Рух у пункце пропуску «Баброўнікі» спыніцца 10 лютага ў 12.00 па польскім часе (14.00 у Беларусі). Такое рашэнне прыняў міністр унутраных справаў Польшчы. Чым ён кіраваўся? Як цяпер паедуць рэйсавыя аўтобусы? Якімі шляхамі наогул можна будзе патрапіць у Польшчу? Hrodna.life разабраўся. Абноўлена 10.02.
«У інтарэсах дзяржаўнай бяспекі я вырашыў прыпыніць да далейшага паведамлення з 10 лютага гэтага года ад 12:00 рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках», — напісаў у Twitter міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі.
«Баброўнікі» былі апошнім дзейнічаючым пунктам пропуску на мяжы з Польшчай у Гродзенскай вобласці. Пункт пропуску ў Брузгах не працуе з лістапада 2021 года: Польшча закрыла сумежны пункт у Кузніцы з-за міграцыйнага крызісу.
«Ніхто не быў гатовы да такога развіцця падзей, перавозчыкі да гэтага часу чакаюць удакладнення і афіцыйныя каментары, таму што да канца не ясна, як менавіта ім працаваць далей. Пасажыры ўжо адрэагавалі небывалым попытам, на аўтобусы і маршруткі, якія едуць сёння і заўтра ў першай палове дня, квіткі раскупілі за лічаныя гадзіны», — расказалі «АўтаГродна» ў агрэгатары перавозак «Атлас».
Большасць перавозчыкаў мяркуе пераарыентавацца на літоўскі пункт пропуску «Райгардас» («Прывалка»). Як паставяцца да такога наплыву літоўскія памежнікі, пакуль невядома.
Ходзяць чуткі, што польскі бок захавае праезд для пасажырскіх аўтобусаў і маршрутак праз «Баброўнікі».
Для пасажыраў, якія куплялі квіткі праз сэрвіс atlasbus.by, пастараюцца знайсці варыянт адпраўлення партнёрамі-перавозчыкамі сервіса, а кошт паездкі застанецца ранейшай.
Ніводзін з пасажырскіх перавозчыкаў, з якімі мы паразмаўлялі, у абед 9 лютага яшчэ не ведаў, як будзе працаваць далей. Журналіст Hrodna.life пасля паўгадзіны спробаў датэлефанаваўся ў даведку гродзенскага аўтавакзала. Там адказалі, што з рэйсамі ў Польшчу пакуль нічога не вядома. Ці ёсць сэнс купляць квіток на вечаровы рэйс Гродна-Беласток 10 лютага — ці паедзе ён наогул і па якім маршруце — у даведцы адказаць не змаглі.
Закрыццё «Баброўнікаў» — праблема найперш для Гродзенскай вобласці. На «Беняконі «гродзенскія перавозчыкі не паедуць, мяркуюць у «Атласе». Гэта дадатковы шлях у 400 кіламетраў, пакуль такі варыянт нават не разглядаецца. На Брэст гродзенскія перавозчыкі не могуць ехаць, бо ўсе кампаніі, якія ажыццяўлялі рэйсы праз Бераставіцу, не маюць права пачаць ездзіць праз Брэст без папярэдняга ўзгаднення, а гэта займае пэўны час.
Турфірма «Зэт» займаецца пасажырскімі перавозкамі па маршруце Гродна-Беласток. Штодзённа ў яе ёсць тры рэйсы ў адзін бок і тры ў зваротны. Кірунак у Беласток, хутчэй за ўсё, закрыецца, расказалі ў фірме для Officelife.media. Датычна Варшавы пакуль мяркуюць «вяртацца да старых часоў» — падвозіць людзей да Брэста і там перасаджваць у іншыя аўтобусы.
Адзін з самых папулярных перавозчыкаў на трасе Гродна-Беласток з вялікай колькасцю рэйсаў - «Гродна Экспрэс» і «Беласток Экспрэс» (былы «Клас-Тур») — адмяніў усе рэйсы з 10 лютага. Пасажыры змогуць вярнуць грошы за адмененыя рэйсы ў любы зручны час, пачынаючы з панядзелка 13 лютага. Дзеля гэтага трэба будзе звярнуцца з заявай на адрас mikola.markevich@gmail.com. Фірма абяцае ў бліжэйшы час даць дадатковую інфармацыю аб тым, якім будзе далейшы графік і маршрут руху яе аўтобусаў.
