На мінулым тыдні стала вядома, што ўчастак парушанага тарфяніка ў Котры паўторна забалоцяць — абвясцілі дзяржзакупку. Трэба сачыць за тым, хто будзе выканаўцам. Ужо былі выпадкі, калі абраныя для аднаўлення балота фірмы няправільна будавалі плаціны або капалі каналы. Пра гэта рэдакцыі Hrodna.life распавёў эксперт, які працаваў з захаваннем балот. Ён лічыць, што пры адсутнасці ў Беларусі мора і гор балота — найцікавейшая экасістэма.
Участак парушанага тарфяніка «Гарачы Бор» у Шчучынскім раёне чакае экалагічная рэабілітацыя і паўторнае забалочванне. Для гэтага распрацуюць карту-схему ўчастка, навуковае абгрунтаванне эка-рэабілітацыі і тэхнічнае заданне.
У прынятым у 2019 годзе новым Законе Аб ахове і ўстойлівым выкарыстанні тарфянікаў гаворыцца пра тое, што паўторным забалочваннем павінны займацца торфаздабываючыя прадпрыемствы.
«Вядома, гучыць добра, бо прыцягваць сродкі з міжнародных арганізацый цяпер складана. З іншага боку, прасачыць за якасцю праекта і працэсу забалочвання можа апынуцца складаней. А гэта цэлая навука. Вельмі важна сачыць за тым, хто рыхтуе праект па забалочванні. У нас гэта звычайна выбіраецца праз тэндэр. Былі выпадкі, што ў выніку плаціны будавалі не там, дзе трэба, або каналы няправільна капалі. Гэта прыводзіла да яшчэ большага спуску вады і асушэння балота», — распавёў эксперт.
Паўторна забалочваць у першую чаргу трэба найбольш уразлівыя і пажаранебяспечныя тэрыторыі тарфянікаў, дзе захаваўся масіў натуральнага балота або маецца ахоўны статус. «А вось здабываць торф неабходна толькі на парушаных балотах, дзе ўжо існуе сетка меліярацыйных каналаў. І па заключэнні навукоўцаў тэрыторыя не ўяўляе вялікай каштоўнасці для біяразнастайнасці», — распавёў мужчына.
Да 2021 года ў Беларусі былі некамерцыйныя арганізацыі, якія падтрымлівалі захаванне балот. Яны актыўна працавалі з грамадскай думкай. Хтосьці прыцягваў замежныя сродкі на аднаўленне тарфянікаў. Зараз жа гэтыя арганізацыі ліквідаваныя. Многія фонды і замежныя прыродаахоўныя праекты спынілі працаваць з Беларуссю праз аўтарытарны рэжым і падтрымку цяперашняй уладай вайны ва Украіне. «Таму рэзка знізілася падтрымка падобных праектаў, частка спецыялістаў або з’ехала з краіны або адышла ад прыродаахоўнай дзейнасці», — тлумачыць эксперт.
Таму паўторным забалочваннем могуць займацца навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук. Такія праекты былі немагчымыя без іх і раней.
«Але без фінансавання гэта становіцца практычна нерэальна. Правільней за ўсё, я лічу, выдзяляць сродкі з бюджэту на аднаўленне. А лепш закладваць гэта ў выглядзе экалагічнага падатку на прадпрыемствы, якія здабываюць торф. Гэта вырашала б мноства праблем. Калі не будзе тарфяных пажараў, то не будуць хварэць людзі. Гэта значыць, укладванне ў забалочванне — гэта прафілактыка ў ахове здароўя, нацыянальнай бяспекі, калі казаць аб захаванні прэснай вады падчас экстрэмальных засух і гэтак далей. Але ў нас пра гэта толькі незалежныя эколагі кажуць і некаторыя навукоўцы, чыноўнікі цяпер занятыя іншым».
Да савецкай меліярацыі ў Беларусі балоты займалі прыкладна 14% тэрыторыі краіны. Цяпер наша краіна займае 15-е месца ў свеце па агульнай плошчы тарфянікаў. 20-е месца — па працэнтных адносінах тарфянікаў да плошчы астатняй часткі зямлі. Але трэба казаць не пра колькасць, а пра якасць балот.
— Калі паглядзець на касмічныя здымкі, то практычна кожны захаваны балотны масіў парэзаны сеткай меліярацыйных каналаў, дзесьці больш, а дзесьці менш. Нават у такіх вядомых месцах, як балотны заказнік «Ельня», як шнары засталіся меліярацыйныя каналы. Адток вады з тарфяніка прывёў да змены гідралагічнага рэжыму і пажараў. У цяперашнія засушлівыя гады такія месцы ператвараюцца ў парахавую бочку, — лічыць эксперт.
Таму важна захаваць пакінутыя натуральныя і малапарушаныя балоты, каб захоўваць біяразнастайнасць, клімат і акумуляцыйныя функцыі тарфянікаў. Таксама неабходна займацца аднаўленнем парушаных балот, ажыццяўляць паўторнае забалочванне там, дзе гэта неабходна. «Такіх месцаў яшчэ вельмі шмат!" — сцвярджае беларус.
Некалькі гадоў таму пры падтрымцы Сусветнага банка праходзіў праект па маніторынгу і ацэнцы асушаных тарфянікаў на тэрыторыях лясгасаў, дзе частка зямель былі перададзеныя ім як дэградаваныя і непрыдатныя для сельскай гаспадаркі. У выніку праекта павінны вызначыць ўчасткі для паўторнага забалочвання. «Усяго ж цяпер маем 220 тыс. га тарфянікаў, якія знаходзяцца ў пажаранебяспечнай сітуацыі. Было б добра ў перспектыве паўторна забалаціць», — лічыць эксперт.
Важна адрозніваць асушванне балот для здабычы торфу і асушальную меліярацыю пад пашырэнне сельскагаспадарчых зямель або павелічэнне лясных насаджэнняў.
— страта біяразнастайнасці,
— зніжэнне грунтавых вод,
— уплыў на клімат на планеце.
— Для мяне балотныя экасістэмы адны з самых цікавых у Беларусі, дзе няма мора або гор. З 2010 года, калі ў нас пачалі актыўна выступаць за ахову балот некамерцыйныя арганізацыі і ініцыятывы, прасоўвалі інфармацыю пра важнасць іх для навакольнага асяроддзя, біяразнастайнасці, у краіне ўзрасла цікавасць да гэтых месцаў, — распавёў эксперт.
Там будавалі экалагічныя сцежкі, арганізоўвалі туры на тарфянікі. «Мне здаецца, мы маглі б і далей ствараць турыстычную інфраструктуру для балотнага турызму. Каб людзі ездзілі не дзікуном і хадзілі, дзе хацелі, а былі арганізаваныя групы і маршруты. Гэта дазволіла б устойлівей выкарыстоўваць гэтыя месцы без вялікай шкоды для іх. А яшчэ бёрдвочынг, збор ягад і дзікаросаў, кашэнне нізінных балот для нарыхтоўкі сена скаціне. Але і захоўваць балоты для самой прыроды таксама трэба».
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…