Навошта палякі едуць у Беларусь? Што беларусы купляюць у Польшчы? Як доўга можна прастаяць у калейцы на Баброўніках? З’ездзілі на мяжу з польскага боку. Паглядзелі на ланцужок машын. Палічылі, колькі з іх польскіх. Пагутарылі з кіроўцамі.
Гэты матэрыял таксама даступны ў выглядзе падкаста. Праслухаць яго можна за 7 хвілін. Або прачытаць цалкам тэкставую версію і прагледзець фота ніжэй.
Раніца, будзень, пад’язджаем да мяжы. Здалёк бачная вялізная калейка з легкавікоў і фураў. У крамцы пры дарозе ўвесь час адчыняюцца-зачыняюцца дзверы: беларусы закупаюцца тым, што не паспелі ў Беластоку. Надпісы, напрыклад «туалета нет», тут па-руску. Прадавачкі ад каментароў адмаўляюцца, маўляў, таямніца. Але ўсё і так бачна: у руках пакупнікоў скруткі папяровых рушнікоў, памперсы, зрэдку слоікі з муштардай ці прыправы.
«У Польшчы ўсё танней. У два разы!»
Шукаем найперш машыны з польскімі нумарамі. Але гэта нялёгкі кейс. Забягаючы наперад адзначым, што з усё калейкі - гэта 4−5 аўто. З сотняў! У адным з аўтамабіляў кораткастрыжаны паляк гадоў 45−50. Пытаемся, навошта едзе.
Паўсюдна дорага! У Беларусі жывуць жонка і дачка. Толькі дзеля гэтага ежджу. Калі пра Беларусь, то санаторыі хіба танней. Мая жонка акурат лекарам працуе, ведаю. Раней шмат у Беларусь народу ездзіла: палякі, літоўцы… Зараз мала. Бачыце ж!
Мужчына дадае, што стаяць можна па 15−20 гадзін. Ён сам стаіць толькі 2-ю гадзіну, але ўжо змучаўся. Ягоная вандроўка складае 150 км, але па часе выходзіць занадта доўга. Паводле паляка, праблему на мяжы ствараюць і беларусы, і ягоныя суайчыннікі - па роўну.
Ад 1 ліпеня і да канца 2022 года для грамадзян Польшчы працуе бязвізавы ўезд у Беларусь. Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы ўезд дазволілі яшчэ раней — з 15 красавіка.
За гэты час, па стане на 22 жніўня, бязвізавым уездам у Беларусь скарысталіся 4678 грамадзян Польшчы, 67 181 жыхароў Латвіі і 128 519 грамадзян Літвы.
Не кожная машына на польскіх нумарах належыць паляку. А гэта значыць, што палякі ў калейцы — нават не адсотак, а пагрэшнасць. Часцей убачыш нямецкія ці бельгійскія нумары, але на іх таксама беларусы. Чарговы гарадзенец на польскіх нумарах распавядае, што ездзіў «на закупы» — выключна для сябе і сям'і:
У Польшчы ўсё танней. Прадукты, тэхніка, куды не тыкні! У два разы! Прас, напрыклад, фірмовы у Польшчы 1300 злотых, а ў нас — жонка праманіторыла — 2400 рублёў. Вось, набыў кавамашыну: 2500 злотых. У нас ведаеце колькі? 1000 долараў.
Мужчына перакананы, што ездзіць, нягледзячы на чэргі, выгодна. Пастаяць троху, але адбіць грошы. Праблему з коркамі, паводле кіроўцы, ствараюць і палякі, і беларусы: «калі адныя не працуюць, то і іншыя запавольваюцца».
Час чакання на польска-беларускай мяжы летам 2022 значна павялічыўся. Гэтаму спрыяе і адмена каранавірусных абмежаванняў, і закрыццё пункту пропуску ў Брузгах.
У групе «Zwiedzaj Białoruś» у Facebook палякі актыўна дзеляцца сваім досведам перасячэння мяжы: у кагосьці гэта заняло 5−6 гадзін, у кагосьці - больш за 10. Многіх з удзельнікаў групы доўгае чаканне адпужвае, іншыя пішуць, што ехаць варта толькі рэйсавымі аўтобусамі, якія ў чарзе не стаяць.
Падыходзім да чарговай машыны: гэтым разам на беларускіх нумарах. Дзядзька гадоў 45 кажа, што калейку ствараюць палякі, а з беларускага боку «усё ў норме». Ездзіць «на закупы»: ежа, тэхніка, памперсы для ўнучкі. Мяжа — латэрэя: можна стаяць 5−6 гадзін, а можна — 10−12. Візу рабіў «у старыя часы», таму не ведае, ці гэта зараз праблема. А вось як зрабіць новую (свая сканчаецца ў верасні) — не ведае, перажывае.
