Наста Трафімчык адзначае кожны год свайго дарослага жыцця пераадоленнямі і перамогамі. У 2016 яна скончыла ўніверсітэт, у 2017 стала найпрыгажэйшай «Гарадзенскай беларусачкай», а 2018 год скончыла першым у жыцці начным супермарафонам.
«Калі б мне некалькі гадоў таму сказалі, што я прабягу звышмарафон, я б вельмі гучна засмяялася. Ці магла дзяўчынка, якая ў школе ледзьве дабягала крос на 2 км, уявіць сабе, што яна прабяжыць у разоў 30 большую дыстанцыю», — кажа Наста. Пра тое, як адважылася на першы 12-гадзінны забег і як пераадолела за ноч 62 кіламетры, дзяўчына расказала Hrodna.life.
Досвед бегу Наста адкрыла для сябе на леташнім Забегу цвярозасці. Даўжыня той першай дыстанцыі складала трохі больш за 4 кіламетры. «Ужо тады прасачылася думка прабегчы марафонскую дыстанцыю — 42, 195 км. Пытанняў пра рэальнасць здзяйснення мары нават не было, шмат хто ў маім асяроддзі ўжо зрабіў гэта. Таму заставалася толькі адно — падрыхтавацца. Так, каб фінішаваць з усмешкай».
Наста расказвае, што ўцягнуцца ў бег дапамаглі сябры. Адзін з іх — Дзмітрый Будрык. Ён прафесійны валейбаліст і бізнесовец. Для Насты ён стаў чалавекам, які калісьці запрасіў правесці актыўна нядзельную раніцу. «Спачатку мы пераадольвалі сябе, каб прабегчы кола ў 4,3 км, а потым лёгка ганялі і 6, і 9, і 13 км».
Калі бег стаў звычкай, то з’явіліся і нагоды прабегчыся з карысцю не толькі для сябе. З клубам Run4fun Наста ўдзельнічала ў забегах акцыі #velcombegom. У выніку — набегала паўмарафон.
«Мара прабегчы марафон яшчэ жыла, а тут яшчэ лепшая магчымасць — звышмарафон! У 2018-м, як ты і планавала. Усё цудоўна складваецца!» — узгадвае Наста ўражанні ад сустрэчы.
«Ні ў якім разе не скажу, што мая падрыхтоўка да старту была прафесійнай, — кажа Наста. — У мяне нават трэнера не было. Час ад часу я выходзіла на прабежкі. Калі быў настрой, калі было жаданне бегчы. Магла проста нечакана для сябе падхапіцца, ускочыць, пераапрануцца і праз пару хвілін я ўжо выходжу на вуліцу! Я шмат хадзіла. Не таму, што на носе быў ультрамарафон, а таму што я па жыцці шмат хаджу. Харчавалася добра, у рацыён дадавала больш садавіны і гародніны. Асабліва за тыдзень да забегу — ела за дваіх. Спадзяваўшыся, што гэты тлушч мне спатрэбіцца».
Больш увагі, па словах Насты, патрабавала маральная падрыхтоўка. «Спачатку розум супраціўляўся пагаджацца з маімі нерэальнымі (на яго погляд) планамі на спартыўнае жыццё. Ствараў шматлікія адгаворкі, каб не выходзіць на прабежкі, каб адмовіцца ад ультрамарафона і шмат чаго яшчэ. «З такой падрыхтоўкай, Наста, ты ледзьве пераадолееш 30 км. І то, цябе будуць несці да фінішу! На такія заявачкі я рэагавала з гумарам і верыла ў лепшае». Калі ж час марафону падыйшоў - у нецярпенні лічыла гадзіны да старту, прызнаецца Наста.
Этап прабегу, да якога далучылася Наста, пачаўся, а дзявятай увечары і доўжыўся 12 гадзін. Пераможца вызначаўся па колькасці пераадоленых за гэты час кіламетраў. На старце Наста атрымала нумар 50, імянны кубак і шакаладку. Наперадзе была ноч бегу.
