Арцём і Аня перабраліся ў Беласток з Брэста ў канцы верасня 2020 года. Жыць у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў яны не хацелі. Першы час у Польшчы Арцём працаваў на будоўлі, а яго нявеста рабіла манікюр. У пачатку 2021 года пара адкрыла кавярню з уласнай выпечкай. Для запуску ім спатрэбілася ўсяго $ 5000. Пра сваё кафэ хлопцы распавялі Hrodna.life.
«Хацелася жыць і нічога не баяцца»
Да пераезду ў Ані ў цэнтры Брэста быў уласны манікюрных салон, а Арцём працаваў афіцыянтам — спачатку ў Санкт-Пецярбургу, потым у Сочы. У дзень выбараў, 9 жніўня 2020 года, ён быў у Расіі. Пачуўшы навіны пра беспарадкі ў Беларусі, вырашыў вярнуцца. Кажа, турбаваўся пра родных.
«Пасля выбараў у краіне стала цяжка жыць у маральным, фізічным і духоўным плане. Хацелася проста жыць, працаваць, займацца толькі сваёй сям’ёй і нічога не баяцца. Але падзеі паказалі, што жыць спакойна ў Беларусі немагчыма. Вырашылі з’язджаць і будаваць сям’ю ў спакойным месцы», — распавядае Арцём.
Пара абрала для пераезду Польшчу. На першы час тут было жыллё: бацькі Ані жывуць у Беластоку, і тады кватэра як раз пуставала.
«Праз жыллё нам ужо было лягчэй на старце. Што тычыцца працы, то ў Ані было запрашэнне ў касметалагічны салон на майстра манікюру, а ў мяне наогул нічога не было. Прыйшлося ісці на будоўлю».
«Звычайная кава з „Бедронкі“ не пройдзе»
У канцы 2020 года пара вырашыла паспрабаваць адкрыць сваю справу. Думалі пра свой салон прыгажосці, але аказалася, што праз каранцінныя абмежаванні ў Польшчы гэты бізнэс церпіць.
«Іх цяпер абсалютна зачынілі. Адкрываць нешта новае ў гэты час — безнадзейная справа. Падумалі пра грамадскае харчаванне, тут хоць можна на вынас працаваць», — кажа Арцём. У яго быў досвед у гэтай сферы, а Аня раней вучылася на повара і бармэна.
Якім менавіта грамадскім харчаваннем займацца, пары было ўсё роўна. Яны разглядалі варыянт з кебабнай і рознымі кафэ. Разлічвалі, куды і колькі трэба ўкласці, якое абсталяванне трэба купіць, цікавіліся метражом, размяшчэннем і іншым. Спыніліся на кавярні. Памяшканне, якое папасавала, знайшлі за пяць дзён.
«Знайшлі месца, дзе ў арэнду здавалася ўсё разам — памяшканне з рамонтам і абсталяванне. Мы планавалі ўкласці да $ 5000, у выніку так і атрымалася», — кажа Арцём. Ён лічыць, што ім вельмі пашанцавала, бо пачынаць з пустога памяшкання каштуе нашмат даражэй. Напрыклад, на месцы ўжо была кофемашына коштам 40 000 злотых ($ 10 500).
«Тут ёсць усе прыбамбасы: тры кавамолкі, бойлер для гарбаты, прыстасаванне для гарачага шакаладу. У памяшканні было пяць халадзільнікаў, не кажучы ўжо пра кубачкі, відэльчыкі, сподкі і шкляначкі. Тут даражэзны керамічны посуд, адзін кубак каштуе 30 злотых ($ 7,5). Уладальнікі ўкладваліся сюды па максімуме, проста асабістыя абставіны прымусілі зачыніцца і здаць памяшканне ў арэнду», — распавядае Арцём.
Арцём і Аня атрымалі ключы ад памяшкання 15 лютага і неўзабаве адчыніліся. Сваю кавярню яны назвалі «Культ». Кава ў іх бразільская, яе пражаць у мясцовай майстэрні «Кайфова кава», якую адкрылі ўкраінцы. Пара дадае, што ў кавярнях Беластока звычайная кава з «Бедронкі» (сетка недарагіх крамаў) не пройдзе, тут кантынгент іншы. Папрацаваўшы два месяцы Арцём і Аня зразумелі, што людзей у Польшчы трэба здзіўляць.
«Мы пачаткоўцы на гэтым рынку. Прыслухоўваемся і падладжваемся пад кліентаў. Адкрыцца складана ў новым горадзе. Трэба пражыць мінімум гадоў пяць, каб набраць кліентаў, каб пра цябе даведаліся людзі, каб у іх быў давер да цябе. А мы наогул адкрыліся ў пандэмію. Як кажуць палякі, тут усё вырашае сарафаннае радыё, а найлепшая рэклама — гэта твой задаволены кліент».
З выпечкай дапамагае цешча
Укладзеныя ў кафэ грошы пайшлі перш за ўсё ў заклад уладальнікам памяшкання. Прыйшлося таксама аплаціць працу рыэлтара — яна каштавала € 1000. Але цяпер пара кажа, што можна было абыйсціся і без яго. Яшчэ частка грошай пайшла на закупку прадуктаў для кавярні.
