«У нас не хапае клуба ці грамадскага аб’яднання, што магло б уплываць на фарміраванне іміджу горада», — кажа мастак Алесь Сураў. Ён быў мадэратарам сустрэчы, якая прайшла 21 лістапада ў Цэнтр гарадскога жыцця. Там сабраліся гродзенцы, неабыякавыя да культурнага жыцця горада.
Гродна можа страціць сваю непаўторнасць і ціха з’ехаць да страшнага правінцыяналізму, калі не будзе дыялогу ўлады з гараджанамі, якія «любяць гэты горад і трохі разумеюць гісторыю і культуру», лічыць мастак. Таму тэмай першай дыскусіі абралі брэнд і ідэнтычнасць Гродна. Думкамі дзяліліся дызайнерка Ірына Працко, мастак Сяргей Грыневіч, рэдактарка Аксана Сівадзедава, гісторык Андрэй Чарнякевіч, арганізатарка выстававаў і пленэраў Ірына Сільвановіч ды іншыя.«Мы маем захаваныя гістарычныя будынкі і колькасць мастакоў на квадратны кіламетр большую, чым у многіх іншых гарадах. Але — з’язджаем у гэту правінцыю. Я так не хачу, бо не абыякавы да гэтага горада, таксама як і многія іншыя», — казаў Алесь Сураў. Шляхам да вырашэння праблемы можа стаць адкрытая грамадская дыскусія. Алесь прапанаваў збірацца раз на месяц ці два, каб разважаць і абмяркоўваць аблічча і культурнае жыццё горада.
«Мы самі павінны вызначыць, што можам прапанаваць. Потым - запрашаць улады да размовы, каб дзяліцца думкамі. Мы не супраць некага. Акопнае жыццё не для культурных людзей. Людзі культуры маюць рабіць культуру».
Адной з падзеяў, што стала брэндавай для Гродна, удзельнікі сустрэчы назвалі Фестываль нацыянальных культур. Аднак жа адзначалі - фестываль перастае быць адметна «гродзенскім» і страчвае брэндавасць.«Брэнд — гэта такая ўпакоўка, у каторую мы павінны загарнуць горад, каб „прадаць“ яго ўсяму свету, — адзначала дызайнерка Ірына Працко. — Гэта абгортка мае быць вельмі выразнай, дакладнай і вытанчанай, мець пэўны прадуманыі прафесійны змест». Яна лічыць, што фармат фестывалю нацыянальных культур трэба мяняць. «Гэта ўсё вырадзілася ў карнавал не зусім цікавых, няшчырых падзеяў. Проста вопратка і шашлык. Нічога знакавага і цэласнага, а тым больш вынаходніцтваў, адкрыццяў больш няма».
Затое, да фестывалю з’яўляюцца часам спрэчныя інсталяцыі, што дысануюць з гістарычным абліччам горада.
«Кідаецца ў вочы заарганізаванасць фестывалю. Паўсюдны шашлык, штучнасць і паказуха, — зазначаў мастак Сяргей Грыневіч. — Адчуванне, што патрапіў на чарговыя дажынкі». Праз тое, меркаваннем мастака, некалі знакавы фестываль ператвараецца ў «чарговы агратрэш» з карнавалам і бутафорыяй несапраўднасці. «Я быў на шмат якіх фестывалях. Гэтай заарганізаванасці няма. Канечне, можна гэта ўсё бяспекай тлумачыць. Але фестываль патрабуе прынцыповай ломкі».
У абарону фестывалю выказалася кіраўнічка культурнага цэнтру «Фестывальны» Ірына Сільвановіч. Яе меркаваннем, фестываль даў гораду шмат добрых рэчаў і да адкрыццяў фестывалю з’явіліся, у прыватнасці, помнік Давіду Гарадзенскаму, пано з птушкамі ды іншыя сапраўдныя творы мастацтва.Што да прадстаўленых нацыянальнасцяў, то іх колькасць ад 11 на першым фестывалі павялічылася да 36 на апошнім. А «Фестывальны» культурны цэнтр даў магчымасць гродзенцам больш даведацца пра свой горад.
Што да новых ідэяў, то яны насамрэч запатрабаваныя ў арганізатараў. Ахвотных падзяліцца прапановамі Ірына Сільвановіч заклікала да супрацы.
