Гродзенскі райвыканкам абвесціў конкурс па стварэнні турыстычнага брэнда раёна. У Гродна таксама ёсць свой брэнд. Навошта гарадам і рэгіёнам уласныя гандлёвыя маркі?
Мэта — зрабіць раён пазнавальным і стварыць станоўчы імідж
Улады хочуць стварыць візуальны сімвал, лагатып і слоган Гродзенскага раёна, на аснове якіх можна будзе пабудаваць канцэпцыю брэнда, гаворыцца ў дакументацыі да конкурсу. Брэнд павінны быць заснаваны на тэрытарыяльнай, гістарычнай, культурнай ідэнтычнасці, характэрных адрозненнях і асаблівасцях раёна.
Мэта брэнда — зрабіць раён больш вядомым і прывабным для турыстаў. Як адзначаюць складальнікі дакументацыі, ён таксама будзе працаваць на карысць сацыяльнай і турыстычнай інфраструктуры, культурнага і духоўнага адраджэння Гродзенскага раёна, ствараць яго станоўчы імідж.
У Гродзенскага раёна з 2020 года ёсць афіцыйныя сімвалы — герб і сцяг. На гербе намаляваная галава зубра залацістага колеру з серабрыстымі рагамі на фоне чырвонага варажскага шчыта. Сцяг уяўляе сабой палотнішча чырвонага колеру з выявай герба раёна на ім.
Прагаласаваць у інтэрнэце змогуць усе
Конкурс пройдзе ў некалькі этапаў. Спачатку за найлепшыя працы будзе галасаваць журы, потым пройдзе галасаванне ў інтэрнэце. У выніку абяруць не больш за 12 праектаў. Іх аўтары правядуць прэзентацыю перад журы, якое абярэ найлепшы варыянт. Пераможца атрымае грамату ад старшыні райвыканкама.
Заяўку на ўдзел у конкурсе можна адправіць да 28 лютага 2022 года на электронную пошту: [email protected].
Падобным чынам у 2019 годзе выбіралі брэнд Гродна. Тады некаторых удзельнікаў падазравалі ў накрутцы галасоў у інтэрнэт-галасаванні.
Што такое брэнд горада і навошта ён патрэбны
Многія гарады свету выдаткоўваюць на развіццё сваіх брэндаў значныя сумы: ад 1,5 да 160 млн еўра. Мэта — павялічыць турыстычны патэнцыял і прыцягнуць інвестыцыі. Forbes прыводзіць 10 паспяховых прыкладаў брэндынгу гарадоў. Выданне адзначае, што брэнд мае сэнс перш за ўсё тады, калі звязаны са стратэгіяй развіцця горада.
Капенгаген, напрыклад, не проста распрацаваў лагатып і слоган, але і ўклаўся ў інфраструктуру і прасоўванне, каб атрымаць званне найлепшага горада свету для раварыстаў і бізнесу, горада з самым пунктуальным аэрапортам, а таксама заняць другое месца ў спісе найлепшых гарадоў свету паводле ўзроўню бяспекі.
Лагатып Мельбурна. Фота: Univest Creative Agency via trends.rbc.ru Лагатып Ліёна. Фота: desvarenne_d, flickr.com
У Мельбурне з 2010 года пачалі кругласуткавы маніторынг пешаходнага руху ў цэнтры з мэтай аптымізаваць пешаходныя і аўтамабільныя маршруты. У іншых гарадах паспяхова спрабавалі пераадолець старыя стэрэатыпы: у Амстэрдаме змянілі стары імідж у духу «sex, drugs & rock’n’roll» на вобраз горада культуры, а ў Ліёне — стэрэатып «горада гастраномаў» на «горад навукі і вышэйшай адукацыі».
Брэнду Гродна ўжо тры гады: што з ім цяпер?
Свой брэнд ёсць і ў Гродна: яго распрацавала ў 2019 годзе студыя GRAFIT з Брэста. Акрамя ўласна лагатыпа студыя распрацавала і брэндбук — інструкцыю па выкарыстанні стылю. Яна дазваляе сачыць за выкананнем распрацаваных стандартаў.