Першыя некалькі кругоў побач бег Лявон Анацка. «Мы не беглі моўчкі. Лявон пазнаёміў мяне з тымі спартсменамі, якія нам сустракаюцца. Пасля падзяліўся сакрэцікамі ўльтрамарафонаў, распавёў пра свае прыгоды па-за Беларуссю і адказаў на мае шматлікія пытанні, якія ўзнікалі па ходзе. На той момант мне гэта не нагадвала забег на доўгую дыстанцыю. Хутчэй гэта была сустрэча з сябрам, якога даўно не бачыла, а ў дадатак да жыццёвых размоваў мы вырашылі прабегчыся», — узгадвае Наста.
Пасля гэтых азнаямленчых кругоў спартсмены пабеглі паасобку, кожны ў сваім тэмпе. Некалькі разоў за ноч спартсмены рабілі перапынкі на адпачынак, перакус і гарачую гарбату.
За пару гадзін да фінішу пайшоў дождж. «Што? Дождж? Цяпер? Цудоўна! Застаецца 2 гадзіны бегу. Пад дажджом. Вось ён, хэпі энд! Нармальныя людзі спяць. А ты тут пад дажджом бяжыш. Нармальным такім дажджом. Не дожджыкам грыбным. Дзякуй, што не ліўнем. Шчыра ўдзячная, што менавіта пры такіх абставінах праходзіць мой першы звышмарафон. Ён мне запомніцца надоўга. І таму, што першы, і таму, што такі», — узгадвае Наста.
Але ці не найбольш эмоцый падарыў Насце фініш. Тым больш, на «апошні» круг яна заходзіла тройчы. А восьмай рана падтрымаць Насту прыйшоў брат і гэта дадало сіл.
«Гэта было неверагодна! Нечакана. Ногі ў рукі - і лячу, быццам толькі стартанула! Ну, брат, ну даў жару! Ноч, а 8-ай, а ён прыйшоў! Я дакладна не магла бегчы павольна. З такой падтрымкай!» — расказвае Наста.
У гэты момант побач пабег і Лявон Анацка. Усім каго абганялі, Анацка крычаў: «Наста фінішуе! Дай дарогу!»
«Было вельмі весела. Але з маім шалёным тэмпам Анацку хапіла на паўкола і я зноў пабегла адна па лужынах». У гэты момант, узгадвае Наста, з’явілася жаданне не спыняцца.
«Анацка ўсім распавёў, што я фінішую, а я бягу яшчэ! Гэта мне вельмі падняло настрой і я самалётам праляцела каля тых, хто думае, што я фінішавала. Выжымаю, што магчымага і немагчыма, і зноў бягу да фінішу. Дабягаю. І што вы думаеце? Мне ўручаюць сцяжок і кажуць: «Бяжы з ім, а я табе свісну, калі выйдзе час. Тады і спынішся».
Наста ўзгадвае, што «уключыла рэжым турба» і з крыкам «Дай дарогу! Наста фінішуе трэці круг!» працягнула бег. Далей застаецца дадаць хіба тое, што свісток прагучаў не праз сто метраў. Да яго Наста паспела пераадолець яшчэ адзін поўны круг.
«Апошні дзясятак метраў. Пяць… Чатыры… Тры… Два… Адзін… Свісток! Так дагэтуль свістка не было? За мной ніхто не бег са свістком? Усё. Фініш. Апладысменты».
Пры падліку вынікаў аказалася, што за 12 гадзін Наста прабегла 62 кіламетры. «У кожнага чалавека ёсць патэнцыял, які не мае межаў. І мы дакладна не ведаем, на што здольныя наша цела і розум. Падарожжа ў адкрыцці гэтых неверагодных магчымасцяў дапамагае адчуць сапраўдны смак жыцця і нарошчвае апетыт на новыя ўзроўні».
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…