На адным з грамадскіх абмеркаванняў у Гродне сапраўды ўзгаднілі знос гістарычных казарм на Шчорса — але ніхто не заўважыў. Галасы за захаванне будынкаў загучалі, калі адзін з будынкаў ужо зруйнавалі, хаця рашэнне пра гэта прынялі паўгода раней. Як так магло адбыцца, напісаў канал Urban Hrodna.
Канал публікуе афіцыйны адказ Гродзенскага гарвыканкама на зварот, звязаны з руйнаваннем царскай казармы на Шчорса, 2. У ім сказана, што на стадыі падрыхтоўчых работ выявілі, што апорная здольнасць асноўных канструкцый будынкаў не адпавядае норме. У час дадатковага абследавання ў апорных сценах знайшлі значныя дэфекты. Фізічнае зношванне будынкаў склала 79%.
Зносіць «неналежныя апорныя канструкцыі» вырашыў архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры Гродзенскім гарвыканаме 22 жніўня 2023. Цэглу ад старога будынка абяцаюць выкарыстаць у абліцоўцы новага — але пасля праверкі на марозаўстойлівасць, для «захавання акцэнтных месцаў гістарычнага аблічча будынка».
Рашэнне аб зносе будынкаў з’явілася ў выглядзе некалькіх слоў на с. 15 і 18 другой па ліку, 268-старонкавай, справаздачы аб АУНА (ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) у кастрычніку 2023 года.
Будынкі, размешчаныя па вул. Шчорса, 2 і 4, не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, таму ўзгадняць праект у Міністэрстве культуры не трэба.
Першае абмеркаванне: спачатку знос не планавалі
Згодна з першай справаздачай аб АУНА (грамадскае абмеркаванне ў Гродне было ў красавіку-траўні 2023, дакументы яшчэ даступныя на сайце гарвыканкама), праект рэканструкцыі не прадугледжваў знос будынкаў, а толькі дэмантаж усёй «начынкі»: прыбудоў, падлогаў, лесвіц, унутраных перагародак, даху, ганка.
На Шчорса, 2 мусіла ў выніку быць два паверхі, на іх разам 30 кватэр, а таксама ўбудаваны гараж на 12 месцаў на цокальным паверсе. Адзнака падлогі гарышча (паказнік вышыні будынка) мусіла быць на вышыні 8,16 м.
На Шчорса, 4 планавалі надбудаваць трэці - мансардны — паверх, каб там было 45 кватэр — і таксама ўбудаваны гараж на 12 месцаў на цокальным паверсе.
Унутры цагляную кладку збіраліся экспанаваць у тым ліку нават у санвузлах. Страчаную кладку яшчэ тады планавалі аднавіць цэглай ад разбівак.
У пратаколе па выніках абмеркавання сказана, што заўваг і прапаноў па справаздачы аб АУНА не паступіла.
Грамадскае абмеркаванне ў Гродне самога праекта праходзіла ў кастрычніку-лістападзе 2022 года. Тады гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон звярнуў увагу на няслушнае пашырэнне аконных праёмаў - і як вынік, істотнае скажэнне гістарычнага выгляду будынка. Ён скіроўваў свае заўвагі ў гарвыканкам, але вокны пашыраць не перадумалі. Зараз праект і пратакол па выніках яго грамадскага абмеркавання на сайце гарвыканкама недаступны.
Чытайце таксама: «Ідэальны варыянт для чыноўнікаў - калі грамадства маўчыць». Ці можна было захаваць царскія казармы на Шчорса
Другое абмеркаванне: пра дэмантаж будынкаў напісалі, але грамадства не заўважыла
У чэрвені 2023 на Шчорса, 2 пачалі працы — прыбіралі старую сталярку і будаўнічае смецце. У верасні з’явілася новая, другая справаздача АУНА. З яе зразумела, што праекты змянілі.
У справаздачы, што цікава, дадаўся раздзел «Кароткая гістарычная даведка». Ён расказвае пра гісторыю ваеннага гарадка 1880-х гадоў, часткай якога і ёсць гістарычныя будынкі № 2 і № 4.
А таксама ў пералік планаў на дэмантаж — тых жа перакрыццяў, лесвіц, даху і ганка, — дадалі і ўласна апорныя сцены. Яны мусяць «захоўвацца фрагментарна» і адбудоўвацца нанова.
Таксама на Шчорса, 2 вырашылі надбудаваць яшчэ адзін паверх і зрабіць больш кватэр — 39 (у іншым месцы той жа справаздачы — 40). Адпаведна адзнака падлогі халоднага гарышча перамясцілася вышэй, на ўзровень 11,02 м.
Ці звязаная са з’яўленнем +1 жылога паверха неадпаведнасць апорнай здольнасці сценаў нарматывам, мы не ведаем.
На Шчорса, 4 таксама вырашылі дэмантаваць апорныя сцены (захаваўшы фрагментарна) і адбудаваць іх нанова. Колькасць кватэр вырасла да 54, але дом застаўся па плане трохпавярховым.
Ад гаражоў у цокальных паверхах абодвух дамоў адмовіліся, замест іх з’явілася тэхнічнае падполле.
Паводле справаздачы аб АУНА, адмова ад рэалізацыі праекта немэтазгодная, а сярод плюсаў яго рэалізацыі адзначана «аднаўленне гістарычнага аблічча забудовы па вул. Шчорса». Атрымліваецца, знос арыгінальных будынкаў мае прывесці да аднаўлення гістарычнага аблічча.
У час грамадскіх абмеркаванняў заўваг не было
Паводле пратаколу па выніках другіх грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб АУНА ў Гродне аніякіх заўваг не паступіла. Падобна, ніхто з гараджан і зацікаўленых спецыялістаў у час паўторнага «абмеркавання» не заўважыў, што ў 268-старонкавым дакуменце на сайце гарвыканкама дадалося некалькі слоў, якія вырашалі лёс будынкаў.
Чытайце таксама: «Выказанае на кухні мала каго хвалюе». Юрыстка расказала, як уплываць на чыноўнікаў законным спосабам