Спадчына

Знакамітыя вучоныя Гродна: браты Урублеўскія — навукоўцы і інжынеры, пра якіх сорамна не ведаць

У касцёле святога Франішка Ксаверыя на адной з калонаў, зусім блізка ад помніка Антонію Тызенгаўзу, вісяць тры шыльды. Яны прысвечаныя Урублеўскім — Вітольду, Станіславу, Эдварду і Жыгімонту. Гэта ўсё родныя браты — прадстаўнікі небагатага, але разгалінаванага шляхецкага рода, з якога таксама паходзіць народжаны ў Жалудку паўстанцкі камандзір і генерал парыжскай камуны Валерый Урублеўскі.

Экскурсаводы калі і расказваюць нешта пра Урублеўскіх, то толькі пра найбольш знакамітага — фізіка Жыгімонта Урублеўскага. Мы ж раскажам пра ўсіх братоў.

Бацькі клапаціліся пра адукацыю

У першай палове ХІХ ст. у Гродне пасяліўся шляхціц Антоній Казіміравіч Урублеўскі. Ён быў не асабліва багатым царскім чыноўнікам, у тыя часы многія шляхціцы падаліся на дзяржаўную службу. Паходзілі Урублеўскія хутчэй за ўсё з Брэсцкага ўезда Гродзенскай губерніі, паколькі з дакументаў вядома, што Антоній разам са сваім братам Аляксандрам здавалі ў арэнду 39 дзесяцін зямлі ў маёнтку Токары на Брэстчыне.

Магіла Антонія і Караліны Урублеўскіх на Фарных могілках у Гродне
Антоній Урублеўскі разам са сваёй жонкай Каралінай з Манькоўскіх мелі 11 дзяцей, з якіх трое памерлі ў дзяцінстве. Хатнюю адукацыю сваім хлопцам і дзяўчатам маці давала сама, а бацька прыклаў нямала клопату, каб дзеці вучыліся далей. Першым пайшоў у самастойнае жыццё старэйшы Вітальд, які стаў адным з найбольш знакамітых польскіх педагогаў, прафесарам Вышэйшай тэхнічнай школы (будучая Варшаўская палітэхніка) і ўсё жыццё пражыў у Варшаве.

З малодшым за яго на некалькі гадоў братам Жыгімонтам усё аказалася складаней. У 1862 г. Жыгімонт скончыў гродзенскую гімназію з сярэбраным медалём і пачаў навучанне ў Кіеўскім універсітэце, а летам 1863 года, у самы разгар антыцарскага паўстання, прыехаў у Гродна на канікулы.

Сваяк уцягнуў у паўстанне

У гродзенскім гістарычным архіве захоўваюцца паказанні Жыгімонта Урублеўскага, дзе ён кажа, што падхоплены патрыятычным парывам прыляцеў у Гродна і пачаў шукаць магчымасці далучыцца да паўстання. Зусім маладога яшчэ хлопца са слабым зрокам уцягнуў у паўстанцкую работу блізкі сваяк, уладальнік маёнтка Гожа, таксама малады дэмакратычны памешчык Станіслаў Сільвестровіч. Той быў прызначаны спачатку паўстанцкім начальнікам Гродзенскага павета і Урублеўскі стаў ягоным сакратаром.

Памятныя табліцы ў Фарным касцёле
Калі правадыр паўстання Кастусь Каліноўскі з’ехаў у Вільню, Сільвестровіч узначаліў Гродзенскае ваяводства. Урублеўскі не быў у паўстанцкім атрадзе, ён знаходзіўся ў Гродне, перапісваў разнастайныя паперы і загады. Летам 1863 года і яго, і ягонага начальніка ўлады арыштавалі.

Апошні візіт у Гродна

Жыгімонт доўга маўчаў і расказаў аб сваім удзеле ў паўстанні толькі калі большасць яго паплечнікаў ужо арыштавалі. У 1864 годзе яго высылаюць на жыхарства ў Томскую губерню, а праз некалькі гадоў клопаты бацькоў прывялі да таго, што хлопца перасялілі ў Казанскую губерню.


Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой


З большасцю паўстанцаў улады паступілі вельмі сурова, Жыгімонта ж выратавалі вельмі малады ўзрост (яму было ўсяго 18 гадоў), вернасць яго бацькоў уладзе і тое, што ён не ўдзельнічаў непасрэдна ў баях супраць царскіх войскаў. У самым пачатку 1869 года Урублеўскі быў вызвалены пад нагляд паліцыі і ў сакавіку 1869 года апошні раз у сваім жыцці наведаў Гродна.

Не даехаў да Японіі

Наступныя некалькі гадоў прайшлі ў пастаяннай вучобе і барацьбе з цяжкай хваробай зроку, набытай пад час самастойнага навучання ў Сібіры, калі Жыгімонт падоўгу засіжваўся над кнігамі, маючы для асвятлення толькі лучыну.

Урублеўскі пабываў у Берліне, Цурыху, Гейдэльберзе, істотна палепшыў свае веды па фізіцы, паглядзеў як працуюць самыя сучасныя лабараторыі. Не маючы дастаткова сродкаў не толькі для пачатку самастойных заняткаў, але і проста для жыцця, Урублеўскі прапаноўваў свае паслугі розным вучоным у якасці асістэнта і ў 1874 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.

Пазней ён паспеў папрацаваць у Мюнхене і Страсбургу і нават атрымаў прапанову ўзначаліць кафедру фізікі ва ўніверсітэце ў Эда (цяпер Токіё), але ў выніку да Японіі так і не даехаў.

У 1880−1882 гадах Урублеўскі, атрымаўшы навуковую стыпендыю Кракаўскай акадэміі навук, аб’ехаў Францыю і Англію, пазнаёміўшыся з прынцыпамі працы фізічных лабараторый у гэтых краінах. Там ён упершыню зацікавіўся фізікай газаў.

Найважнейшы эксперымент

Урублеўскі прывёз з Парыжа прыборы для звадкавання газаў і, узначаліўшы ў Кракаве кафедру, разам з хімікам прафесарам Альшэўскім заняўся эксперыментамі. Звадкаванне газаў было ў тыя часы цікавай навуковай задачай, важнай як тэарэтычна для разумення прыроды хімічных элементаў, так і для развіцця прамысловасці.

Лабараторыя Урублеўскага і Альшэўскага ў Ягелонскім універсітэце
На той момант вадкі кісларод ужо спрабаваў здабыць французскі фізік Луі Каетэ, але яму ўдалося толькі пабачыць у эксперыментальным посудзе нешта накшталт тумана, які кропелькамі асядаў на шкляных сценках. А вось Урублеўскі і Альшэўскі з гэтай задачай справіліся. Яны спачатку павялічылі ціск, а пасля пачалі ахалоджваць кісларод. І менавіта ім удалося атрымаць вадкі кістарод і вадкі азот у такім аб’ёме, каб яго можна было памераць.

Выбітны навуковец, нелюдзімы чалавек

Эксперымент кракаўскіх навукоўцаў быў прызнаны самым важным адкрыццём у фізіцы за тры гады. Урублеўскі, у якога ў жыцці ўсё пачало налажвацца, атрымаў чарговую стыпендыю і заняўся спробамі здабыць вадкі вадарод.

Зыгмунт Урублеўскі на польскай паштовай марцы
Ён ужо паспеў апублікаваць усе галоўныя параметры вадарода ў вадкім стане і мэтанакіравана ішоў да мэты. Але ў 1888 годзе здарылася трагедыя. Малюючы схемы для свайго чарговага артыкула, Урублеўскі перакуліў чарцёжную дошку, а тая перавярнула газавую лямпу, якая стаяла побач. Навуковец, абліты палаючай газай, яшчэ здолеў выйсці на вуліцу, дзе яго патушылі студэнты.

Плошча апёкаў была такая вялікая, што праз пэўны час Урублеўскі памёр. Яго пахавалі з найбольшымі гонарамі, якія належацца вучонаму з Ягелонскага ўніверсітэта. Над яго магілай казалі, што Урублеўскі быў даволі нелюдзімым чалавекам, не асабліва сыходзіўся з людзьмі, але ягоная любоў да навукі і працавітасць выклікалі шчырую павагу і захапленне.

