«У жахах сню, што зацягваюся». Гродзенцы распавялі, як кінулі паліць і што з гэтага выйшла

Андрэй не паліць ўжо тры гады. Затое ходзіць у спартзалу і схуднеў на 13 кг. Яна не бярэ цыгарэт у рукі столькі ж. Затое асвоіла сноўборд і палюбіла тренажерку. Раман кінуў паліць амаль 10 гадоў таму. Зараз у яго больш часу на музыку. Як атрымалася пераадолець шкодную звычку і што ад гэтага змянілася, гродзенцы распавялі Hrodna.life.

«Бачу сны, дзе ўсё яшчэ палю»

Андрэй Ціцяк: «Кідайце любымі шляхамі. Спрабуйце — гэта варта таго. Трэба проста зразумець, што нікацінавая ломка скончыцца — вы ад гэтага не пацерпіце. Сарвацца вас прымушае толькі жаль да сябе».

Андрэю Цітяку 35 гадоў, ён займаецца дызайнам і вядзе блог. Ужо тры гады абыходзіцца без цыгарэт, хоць паліў амаль 16 гадоў.

«Усё пачалося ў паходзе з класам, — распавёў Андрэй. — Мяне ніхто не падштурхоўваў, проста захацелася закурыць. Падышоў да аднакласніцы і папрасіў цыгарэту. Чамусьці заўсёды ведаў, што ў нейкі момант закуру. Напэўна, таму што бацькі палілі».

Зараз самае складанае для Андрэя — проста трымацца. Не ўзяць у рукі цыгарэту зноў. Бо паліць усё яшчэ хочацца.

«Чаму я гэтага не раблю? Бо ўсведамляю — гэта глупства. Без цыгарэт я стаў лепш сябе адчуваць i лепш выглядаць. Я стаў больш жывым».

Даведка Hrodna.life

У Беларусі паліць амаль траціна насельніцтва — 29,6%. Тых, хто паліць сярод мужчын — 48,4%, сярод жанчын — 12,6%. Дзевяць з дзесяці ў гэтай групе паляць штодня.Ддзеныя даследавання «Распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь, 2016−2017 гг.»

Кінуць паліць дапамагло падарожжа

Канчаткова ўсвядоміў, што пара кідаць, пасля падарожжа ў Фуэртэвентуру. Па дарозе туды моцна захварэў. Вельмі балела горла. Не мог гаварыць і глынаць. З дапамогай перакладчыка ў тэлефоне напісаў на іспанскай просьбу аб дапамозе і адправіўся ў шпіталь. На прыёме ў лекара нават не змог адкрыць рот. Лекару прыйшлося глядзець горла праз нос, з дапамогай камеры. Паставілі дыягназ — ангіна з абсцэсам 7 см. Сказалі, што патрэбна аперацыя, але я замахаў рукамі на знак адмаўлення. Тады доктар напісала на англійскай толькі адну фразу: «Ты можаш памерці».

Ужо на наступны дзень мне выдалілі левую міндаліну. Па вяртанні ў Беларусь сядзеў некалькі тыдняў на антыбіетыках і не курыў — не мог чыста фізічна. За гэты час нікацінавая ломка проста сышла. Я зразумеў, што не палю ўжо тры тыдні. Пачынаць зноў было проста па-дурному.

Андрэй распавёў Hrodna.life, што пасля таго, як ён кінуў паліць, стала расці вага. Для яго гэта стала матывацыяй перагледзець рацыён харчавання, пайсці ў спартзалу і пачаць займацца. У выніку за год Андрэй схуднеў на 13 кг.

«Што я магу сказаць — жудасна сумую па цыгарэтах. Часам бачу сны, дзе я ўсё яшчэ палю. Пры гэтым я вельмі ганаруся, што не раблю гэтага. Мая апошняя цыгарэта засталася ў Брусэлі».

«Рашэнне на ўсё астатняе жыццё»

Яна Вараб’ёва: «Калі хоць адзін працэнт свядомасці будзе настроены дазволіць сабе вярнуцца да курэння пры „асаблівых“ абставінах — гэта фіяска, браценік. Мозг ужо будзе ведаць таемны ход, як вярнуць сабе наркотык. І гэта адбудзецца нават хутчэй, чым вы думаеце».

Яне Вараб’ёвай 26 гадоў. Яна маркетынг-менеджэр і працуе ў IT. Стаж курца у Яны — восем гадоў. Ад цыгарэт яна адмовілася амаль тры гады таму.

Пачала паліць, прыпадабняючыся кумірам

«Неяк я проста зазірнула ў ларок і папрасіла цыгарэты, — распавяла Hrodna.life Яна. — Можна сказаць, той дзень стаў для мяне фатальным. Да гэтага часу памятаю назву сваіх першых цыгарэт. Думаю, падштурхнула мяне да гэтага падлеткавае жаданне прыпадабняцца сваім кумірам. Яны былі рок-музыкамі. Многія з іх палілі. Кароткая стрыжка, цёмнае адзенне, гітара за плячыма, цыгарэты, па маіх перакананнях, павінны былі падкрэсліць мой вобраз і надаць яму больш драматызму».

Даведка Hrodna.life

Даследаванне курцоў Беларусі паказала, што сярэдні ўзрост пачатку курэння ў Беларусі склаў 17,5 гадоў. Мужчыны пачынаюць паліць у 16,9 гадоў, а жанчыны — у 19,9. Кожны трэці курэц спрабаваў кінуць паліць на працягу апошніх 12 месяцаў. Параду ад лекара кінуць паліць атрымлівалі 63,6% рэспандэнтаў. Кожны другі курэц атрымаў такую параду ва ўзросце 18−29 гадоў.