Рэдактарка часопіса «Твой Город Гродно» Аксана Сівадзедава выказалася ў падтрымку пластыкавых інсталяцый у гарадскім асяроддзі:
«Многія імі задаволены. Людзі мастацтва глядзяць на рэчы інакш, чым масы. Фестываль нацыянальных культур — гэта карнавал. Але ў прынцыпе людзі задаволеныя. Калі з Гродна прыбраць Каложу, Фарны і Новы замак, на што паедуць турысты? А што рабіць моладзі? Для яе няма аб’ектаў. Фестываль хоць неяк прыцягвае ўвагу, выклікае жаданне прыехаць паглядзець. Нешта можна палепшыць. Але ўсім спадабацца нельга, галоўнае не пакрыўдзіць», — мяркуе журналістка.
На яе думку, каштоўнасць часовых інсталяцый пацвярджаюць шматлікія фотаздымкі на фоне гэтых аб’ектаў у сеціве. Журналістка мяркуе, што калі самыя «залайканыя» фота з Гродна робяць на фоне сэрца, ратонды і драўлянага турыста, то гэта сведчыць аб запатрабаванасці такіх аб’ектаў. «Давайце проста ўлівацца ў рашэнні ўлады, удзельнічаць і нешта ад сябе прапаноўваць».
Праўда, мастакам цяжка з такой прапановай пагадзіцца. «Можна ісці ў рэчышчы і зрабіць з Гродна горад агратрэшу. І гэта будзе адметнасццю, каторай больш нідзе няма. Усе будуць ездзіць паўзірацца на гэты запаведнік безгустоўнасці», — адказаў Сяргей Грыневіч.
Гіторык Андрэй Чарнякевіч звярнуў увагу на Новы Свет. Маўляў, гэта насамрэч аўтэнтычны горад, дзе жылі гродзенцы. Ён мог бы стаць візітоўкай горада, аднак — знішчаецца. Нават «каралеўскі» імідж Гродна гучыць сёння пэўным выклікам. «Не трэба рабіць выгляд, што ўсё дазваляецца. Узгадайце хаця б спробу правесці ў Новым замку канцэрт гурта Lady Pank».
Праблемы з ідэнтычнасцю горада, меркаваннем Андрэя, бачна нават у сувенірных магніціках. Частка з іх па-руску, частка — па-беларуску. На іх няма ніводнай гістарычнай постаці. Бона Сфорца, Патрык Гарадзенскі, Святы Губерт і многія іншыя гістарычныя асобы так і не атрымалі адлюстравання ні ў гарадской прасторы, ні ў культурных падзеях горада, ні ў сувенірах.
А часам гродзенская гісторыя нібы іранізуе з тымі, хто бяздумна яе выкарыстоўвае:
«У кантэксце ідэнтычнасці ёсць цікавы магніцік з малюнкам Напалеона Орды і надпісам кшталту „Прыязджайце ў Гродна“. Адна праблема. На магніціку — выява ўнутранага дворыка турмы. Малюнак быў зроблены падчас зняволення мастака ў Гродне. Ці вы ведаеце яшчэ адзін сувенір, дзе запрашаюць у горад з дапамогай турмы?»
Яшчэ адзін прыклад створанага самім горадам іранічнага сімвала, не бачнага на першы погляд, — размяшчэнне цэнтра «Фестывальны». «Вы звярнулі ўвагу, чым сканчаецца вуліца, дзе стаіць гэты цэнтр? Там месціцца рэстаран «Правінцыя».
Такі стан рэчаў засмучае, кажа дызайнерка Ірына Працко. «Іншыя гарады шукаюць, што б іх аўтэнтычна вызначыла. А мы маем такі велічны пласт гісторыі - дэкаратыўны і арыстакратычны, але не можам зрабіць горад адрозным ад другіх».
Дыскусія паказала, што ў горадзе шмат людзей неабыякава ставяцца да таго, якім будзе Гродна. Аднак высветлілася, што механізмаў эфектыўнай супрацы грамадскасці з уладамі гораду няма. На пісьмовыя звароты з прапановамі часта прыходзяць вельмі фармальныя адказы. Падчас арганізацыі імпрэзаў адміністрацыя горада больш удзяляе ўвагі пошуку фінансаў, чым магчымасці выкарыстаць наяўны крэатыўны рэсурсу гараджан.
«У нас няма да каго звяртацца, — падвёў вынік Алесь Сураў. — Калі мы хочам, каб нас пачулі, маем самі павінны праявіць ініцыятыву. Інакш нічога не будзе».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…