Памятная табліца ў Ягелонскім універсітэце

Таленавіты хімік і любімы выкладчык студэнтаў

Трэці з братоў, Эдвард, быў на тры гады маладзейшы за Жыгімонта. У 1864 г., пасля шостага класа гімназіі ў Гродне, ён паехаў вучыцца ў Тэхналагічны Інстытут у Пецярбурзе, дзе і правёў рэшту жыцця.

Гэты малады чалавек паказаў сябе настолькі таленавітым і працавітым хімікам, што ўжо ў 1870 годзе, адразу пасля заканчэння інстытута, яго прызначылі загадчыкам лабараторыі гэтай вучэльні. Цягам 1870-х ён абараніў спачатку магістарскую, а пасля доктарскую дысертацыю і стаў адным з самых любімых студэнтамі выкладчыкаў інстытута.

Мог зрабіць яшчэ шмат

Галоўны навуковы ўклад Эдварда Урублеўскага ў тым, што ён эксперыментальна і тэарэтычна абгрунтаваў адкрытую нямецкіх хімікам Кекуле структуру бензольнага кальца. Бензол — арганічнае злучэнне, якое ўваходзіць у склад бензіна, выкарыстоўваецца ў вытворчасці пластмасаў, лекаў і мностве іншых прамысловых працэсаў. Тлумачэнне яго структуры было таксама вельмі важным крокам у раскрыцці працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах.

Расійскае хімічнае таварыства. Сёмы злева стаіць Эдвард Урублеўскі, дзясяты злева — Мендзялееў
Эдвард Урублеўскі таксама стаў адным з заснавальнікаў Рускага хімічнага таварыства і мог бы стаць вялікім светачам навукі, але ў 1881 годзе, маючы ўсяго 33 гады, цалкам страціў зрок і праз восем гадоў памёр. Пахавалі Эдварда Урублеўскага на Выбаргскіх каталіцкіх могілках у Пецярбурзе, якія былі цалкам знішчаны ў савецкі час.

Інжынер, прамысловец і філантроп

Малодшым з братоў Урублеўскіх, якія пакінулі свой след у дакладных навуках, быў Станіслаў, народжаны ў 1854 годзе. Ён атрымаў дыплом інжынера дзякуючы свайму брату Эдварду, паколькі той моцна дапамагаў яму падчас вучобы.

Усё жыццё Станіслаў прысвяціў рабоце чыгуначнага інжынера і прадпрымальніка. Пачаў ён ад пуцявога майстра на Мікалаеўскай чыгунцы, а ўжо ў пачатку 20 ст. быў адным з кіраўнікоў вагоннага завода ў Мыцішчах каля Масквы. Пазней Станіслаў Урублеўскі ўвайшоў у кіраўніцтва расійскага таварыства прамыслоўцаў і ўсё жыццё вельмі актыўна займаўся дабрачыннасцю, стараўся павысціць узровень жыцця рабочых.

Пасля падзей 1917 г. Станіслаў пераехаў у Польшчу і яшчэ паспеў прыняць удзел у стварэнні ваенна-прамысловага комплексу адроджанай Польскай дзяржавы.

Дзе павесіць шыльду?

Прадстаўнікі шматлікай сям'і Урублеўскіх яшчэ жылі ў Гродне ў міжваенны час і, магчыма, жывуць у горадзе дасюль. З пачатку 20 ст. трыма дамамі ў пачатку вуліцы Ажэшкі, насупраць цяперашняга аблвыканкама, валодала Аліна Урублеўская — сястра братоў Урублеўскіх. У 1927 годзе ў адным з яе дамоў быў адкрыты філял львоўскай музычнай школы.

З левага боку вуліцы дамы Урублеўскіх
У верасні 1958 г. гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб зносе некалькіх дамоў па вуліцы Ажэшкі пад будоўлю чатырохпавярховіка. Пры гэтым дом сям'і Урублеўскіх (вул. Ажэшкі № 10), адпаведна рашэнню гарвыканкама ад 14 студзеня 1959 г., быў перанесены на вуліцу Маякоўскага і, цалкам верагодна, захаваўся там дагэтуль. Сёння гэта жылы дом насупраць аблвыканкама. Думаецца, што на ім можна было бы размясціць памятную шыльду, прысвечаную братам Урублеўскім.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024