Людзі і справы

Быў паэтам, стаў рэперам. Правілы жыцця Віталя Рыжкова

«Я прынцыпова не ўступаю ні ў адзін з Саюзаў пісьменнікаў. Ніколі не хацеў даваць сабе зніжак, таму і не маю пасведчання, дзе напісана, што я — пісьменнік. Каб усё жыццё абараняць і даводзіць права на гэтае званне. Найперш — перад сабой». Паразмаўлялі з літаратарам пра школьную праграму, раёнкі, рэпераў і «самае гаротнае з мастацтваў».

«Пісаць трэба так, каб кнігі кралі з біблітэякі»

Я пішу — страшна падумаць — больш за 15 гадоў. І 13 гадоў выступаю. Трэба быць смелым перад сабой і выкрэсліваць кепскія вершы ды кепскія пераклады. Шанаваць час і густ людзей, якія гэта прачытаюць.

Караткевіч казаў, што пісаць трэба так, каб кнігі кралі з біблітэякі. Ягоныя, кажа, кралі.

Я думаю, мне зарана лічыць сябе паэтам, таму называю сябе літаратарам. У значэнне слова «паэт» я ўключаю нейкі працяглы шлях, місію, выпрабаванні, 12 подзвігаў, як у Геракла. Трэба не проста пісаць добрыя вершы, трэба тое-сёе прарабіць цягам жыцця. Трэба паўплываць на паэзію свайго часу і стварыць нешта новае.

Калі хлопец заляцаецца да дзяўчыны, лепш прачытаць не мае вершы, а чые-небудзь прыгожыя.

А я шукаў для сваёй паэзіі новыя кручкі, новыя спосабы зацікавіць чытача. І каб мае вершы нельга было праспяваць. Каб вершы, напрамілы бог, не надрукавалі ў сённяшніх хрэстаматыях па белліце і не катавалі маімі вершамі школьнікаў. Каб раённыя газеты наадрэз адмаўляліся ад таго, што я пішу.

Паэзія — як і паўэрліфцінг ці фітнэс

А значыць, трэба штодня мець трэніроўкі, займацца. І вынікі, адпаведна, будуць заўважныя праз гады. Апроч чытання і аналізу творчасці іншых паэтаў, відаць, і не існуе нейкіх допінгаў, дапаможнікаў па набіранні масы і пераўтварэнні яе ў мускулы. Толькі чытаць-пісаць, чытаць-пісаць — як першакласнікі.

Колькасць беларускіх паэтаў, якія мне падаюцца патрэбнымі, важнымі, вартымі, пачынае ўзрастаць з сярэдзіны 90-х. Тады з’явіліся самыя любімыя мной паэты: Вера Бурлак і Віктар Жыбуль. Крышку асобна Андрэй Хадановіч і Міхась Баярын. А потым папросту цуды: Вальжына Морт, Антон-Францішак Брыль, Наста Кудасава, Дзіма Дзмітрыеў, Андрэй Адамовіч, Антон Рудак, Ігар Кулікоў, Кірыла Анохін, Сяргей Прылуцкі, Таццяна Нядбай, Каця Зыкава, Таня Светашова, Марыйка Мартысевіч, Ася Волкава, Віялета Пачкоўская… І многія-многія (Даруйце, пра каго забыў!). У кагосьці з іх адна кніга, у кагосьці больш, але ўсе яны — такая канцэнтрацыя свежага паветра, а да таго — такое часам выпадковае з’яднанне геніяльных людзей, пра якое, спадзяюся, нашчадкі, калі будзе яшчэ існаваць беларуская мова і літаратура ўвогуле, прыгадаюць як пра паэтычнае сузор’е ці пляяду свайго часу.

Чужая шчырасць не заўжды можа быць цікавай

Калісьці Андрэй Хадановіч прыводзіў прыклад: напіша 80-гадовы дзядуля верш пра тое, як ён любіць сваю праўнучку. І, так, гэта будзе шчыра, але мы ў такой сітуацыі, магчыма, будзем пачувацца крышачку няёмка. Ці дзяўчына напіша, як ёй здрадзіў хлопец, казёл. Такое далёка не заўжды патрабуе чытача. То бок — можна парэфлексаваць, яно дапамагае аўтару папрактывацаца, але не заўсёды рухае чужыя думкі і сэрцы.

Я заняўся рэпам

Праз пэўны збег жыццёвых абставін, звязаных з літаратурных працэсам, я вырашыў перанесці на няпэўны перыяд сваю «бурлівую» дзейнасць у стол. За апошнія шэсць гадоў я паказаў хіба пару новых вершыкаў. Мне востра не падабаюцца варункі ды людзкія стасункі каля «літаратурнага парнаса». Я заняўся рэпам. Стварыў праект «ANGST». Мяне запрасілі ў праект «BELAROOTS». З гуртом мы запісалі альбом «Аднакарэнныя», рыхтуем ЕР і альбом. Сольны таксама пішу.

У нас усходняга тыпу, патрыярхальна-эйджысцкая, сістэма падпарадкавання. То бок, паводле яе, старэйшы пісьменнік-мужчына — па змоўчанні лепшы за маладзейшага, і асабліва маладзейшУЮ. А гэта глупства. Умоўны 70-гадовы заслужоны паэт, які рэгулярна друкуецца ў якім-небудзь «Вячэрнім N-ску», будзе лічыць сябе лепшым за цябе, 20-гадовага. Насуперак таму, што лепшыя творы самыя геніяльныя паэты пішуць у 20−25 (а то і раней): Купала, Колас, Маякоўскі, Гогаль і ўсе-ўсе.

Прэмія — увогуле кепскі паказнік чаго-небудзь, хоць на гэта і «вядуцца»

Старэйшы паэт, бывае, пачне іначай ставіцца да маладога, творчасць якога не разумеў, калі той атрымае дзве-тры прэміі. Гэта такое сабе прызнанне. Заўжды трэба ўключаць крытычны розум, рацыянальнае мысленне ў ацэньванні пошукаў, тэмаў, словаў чарговага лаўрэата. Гэта як з пасведчаннем, дзе напісана напісана, што чалавек — пісьменнік.

Я атрымаў некалькі перамогаў на паэтычных слэмах ва Украіне, выйграў некалькі конкурсаў у Беларусі. Адзначаў, як змянілася стаўленне да мяне. На пэўны момант я з творчага чалавека пачаў пераўтварацца ў «сялебрыці». Трэба было схавацца.

Я быў адначасова і ўсцешаны і, прызнаю, непрыемна закрануты, калі пачуў скепсіс наконт кароны на галаве ў мяне. Але ўсё ж узрадаваны таму, што з’явіліся людзі, якія будуць скідваць нас з парахода сучаснасці, шукаць, як заняць месца, што, на іх думку, незаслужана занятае мной і іншымі бездарамі.

Даведка

Віталь Рыжкоў - паэт, перакладчык. Лаўрэат прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча за кнігу паэзіі «Дзверы, замкнёныя на ключы». Двойчы адзначаны прэміяй «Залаты апостраф» за лепшыя паэтычныя падборкі ў часопісе «Дзеяслоў». Пераможца некалькіх літаратурных конкурсаў і паэтычных слэмаў у Беларусі і Украіне. Вершы перакладаліся на больш чым дзясятак моваў свету.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024