Польскі перавозчык Gaja Express, які на маршруце Гродна-Беласток-Варшава працуе ў партнёрстве з беларускай фірмай «Трансагенцтва Фаварыт», павысіў цану білетаў за шлях Беласток-Гродна з 65 да 90 злотых, а за трасу Варшава-Гродна — з 90 да 120.
У фірмы застаўся толькі адзін рэйс у суткі з Гродна ў Варшаву (адпраўленне ў 1:00) і з Варшавы ў Гродна (14:45). Іншыя рэйсы адмененыя.
Аўтобусы маршруту «Мінск-Варшава» адпраўленнем з Мінска ў 08−00, з Варшавы ў 19−30 цяпер будуць ехаць праз Баранавічы, Брэст, пункты пропуску «Брэст"/"Цярэспаль», аэрапорт ім.Шапэна, аўтавакзал «Заходні» Варшавы ў абодвух кірунках. Заязджаць у Слонім, Зэльву, Ваўкавыск, Беласток аўтобусы «Мінсктрансу» больш не будуць, паведамілі ў «Мінсктрансе» Officelife.media.
Ecolines на сайце паведаміў, што ў маршрут руху аўтобусаў унесены змены, і прапанаваў удакладняць інфармацыю ў кол-цэнтры. Аператар паведаміў, што аўтобусы перанакіроўваюцца ў пункт пропуску «Брэст». Рэйсаў у Польшчу з Гродна ў кампаніі няма з лістапада 2022 года.
Беларускія памежнікі ў афіцыйным Telegram-канале папрасілі ўлічваць інфармацыю аб закрыцці пункта пропуску ў Баброўніках пры планаванні паездак у Польшчу. Яны нагадалі, што для руху грузавога транспарту ў Польшчу застаецца адзіны пункт пропуску Кукурыкі (з беларускага боку Казловічы), для легкавога — толькі пункт пропуску Тэрэспаль (з беларускага боку Брэст).
Праз Баброўнікі (сумежны пераход з беларускага боку — Бераставіца) можна было ехаць і грузавікам, і легкавым аўто. Прапускная здольнасць пункта ў адным кірунку пазначана як 900 легкавых машын і 500 грузавых за суткі (37,5 і 20,8 за гадзіну адпаведна).
У дзень напярэдадні закрыцця мяжы ў Бераставіцы час чакання ад прыезду ў зону чакання да выезду з польскага пункта пропуску складаў 7,5−9 гадзін. «06.00 заехаў у зч, 11.00 выехаў з зч да беларусаў, 15.20 выехаў ад палякаў», — падзяліўся ў чаце «ГраницаBY» адзін з кіроўцаў прыватнага аўто. Перад уездам у ЗЧ «за апошнюю гадзіну спрабавалі ўклініцца машын 10−15, частку атрымалася „ўгаварыць“ не ўкліньвацца ў чаргу», — падзяліўся іншы кіроўца з пункта ў Бераставіцы.
На 17:12 паводле звестак з чату было 126 машын у зоне чакання і каля 50 у чарзе, за гадзіну праехала 17, а першае аўто ў зону чакання прыбыла ў 14:33. У 18:37 у бок Беларусі ў Баброўніках стаяла каля 230 машын.
Паводле звестак Памежнага камітэта на 18:00 у зоне чакання на выезд было больш за 140 легкавых машын (на дзве гадзіны раней было больш за 80) і 210 грузавых. Зараз увесь гэты аб’ём машын перанакіруецца на іншыя пункты пропуску.
Для параўнання, прапускная здольнасць у закрытых больш за год Брузгах была 1600 легкавых і 580 грузавых аўто за суткі.
Апошні пункт, які пасуе пасажырскаму транспарту і легкавым аўто, — Брэст — за суткі здольны прапусціць да 1700 машын, або 70,8 за гадзіну. Зазвычай для аўтобусаў і маршрутак працуе асобная чарга. Таксама толькі на гэтым пункце пропуску працуе ветэрынар. Значыць, толькі праз яго можна вывезці ў Польшчу ці завезці ў Беларусь хатніх жывёл.
У апошні дзень працы «Бераставіцы», паводле Памежнага камітэта, у зоне чакання ў Брэсце на 18:00 было больш за 80 машын. Па звестках з чата «Граница BY», на 17:12 у зоне чакання было 71, а яшчэ каля 40 стаяла ў чарзе. За гадзіну праехалі 15 аўто. Уезду ў Беларусь чакала каля 130 аўто.