«У нас першы тыдзень была толькі кава, гарбата, малако і гофры [бельгійскія вафлі - рэд.]. Самае неабходнае. Далей усё паступова дакуплялі. Адзін дэсерт спяклі, другі, цяпер па шэсць ужо вялікіх тартоў. У нас свой кандытарскі цэх — хатні. Мая нявеста ўсё робіць з маці. Да яе маці варта прыслухоўвацца як да нікога іншага — мае багаты досвед працы з ўстановамі грамадскага харчавання».
Зараз у меню ёсць амерыканскія браўні, польскія тарты з суфле і пудынгамі, чызкейкі, круасаны, кексы, бліны і бельгійскія гофры.
«Мы робім усё, як для сябе. Гэта галоўны сакрэт, галоўная фішка. У Польшчы людзі гатовыя плаціць за якасць. Да нас і пенсіянеры, напрыклад, заходзяць па какаву за 8 злотых. Вы можаце ўявіць, каб у Беларусі хто-небудзь з пенсіянераў купляў какаву за 6 рублёў?»
Першы кліент пайшоў без замовы
Першага кліента, які зайшоў выпіць кавы, абслужыць не ўдалося. На той момант ва ўстанову яшчэ не прывезлі тэрмінал для аплаты картай.
«Мужчына прыйшоў, замовіў каву, яе ўжо зрабілі. Ён хацеў расплаціцца па карце, а тэрмінала няма, хацеў скінуць на нумар рахунку, а ў яго памылка нейкая выскоквала. Мы яму ўжо бясплатна каву аддавалі, але ён не ўзяў. Выявілася, палякі бясплатна не бяруць».
Чытайце таксама: Без водки и сигарет, но с чистыми улицами. Как живет приграничная Кузница без беларусов
З цягам часу справы ў кавярні наладзілася, з’явіліся свае кліенты. Аня кажа, што цяпер да іх прыходзіць шмат беларусаў. Яны даведаюцца пра кавярню з сацыяльных сетак.
«А яшчэ сарафаннае радыё працуе. Быў выпадак, калі дзяўчына праходзіла міма, а я раздаваў у той момант флаеры. Яна ўзяла, адышла, а потым вярнулася і сказала, што ведае пра нас. Пачула пра кавярню беларусаў у цырульні: хтосьці прыйшоў туды з нашай выпечкай».
Свая справа за 20 хвілін
Самым складаным было наважыцца запусціць свой бізнэс, кажа Арцём. Грошы на адкрыццё ў пары былі, было і разуменне, што весці бізнес у Польшчы лягчэй, чым у Беларусі. Палохалі каранцінныя абмежаванні.
«Узровень жыцця ў Беларусі і Польшчы розны, як і магчымасці ў бізнэсе. Тут што б ты не рабіў - знойдзецца попыт. Вядома, калі робіш якасна. Дзяржава прадастаўляе падтрымку, зніжкі, усё ў зручнай для вас форме. Мы адкрылі сваю справу за 20 хвілін. Бухгалтара таксама наняць нядорага — 140 злотых ($ 36,5) у месяц. Ты набываеш тэрмінал — і табе год бясплатнага карыстання. У цябе каса — табе працэнты вяртання. Зараз яшчэ будзем высветляць, як Аню правільна аформіць, бо ёсць магчымасць атрымаць дапамогу на работніка».
Чытайце таксама: «Выиграл тендер, но пришлось отказаться». Как беларус во время пандемии открыл в Белостоке фудтрак
Падатак на кавярню на дадзеным этапе складае 3% ад выручкі - гэта аналаг папулярнай у Беларусі сярод прадпрымальнікаў спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Наймаць дадатковых работнікаў пара ў бліжэйшы час не плануе.
«Мы ёсць адзін у аднаго, і гэта вялікі плюс. Працуем разам, я раблю фізічную частка працы, Аня робіць сваю па выпечцы і бары. Круцімся, маем вялікую падтрымку ад беларускай дыяспары. Яны нас вельмі падбадзёрваюць, падтрымліваюць, рэгулярна прыходзяць. І з’яўляецца ў мозгу такі пстрык, што зваротнага шляху ўжо няма, ён быў чатыры месяцы таму».
Галоўнае — не баяцца
Арцём раіць пачаткоўцам не баяцца пачаць. Ён лічыць, калі чалавек у нейкай справе майстар, жыве гэтай справай, ведае ўсе тонкасці і можа выдаваць якасны прадукт, то можа смела гэтым займацца.
«У Польшчы на якасны прадукт заўсёды знойдзецца пакупнік. Што б ты не рабіў: металічныя нарыхтоўкі, пісаў карціны, пёк тарты, адкрываў кафэ ці краму. Калі ты робіш гэта якасна і калі яшчэ разрэкламуеш сябе, то ўсё атрымаецца. Таму самае галоўнае — гэта не баяцца. За $ 5000 тут рэальна адкрыць бізнес».
Чытайце таксама: Белосток приостановил сотрудничество с Гродно из-за репрессий против поляков