Беларусы масава скардзяцца на знікненне з продажу даступнай бульбы, што выклікала рэакцыю нават на ўзроўні Лукашэнкі. Аднак, як паказвае гісторыя, праблемы з ёй у краіне ўзнікалі і раней. Спыталі ў эканаміста пра прычыны дэфіцыту бульбы. А эксперт па медыя патлумачыў, чаму менавіта ў 2025-м годзе гэта стала абмяркоўвацца ў СМІ і сацсетках.
Сёлета ў краіне пачаліся праблемы з «другім хлебам»: бульба знікла з паліц, а тая, што ёсць — дарагая і няякасная. Беларусы актыўна абмяркоўваюць гэта ў сацсетках. Лукашэнка патрабуе ад урада і мясцовай улады прымаць меры ды просіць грамадзян пачакаць месяц. Міністэрства гандлю і Камітэт дзяржкантролю таксама ўключыліся ў пошук бульбы. А дзяржСМІ намагаюцца заспакоіць беларусаў: маўляў, бульба ёсць.
Як знікала бульба ў розныя гады
Пра праблемы з бульбай у Беларусі пісалі з 2007 году. «Летась з палёў і градак у Беларусі сабралі 2,2 мільёна тон гародніны (з выняткам бульбы), а з’елі мы, па ацэнках адмыслоўцаў, толькі 1,2 мільёна тон. Дзе „згубілася“ палова ўраджаю? У Мінсельгасхарчы падазраюць, што амаль мільён тон гародніны з-за слабога нетаварнага выгляду давялося пусціць на корм жывёле. У лепшым разе. У горшым — яны проста згнілі», — паведамляла ў жніўні 2007 года «СБ. Беларусь Сегодня». Тады заставалася актуальнай праблема захоўвання гародніны, бо шмат якія гаспадаркі выкарыстоўвалі састарэлае абсталяванне.
Праз два гады здарылася непрыемнасць — бульба не ўрадзіла. У той час значную ролю ў дэфіцыце адыграла надвор’е. «Спачатку фітафтора знішчыла ўсё бацвінне, а потым, у ліпені, пайшлі дажджы. Бульбы ў гэтым годзе, можна сказаць, і няма», — пісала ў 2009 годзе «Камсамольская праўда». Пра падобную праблему ў 2014 годзе пісала «Камсамольская праўда». Суразмоўца выдання тлумачыў гэта тым, што краме не выгадна прадаваць танны тавар. А адной з прычын падаражэння расліны мог быць экспарт у Расію.

Праз тры гады гісторыя паўтарылася: гандлёвыя базы не рабілі буйных нарыхтовак, бо раней за 2/3 запасы бульбы згнівалі, а нізкія кошты на бульбу ў Беларусі не спрыялі павелічэнню вытворчасці. «Людзі палічылі сваю выгаду — вывезці і прадаць у Расію», — заўважыла ў траўні 2017 «Хартыя'97».
У 2021-м краіна ізноў сутыкнулася з дэфіцытам: значнае падаражэнне бульбы на фоне зніжэння ўраджайнасці, што прывяло да павелічэння імпарту і скарачэнню экспарту. Паводле «Люстэрка», праблему падымалі на ўзроўні ўрада, аднак яе дагэтуль не вырашылі.
У 2022 годзе — імпарт бульбы
Праз год сітуацыя пагоршылася: ледзь не штомесяц з пачатку 2022 пра дэфіцыт бульбы пісалі дзяржаўныя, недзяржаўныя і нават расійскія медыя. Gazeta.ru адзначала, Беларусь упершыню за шмат гадоў стала імпартаваць бульбу. «У продажы засталася галоўным чынам дробная бульба, да якасці якой у дадатак таксама ёсць пытанні», — пісалі ў «Office life». Onliner заўважыў, у продажы ёсць імпартная бульба, але часта па больш высокай цане. Толькі дзяржаўная агенцыя «Минск-Новости» зрабіла іншую выснову: «Вострай нястачы бульбы і яблыкаў у розніцы няма зусім, ды якасць тавараў адрозніваецца ў залежнасці ад крамы і яе папулярнасці».
У 2023 годзе Беларусь адчувала дэфіцыт бульбы для вытворчасці бульбы фры на сваіх заводах, як паведамляла «Маланка медиа». А летась пытанне з нястачай бульбы паўстала больш востра. Фермеры ў размове з выданнем «Office life» адзначалі, што дзяржрэгуляванне цэн зніжае рэнтабельнасць вытворчасці і стрымлівае развіццё галіны. Гэта прывяло да таго, што шмат якія гаспадаркі скарацілі пасяўныя плошчы пад бульбу, аддаўшы перавагу больш рэнтабельным культурам. «Напрыклад, у Гродзенскай вобласці гэтыя палі зменшыліся на 20%», — пісалі ў «Люстэрка». У сваю чаргу, праўладныя журналісты з БЕЛТА сцвярджалі, што боязі пра дэфіцыт бульбы ў Беларусі неабгрунтаваны, бо вытворчасць аптымізавана пад рэальныя патрэбы ўнутранага рынку і значныя аб’ёмы скіроўваюцца на экспарт.
Што адбылося ў 2025 годзе
У сёлетнім дэфіцыце вінавата, безумоўна, дзяржава, лічыць прэзідэнт Міжнароднага інстытута свабоды ILI (Украіна), эканаміст Яраслаў Раманчук. Асноўная прычына дэфіцыту, перш за ўсё, цэнтралізаванае дзяржаўнае планаванне ў раслінаводстве, а другое — рэгуляванне цэнаў у крамах. Галоўныя вытворцы бульбы ў Беларусі - сельскагаспадарчыя буйныя прадпрыемствы, прыватны малы бізнес і фермеры. Яны выраблялі больш за 80% усёй бульбы ў краіне. Фермеры разумеюць, што будуць мець страты пры продажы ў беларускія крамы, а пры экспарце ў Расію заробяць добрыя грошы адразу і гатоўкай. Таму зробяць выбар у бок апошняй.

