У Беларусі і Расіі з вясны не працуюць папулярныя сэрвісы пошуку гатэляў і апартаментаў Booking.com і Airbnb. Турыстаў жа, наадварот, усё больш і больш. Як ім зараз знайсці жыллё? Hrodna.life праверыў.
Дзе цяпер забраніраваць пакой у гатэлі ў Гродне
OSTROVOK.RU
Сэрвіс пошуку і браніравання гатэляў і апартаментаў - шмат у чым аналаг Booking. Знайсці начлег можна ў спісе альбо на мапе. У сайта ёсць шмат (больш за 15) моўных версій, можна таксама выбіраць цану ў зручнай валюце.
У каталогу ёсць 116 аб’ектаў у Гродне, у тым ліку папулярныя гатэлі: «Сямашка», «Турыст», «Славія», VS Design hotel і «Кронан парк гатэль». Астатняе — кватэры па ўсім горадзе.
BRONEVIK.com
Яшчэ адзін расійскі аналаг Booking, у якім можна знайсці гатэль альбо апартаменты. У каталогу мы знайшлі тыя ж гатэлі, што і ў папярэднім сэрвісе, а яшчэ гатэль «Новы свет» і «Нёман». Але апартаментаў было значна менш — агулам у Гродне ў гэтым сэрвісе толькі 16 аб’ектаў размяшчэння. Сайт працуе на рускай і англійскай мовах.
101hotels.com
Яшчэ адзін расійскі сэрвіс для браніравання нумароў у гатэлях. Як і ў папярэдніх сэрвісах, жыллё можна знайсці па шэрагу крытэрыяў. На сайце прадстаўлена 49 варыянтаў арэнды жылля ў Гродне: гатэлі, хостэлы, аграсядзібы і апартаменты. Сайт працуе на рускай мове. Праўда, забраніраваць нумар атрымаецца не ўсюды: калі ў буйных і папулярных гатэлях кнопка «Браніраваць» актыўная, то ў хостэлах і менш вядомых гатэлях часта незалежна ад даты мы бачылі надпіса «Магчыма, ёсць 1 нумар». Маўляў, усё роўна трэба звязвацца з аб’ектам самому.
trivago
Cайт для бранавання гатэлей trivago працуе на англійскай і іспанскай мовах. Ёсць таксама шмат іншых моўных версій — trivago.pl на польскай, trivago.de на нямецкай і г. д. А вось сайт trivago.ru ужо закрыты.
Вынікі пошуку сайт выдае толькі пры наяўнасці вольных месцаў у гатэлі. Сярод гродзенскіх гатэляў у каталозе ёсць толькі «Кронан парк гатэль», «Нёман» і «Сямашка» на вуліцы Антонава.
hotels.com
Сярод гродзенскіх гатэляў сайт прапануе толькі «Кронан парк гатэль» і гасцініцу «Турыст» на вуліцы Янкі Купалы. Сайт працуе на англійскай мове, але можна выбраць валюту розных краін.
На сайце пошуку жылля agoda гатэлі ў Гродне не знайшлі. Сайт «One two trip» прапануе варыянты размяшчэнне ў залежнасці ад абраных датаў: у каталогу 14 аб’ектаў, сярод іх самыя папулярныя гатэлі і некалькі апартаментаў. У меню можна абраць валюту і мову Англіі, Германіі, Польшчы, Турцыі, Іспаніі, а таксама Казахстана.
Чытайце таксама: Без завтраков, с сауной или в Presidential Suite. Сколько стоит пожить в гостиницах Гродно?
Дзе цяпер знайсці кватэру на суткі ў Гродне
Адпачынак
«Адпачынак» — адзіны беларускі сэрвіс браніравання кватэр у Беларусі, які знайшоў Hrodna.life. На сайце можна абраць даты, на якія вы плануеце забраніраваць кватэру, абраць падыходзячыя для вас параметры кватэры, а таксама пазначыць колькасць гасцей.
GoHome
На сайце GoHome прадстаўлена база аб’яваў аб набыцці, арэндзе і продажы нерухомасці ў Беларусі. Таксама на сайце ёсць аб’явы аб кватэрах, якія можна арэндаваць на суткі. Функцыя бранавання адсутнічае, але ёсць нумар тэлефона ўладальніка кватэры, з якім можна дамовіцца па тэлефоне.
У пошуку можна акрэсліць колькасць пакояў, цану і раён, дзе знаходзіцца кватэра. Аб’явы можна паглядзець спісам альбо на мапе.
