Спадчына

Як у Гродне разабралі Аляксандра-Неўскую царкву, дзе хацелі пабудаваць новую і чым гэта скончылася

Больш за 80 гадоў таму на адной з цэнтральных плошчаў Гродна стаяла царква Аляксандра Неўскага. Храм пабудавалі ў 1870 годзе, але ўжо ў 1938 яго разабралі. Гарадскія ўлады паабяцалі праваслаўным вернікам збудаваць новы храм, але з-за пачатку Другой сусветнай вайны гэтага не адбылося.

Царква Аляксандра Неўскага стаяла на Дварцовай плошчы, сёння гэта плошча Тызенгаўза, недалёка ад Вечнага агню. Краязнаўца Віктар Саяпін у сваёй кнізе «Страчаныя храмы Гродна» пісаў, што храм будавалі за ахвяраванні жыхароў губерні. Ён быў пабудаваны ў гонар выратавання імператара Аляксандра II ад замаху, які адбыўся 4 красавіка 1866 года. Вясной 1870 года будаўніцтва царквы завяршылася і 4 красавіка біскуп Іосіф Ковенскі здзейсніў асвячэнне. У чэрвені таго ж года царкву ў Гродне наведаў сам імператар Аляксандр II.

Аляксандра-Неўская царква. 1930-я гады

Царква замінала «правільнаму руху па горадзе»

У першыя дзесяцігоддзі царква была аддадзеная вайскоўцам. У пачатку 20 стагоддзя ў храме быў адкрыты самастойны прыход, да якога далучылі праваслаўных, якія жывуць за рэчкай Гараднічанкай: жыхароў раёна Новы Свет і вёсак Чашчаўляны, Зарыца, Пярэселка, Капліца, Малышчына, Кульбакі, Дзевяткавічы, Грандзічы і Чэхаўшчызна.

Царква перажыла Першую сусветную вайну, але ў 1938 годзе пры польскай уладзе яе вырашылі разабраць, нягледзячы на ​​тое, што храм актыўна наведвалі мясцовыя жыхары і праваслаўныя салдаты Гродзенскага гарнізона. 4 лютага 1938 года гарадское самакіраванне прыняло пастанову аб разборцы царквы. У абгрунтаванні гаварылася, што храм перашкаджае правільнаму руху і што плошча, на якой пабудавана царква, неабходная гораду для парадаў і іншых урачыстых цырымоній побач з польскім помнікам Свабоды, які тады там стаяў.

Праваслаўныя Гродна і яго ваколіц разам з духавенствам падалі скаргу на мясцовыя ўлады і звярнуліся з просьбай захаваць храм, падпісанай 2023 гродзенцамі, да прэзідэнта Польшчы Ігнацы Масціцкага. Але ні прэзідэнт, ні ўрад не пачулі просьбаў праваслаўных.

10 мая гарнізонны святар Аляксандр Каліновіч, нягледзячы на ​​забарону духоўных уладаў, вынес з царквы Святыя дары, антымінс і прастол. Увечары ў царкве замкнуліся рабочыя і пачалі разбіраць яе знутры. 12 мая храм разбіралі ўжо і днём. Плошча была ачэплена салдатамі і паліцэйскімі.


Разборка царквы ў 1938 годзе. Фатаграфіі з архіва сям'і Рымарчук.

Прапанавалі новую царкву

Вернікам абяцалі пабудаваць новую царкву да дваццацігоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы. Цырымонія закладкі новай Васкрасенскай царквы адбылася ў дзень Канстытуцыі Польшчы — 3 мая 1938 г. Маштаб урачыстасці перасягнуў усе чаканні.

На выдзеленым гарадскімі ўладамі зямельным участку па вуліцы Сабескага (сёння Захарава), дзе адбылася закладка вуглавога каменя і дакумента аб заснаванні царквы, сабраўся шматтысячны натоўп гродзенцаў і жыхароў навакольных вёсак, а таксама прадстаўнікі ўлады і грамадскасці.

Цэнтральным момантам цырымоніі было абвяшчэнне галоўным праваслаўным капеланам Войска Польскага протапрэсвітарам Федаронька тэксту «Акту закладкі храма», які разам з рэліквіямі святога Георгія Цудатворцы замуравалі пад крыжам. Пасля прамовы епіскапа Савы камандуючы Акругі корпуса III у Гродне генерал Юзаф Альшына-Вільчынскі зачытаў тэлеграму Міністра ваенных спраў генерала Тадэвуша Каспшыцкага. Урачыстасці завяршыліся выкананнем гімна.

Асвячэнне краевугольнага каменя пад пабудову храма. На здымку паказаны момант, калі епіскап Сава закладвае капсулу з рэліквіямі св. Георгія Цудатворца разам с заснаваўчым актам.

