У досведзе дызайнеркі Святланы Пінчук — аздабленне кватэр, фасадаў, кавярняў і нават храмаў. Год таму яна прыйшла ў дзіцячы хоспіс, каб дапамагчы ў афармленні сэнсарнага пакоя. З таго часу сумяшчае працу тут з асноўнай. Пра тое, што стала валанцёркай, нават не задумвалася, «пакуль не сталі так называць». Кажа, што проста прыйшла выканаць работу, якую рабіць умее.
Першы раз дапамагчы дзіцячаму хоспісу Святлана вырашыла, калі абвясцілі акцыю «Малюем веды». Гаражан прасілі ахвяраваць для дзяцей фарбы і альбомы для малявання. Другі раз дапамаглі хоспісу разам з калегамі - набылі стары аўтамабіль, каторы дзеці расфарбавалі разам з мастакамі. Гэта рабілася натуральна, паміж справамі, і не патрабавала шмат часу і высілкаў.
Калі ж хоспіс стаў шукаць дызайнера на афармленне сэнсарнага пакая, Святлана задумалася сур’ёзна. «Ведала, што праект нетыповы і складаны, а праца — бясплатная. Падумала: ну хто возьмецца за такое? Хіба навічок. А пачнуцца цяжкасці - усё заваліць…»
Параіўшыся з сябрамі і пачуўшы «У цябе атрымаецца!», вырашыла сама ўзяцца за справу. Да таго ж прыйшло разуменне — калі не возьмецца, то сорам, што «ведала і не дапамагла», не адпусціць.
Над сэнсарным пакоем многа працавалі. Прыходзілася вырашаць розныя дадатковыя пытанні, раіцца, узгадняць змены. Так што за гэты час стала ў хоспісе «сваім чалавекам». Калі прыйшоў час займацца кінатэатрам без бар’ераў, новым дызайнерскім праектам, то пытанняў, да каго звярнуцца за дапамогай, ужо не было.
«Мне незвыкла думаць пра сябе, што я — валанцёр. Проста выконваю работу, каторую ўмею рабіць», — разважае Святлана. Да таго ж, яна бачыць у супрацы з хоспісам і магчымасці прафесійнага росту.
Маўляў, часы зараз цяжкія, замоваў на працы менш, таму праекты хоспіса дазваляюць падтрымліваць прафесійныя навыкі і ажыццяўляць свае задумкі. Тут творчы падыход і новыя ідэі заўжды вітаюцца. Напрыклад, узгадвае Святлана, даўно хацела распісаць камод. Шукала, каму гэта было б цікава, згодна была нават адрэстаўраваць самастойна. Дык камод прынеслі для безбар’ернага кінатэатра. Атрымалася і мару ажыццявіць, і дзецям карысць прынесці.
Напачатку двое сыноў Святланы ставіліся да працы мамы ў хоспісе насцярожана. На першым ранішніку, дзе яны сустрэліся з невылечнымі дзецьмі з хоспіса, Свеціны хлопчыкі выглядалі нават спалоханымі. «Ні ў сям'і, ні сярод знаёмых у нас няма людзей з інваліднасцю. Раней дзеці з імі ніколі не сутыкаліся». Змяніць сітуацыю дапамог удзел у здымках роліка ў падтрымку дзяцей, хворых на рак.
Пад час здымак дзеці правялі многа часу разам з пацыентамі дзіцячага хоспіса, пазнаёміліся і здружыліся. «Сумесная праца змяніла іх стаўленне. Зараз яны падтрымліваюць стасункі, у іншых акцыях разам удзельнічаюць, разумеюць, чаму гэта патрэбна, а я — толькі за.»
Пазнаёміўшыся бліжэй з пацыентамі хоспіса, Святлана ўбачыла гэтых дзяцей інакш, чым раней. «У іх ёсць тое, чаго няма ў многіх з нас. Яны не ведаюць зла, не разумеюць, што гэта такое. Для іх усе вакол — харошыя, добрыя людзі».
Гэта праўда не азначае, што ім самім, ці з імі заўжды лёгка ці беспраблемна. Сям'і, што мае такое дзіця, прыходзіцца пераадольваць шмат цяжкасцяў. Клопат аб хворым дзіцяці звужае свет блізкіх людзей, асабліва мамы, да памераў асобнай кватэры. Каб хоць трохі змяніць сітуацыю і зрабіць для мам хворых дзяцей свята, у дзіцячым хоспісе вырашылі арганізаваць свята сучаснай беларускай моды «Святаянік». Калекцыю «лукаў» для яго таксама распрацавала Святлана.
www.youtube.com/watch?v=Hmy2d4zvPDY&t=24s
«Была такая мама, што цяжка ішла на кантакт, ледзь угаварылі паўдзельнічаць. На першую прымерку яна прышла з недаверам, на другой ужо пацяплела, а на трэцяй была ў захапленні», — успамінае Святлана. А зараз жанчына так раскрылася, упэўненасць з’явілася, плечы расправіліся. Падышла пасля першага паказу і расказала, што ў юнацтве выступала на сцэне. Папрасіла і надалей запрашаць да ўдзелу ў розных імпрэзах.
«Многім проста не хапае падтрымкі, каб выйсці з замкнёнага кола цяжкасцяў і нешта ў жыцці змяніць да лепшага. Калі бачу такі вынік, то разумею — дзеля гэтага варта рабіць сваю працу.»
Што да платы за работу, то яна таксама бывае вельмі рознай, лічыць Святлана. Працуючы за грошы, моцнай эмацыйнай аддачы ад кліента не варта чакаць. «Калі ж чалавек ведае, што робіш для яго „проста так“, без аплаты і абавязку, то наўзаем адчуваеш моцную ўдзячнасць, радасць і энэргію. Гэта ўзрушвае».
Часта знаёмыя, калі давеваюцца аб супрацы Святланы з дзіцячым хоспісам, просяць нічога ім пра тое не расказваць. Маўляў, я слабы чалавек, буду шкадаваць і расстройвацца.
«Я думаю, чаму ж я не расстройваюся? Ужо ж пры мне некалькі дзяцей, каторых я ведала, памерла. Адна дзяўчынка была нават на „Святаянік“ заяўлена, але не прычакала… А потым зразумела, чаму. Многія іх лічаць нібы ўжо мёртвымі, па змоўчанню. А для мяне яны — звычайныя жывыя дзеці. Ну і што, калі ім кароткі век адмераны. Ніхто не ведае свайго лёсу. Можа, заўтра здароваму чалавеку цагліна на галаву ўпадзе… Стаўлюся да нашых пацыентаў як да звычайных дзяцей — спакойна. Каб быць побач і разам з імі атрымліваць задавальненне ад жыцця».
Вялікім матыватарам і крыніцай натхнення сталі для Святланы і людзі, што таксама па-валанцёрску працуюць побач з ёй. «Калі сэнсарны пакой рабілі, то чакала, што будзе цяжка знайсці ахвотных, бо звычайна людзі не любяць працаваць бясплатна». Але многія адгукнуліся. Ад нечаканасці нават перапытвала — можа, вы не ведалі, не зразумелі, што тут праца не аплочваецца? Але не, усё яны разумелі.
Многія з іх зараз дапамагаюць ствараць і безбар’ерны кінатэатр. І новыя прыходзяць, нават самі прапануюць сваю дапамогу. «Вось патэлефанаваў днямі мужчына, кажа тое і тое магу зрабіць, калі прыйсці дапамагчы? Пытаюся, чаму вы хочаце прыйсці, час патраціць? А ён кажа: «Я ж магу. То чаму б не зрабіць.»
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…