«У аснове лагатыпа ляжыць герб горада Гродна, а менавіта Алень святога Губерта з залатым крыжам паміж рагамі. Гэта неад’емная частка гісторыі і ў той жа час унікальны і непаўторны сімвал. Чатыры асноўныя колеры лагатыпа — колеры герба Гродна, якія выклікаюць асацыяцыі з прасторным зялёным горадам. Алень на лагатыпе рухаецца наперад, не забываючы сваю гісторыю і мінулае, аб чым сведчыць паварот яго галавы», — так аўтары апісвалі сваю ідэю.
Чытайце таксама: У Гродне афіцыйна прадставілі турыстычны брэнд: ён каштуе 10 рублёў
Hrodna.life паспрабаваў даведацца, як распрацаваны брэнд горада выкарыстоўваюць у Гродне.
«Сувенірнай прадукцыі [з выкарыстаннем афіцыйнага брэнда — Hrodna.life] для гасцей горада, турыстаў, ды і для гараджан асабіста я не бачыў у сувенірных крамах і ў прадпрымальнікаў. З чым гэта звязана? Можа, ёсць нейкія юрыдычныя тонкасці і лагатып брэнда не маюць права выкарыстоўваць усе ахвочыя?" — кажа гродзенскі экскурсавод Міхаіл.
Ён лічыць, што распрацоўка і ўкараненне брэнда былі актуальныя не толькі тры гады таму, але застаюцца такімі і сёння. Праўда, выкарыстанне лагатыпа і ўзору абмежавалася афармленнем аўтобусных прыпынкаў. Таксама быў невялікі выпуск сувенірнай прадукцыі: насценных календароў, каляндарыкаў, кубкаў і ручак.
Чытайце таксама: Агратрэш і запрашэнне ў турму. Гродзенцы абмеркавалі, якім (не) мае быць імідж горада
Чаму брэнд Гродна не выкарыстоўваюць прадпрымальнікі?
Аддзел спорту і турызму гарвыканкама мае выключнае права выкарыстоўваць лагатып, пазначана на сайце гарвыканкама. Пры гэтым ён дазваляе свабодна выкарыстоўваць яго ў маркетынгавых мэтах арганізацыям і фізічным асобам.
Hrodna.life спрабаваў даведацца, як атрымаць правы на выкарыстанне лагатыпа для вырабу сувеніраў. У аддзеле спорту і турызму нас перанакіравалі ў праектнае бюро. Але і там мы не змаглі высветліць падрабязнасці. Аддзел рэкламы праектнага бюро проста адправіў нас назад у выканкам.
Уладальнік адной з гродзенскіх крамаў падарункаў і сувеніраў ручной працы лічыць, што рамеснікі не выкарыстоўваюць лагатып, бо яго выбралі «намінальна», без уключэння ў працэс людзей з зацікаўленых колаў. Ён не чуў ад знаёмых, каб гэты лагатып падабаўся. Звычайна рэакцыя або пасіўна-нейтральная або негатыўная. Прадпрымальнік адзначае: «Турыстычны брэнд жа для турыстаў, а зараз турыстаў няма — яго папросту няма для каго раскручваць».
Свой брэнд ёсць у Аўгустоўскага канала: хутчэй за ўсё, вы яго нават не бачылі
Для галоўнай славутасці Гродзенскага раёна — Аўгустоўскага канала — ужо распрацоўвалі лагатып. Яго прадставілі ў 2017 годзе разам з брэндамі яшчэ чатырох іншых турыстычных кірункаў. Усе іх распрацавалі ў рамках праекта Еўрасаюза «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі».
Кожны кірунак атрымаў свой лагатып, слоган, рэкламную і прэзентацыйную друкаваную прадукцыю, прома-ролік і стратэгію развіцця. Аднак у далейшым распрацаваныя лагатыпы амаль нідзе не выкарыстоўваліся.
Чытайце таксама: «Не хапае арганізатара, які будзе прасоўваць горад». Піяршчык Мiхаiл Ліс пра сваю работу і брэнд Гродна