З продажу зьніклі некаторыя замежныя лекі ад ціску, беларускі «Флустоп» і парацэтамол. «Радыё Св***да» даведалася, з чым гэта можа быць зьвязана і ці хопіць усім лекаў і сродкаў засьцярогі.
Аптэкарка Алена, якая працуе ў горадзенскай прыватнай сетцы аптэк, кажа, што замежныя лекі пакуль ёсьць, але прадбачыць, што бліжэйшым часам зь імі можа пачацца праблема. На яе погляд, перадусім могуць зьнікнуць лекі для сардэчнікаў і гіпэртонікаў замежнай вытворчасьці: са Славеніі, Нямеччыны, Індыі.
«Паціху яно ўсё „вымываецца“. Закрыліся ўсе межы. Некаторыя прэпараты былі на перарэгістрацыі, цяпер яшчэ тыя паступаюць. Сыравіна закупляецца ў пэўнай краіне. Асноўны пастаўшчык сыравіны — Кітай. З гэтай сыравіны робяцца прэпараты. Праблема ў Кітаі ўжо паўгода ідзе. Адтуль увогуле няма паставак, няма сыравіны. Зь Індыі таксама пачалі кепска паступаць прэпараты», — тлумачыць аптэкарка.
Што да беларускага набору «маскі, антысэптыкі, парацэтамол», то ён прысутнічае ў продажы часткова. Па словах Алены, найбольшы ажыятаж на яго назіралі 1−2 тыдні таму. Тады плянавалася, што гэтыя пазыцыі будуць пастаўляцца толькі ў дзяржаўныя аптэкі. Ажно некалькі дзён таму і ў прыватныя аптэкі прывезьлі маскі і антысэптыкі, парацэтамол — не.
«Многія раней асьпірын, ібупрафэн прымалі. А тут ужо парацэтамол, і ўсё. Пачалі па пяць упаковак набываць… Ён не раскупляўся так раней… Антысэптыкі ў літрах [з дазіроўкай 1 літар] паступалі. Мы іх прадалі за дзень… Учора атрымалі вагон, і ўжо нікому ня трэба. Якія хочаш, маленькія, большыя. Літровых няма. 60% сьпірту. Маскі разабралі два тыдні таму. З маскамі нацярпеліся мы», — расказвае Алена.
Шматразовыя павязкі, што нядаўна паступілі, разабралі за дзень. Цэны на іх вагаліся ад 1,2 да 1,65 рубля. Аднаразовыя маскі яшчэ ёсьць у продажы. На іх цана на пачатку эпідэміі падскочыла ў 2,5 раза: з 56 капеек да 1,41 рубля.
Аптэкары прытрымліваюцца распараджэньня прадаваць ня больш за 40 таблетак парацэтамолу, ня больш за 10 масак. Кажуць, кліенты па два разы ў чаргу не становяцца.
Яшчэ адзін горадзенскі аптэкар, які пажадаў застацца ананімным, расказаў, што праблемы з замежнымі лекамі існавалі падчас усёй ягонай шматгадовай працы. Ён назваў на тое некалькі прычын.
Па-першае, рэгістрацыя прэпаратаў, безь якой лекі нельга ўвозіць з-за мяжы і прадаваць. Яе трэба пэрыядычна падаўжаць, і з гэтай прычыны могуць быць затрымкі.
Па-другое, рэгістрацыя цаны на лекі, якую вызначае Міністэрства гандлю. Упершыню ўказ прэзыдэнта аб рэгістрацыі цэнаў на лекі выйшаў улетку 2018 году, быў зьменены і дапоўнены напрыканцы 2019 году. Паводле яго, нельга прадаваць пэўныя лекі даражэй за вызначаную цану. Некаторыя фірмы вырашылі, што ім тады нявыгадна прывозіць такія прэпараты, і спынілі пастаўкі. Некаторыя лекі зьніклі летась пасьля першага ўказу, іншыя — сёлета з 1 сакавіка ў сувязі з другім указам.