Генерал Альшына-Вільчынскі выступае з прамовай. Каля яго стаіць епіскап Сава

Не паспелі пабудаваць

Праект храма выбіралі ў закрытым конкурсе. Камісія пад старшынствам начальніка будаўнічага аддзела Беластоцкага ваяводскага ўпраўлення інжынера Серадынскага прызнала найлепшым праект архітэктара Румянцава. Гэта была сучасная інтэрпрэтацыя ўсходняй архітэктуры: храм у выглядзе зрэзанай піраміды з празрыстым, злёгку завостраным купалам, і з высокай званіцай над уваходам. Царква павінна была асвятляцца ў асноўным праз празрысты купал. Акрамя гэтага запраектаваныя былі тры вокны па ўсёй вышыні сцен: два бакавыя і адно за алтаром.

Галоўны алтар аддзяляла ад бакавых празрыстая сцяна. Планавалася таксама і цэнтральнае ацяпленне.

Эскізны праект — знешні выгляд новай царквы. Фота polona.pl

Унутраны выгляд новай царквы. Фота polona.pl
Праектна-каштарысную дакументацыю павінны былі скончыць да 1 лістапада 1938 года, але працы зацягнуліся. Адначасова прыступілі да распрацоўкі паліхраміі для царквы. За гэтую працу ўзяўся вядомы польскі мастак-вітражыст Здзіслаў Глогер. У царкве таксама хацелі ўсталяваць абліччы праваслаўных святых, жыццё якіх звязана з гісторыяй Польшчы. На ўсю вышыню акна збіраліся вырабіць вітраж Уваскрасення Ісуса Хрыста. Але 1 верасня 1939 года пачалася вайна, царква так і не з’явілася, а мясцовыя жыхары проста расцягнулі цэглу.

Месца закладкі было знішчана

Сёння дакладнае месца закладкі капсулы з часцінкамі мошчаў святога Грыгорыя Цудатворцы вызначыць ужо немагчыма. Яна магла знаходзіцца дзесьці каля будынка аўтавакзала. Гэта месца мы паспрабавалі лакалізаваць з краязнаўцам Аляксандрам Семянчуком.

«Фатаграфія з закладкі каменя для новай царквы, прадстаўленая сям’ёй Рымарчук, унікальная. На ёй бачны важны момант. Я адразу ўспомніў нашага краязнаўцу Віктара Саяпіна, ён пра гэта пісаў у 2012 годзе ў кнізе „Страчаныя храмы Гродна“. Праз некаторы час я і ў сябе ў архіве знайшоў фатаграфію гэтай падзеі, якой са мной падзяліўся гісторык Андрэй Чарнякевіч. Па гэтых здымках я пачаў арыентавацца і шукаць месца», — распавядае Аляксандр Семянчук.

Закладка каменя, 1938 год. Здымак з архіву сям'і Рымарчук

Сучасны здымак, ракурс супадае са старой фатаграфіяй. Прыкладна такое ж размяшчэнне купалоў на брыгіцкім касцёле
Некалькі дзён Аляксандр даследаваў старыя карты і картаграмы, старыя і новыя фатаграфіі. Яму ўдалося знайсці прыблізнае месца закладкі каменя.

«На старым здымку добра бачныя купалы і шпілі асноўных храмаў Гродна, ад гэтага я і адштурхоўваўся. Вядома, трэба было зразумець, дзе размяшчаліся старыя драўляныя хаты, гарышчы і дахі, якія бачныя на фота. Для гэтага патрэбныя былі старыя картаграмы і карты: 1931, 1951, 1958 і фота 1967. Польскія казармы 26-й артылерыйскай брыгады ў 1938 годзе ўжо былі. Іх на здымку няма, значыць камень закладвалі лявей.

Так шмат прыватных дамоў у тым раёне, і так размешчаных, было толькі на сучаснай вул. Захарава. Гэта відаць і на старых картаграмах. Таму я зрабіў выснову, што камень для будучай царквы закладвалі прыкладна ў сучасным скверы Факультэта фізкультуры ГрДУ. Чамусьці мне здаецца, што калі будавалі ТФК і акультурвалі прылеглую тэрыторыю ў пачатку 1960-х, месца закладкі было знішчана. І зараз мы дакладнае месца не знойдзем".

Не выключана, што калі-небудзь падчас земляных работ на вуліцы Захарава гродзенцы знойдуць капсулу з рэліквіямі св. Грыгорыя і актам заснавання царквы 1938 года.

Матэрыял падрыхтаваны на гістарычных матэрыялах Віктара Саяпіна з кніг «Утраченные храмы Гродно» і «50 гродненских улиц». Выкарыстаны фотаархіў сям'і Рымарчук, сайта polona.pl і oldgrodno.by.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024