ROOMER.BY
Каталог кватэр на суткі. Аб’явы можна паглядзець спісам альбо на мапе. Абраць колькасць пакояў і ложкаў. Акрамя гэта можна абраць раён ці вуліцу і зручнасці, якія павінны быць у кватэры. Цану за кватэры можна ўбачыць як у беларускіх рублях, так і ў доларах, еўра і расійскіх рублях.
Кантакты гаспадароў указаны ў аб’явах спасылкамі на іх мэсэнджары: Viber, WhatsApp, Telegram. Калі перайсці на старонку аб’явы, з’яўляецца вакенца паведамленняў з пытаннем ад гаспадара: на якія даты патрэбна кватэры і для якой колькасці чалавек.
Domovita
Як і ў папярэдніх каталогах, можна абраць валюту арэнды, колькасць пакояў і спальных месцаў. На старонцы адразу адкрыта мапа, на якой можна ўбачыць кватэры для арэнды.
Каб забраніраваць кватэру трэба патэлефанаваць гаспадарам альбо напісаць на пошту. Усе кантакты ў аб’явах пазначаны.
Flatbook
Каб забраніраваць кватэру на сайце Flatbook, у аб’яве трэба націснуць «Зрабіць заяўку». Там пазначыць імя, тэлефон, колькасць чалавек, даты заезда і выезда, а таксама свой e-mail.
На сайце можна знайсці кватэры па патрэбнай колькасці пакояў, раёне, а таксама па колькасці спальных месцаў.
MYSPOT.BY
На сайце можна знайсці кватэру паводле параметраў: колькасці пакояў, спальных месцаў, раёне/вуліцы. Каб забраніраваць кватэру, трэба звязацца з уладальнікам праз нумар тэлефона, які пазначаны ў аб’яве, альбо праз мэсэнджэры, спасылкі на якія таксама ёсць. Другі варыянт — пакінуць заяўку, націснуўшы адпаведную кнопку і пакінуўшы свае дадзеныя.
Kufar
На сайце аб’яваў Kufar.by таксама можна знайсці кватэру на суткі. На сайце ёсць магчымасць акрэсліць колькасць пакояў і цану. У аб’явах ёсць нумар тэлефона ўладальніка кватэры, праз які можна з ім звязацца.
UPD. На сайце «Куфар» ужо працуе сэрвіс анлайн-букінгу. Ён павінен стаць альтэрнатывай сайтам Booking і Airbnb.
«Перспектывы мы ацэньваем як вялікія, тым больш, што Куфар — лідар беларускага рынку ў галіне анлайн-абвестак пра нерухомасць, асабліва пра кароткатэрміновую арэнду. Зараз мы паступова пераводзім на анлайн-букінг партнёраў» — паведаміў Hrodna.life PR-спецыяліст сайта «Куфар» Раман Стронгін.
Для анлайн-арэнды, ужо ёсць кватэры ў Гродне.
hata.by
У каталозе кватэр на hata.by, як і на папярэдніх сайтах, ёсць катэгорыі і параметры іх кватэр. У аб’явах ёсць апісанне кватэры, а таксама нумар тэлефона ўладальніка, праз які з ім можна звязацца. Паводле стану на 29 жніўня 2022 года ў каталозе ёсць толькі пяць кватэр для сутачнай арэнды.
БелКрай
Аналаг сервісаў Booking і Airbnb планавалі запусціць у пачатку ліпеня 2022 года на базе сайта «БелКрай». Але, як і раней, на сайце даступна браніраванне толькі катэджаў, аграсядзібаў, турбазаў і экскурсій. З’явілася браніраванне кватэр, але іх вельмі мала — і ў Гродне пакуль няма ніводнай.
Якія яшчэ ёсць сэрвісы для пошуку кватэр на суткі ў Гродне
Акрамя беларускіх сэрвісаў Realt, kvartiradom.by, Kva.by, Kvartirka.by, ёсць расійскія. Напрыклад, YouRenta.ru, суточно.ру, а таксама «Лига квартир». У шапцы апошняга сайта над назвай ёсць надпіс «Zа победу» з лацінскай літарай «Z», якую выкарыстоўваюць як сімвал вайны Расіі супраць Украіны.
Чытайце таксама: У Стары замак няма квіткоў, у гасцініцах няма месцаў, экскурсаводаў не хапае: Гродна апанавалі турысты