ў рублях — у тры.

Цана кватэры на суткі ў цэнтры горада пачыналася тады ад $ 120 і дасягала $ 200, адзначаў TUT.BY. Сёлета цана жытла за адну ноч вар'іруецца ад $ 30 да $ 80.

У 2019 годзе, калі ў Лідзе выступалі «Сплин» і «Чайф», месца ў гасцініцах разабралі яшчэ напачатку года, а арэнда кватэр падаражэла са звычайных $ 30−35 да $ 180−200.

Дабрацца з Мінска ў Ліду праблематычна, з Гродна — лёгка

У лепшыя гады фестывалю Lidbeer былі праблемы і з тым, каб увечары выехаць з горада. Напрыклад, у 2018 годзе госці, якія прыехалі на сваіх машынах, стаялі ў паўтарагадзіннай пробцы.

Складана ацаніць, колькі людзей прыедзе слухаць Бузаву на сваіх аўто. Але можна паглядзець, як раскупляюцца білеты на маршруткі ў Ліду на дзень фестывалю.

На сайце агрэгатара «Атлас» білетаў па маршруту Мінск — Ліда засталося няшмат. 30 жніўня свабодныя месцы ёсць да 10 раніцы. Білеты на ўсе наступныя рэйсы раскуплены. На 31 жніўня білетаў няма ўвогуле. Назад з Ліды ў Мінск на 1 верасня ўсе месцы ў «Атласе» разабраныя.

Сітуацыя па маршруту Гродна — Ліда выглядае інакш: і на 30, і на 31 жніўня шмат даступных білетаў. Агрэгатар не дае інфармацыю пра рэйсы на верасень, але на сайце Infobus.by білеты Ліда — Гродна на першы дзень восені даступныя.

Быў Lidbeer, а сталі «Дажынкі»

У перыяд росквіту Lidbeer яго наведвалі да 120 тыс. чалавек, на пляцоўках працавалі амаль 200 гандлёвых кропак, а само свята штогод павялічвалася ў гасцях на 20−40%.

Галоўнай кропкай была сцэна ля Лідскага замку — у розныя гады на ёй выступалі Neuro Dubel, Крамбамбуля, Nizkiz, J: МОРС, Би-2, Океан Ельзи, Cплин, Чайф ды іншыя.

За паўтара тыдні да правядзення «ХарчФэсту» Лідскі райвыканкам апублікаваў падрабязную праграму свята. І яна больш падобная да чарговых «Дажынак», чым на фестывалі мінулых гадоў.

Галоўныя мерапрыемствы разгарнуцца на Дажыначнай плошчы — распачнецца ўсё з канцэртнай праграмы лідскіх калектываў і «гасцей з гарадоў-пабрацімаў Расійскай Федырацыі». Падчас свята ўзнагародзяць найлепшых супрацоўнікаў прадпрыемстваў раёна і разыграюць сярод лідчан сем тэлевізараў.

Пасля невялікага перапынку на сцэну выйдуць кавер-групы з Мінску і Гродна. Завяршыцца ўсё выступленнем Вольгі Бузавай, феерверкам і бітвай дыджэяў.