Пра гэтую жанчыну, якая кіравала нашай дзяржавай 500 гадоў таму, у Гродне прыпамінае надзвычай шмат. І стражытны гадзіннік, і першы ў нашым горадзе шпіталь і самы галоўны сімвал горада — герб з аленем святога Губерта. Прыгажуня з незвычайнымі для італьянкі светлымі валасамі ў маладосці і суровая паўманашка ў вопратцы ўдавы ў сталым узросце — усё гэта каралева і вялікая княжна Бона Сфорца — маці апошняга караля з дынастыі Ягелонаў.

Атрымала выдатную адукацыю і ведала Леанарда да Вінчы

Ад відэльца да гарадскога гадзінніка. Што прывезла ў Гродна Бона СфорцаБона Сфорца нарадзілася 525 год таму, 2 лютага 1494 года ў сям'і міланскага герцага Джавані-Галеаца Сфорцы і ўнучкі неапалітанскага караля Фердынанда І Д’Арагона Ізабэлы. Тое быў час, калі Паўночная Італія і яе гарады былі, напэўна, самымі развітымі ў эканамічным і культурным сэнсе месцамі ўсяго кантынента.

Адукацыя будучай каралевы была ўсебаковай і вытанчанай. Гісторыя, тэалогія, латынь, права, геаграфія, прыродазнаўства, філасофія, матэматыка — гэта далёка не поўны спіс навук, якія вывучала Бона Сфорца. Была яна знаёма і з Леанарда да Вінчы.

Умацоўвала ўладу і абмяжоўвала магнатаў

У 1518 годзе Бона стала жонкай аўдавеўшага караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І, якому ўжо было 51 год. Ёй у той час было 24. Праз год у Боны нарадзілася дачка. Жыгімонт быў вельмі расчараваны. Але неўзабаве каралева зноў зацяжарала, і 1 жніўня 1520 года нарадзіўся доўгачаканы каралевіч Жыгімонт ІІ Аўгуст, якому ў дадатак да дынастычнага Жыгімонт было дададзена імя першага рымскага імператара — Аўгуст.

Сям'я Ягелонаў. У верхнім шэрагу злева направа: Жыгімонт І, Бона Сфорца, Жыгімонт Аўгуст, Альжбета Аўстрыйская, Барбара Радзівіл. У ніжнім шэрагу злева направа: Кацярына Аўстрыйская, Ізабэла Ягелонка, Кацярына Ягелонка, Софія Ягелонка, Ганна Ягелонка
Сям’я Ягелонаў. У верхнім шэрагу злева направа: Жыгімонт І, Бона Сфорца, Жыгімонт Аўгуст, Альжбета Аўстрыйская, Барбара Радзівіл. У ніжнім шэрагу злева направа: Кацярына Аўстрыйская, Ізабэла Ягелонка, Кацярына Ягелонка, Софія Ягелонка, Ганна Ягелонка
Выхаванню сваіх дзяцей яна надавала вялікае значэнне, але найбольш маладую каралеву цікавілі дзяржаўныя справы. Бона адзначалася моцнай воляй і ўменнем прымаць грунтоўныя рашэнні. Дзякуючы гэтаму, яна ўмацоўвала каралеўскую ўладу, абмяжоўвала ўплыў магнатаў і аб’ядноўвала вакол сябе прагрэсіўных адукаваных людзей. Да таго ж яна прыклала шмат намаганняў, каб замацаваць кароны Літвы і Польшчы за сваім сынам. І гэта ёй удалося. Праўда яна вельмі марудзіла з выданнем замуж сваіх шматлікіх дочак, што пайшло не на карысць дынастыі Ягелонаў.

Рэфармавала гаспадарку і падтрымлівала вінаградарства

Вядома, што каралева жыла пераважна ў Вільні і добра авалодала старабеларускай мовай. Дзякуючы яе падтрымцы, у 1529 годзе быў выдадзены Першы Статут ВКЛ, будаваліся школы, храмы, шпіталі, шматлікія гарады і мястэчкі атрымалі магдэбурскае права. Па яе загадзе была праведзена рэформа ў сельскай гаспадарцы — уведзена валочная памера, якая ўніфакавала падатковую сістэму. А арганізацыя фальваркавай гаспадаркі папоўніла дзяржаўную і яе асабістую казну.


