Як пабудаваны здзекі ў школах. Фота: unsplash.com
Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах яны заклікаюць бацькоў уважліва сачыць за дзецьмі і дзеляцца рэкамендацыямі, як пазбегнуць здзекаванняў і непавагі. Журналістка Hrodna.life даследавала праблему і паразмаўляла з ахвярамі булінгу пра тое, як яны гэта перажылі.
Улады Гродна звярнулі ўвагу на булінг і скулшуцінг (узброеныя нападу ў школах). Булінг — гэта сістэматычны здзек, які можа прывесці да цяжкіх псіхалагічны наступстваў, кажуць яны. Булінг і скулшуцінг можна прадухіліць, калі мы будзем уважлівыя адзін да аднаго і будзем гатовыя дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу, упэўненыя ўлады.
У гісторыях, якія запісала журналістка Hrodna.life, булінг адбываўся праз ігнараванне з боку настаўнікаў, а ў адным выпадку сама настаўніца стала яго ініцыятаркай.
Таня (імя змененае) ў мінулым годзе скончыла дзявяты клас вясковай школы аднаго з мястэчкаў Вілейшчыны. Але выпускны ёй запомніўся як адна з найгоршых падзей у жыцці. Сям’ю дзяўчынкі палічылі сацыяльна небяспечнай. Менавіта таму яна сутыкалася са здзекамі яшчэ з пачатковай школы. Былі крыўдныя абразы. Аднакласнікі падкрэслівалі яе «нястыльнае» адзенне. Выкідвалі алоўкі і сшыткі ў сметніцы. Яе першы мабільны тэлефон патапілі ў школьным туалеце.
Бацькі ніяк не дапамагалі, кажа Таня, бо лічылі, што «не варта лезці ў дзіцячыя разборкі». У сярэдняй школе аднакласнікі нібы нарэшце адсталі і Таня спакойна працягнула вучобу. Так было да 9 класа.
Напярэдадні выпускнога дзяўчынка сутыкнулася з праблемай: не хапала фінансаў, каб скінуцца на агульнае святкаванне. Класная кіраўніца пашкадавала Таню і заклала за яе грошы са сваёй кішэні. Таня была вельмі ўдзячная і шчаслівая. Але якімсьці чынам аднакласнікі даведаліся пра гэты выпадак і пачалі адкрыта смяяцца з Тані. А пасля таго, як настаўнікі пайшлі святкаваць асобна, у дзяцей канчаткова развязаліся рукі:
«Дзяўчаты і хлопцы пачалі кідаць у мяне маленькія пірожныя з начыннем і памазалі імі ўсю маю сукенку, што была ўзятая напракат».
Таня сышла са свята ў туалет са слязамі і надзеяй адмыць нятанную вопратку. Калі яна прывяла сябе ў парадак, вырашыла вярнуцца ў клас па рэчы і ісці дамоў. Ужо каля выхаду Таня заўважыла, што яе аднакласнікі парэзалі сукенку ззаду нажніцамі, ды так, што яе было не зашыць.
«Я пайшла па дапамогу да настаўнікаў, але маёй класнай кіраўніцы не было. Астатнія ж палічылі, што я сама недаглядзела і апранула ўжо сапсаваную сукенку. Пасля давялося плаціць за яе 500 рублёў».
Выпускны скончыўся расчараваннем, слязамі і раззлаванымі бацькамі. Пасля яго Таня больш не мела ніякіх зносін з аднакласнікамі. Але палёгкай стаў каледж: у ім дзяўчынка знайшла сапраўдных сяброў, любімых настаўнікаў і новыя хобі. Гэта дапамагло стаць больш упэўненай у сабе і не ўспамінаць пра школу.
Дэн скончыў мінскую школу ў 2023 годзе і з булінгам таксама сутыкаўся, але з супрацьлеглага боку. У 5 класе ўвесь яго калектыў і Дэн у тым ліку здзекаваўся з аднаго хлопчыка.
«Той аднакласнік лез да дзяўчынак і лапаў іх, а з хлопцамі ўвесь час біўся. За гэта і аграбаў калектыўна ад усіх хлопцаў. Звычайна білі яго ў туалеце або ў калідоры, скідалі з горкі побач са школай, кідалі яго партфель, раскідвалі сшыткі, на фіз-ры мячы ў яго ляцелі. Праз нейкі час гэта стала штодзённасцю».
Такім чынам Дэн адчуваў, што абараняе дзяўчынак. Ды і гэты хлопчык, кажа ён, звычайна «нарываўся сам», таму сумленне Дэна не мучыла. Настаўнікі намагаліся неяк паўплываць на дзяцей — разнімалі бойкі, пісалі заўвагі ў дзённікі. Але гэта нікога не спыняла. Скончылася тым, што хлопец пасля шостага класа перайшоў у іншую школу. Як склаўся яго лёс далей, Дэн не ведае.
Зараз жа ён лічыць, што можна было абысціся без гвалту, вырашыць усё размовамі. Але пяцікласнікам не было куды падзець сілы, тады гэта былі «дзіцячыя забавы» і ніхто сур’ёзна не думаў пра наступствы.