«Напрыклад, розніца ў цане паміж тым, што табе могуць даць гатоўкай, можа быць у два-тры разы [вышэй] ў параўнанні з рэгуліраванымі цэнамі рознічных крам Беларусі. Безумоўна, тады знойдуцца ўсе магчымыя спосабы для таго, каб ачысціць не толькі склады, але і рэзервы. Што і адбылося ў гэтым годзе», — тлумачыць Яраслаў Раманчук.
Штогод у Беларусі скарачаецца колькасць валавага сбору бульбы, пра гэта сведчыць статыстыка Белстата. Калі ў 1995 годзе ў краіне сабралі 9,5 млн тон бульбы, то ў 2023 гэтая лічба складала 4 млн тон. Раманчук адзначае, тут праблема дзяржплана «ва ўсёй сваёй безабразнай пачварнасці».
«Гэта пацвярджае яшчэ адну такую аксіёму: калі дзяржплану даць у Сахары кіраваць пяском, там пяску не будзе. У нас таксама з бульбай. Класічны прыклад таго, які Лукашэнка добры гаспадар — за 30+ гадоў кіравання давёў „краіну бульбы“ да дэфіцыту», — кажа эканаміст.
У чым унікальнасць праблем з бульбай сёння
На думку Яраслава Раманчука, адзінае, што можа быць унікальнага ў 2025 годзе — павялічэнне расійскага попыту.
«З-за вайны Расія абмежаваная ў гандлі з іншымі краінамі, таму беларусы з’яўляюцца вытворцамі і пастачальнікамі ежы і для арміі, і для ўсёй Расіі», — адзначае эканаміст.

Чаму ў 2025 годзе ўсе абмяркоўваюць бульбу?
Бульба перыядычна знікае як мінімум 18 гадоў. Чаму цяпер яе знікненне абмяркоўваюць так гучна? «Старажылы звычайна нічога не памятаюць». А мы любім пагаварыць пра ўсе падзеі, якія закранаюць нас эмацыйна. Напрыклад, снег у траўні, прыродныя з’явы ці з’яўленне нейкага дэфіцыту. Таму здаецца, што гэта ўпершыню, кажа старэйшы аналітык MediaIQ Паўлюк Быкоўскі. Да таго ж, людзі на эмоцыях схільныя перабольшваць, а журналісты штучна драматызуюць.
Але медыяаналітык зазначае, што сёлета ў Беларусі ёсць іншая сітуацыя: зачышчаная публічная палітыка, якой фактычна няма. Людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, вельмі абмежаваны ў магчымасці выказвацца наконт палітычнай ці сацыяльнай сітуацыі. І тут з’яўляецца адна сфера, дзе можна выказаць сваю нязгоду.
«Людзі рэальна бачаць, што ў крамах нешта знікла, у дадзенай сітуацыі - беларуская бульба. Вось пра гэта яны гатовыя пагаварыць. Прытым, натуральна, што людзі лаяльныя кіроўнаму рэжыму пачынаюць расказваць, што трэба прыйсці на Камароўку і гэтак далей, - апраўдваюцца. І гэта цікавая гульня, дзе людзям, якім хочацца выказаць сваё незадавальненне, адносна бяспечна [можна] выказацца. Яны нічога не кажуць кепскага пра рэжым, але рэжым пры гэтым разумее, што на гэта трэба рэагаваць і апраўдвацца», — кажа Паўлюк Быкоўскі.
Чытайце таксама: Праўладны Telegram-канал сцвярджае, што ў Гродне няма праблем з бульбай. Гараджане абурыліся