Чытай таксама: Жаночая Гародня. Дзесяць твараў з экскурсіі Андрэя Чарнякевіча


У другой палове 1530-х гадоў Бона стала галоўнай кіраўніцай мытаў ВКЛ, такім чынам яна дала пачатак памежнай службе ў Беларусі. Яшчэ адной сферай, якую падтрымлівала каралева было вінаградарства. На Гродзеншчыне, Давыд-Гарадокскіх, Клецкіх і Пінскіх землях вырошчвалі вінаград для вінаробства.

Прывезла салату, відэльцы і папугаяў

Набыўшы ў Юрыя Радзівіла Гродзенскае староства, Бона Сфорца праводзіла на гэтых землях свае рэформы. Італьянская раскоша і эстэтыка суправаджалі ўсе пераўтварэнні Боны. Новая каралева прывезла з сабой шматлікую світу італьянскіх майстроў і кухараў. На сталах магнатаў з’явіліся невядомыя раней тут гародніна і садавіна. Гэта салата і памідоры, памяранцы і цытрына, інжыр і аліўкі, разынкі і міндаль. Яна ж устанавіла звычай есці відэльцам.

помидоры томаты памідоры таматы
Josephine Baran, unsplash
Утрыманне пакаёвых птушак на нашы землі таксама прынесла каралева Бона. Пры ёй у каралеўскіх палацах упершыню загучалі галасы папугаяў. Бона стала заканадаўцай моды і новага стылю ў вопратцы. Акрамя гэтага прывязла са сваёй радзімы сакрэты асвятлення валасоў і вырабу якаснага мыла.

Інвестыцыі Боны існуюць дагэтуль

У Гродне па яе загадзе забрукавалі вуліцы і гандлёвую плошчу, горад атрымаў вадаправод і дзве гарадскія пячаткі: асобную гандлёвую і ўрадавую з выявай аленя святога Губерта. З часоў Боны паходзіць першая згадка пра знакаміты гарадскі ратушны гадзіннік, для абслугоўвання якога ў 1541 годзе Бона загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра. І вось ужо пяць стагоддзяў цудоўны механізм не толькі спраўна адлічвае час на вежы касцёла святога Францішка Ксаверыя, але і з’яўляецца сімвалам горада. Бона Сфорца фундавала грошы і на Фару Вітаўта, падтрымлівала яе пробашча ксяндза Адама Піліхоўскага.

Гадзіннік Фарны касцёл часы
Гадзіннік на вежы Фарнага касцёла
Таксама Бона прафінансавала са скарбу стварэнне ў Гродне першага шпіталя пры кляштары і касцёле Святога Духа. Яго будынак паўстаў на сучаснай Савецкай вуліцы ў 1540-х гг. і стаіць там дасюль.
Колішні будынак шпіталя Святога Духа, Гродна, вуліца Савецкая 14
Колішні будынак шпіталя Святога Духа, yandex.ru/maps
Дзякуючы Боне, Еўропа пачула «Песню пра зубра». Менавіта пры яе падтрымцы знакамітая паэма Міколы Гусоўскага была выдадзена ў 1523 годзе ў Кракаве. Удзячны паэт прысвяціў некалькі радкоў у прадмове і сваёй каралеве: «Мне добра вядома, найсвятлейшая пані, якога вялікага шчасця ты зычыш гэтаму каралеўству і як шмат разважаеш і дбаеш аб паляпшэнні ягонага становішча…»

На стагоддзі вызначыла выгляд беларускай вёскі

Адной з самых важных, а можа і самай важнай, была праведзеная Бонай Сфорцай рэформа каралеўскіх маёнткаў. Пераадольваючы супраціў магнатаў, яна вярнула ў каралеўскае і вялікакняскае валоданне раздадзеныя яе мужам і яго братам маёнткі і перарабляла іх на свой лад, ствараючы так званыя фальваркі.


Чытай таксама: «Жаночы твар Гародні такі, які мы самі намалюем». Дзевяць постацяў жанчын, якія стваралі гэты горад


Фальварак — гэта такая сістэма гаспадарання, калі сяляне адпрацоўваюць сваё права карыстання зямлёй ходзячы на паншчыну — значыць працуюць на зямлі, збожжа з якой адразу ідзе на продаж. Гэта было здорава для тагачаснага скарбу — збожжа пераўтваралася ў срэбра, але на перспектыву тое на стагоддзі замарозіла развіццё беларускай вёскі і ўзмацніла прыгон.

Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца
Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца
Менавіта Бона пачала ствараць класічную беларускую вёску з пастаўленымі ўздоўж дарогі ў радок хаткамі і доўгімі палоскамі зямлі за імі. Толькі цяпер, праз паўтысячагоддзя, эпоха гэтых вёсак падыходзіць да канца.

Не абыйшлося без скандалаў

Нягледзячы на ўсе прагрэсіўныя пераўтварэнні, што рабіла каралева Бона для дзяржавы, яе не вельмі любілі на новай радзіме. Шматлікім магнатам і шляхце не падабалася, што яна імкнулася перанесці на землі каралеўства і княства італьянскую мадэль кіравання дзяржавай. У дадатак да ўсяго, у звычку ўвайшоў выкуп магнацкіх уладанняў, раздача пасадаў і земляў, асабліва набліжаным.

Яе называлі жахлівай і амбіцыйнай і абвінавачвалі ў атручванні мазавецкай княжны Ганны Радзівіл і сваёй нявесткі Барбары Радзівіл. Праўда, большасць сучасных даследчыкаў сходзяцца на думцы, што Бона Сфорца не труціла сваю нявестку, а прычынай смерці Барбары сталі ці анкалагічнае захворванне, ці сіфіліс.

Вывезла ў Італію ўсё багацце

Пасля смерці Барбары Бона Сфорца страціла давер і любоў свайго сына. Каралева-ўдава адмовілася ад усіх сваіх уладанняў і Жыгімонт ІІ Аўгуст дазволіў ёй выехаць у Італію ў горад Бары.

З сабой яна ўзяла 24 фурманкі са срэбрам, золатам і каштоўнасцямі: мэбляй, дыванамі, фарфорам і начыннем, забраным з палацаў, якімі некалі валодала. Багацце, якое за гады свайго праўлення набыла Бона, было велізарным.

Бона Сфорца Лукас Кранах Малодшы
Партрэт Боны Сфорца аўтарства Лукаса Кранаха Малодшага
Але ў Італіі яна пазычыла амаль усе грошы іспанскаму каралю Філіпу ІІ з дому Габсбургаў. Кажуць, там было амаль паўмільёна дукатаў, дзе кожная манета ўтрымлівала каля 3,5 грамаў золата. Сума фантастычная і на нашыя, і на тыя часы. Гэта і стала фатальнай памылкай каралевы. Не жадаючы аддаваць пазыку, Філіп ІІ загадаў атруціць Бону. Забойства здзейсніў асабісты лекар Боны Ян Антоніа, падкуплены іспанскім каралём.
Бона Сфорца Ян Матэйка
«Атручанне каралевы Боны» польскага мастка Яна Матэйкі

Золата ператварылася ў срэбра

Тут так і хочацца ўсклікнуць — сядзела б удовая каралева ў Кракаве — то пражыла б яшчэ невядома колькі. Здаецца, усё ж такі атрутай не злоўжывалі. Ды і ўплываў ёй хапала. Аднак відавочна, што галоўным яе расчараваннем стаў акурат выпеставаны любімы сын. Яму і блізка не дасталося палітычных і гаспадарчых талентаў сваёй маці. Можа толькі амбіцыі мелі адпаведны маштаб. Жыгімонт Аўгуст больш думаў пра праводжанне часу з жанчынамі, а сабраныя маці вялізарныя валоданні раздаваў шляхце ды магнатам.

Адзінае, чаго дамогся сын — дык гэта выцягнуў з Габсбургаў пазычаныя ў яго маці грошы. Праўда, аддавалі іх не золатам, а выдабытым у гарах Балівіі срэбрам, якое галеонамі везлі праз Атлантыку. Тое былі вялікія сярэбраныя манеты, на якіх у Польшчы ды Вялікім княстве выбівалі дадаткова год 1564.

Так вывезенае каралевай багацце ізноў вярнулася на нашыя землі - не золатам, дык срэбрам.


Чытай таксама: Каралеву ўзялі на ўлік. Гарвыканкам адказаў на петыцыю аб ушанаванні Боны Сфорца ў Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]