У 4 класе Саша (імя змененае) пачала хадзіць да рэпетытара па англійскай мове. Яна падзялілася ведамі з пазашкольнай праграмы — на адным з урокаў распавяла не толькі правілы, але і выключэнні з іх. Хоць так глыбока яе клас тэму яшчэ не праходзіў.
Настаўніца пацікавілася, адкуль школьніца гэта ведае. А калі пачула пра рэпетытара, пачала крычаць, што Саша лічыць сябе самай разумнай.
«Чамусьці яе вельмі выбесіла, што замест дадатковага факультатыву з ёй я абрала заняткі з рэпетытарам. З таго часу яна магла мяне абразіць перад усім класам, зніжала адзнакі і смяялася з некаторых самастойных».
Але і аднакласнікі, і бацькі ў Сашы былі разумеючыя. Таму дзяўчынку падтрымлівалі і за адзнакі не лаяліся. Тым больш, што ў пятым класе настаўніца змянілася і паважліва ставілася да ўсіх вучняў. Зараз для шасцікласніцы англійская мова — адзін з любімых прадметаў.
Настаўнік Васіль (імя зменена) сутыкаўся з булінгам, калі быў класным кіраўніком у адной з беларускіх школ. У адным выпадку дзяўчыны не падзялілі хлопца. У іншым — дзевяцікласнікі жартавалі і падколвалі дзяўчынку — дзесьці за знешнасць, вопратку, дзесьці - за вучобу. У класе яна сядзела часцей за ўсё адна. Сям’я яе некаторы час нават у сацыяльна небяспечным становішчы.
— Гэта быў дзявяты клас, і неяк сур’ёзна паўплываць на сітуацыю я не бачыў магчымасцей. Тым больш да мяне працаваў дасведчаны класны кіраўнік. Так, я размаўляў з дзецьмі, ды размовы асабліва не ўплывалі ні на што. Але ў старэйшых класах дзяўчынка навучылася прапускаць кпіны міма вушэй, а недзе магла і пастаяць за сябе. У цэлым праблем не было, — прыгадвае суразмоўца.
У іншай школе настаўнік таксама назіраў булінг. Хлопец-ахвяра ўжо выпусціўся. І толькі потым даведаліся, што ён спрабаваў нават здзейсніць суіцыд, але ўсё абышлося. «Як высветлілася, у старэйшых класах вельмі шмат з яго жартавалі з-за знешнасці і азіяцкай нацыянальнасці. Былі ў школе потым праверкі, але мяне яны не датычыліся, падрабязнасцей не ведаю».
Васіль размаўляў з дзецьмі, потым — з бацькамі, каб тыя паўплывалі на сваіх дзяцей. Перадаваў праблему завучу па выхаваўчай рабоце і псіхолагу. Бо калі даходзіць да суіцыду — «прылятае ўсім».
— Калі цкаванне дзіцяці даводзіць да спробы суіцыду, то ўжо нават настаўніку аднаму не даць рады. Трэба падключаць і завуча, і іншыя службы, працаваць з дзіцем, сям’ёй, астатнімі дзецьмі.
Васіль адзначае, што настаўнік і адміністрацыя могуць кантраляваць сітуацыю толькі ў школе, а не па-за яе сценамі. «Праца вядзецца: і мерапрыемствы, і класныя гадзіны, і сустрэчы з псіхолагам. Але не думаю, што гэта моцна неяк уплывае на агульную карцінку», — прызнаецца ён.
На сайтах дзяржаўных школ і паліклінік ёсць парады, што рабіць у выпадку булінгу. Усюды яны прыкладна аднолькавыя.
Першае, што павінны зрабіць бацькі, — спакойна выслухаць дзіця і паказаць, што яно не адно. Важна даць зразумець: віна не на ім, а на тых, хто зневажае.
Далей варта неадкладна звярнуцца да класнага кіраўніка, школьнага псіхолага і адміністрацыі. Важна дзейнічаць разам, разглядаючы ганенні як праблему ўсяго калектыву, а не прыватны канфлікт.
Калі булінг працягнуўся пасля звароту да псіхолага і адміністрацыі, варта размаўляць асабіста з бацькамі агрэсара.
Бацькам рэкамендуюць вучыць дзіця спраўляцца са стрэсам і разумець прыроду агрэсіі - важна не паддавацца на правакацыі і не адказваць гвалтам на гвалт. Даваць фізічны адпор небяспечна — гэта можа пагоршыць сітуацыю.
Калі высветлілася, што ваша дзіця — удзельнік ганення або падтрымлівае агрэсара, важна называць рэчы сваімі імёнамі. «Гвалт — гэта гвалт». Варта разам з псіхолагам прапрацаваць шляхі выхаду з сітуацыі і падтрымаць дзіця ў спробах змяніцца.
Калі яно апынулася сведкам цкавання, таксама не варта пакідаць гэта без увагі. Высветліце пазіцыю дзіцяці, растлумачце, што маўчанне ці нейтралітэт робяць яго часткай праблемы.
Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…
Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…
Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…
У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…
Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…
Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…