Так, па ягоных словах, раней зьнікла славенская «Ларыста», якую дагэтуль пытаюцца ў аптэках, а цяпер індыйскі «Прэзартан». Абодва прэпараты маюць гіпатэнзіўнае дзеяньне.
Аптэкар расказаў, што сёлета з сакавіка нельга прадаваць яшчэ шэраг лекаў, якія прымаюцца пры ціску, стэнакардыі, сардэчнай недастатковасьці, бо на іх не зарэгістравалі цану: «Прэнэса», «Равэл», «Ампладын», «Аторыс», «Ліпразід», «Манасан», «Траван».
Ён прадбачыць, што сёлета ў чэрвені могуць быць праблемы з рэгістрацыяй цаны на групу лекаў для страўнікавай сыстэмы.
Трэцюю прычыну зьнікненьня некаторых лекаў аптэкар бачыць у кітайскім карантыне праз каранавірус.
«Часам эўрапейскія пастаўшчыкі пішуць, што ў іх праблемы з вытворчасьцю, бо яны большасьць сыравіны набываюць у Кітаі і Індыі», — тлумачыць ён.
Беларускі «Флустоп» зьнік у аптэках цягам апошніх тыдняў з прычыны празьмернага попыту. На думку аптэкара, сытуацыя са сродкамі індывідуальнай засьцярогі ўжо стабілізавалася: прадпрыемствы пачалі вырабляць больш масак, гарэлачныя заводы — выпускаць антысэптыкі.
Праўда, у продажы засталося вобмаль тэрмомэтраў, попыт на якія апошнім часам таксама рэзка павялічыўся.
Намесьніца генэральнага дырэктара Горадзенскага РУП «Фармацыя» Марына Ляпешка сказала БелаПАН, што на зьнікненьне некаторых гіпатэнзіўных лекаў паўплывалі ўказы прэзыдэнта Беларусі № 345
Яна дадала, што неўзабаве «Флустоп» зьявіцца ў продажы.
«Беларуская кампанія „Акадэмфарм“ увозіць дадатковую сыравіну, бо ўсё, што ў іх было, яны ўжо напрацавалі. Бліжэйшым часам ён зьявіцца ў аптэках. Але я не лічу „Флустоп“ выключным прэпаратам. Людзі і парацэтамолам цікавяцца, зьбіраюцца ім каранавірус рэгуляваць. Усё гэта зьявіцца з часам», — запэўніла Марына Ляпешка.
Кіраўнік арганізацыі «Віватон плюс» Ігар Васіленка расказаў БелаПАН, што недахопу жыцьцёва важных замежных лекаў сёньня няма.
«Я прагнозамі займацца ня буду, а статус-кво на сёньня нічым ня горшы, чым на пачатак году. Няма ніякіх дадзеных па дэфіцыце пазыцый, якія зьяўляюцца жыцьцёва важнымі. У мяне няма практычнага адчуваньня, каб звужаўся асартымэнт, узьнікаў дэфіцыт. Пакуль рэальна гэтага няма, каб нешта „вымылася“ [з аптэк]… Ажыятаж па іншых рэчах», — пракамэнтаваў ён.
Што да папулярных пазыцый беларускай вытворчасьці, то Ігар Васіленка ўпэўнены, што іх усім хопіць. Па ягоных назіраньнях, высокі попыт на маскі прывёў да таго, што невялікія швейныя прадпрыемствы перапрафіляваліся на шыцьцё масак.
«Я абсалютна ўпэўнены, што дэфіцыту павязак бліжэйшым часам ня будзе. Тое самае можна экстрапаляваць на беларускі парацэтамол. Ажыятажны попыт вымыў ягоную патрэбу. Ён будзе напрацоўвацца, і бліжэйшым часам будзе ляжаць у належнай колькасьці, бо гэта прэпарат супраць тэмпэратуры, які павінен быць у кожнай хатняй аптэчцы. Адначасна парацэтамол ёсьць у розных формах, суспэнзіях, распушчальных парашках», — кажа Васіленка.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…