«Я закахалася ў Беларусь! Ветлівыя, мілыя людзі»
Нарэшце нам трапляецца маладая гаваркая полька. Зрэшты, сама з Украіны, але ў Польшчы жыве 11 год, мова без акцэнту, польскае грамадзянства. На выгляд — 33−35 год. Едзе да сяброўкі ў Мінск. Кажа, што ўжо трэці раз. У аўто ейная маладзейшая сяброўка.
Я закахалася ў Беларусь! Ветлівыя, мілыя людзі. Едзем як турысты — знаёміцца далей. Напэўна, нешта прывязем: прадукты там танныя, алкаголь. Слодычы — журавіны ў цукры! Вяндліны, нажаль, вывозіць нельга, таму — аб’ядаемся на месцы (смяецца).
Размаўляем пра тое, што і дзе танней. Дзяўчына кажа, што ў Беларусі танней тое, што робіцца ў Беларусі. Усё прывазное — даражэй у разы. Мараль размовы: добра мець польскі заробак і выдаткоўваць грошы ў Беларусі. Бо беларускія заробкі, маўляў, нізкія.
Ці бяспечна ў Беларусі? Так, — працягвае дзяўчына, — Гэта мая трэцяя вандроўка, ані разу я не сутыкнулася з негатывам ці агрэсіяй. На мяжы ветлівыя мытнікі і памежнікі. Усё патлумачаць, распавядуць. У Беларусі былі сітуацыі, калі я нечага не ведала — мне тлумачылі. Міла і ветліва. Ніякай небяспекі ў Беларусі я не заўважыла.
Полька дадае, што юрыдычна паехаць у Беларусь зусім нескладана: патрэбныя страхоўка на аўто («зялёная картка»), страхоўка на здароўе і - пашпарт. Ад пачатку ліпеня акурат такі «лайтовы» рэжым уезду.
Дзякуючы бязвізу ў Бераставіцкім раёне значна выраслі аб’ёмы гандлю, сцвярджае «Гродзенская праўда». Маўляў, за сем месяцаў 2022 года абарот вырас амаль на 47%.
За першае паўгоддзе ў раёне прадалі ў 3,4 разы разы больш касметыкі, у 2,5 разоў больш алкаголю і ў 2,2 разы больш паліва. Праўда, цяжка сказаць, наколькі вялікі ўдзел у гэтым мелі прыезджыя з Польшчы — бо з гэтай краінай бязвіз з’явіўся толькі ў другім паўгоддзі.
«У Польшчы ўсё нясмачнае, а ў Беларусі…»
На жаль, больш палякаў-суразмоўцаў мы банальна не знаходзім. Іх няма! Затое ёсць беларусы. Чарговае аўто — пара: муж і жонка 60+. Ездзілі да дачкі з унукамі. Таксама «на закупы». Надзіва, нашым суразмоўцам у Польшчы падабаецца ўсё, апроч… ежы:
Мяса! Якое у іх мяса? Ніякае, — тлумачыць мужчына. — Шашлык нармальны не зробіш. Таму прадукты мы не купляем. У Польшчы ўсё нясмачнае. А ў Беларусі ўсё чыстае, смачнае, натуральнае. Затое, набыў сабе алей для аўто. А зараз вось, стаім. Дзве гадзіны. Але мы няблага прасунуліся!
Візу муж з жонкай маюць праз дачку: яна зрабіла выклік з Польшчы, таму далі ажно на пяць гадоў. Жанчына распавядае пра пераезд мяжы, як пра рулетку. Сочыць за чатамі, у якіх пішуць пра хаду руху і даўжыню калейкі. Тамсама можна спытаць пра параду ці дапамогу.
Мы калі сюды ехалі… Гляджу чат: няма чаргі! Пішу дачцы — чакае. Мы ў чым былі ў аўто заскочылі і паехалі. І шо вы думаеце?.. Прастаялі толькі ў палякаў сем гадзін. Запарыліся проста. Палякі не працуюць. Чаму? Бо некаму гэта выгадна…
У гэты момант нас з фотакарэспандэнтам пачаў здымаць чалавек з машыны на беларускіх нумарах. На тэлефон. Нахабна і безпардонна. У наступнай машыне сказалі, што, магчыма, гэта для таго самага памежнага чату ў тэлеграме, дзе абсмоктваюць навіны з мяжы. Маўляў - во — журналісты прыйшлі! Упершыню гэта зусім не крыўдна. Да людзей, якія стаяць з кавамашынай у багажніку па 5−12 гадзін варта ставіцца з разуменнем.
У той самы час істотна павялічваюцца чэргі з легкавых аўто з беларускага боку пункту пропуску. У «Бераставіцы» — адзіным дзейсным зараз у Гродзенскай вобласці памежным пераходзе з Польшчай — у электроннай чарзе стаіць больш за 600 машын. Каб заехаць на пункт пропуску трэба чакаць каля 60 гадзін. Беларускія памежнікі вінавацяць у гэтых затрымках польскіх калег. Маўляў, тыя не выконваюць нормы і прапускаюць у Польшчу ў два разы менш транспарту, чым павінны.