Класічны вестэрн ўжо ніколі не вернецца, але фільмы пра Дзікі Захад працягваюць здымаць. Адзін з апошніх — «Браты Сістэрс» Жака Адзіяра. Спачатку браты-кілеры ідуць па следзе ахвяры, а ў канцы перамагае дабрыня. У вестэрне канцоўкі кранальней вы яшчэ не бачылі. Сусветная прэм’ера «Братоў» прайшла 28 лістапада. Да 9 снежня фільм можна паглядзець у Гродне.
Прынята лічыць, што вестэрн ў класічным прадстаўленні даўно зжыў сябе і знік, калі не стала яго караля Джона Уэйна. Пасля былі толькі невялікія жанравыя ўспышкі, якія нагадвалі пра залатыя часы, калі брутальныя каўбоі спаборнічалі ў шпаркасці адзіночнага стрэлу і імчаліся ў бок вечаровага сонца.
Рэжысёры не адмаўляліся здымаць пра часы Дзікага Захаду, але вестэрн зрабіўся фільмам-пародыяй («Мільён спосабаў страціць галаву»), прымаў форму «мяснога» жаху («Касцяны тамагаўк») альбо атрымліваўся стылізаваным постмадэрнісцкім рэмейкам самога сябе. Адзінкавыя выпадкі праявы гэтага класічнага жанру на экранах былі ціхім шэптам ў сусветным кінематографе.
Але мінулай восенню спачатку браты Коэны звярнуліся да тэматыкі Дзікага Захаду ў кінаальманаху «Балада Бастэра Скрагса», пасля француз Жак Адзіяр паспрабаваў свае сілы і выпусціў «Братоў Сістэрс».
Імя Адзіяра знаёма аматарам кіно, якія сочаць за еўрапейскімі фестывалямі. У Канах гэты рэжысёр і сцэнарыст не раз станавіўся ўладальнікам розных прэмій. Шырокаму круг гледачоў вядомы сцэнар Адзіяра, які стаў найпапулярным фільмам «Прафесіянал» з Бельмандо. У 2018 годзе яго апошні фільм «Браты Сістэрс» прынёс французу ўзнагароду Венецыянскага кінафестывалю за лепшую рэжысуру.
Браты Сістэрс — двое паляўнічых за галовамі, якія ідуць па следзе алхіміка-філосафа. Іх мэта — лёгкі спосаб здабычы золата.
Два галоўных героя, алкаголік і меланхолік, робяць усё магчымае, каб фільм пры ўсіх атрыбутах жанру, стаў антывестэрнам. Двухгадзінны хранаметраж фільма складаецца з дыялогаў братоў аб сваіх дзіцячых траўмах, якія паспрыялі станаўленню іх, як будучых кілераў. Бясконцае высвятленне адносін паміж сабой, зыходзячы з тэмаў шматлікіх гутарак, уплывае на настрой фільма: вестэрн ператвараецца то ў глыбакадумную драму, то ў запаволеную камедыю. Настрой змяняецца, але градус напалу ўвесь фільм знаходзіцца на адным узроўні. Забойцы мяняюць коней, гатэлі і дзяўчат, але расповед ні разу не перастае быць цікавым. «Роўд-муві» ва ўсёй прыгажосці.
Цягам фільма адбываецца павольная трансфармацыя герояў. Гэтыя бравыя хлопцы, у самым пачатку прадстаўляліся крывавымі катамі, ператвараюцца ў душэўных і ўразлівых людзей. Калі паляўнічыя пачынаюць разумець мэты сваёй ахвяры, пачынаюцца чалавечыя зносіны, з’яўляюцца агульныя памкненні, узнікае нагода адкласці зброю. Тэмпарытм фільма арганічна запавольваецца, але, паўтаруся, апавяданне працягваецца, і цікаўнасць не слабее.
Лінія «анёльскага» аптымізму і душэўнай раўнавагі, вядома, скончыцца па віне станоўчых герояў, якія забыліся пра смяротныя грахі. Але заганнае кола гвалту будзе разарвана і «блудныя сыны» ацэняць прадастаўлены ім шанец для вяртання. У вестэрне канцоўкі кранальней вы яшчэ не бачылі. Варта толькі дадаць, што ўсё вышэй апісанае выдатна адыгралі Хаакін Фенікс, Джэйк Джыленхол і Джон Сі Райлі.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…