Праз пункт для грузавікоў Казловічы ў адным кірунку за суткі можа праехаць максімум 1200 машын (50 на гадзіну). На 18:00 у гэтым пункце не было чаргі на выезд.
Апошнім часам праз вялікія чэргі на польскай мяжы некаторыя кіроўцы ехалі ў аб’езд праз літоўскія пункты пропуску. Гэтым карысталіся нават кіроўцы маршрутак да Варшавы і Беластоку. Літоўскія памежнікі прапускалі беларусаў з польскімі візамі тыпу D (нацыянальнымі). Пытанні з’яўляліся, калі чалавек ехаў па працоўнай візе, але не меў пры сабе працоўнай дамовы. Такіх зазвычай не прапускалі.
Бліжэйшы да Польшчы пункт на літоўскай мяжы — Прывалка. За суткі праз яго могуць прапусціць 250 легкавых і 230 грузавых машын. Паводле Пагранкамітэту, на 18:00 чарга складала больш за 70 легкавых (дзве гадзіны раней было 40) і больш за 70 грузавых машын. Паводле чата «Граница BY» на 17:12 у чарзе стаяла 55 легкавікоў. Уезду ў Беларусь чакалі 20 аўто і 30 стаялі ў чарзе на афармленне tax-free.
Шлях праз Прывалку на дадзены момант выглядае найменшым па стратах у часе і кіламетражы, калі вы хочаце патрапіць у Беласток ці Варшаву. Найлепшай альтэрнатывай для закрытых «Баброўнікаў» яго назвалі ў размове з Hrodna.life і некаторыя нашы чытачы.
У больш аддаленым ад Гродна пункце Беняконі прапускная здольнасць — 390 легкавых і 250 грузавых машын за суткі. На 18:00 паводле звестак беларускіх памежнікаў чаргі з легкавых не было, з грузавых выезду чакала 40. У 17:12 паводле «Граница BY» за гадзіну праехала 24 машыны.
Яшчэ далей знаходзіцца пункт пропуску Каменны Лог. Ён здольны прапусціць 600 легкавых і 500 грузавых машын за суткі. На 18:00 паводле Пагранкамітэта ў зоне чакання было 25 легкавых і 85 грузавых машын.
Прапускная здольнасць у пункце Лоша — 250 легкавых аўто за суткі. Грузавікі тут не едуць. У 18:00 у чарзе чакала больш за 20 машын.
Праз Катлоўку могуць праехаць 320 легкавых і 250 грузавых машын за суткі. На 18:00 выезду чакалі 35 легкавых і 35 грузавых машын.
Праз самы маленькі і самы аддалены ад Гродна пункт пропуску Відзы (Віцебская вобласць) могуць праехаць да 50 легкавых машын і да 30 на ўезд і 96 на выезд грузавых аўто.
У Латвію з Беларусі можна выехаць праз Урбаны і Грыгароўшчыну. Гэтыя пункты не вельмі папулярныя, знаходзяцца ў маланаселеным рэгіёне — як з боку Беларусі, так і з боку Латвіі. У іх аднолькавая прапускная здольнасць: 300 легкавых і 200 грузавых аўто за суткі. На 18:00 чаргі не было ні ў адным, ні ў другім памежным пункце.
Рашэнне польскага боку закрыць пункт пропуску «Баброўнікі» было агучана на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду аднаму з лідараў польскай меншасці ў Беларусі, журналісту Анджэю Пачобуту. 8 лютага ў Гродзенскім абласным судзе яму прысудзілі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па надуманай справа быццам бы за заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, (арт. 361 КК) і за варожасці па нацыянальнай прыкмеце (арт. 130 КК).
«Выглядае як рэакцыя на прысуд Пачобуту», — пракаментаваў Hrodna.life рашэнне польскіх уладаў палітолаг Арцём Шрайбман. З ім згодны і палітолаг Алесь Лагвінец.
«Выглядае, што польскі бок свядома прыняў рашэнне з улікам таксама і прысуду Анджэю Пачобуту. Думаю, пры яго прыняцці былі ацэненыя і плюсы, і мінусы. Гэта можа быць часовым рашэннем, каб паўплываць на афіцыйны Мінск, — лічыць Лагвінец. — Але вельмі складана прагназаваць, што ў Мінску ўзнікне жаданне дзейнічаць на карысць сваіх грамадзянаў».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…