Вечар памяці краязнаўцы Наталлі Канюк, якой 30 снежня магло споўніцца 69 гадоў, прайшоў 28 снежня ў сярэдняй школе № 2. На сустрэчы, акрамя сяброў, калег і сваякоў Наталлі Рыгораўны, былі і тыя гродзенцы, якія на працягу гадоў сачылі за яе дзейнасцю.
За дзясяткі гадоў вывучэння гісторыі Гродна Наталлі Канюк удалося сабраць шмат розных матэрыялаў, а таксама разгадаць нямала таямніц, якія хвалявалі гараджан. Здавалася б, за столькі гадоў краязнаўца павінна была выпусціць сваю кнігу, але Наталля Рыгораўна не паспела гэта зрабіць, хоць сабраны матэрыял можа паслужыць і для некалькіх кніг.
Усё рабіла на поўным энтузіязме
Толькі пасля смерці краязнаўцы яе сябры, калегі і сваякі вырашылі выпусціць кнігу, куды ўвайшлі матэрыялы, што публікаваліся Наталляй Канюк у газеце «Вячэрні Гродна». Кніга выйшла ў свет у кастрычніку 2017 года пад назвай «Хранитель Жилибертии». Падчас прэзентацыі зборніка, які прайшоў у Гродне на Днях Святога Губерта, Наталлю Канюк пасмяротна ўганаравалі ўзнагародай імя Ядкоўскага.
[irp posts="38 811″ name="Памяць Наталлі Канюк уганаравалі Узнагародай Ядкоўскага і выданнем зборніка"]
«Наталля Рыгораўна займалася ўсім, чым магла. Яна вывучала архітэктуру горада і, як не дзіўна, яна вельмі любіла збіраць цагліны, — распавядае сяброўка краязнаўцы Галіна Белабокая. — Ведала кожную старую пабудову ў горадзе і хто там жыў. Вывучыла старыя люкі, якія ў нас пад нагамі. Цікавіла яе і тое, як людзі ў розны час праводзілі вольны час у горадзе, што елі і пілі, і многае іншае.
Яна была шматбаковым чалавекам і ўсё рабіла на поўным энтузіязме. Гэта той чалавек, які цалкам прысвяціў сябе роднаму гораду. Гэта яна пачала займацца адраджэннем батанічнага саду ў Гродне і першая пачала высаджваць дрэвы. Яе справу сёння працягваюць актыўныя гродзенцы. Улады паабяцалі падтрымліваць".
Аддалася гораду, але ў Кнігу славы не патрапіла
За сваё жыццё Наталля Канюк дапамагла стварыць некалькі музеяў у розных установах горада. Удзячныя супрацоўнікі, сябры і краязнаўцы ў 2017 года сабралі подпісы і рэкамендацыі па ўнясенні Наталлі Рыгораўны ў Кнігу славы горада Гродна, але атрымалі адмоўны адказ.
«Для ўсіх стала нечаканасцю, што Наталлю Канюк не ўнеслі ў Кнігу славы горада ў 2017 годзе. Гэта сумна і крыўдна, — распавядае пастар лютэранскай царквы Уладзімір Татарнікаў. — Сёння мы радуемся, што ў Гродна прыязджаюць турысты і глядзяць нашы славутасці, вывучаюць гісторыю, якая знішчалася ў свой час.
Але менавіта дзякуючы такім энтузіястам і гісторыкам як Наталля Канюк мы можам даведацца пра ўсё: які ў нас быў горад, каму ён належаў, хто і дзе жыў і многае іншае. Нават адкрыццё музея — гэта не справа аднаго дня, бо трэба сабраць столькі інфармацыі і экспанатаў, а Наталля Рыгораўна гэтым і займалася.
Яна шмат часу праводзіла ў архівах і ўвесь час шукала інфармацыю для горада. І самае сумнае, што сёння пра такіх людзей практычна не гавораць і не ўспамінаюць на высокім узроўні, хоць для горада было зроблена шмат. Але радуе, што сваякі, калегі і сябры памятаюць".
Праца па ўвекавечанні імя Наталлі Канюк у будучыні будзе працягнута. Яе сябры хутка пачнуць збіраць новыя дакументы па ўнясеннi яе імя ў Кнігу славы горада Гродна і спадзяюцца, што гарадскія ўлады на гэты раз ухваляць іх прапанову. У 2018 годзе Гродна будзе адзначаць 890-годдзе і плануецца, што ў Кнігу славы будзе ўнесена шмат новых імёнаў.
Рукапісы не знікнуць
Сын Наталлі Канюк Дзмітрый тым часам зоймецца рукапісамі маці, якіх за гады сабралася мноства. Нешта з іх будзе апублікавана.
«Мама па старым Гродне ведала практычна ўсё і яна шмат працавала, каб распавесці гэта гродзенцам. Яе справа будзе працягнута. У новым годзе мы пачнём разбіраць ўсе яе рукапісы і ў будучыні перадамо іх гісторыкам, якія зоймуцца публікацыямі або выданнем новых зборнікаў», — распавёў Дзмітрый.