Дадзеныя даследавання «Распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь, 2016−2017 гг.»

З часам звычка стала неад’емнай часткай жыцця Яны. Пазней яна перайшла на цыгарэты мацнейшыя, а колькасць паступова павялічылася з 2 да 12 цыгарэт на дзень.

Пакуль Яна была студэнткай, пра тое, што трэба кінуць паліць, пастаянна казалі бацькі. Яе ж усё задавальняла і так — матывацыі кінуць паліць не было. Бачных праблем са здароўем не ўзнікала. Яна распавяла Hrodna.life, што бачыла ў курэнні нават плюсы. Часта яно працавала, як інструмент сацыялізацыі. «У курылках за цыгарэтай можна было пазнаёміцца з кім заўгодна і даведацца што заўгодна».

«Аднойчы я прачнулася з думкай, што хачу адмовіцца ад курэння»

Адмовіцца ад курэння Яна вырашыла сама, калі ў жыцці з’явіліся сябры, якія не паляць, і праца, дзе калектыў прытрымліваўся здаровага ладу жыцця. «У той момант змянілася ўспрыманне сябе, — патлумачыла Hrodna.life Яна. — З'явілася больш любові і павагі да сябе, прыйшло ўсведамленне каштоўнасці ўласнага здароўя і прыгажосці. Аднойчы я прачнулася з думкай, што хачу адмовіцца ад курэння».

«Я стоадсоткава ведаю — калі даць сабе хоць найменшую слабіну, гэта можа стацца вялікай катастрофай. Адзін раз зацягнуцца і… я палячу ў ларок купляць пачак самых „бяспечных“ цыгарэт».

Зараз у дзяўчыны з’явілася новае захапленне — заняткі ў трэнажорнай зале. Яна кажа, што калі паліла, не ўзнікала нават думкі пра спорт. Зараз адчула, што можа ўсё — і плаванне, і сноўборд, і самакат і паход у горы.

Вярнуцца да курэння для яе — гэта здрадзіць сабе, разбурыць веру ў свой характар і ўласныя сілы. Яна распавяла Hrodna.life, што курэнне часам вяртаецца да яе ў начных жахах. «Сніцца, як быццам я зноў знаходжу цыгарэты і зацягваюся. Прачынаюся ў халодным поце і з палёгкай разумею, што гэта быў проста сон і я не здалася».

«Галоўнае толькі вынік — поўная адмова ад курэння»

Раман Ножыкаў: «Мне падабаецца, што не трэба пастаянна думаць, дзе б страляць, ці як не забыць купіць цыгарэты. Не трэба пастаянна хвалявацца, як бы і дзе папаліць. Калі перастаеш паліць, з’яўляецца больш часу і ты не марнуеш яго на гэты бескарысны занятак».

Раману Ножыкаву 24 гады. Ён заснавальнік музычнага праекта «Enferly». Паліць пачаў прыкладна ў 2007 годзе і кінуў праз амаль 6 гадоў.

Цяжка кінуць, калі ўсе паляць

«Вакол мяне заўсёды было нямала тых, хто паліць, — распавёў Hrodna.life Раман. — Сваякі, сябры, знаёмыя — вельмі многія палілі побач. Таму з самага дзяцінства цікавасць да курэння ў мяне была. З часам я стаў спрабаваць паліць са сваімі сябрамі. Паступова ўцягнуўся і перайшоў на сталае».

Даведка Hrodna.life

Амаль кожны пяты рэспандэнт даследавання аб курцах, хто не паліць, падвяргаецца ўздзеянню тытунёвага дыму дома ці на працоўным месцы. Мужчыны ў большай ступені схільныя да пасіўнага курэння на працоўным месцы: 18,9% з іх — дома і 22,5% - на працы. Сярод жанчын падвяргаюцца ўздзеянню тытунёвага дыму дома 18,8%, на працы — 8,5%.

Дадзеныя даследавання «Распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь, 2016−2017 гг.»

«Потым я не раз спрабаваў кінуць паліць. Чамусьці перыядычна гэтага хацелася. Спробаў было шмат, але ў выніку нічога не атрымлівалася. Канчаткова кінуў паліць, калі з’явіліся розныя курыльныя рэчывы. Пасля пары не самых прыемных інцыдэнтаў я вырашыў цалкам адмовіцца ад курэння».

«У гэтыя моманты рабілася настолькі дрэнна пасля курэння, што я зразумеў - так больш нельга».

Галоўнае, што дапамагло Раману, гэта канчатковае ўсведамленне бескарыснасці і згубнасці звычкі. Самым складаным аказалася супрацьстаяць людзям з акружэння, якія паляць. Яны пастаянна прапаноўвалі цыгарэты, угаворвалі закурыць ці спрабавалі «стрэльнуць» цыгарэту.

Яшчэ адна страта, звязаная з адмовай ад курэння — перапынкі на перакур. Яны дапамагалі здымаць стрэс.

«Але галоўнае, што мой маральны і фізічны стан пасля адмовы ад курэння палепшыўся».

Тым, хто хоча кінуць паліць, Раман раіць шукаць свой уласны спосаб адмовы. «Універсальных варыянтаў няма. Камусьці досыць будзе проста засяродзіцца на сіле волі, а камусьці трэба шукаць занятак, які заменіць курэнне».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024